Цэлае возера Радасці! Выйшла новая кніга Віктара Марціновіча

Кампанія «Будзьма беларусамі!» абвяшчае пра пачатак продажу новай кнігі Віктара Марціновіча «Возера Радасці».

Віктар Марціновіч – адзін з самых прадуктыўных і запатрабаваных на сёння празаікаў Беларусі, а таму – аб’ект як шчырага чытацкага захаплення так і зацятай крытыкі. Фігура сучаснай літаратуры, якая адначасова выклікае і зацікаўленасць з боку шырокага кола людзей, і кпіны калег па цэху.

«Возера Радасці» – пятая кніга Марціновіча і, паводле прызнання аўтара, «самы шчыры і самы дарослы раман з напісаных дагэтуль», а таксама «спроба прыбраць фільтры, якія існуюць паміж сэрцам і мастацкім тэкстам». Пераклад на беларускую мову здзейсніў літаратар Віталь Рыжкоў.

Як паведамляе анатацыя, гэты раман – road movie, маршрут якога пралягае праз Мінск, Тарасава, Вільню і нават Месяц. Летапіс пакалення, што згубілася ў складцы паміж ліквідацыяй ВЛКСМ і яго ўрачыстым адраджэннем. Кніга пра непазбежнасць сталення, а таксама пра тое, якія нечалавечыя намаганні трэба прыкласці, каб застацца чалавекам.

Паспець першым прачытаць і скласці ўласнае меркаванне пра новы твор Віктара можна пачынаючы ад сёння! А наперадзе нас чакаюць цікавосткі ад аўтара і, канечне, прэзентацыя кнігі.

Раман Віктара Марціновіча «Возера Радасці» можна знайсці ў наступных сталічных крамах:

«Акадэмкніга» (пр-т Незалежнасці, 72);

«Кнігарня пісьменніка» (вул. Казлова, 2);

«Веды» (вул. К.Маркса, 36);

«Светач» (пр-т Пераможцаў, 11);

«Цэнтральная кнігарня» (пр-т Незалежнасці, 19);

«Кнігі & кніжачкі» (пр-т Незалежнасці, 14);

«Эўрыка» (вул. Куйбышава, 75);

«Кніжная шафа» (пр. Дзяржынскага, 9);

А таксама ў інтэрнэт-крамах knihi.by і imbryk.by.

(Пра новыя  пункты продажу кнігі  ў сталіцы і абласных цэнтрах будзе паведамлена дадаткова.)