Мацей Радзівіл: «Памежнікі дзівяцца – хто гэта змог атрымаць беларускую візу на тры гады?»

Сям'я Радзівілаў хоча перавезці парэшткі Магдалены Радзівіл з Швейцарыі ў Мінск. Князь Мацей Радзівіл прыехаў у Беларусь, каб папрасіць на гэта дабраславення ў мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча. TUT.BY даведаўся ў князя, ці лёгка яму атрымліваць беларускую візу, ці плануе ён купляць нерухомасць у Беларусі і як змяняецца стаўленне да Радзівілаў на іх гістарычнай радзіме.

Нашчадак Радзівіла Сіроткі ў 14-м калене, князь Мацей Радзівіл распавёў, што даведаўся пра месца пахавання Магдалены толькі пару месяцаў таму. Ніхто з ейных праўнукаў не жыве ў Швейцарыі, і яны хацелі перавезці прах сваёй бабулі, дачкі Магдалены, якая пахаваная побач з ёй, у фамільны склеп у Польшчы. Паўстала пытанне, што рабіць з прахам самой Магдалены. Так з’явілася ідэя перавезці яго ў Мінск, бо Магдалена заўсёды лічыла сябе беларускай і хацела вярнуцца ў Беларусь, якую бачыла незалежнай і свабоднай.

– Я не займаюся палітыкай, я займаюся гісторыяй. Мне здаецца, што ў Чырвоным касцёле будзе найлепшае месца – побач з яе домам, у сталіцы Беларусі. Сімвалічна, што гэты касцёл па суседстве з помнікам Леніну захаваўся. У 80-я, падчас майго першага прыезду сюды, гэта здалося мне сапраўдным цудам, – распавядае князь.

Перавезці прах без дабраславення мітрапаліта Кандрусевіча немагчыма. Папярэдняя згода на транспарціроўку ад ксяндза Чырвонага касцёла Уладзіслава Завальнюка ўжо ёсць. Такім самым чынам туды раней перавезлі прах Адама Вайніловіча, труну якога суправаджаў беларускі консул у Польшчы.

– Ці часта вы прыязджаеце ў Беларусь як прыватная асоба? Можа, для вас дзейнічае спрошчаны візавы рэжым, бо калісьці ваш род валодаў замкамі ў Беларусі?

– Я не займаюся палітыкай, у мяне добрыя стасункі з Міністэрствам культуры Беларусі, і мне даюць візу на тры гады. Калі я прыязджаю, беларускія памежнікі дзівяцца – хто гэта змог атрымаць беларускую візу на тры гады? А я атрымліваю такую візу ўжо ў трэці раз.

– Ці атрымалася паказаць Нясвіж вашым дзецям?

 – Мы некалькі разоў прыязджалі з дзецьмі. З малых гадоў выхоўваем у іх разуменне, што яны з княжацкай сям'і са шматвяковай гісторыяй. Гэта абавязвае паступаць высакародна, таму што варта толькі зьдзейсьніць дрэнны ўчынак, як усе адразу скажуць: «Гэта зрабіў Радзівіл».

– У гэтым годзе вы былі ў Беларусі ўжо чатыры разы. Ці заўважылі, як змяняецца краіна і стаўленне да вас?

– Мне заўсёды сустракаюцца прыемныя людзі, якія разумеюць важнасць спадчыны Радзівілаў для Беларусі. Цяпер мы жывем у грамадстве роўных, і ўжо не выкарыстоўваем тытулы князёў. Але калі хто-небудзь хоча называць мяне князем – калі ласка. Я лічу сябе такім самым, як і ўсе. Адрозніваюся толькі традыцыямі сем'яў, з якіх я паходжу. Для мяне гэта традыцыі Вялікага Княства Літоўскага, цэнтрам якога была Беларусь.

Мне падабаецца, калі гіды ў Нясвіжскім замку распавядаюць, што вось так жылі беларускія магнаты. Цяпер можна спрачацца, але гэта быў дух нашай сям'і. У князю Альберту Радзівілу, уладару Нясвіжскага замка, было больш нямецкай і французскай крыві, чым польскай і літоўскай. Ён нарадзіўся ў Берліне, вучыўся ў Пецярбургу, ажаніўся на амерыканцы. Але калі яго спыталі, хто ён па нацыянальнасці, гэты напраўду касмапалітычны чалавек адказаў, што ён «тутэйшы». Да вайны ў Заходняй Беларусі людзі так і называлі сваю нацыянальнасць – «тутэйшыя».

– Ці думалі вы пра тое, каб набыць у Беларусі нерухомасць, напрыклад, які хутар побач з Нясвіжам?

– Можа быць, у будучыні. Але я вельмі заняты чалавек. У мяне пяцёра дзяцей, дзесяць таварыстваў: чыгунка, электроніка, інтэрнэт, «зялёная» энергія... Але я заўсёды люблю прыязджаць у Беларусь, каб уцячы ад рэальнасці.

– Якое вашае ўлюбёнае памяшканне ў Нясвіжскім замку? Як вам здаецца, якое адноўлена найбольш дакладна?

– Капліца. Яна зробленая вельмі дакладна. Я прывёз туды копію абраза Маці Божай, яна так дасканала выкананая, што розніцу і не заўважыш. Арыгінал выратавала жанчына, калі 17 верасня 1939 года ў замак прыйшоў НКУС і арыштаваў Радзівілаў. Яна захавала абраз і пасля вайны аддала нашай сям'і. На адваротным баку ёсць надпіс пра тое, што абраз заўсёды павінен захоўвацца ў сям'і Радзівілаў, і мы павінны берагчы яго мацней за любыя скарбы. І мы беражэм.

– Як пачуваецца княгіня Эльжбета? Падчас рэканструкцыі замка яна ўносіла карэкціроўкі. Ці яна задаволеная тым, што атрымалася?

– Яна незадаволеная рэканструкцыяй. Яна апошні чалавек, які жыў у замку. Для яе гэта не музей, а дом, і там вельмі шмат чаго змянілася. Калі яна наведала замак пасля рэканструкцыі, дык сказала, што больш не прыедзе. У лістападзе ёй будзе 99 гадоў, яна не вельмі добра пачуваецца, але з памяццю ўсё нармальна.

– Некалькі гадоў таму яна хацела адзначыць стагоддзе ў Нясвіжскім замку і пагуляць па парку.

– Можа быць, але да гэтага яшчэ цэлы год. Не здзіўлюся, калі яна прыедзе.

– Як вы лічыце, чаго не хапае Нясвіжу, каб прыцягнуць больш турыстаў?

– Трэба праводзіць розныя выставы. У мінулым годзе да стагоддзя смерці Марыі дэ Кастэлян зрабілі выставу з некалькіх экспанатаў, і прыехала шмат людзей, якія ўжо не раз бывалі ў замку. Можна праводзіць выставы сучасных мастакоў, канцэрты...

Я недзе чытаў, што прэзідэнт Беларусі думае адмяніць візы для палякаў. Калі такое здарыцца, то да вас прыедзе шмат палякаў. Многія баяцца і думаюць, што прыехаць у Беларусь цяжка: трэба стаяць на мяжы, не ведаюць, ці можна прыехаць на машыне. А ў Беларусі ёсць шмат помнікаў і акрамя Нясвіжскага замка. У многіх палякаў тут пахаваныя продкі. Мы ўсе перамяшаныя.

– Ці абавязкова для Радзівілаў брацца шлюбам з арыстакратамі, каб працягваць род?

– Я ажаніўся на Марыі, таму што было вялікае каханне. Хоць яна і нашчадак Радзівіла Чорнага ў 15-м калене. Але ў маім пакаленні такі выпадак толькі адзіны. Мой брат ажаніўся на дзяўчыне, з якой хадзіў у школу. Ужо даўно няма такой завядзёнкі – брацца шлюбам з арыстакратамі.

МАГДАЛЕНА РАДЗІВІЛ (1861–1945, у дзявоцтве Завіша) – адзін з галоўных мецэнатаў беларускай культуры ХХ стагоддзя. Магдалена Радзівіл нарадзілася 8 ліпеня 1861 года ў Варшаве. Сёлета адзначаецца 155-годдзе з дня яе нараджэння. Заўдавеўшы, яна ў 1906 годзе ў другі раз выйшла замуж за Мікалая Радзівіла, які быў маладзейшы за яе амаль на 20 гадоў. Кватэра Магдалены ў Мінску захавалася і знаходзіцца недалёка ад Чырвонага касцёла. Некалі ў ёй, як і ў ейным маёнтку ў Кухцічы, збіралася эліта беларускай інтэлігенцыі.

Магдалена плаціла стыпендыю беларускім студэнтам у Пецярбургу, фінансавала беларускія школы, выданне газеты «Наша Ніва», зборнік вершаў Максіма Багдановіча, першыя кнігі Якуба Коласа, Канстанцыі Буйло і іншыя выданні гуртка «Загляне сонца і ў наша ваконца». У 1918 годзе падтрымала стварэнне БНР, пасля прыходу да ўлады бальшавікоў з'ехала ў Варшаву. Яна заўсёды называла сябе беларускай, але ўрэшце, не адшукаўшы прытулку, у 1932 годзе пераехала ў Фрыбург (Швейцарыя). Там яна і памерла ў 1945 годзе.