Віншуем Антона Шукелойця з 101-годдзем!

19 ліпеня спаўняецца 101 год Антону Шукелойцю, слыннаму дзеячу беларускай эміграцыі, які даўно жыве ў Нью-Ёрку.

Далучыўшыся да беларускага жыцця ў міжваеннай Вільні, спадар Антон займаўся грамадскай і асветніцкай дзейнасцю. Па далучэнні Заходняй Беларусі да БССР арганізаваў у Ашмянскім павеце каля 90 беларускіх школаў. Зазнаў засценкі НКУС і нямецкую акупацыю, падчас якой не спыняўся працаваць на карысць беларускай справы. Яскравы прадстаўнік паваеннай эміграцыі, Антон Шукелойць, беручы ўдзел амаль што ва ўсіх накірунках грамаскай працы эміграцыі, спрычыніўся да таго, каб гэтая хваля эміграцыі заслужана займела славу найбольш плённай, а амерыканцы яшчэ больш даведаліся пра Беларусь. Спадар Антон аўтар дзясяткаў артыкулаў і ўспамінаў, друкаваных у газетах «Бацькаўшчына» і «Беларусь». Ён узначальваў Беларуска-Амерыканскае задзіночанне, арганізацыю, што аб’ядноўвае беларусаў Амерыкі, трыццаць два гады – гэта амаль палова гісторыі яе дзейнасці.

Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» ад шчырага сэрца віншуе Антона Шукелойця з Днём нараджэння! Зычым моцнага здароўя, натхнення, плёну і яшчэ шмат гадоў цікавага і шчаслівага жыцця.

Фота Віталя Зайкі