Мiжнароднае грамадскае аб'яднанне

Аляксандр Крук. “Мне сняцца сны аб Беларусі…” (Станаўленне і дзейнасць арганізацыі беларусаў Прыбайкалля);

I.Уводзіны

Гістарычная спадчына Беларусі надзвычай багатая і разнастайная. Колькасць беларусаў, якія пражываюць за мяжамі сваёй Радзімы, складае прыкладна 3-3,5 мільёны чалавек[5,с.503]. Многія беларусы ў выніку масавых міграцый аказаліся ў Сібіры.

Дадзеная  праца прысвечана той частцы беларусаў, якія пражываюць за межамі тэрыторыі свайго паходжання – Беларусі і ніколі не забываюць пра свае беларускіе карані. І не толькі не забываюць, але і адраджаюць, захоўваюць і ствараюць духоўныя і культурныя каштоўнасці беларускага народа, распаўсюджваюцьі падтрымліваюць нацыянальныя звычаі, рамёствы, жыццёвы ўклад і маральныя асновы.

Мэта працы – даследаванне стварэння і дзейнасці Іркуцкага таварыства беларускай культуры. З пастаўленай мэты выцякаюць наступныя задачы:

  • Прасачыць асноўныя этапы рассялення беларусаў у Іркуцкім краі.
  • Паказаць станаўленне і структуру грамадскага аб’яднання беларусаў Прыбайкалля, а таксама ролю яе лідара Алега Рудакова.
  • Вывучыць і сістэматызаваць формы і метады працы, а таксама накірункі дзейнасці ІТБК па захаванню і развіццю беларускай культуры і традыцый.

Навізна заключаецца ў прадпрынятай спробе ўпершыню аргументавана паказаць як беларуская дыяспара ў Іркуцкай вобласці ўдалечыні ад метраполіі фактычна стварыла сваю Беларусь. Метады даследавання агульнанавуковыя і тэарэтычныя: аналіз перыядычнага друку, параўнанне і абагульненне інфармацыі сайта ІТБК. Праца таксама ўтрымлівае інфармацыю, атрыманую з асабістых кантактаў з Алегам Рудаковым  – былым старшынёй Іркуцкага Таварыства беларускай культуры, а таксама ў Полацкім Цэнтры рамёстваў і нацыянальных культур (былы дырэктар Валянціна Крук).            

                                                                                                              

II.Рассяленне беларусаў у Іркуцкім краі

Выхадцы з Беларусі з’явіліся ва Усходняй Сібіры ў складзе першых экспедыцый казакоў і першапраходцаў.

У 17 стагоддзі паміж Маскоўскай дзяржавай і Вялікім Княствам Літоўскім вяліся пастаянныя войны. Палонных адпраўлялі ў Сібір не ў якасці ссыльных катаржнікаў, а ў якасці першапраходцаў і воінаў. Называлі выхадцаў з Беларусі тады не беларусамі, а па назве дзяржавы – ліцвінамі.

Многія беларусы – ліцвіны дасягалі вялікіх поспехаў на царскай службе і атрымлівалі ўзнагароды і павышэнні. Напрыклад, Ян Куча ўзначаліў пасольства к ойратам у 1620 – 1621 гадах; ротмістр Станіслаў Барташ кіраваў пошукам солі ў Іртышскіх краях, дзе ў 1610-х гадах адкрыў салёнае Ямышэўскае возера; Багдан Аршынскі ездзіў у 1625 годзе в “Колмаки к Ишимовым детям царевича Сибирского” [ 17, с. 2 ].

Неўзабаве ў Сібіры з’яўляюцца цэлыя вёскі беларусаў з Вялікага Княства Літоўскага. Па дакументах 1680 года вядома сяло Літвінцава паблізу Ілімскага астрога Усходняй Сібіры, якое праіснавала да саракавых гадоў 20 стагоддзя.

Другая хваля звязана з удзелам беларусаў у паўстаннях 1830 – 1831 гадоў і 1863 – 1864 гадоў, асабліва пасля падаўлення апошняга. І так як у асноўным гэта былі католікі, то зачастую стэрыатыпна іх сталі называць палякамі. Так у Іркуцк трапіў Ян Чэрскі, ураджэнец Полаччыны, “сын ліцьвіна”, – як ён сам сябе называў [16, с.43 ]

Юзэф Каліноўскі, бліжэйшы памочнік Кастуся Каліноўскага – кіраўніка паўстання ў Заходняй Беларусі, ў далейшым стаў манахам і атрымаў імя Рафаіл. Яго імем названы Іркуцкі рымска-каталіцкі храм на вуліцы Сухэ-Батора.

Трэццяя хваля звязана з рэформамі Сталыпіна. Пачынаючы з 1906 года ў Іркуцкі край пацягнуліся перасяленцы. Яны сталі ствараць пасяленні, захоўваючы свой уклад і нават манеру будаваць дамы. Былі заснаваны вёскі Анучынск Балаганскага раёна, Тургенеўка Баяндаеўскага раёна, Андрушына Куйтунскага раёна, Мірынінск Задарынскага раёна. На сённяшні дзень вядома больш за шэсцьдзесят вёсак у Іркуцкай вобласці і Усць-Ардынскай бурацкай акрузе.

Чацвёртая хваля – трыдцатыя гады 20 стагоддзя. Гэта былі не толькі палітычныя ссыльныя. Аб’яўленая ў 1936 – 1937 гг. калектывізацыя прымусіла пераязджаць у Сібір многіх сялян, якія не жадалі ісці ў калгасы. Ім абяцалі, што ў Сібіры яны будуць жыць аднаасобнікамі. Так была ўтворана вёска Тарнопаль Балаганскага раёна. Праўда, ужо ў 1939 годзе калектывізацыя прыйшла і ў Сібір.

Пятая хваля звязана з камсамольскімі будоўлямі. Брацкая, Усць – Ілімская ГЭС былі пабудаваны ў большай ступені беларускімі будаўнікамі, якія засталіся жыць у Іркуцкай вобласці.

І, нарэшце, апошняя масавая хваля перасяленцаў з Беларусі звязана з Чарнобыльскай катастрофай і вывадам ракетных войск з Беларусі.

Паводле апошняга перапісу ў Іркуцкай вобласці пражывае каля 14 тысяч беларусаў, але на самой справе іх патомкаў і саміх беларусаў значна больш. У этнаграфічных экспедыцыях сустракаліся бабулі, якія і знешне, і па говару падобныя на беларусаў. Яны так і казалі “Мы беларусы, а народ наш рускі!” [17, с. 4]. Па самых сціплых падліках беларусаў у Прыбайкаллі не менш 50 тысяч чалавек.

Такім чынам, засяленне Іркуцкага края беларусамі працягвалася на працягу чатырох стагоддзяў як на дабраахвотнай аснове, так і па эканамічных і палітычных матывах, у выніку чаго беларусы складаюць значную частку насельніцтва Прыбайкалля.

III.Стварэнне Іркуцкага таварыства беларускай культуры (ІТБК)

1.  Структура і сімволіка Таварыства

Рэгіянальная грамадская арганізацыя Іркуцкае таварыства беларускай культуры (ІТБК) імя Яна Чэрскага была створана 31 мая 1996 года на I з’ездзе беларусаў Іркуцкай вобласці і зарэгістравана 30 снежня 1996 года.

Назва арганізацыі гаворыць сама за сябе, “Іркуцкае” — тэрыторыя дзейнасці арганізацыі ахоплівае рэгіён Прыбайкалля. Таварыства падразумявае адкрытую арганізацыю, дзе ўсё пабудавана на сяброўскіх, таварыскіх адносінах. Сябрамі арганізацыі з’яўляюцца паўналетнія грамадзяне незалежна ад нацыянальнасці. Галоўны крытэрый — жаданне прымаць удзел у дзейнасці ІТБК. У той жа час у арганізацыі існуе фіксаванае сяброўства і складкі, за кошт якіх у асноўным і функцыяніруе грамадскае аб’яднанне.

Ян Чэрскі нарадзіўся ў фальварку Свольна, што на Верхнядзвіншчыне, у шляхецкай сям’і. За ўдзел у паўстанні 1863 — 1864 гг. быў сасланы у г. Омск рэкрутам. Пасля звальнення многа падарожнічаў па Іркуцкаму краю, займаўся навуковай дзейнасцю. Даследаваў возера Байкал і Усходнюю Сібір у цэлым. Узнагароджаны трыма залатымі медалямі Рускага геаграфічнага таварыства. Яго імем названы хрыбет у Забайкаллі і іншыя аб’екты. Таму, як толькі ўзнікла ідэя стварэння ў Іркуцку беларускага культурнага таварыства, паступіла прапанова прысвоіць яму імя Яна Чэрскага(15.с.185)

Кіруе дзейнасцю ІТБК абласная Рада, якую ўзначальвае старшыня. Утворана і дзейнічае ў Іркуцкай вобласці 12 беларускіх суполак.Таксама створаны ініцыятыўныя групы ў Тулунскім і Эхірыт-булагацкім раёнах, г. Ангарску, Шэлехаве, дзе праводзіцца пэўная праца.

Сімволіка Іркуцкага таварыства беларускай культуры

Эмблема ІТБК прынята на I Устаноўчым сходзе 31 мая 1996 года.

Наверсе эмблемы знаходзяцца выявы беларускіх нацыянальных сімвалаў: бел-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня. Аддаючы дань павагі нацыянальным святыням нашай гістарычнай Радзімы іркуцкія беларусы выкарысталі гэтыя сімвалы ў сваёй эмблеме. У цэнтры эмблемы размешчаны выява Яна Чэрскага, імем якога названа арганізацыя і сімвал Іркуцкай вобласці — возера Байкал. Такім чынам, эмблема Таварыства сведчыць, што яно будзе працягваць і развіваць культурную спадчыну нашых продкаў на тэрыторыі Іркуцкай вобласці так стойка і мужна, як гэта рабіў Ян Чэрскі.

Гімн ІТБК.

На паседжанні Рады ІТБК 13 сакавіка 2002 года было вырашана прыняць гімн Таварыства. Ім стала вядомая ўсёй беларускай дыяспары свету песня на верш Наталлі Арсенневай “Магутны Божа”.

Як напісана ў Праграме развіцця, якая прымаецца з’ездам ІТБК на 3 гады, галоўная мэта Таварыства — адраджэнне і развіццё духоўных і культурных каштоўнасцей беларускага народа, павышэнне яго самасвядомасці, распаўсюджванне і падтрымка нацыянальных звычаяў, рамёстваў, жыццёвага ўкладу і маральных асноў [7, с.9]

2. Алег Рудакоў — заснавальнік і кіраўнік арганізацыі іркуцкіх беларусаў

Алег Васільевіч Рудакоў нарадзіўся ў вёсцы Бяздзедавічы Полацкага раёна. У 1985 годзе пасля заканчэння школы паступае ў Цюменскае ваенна-інжэнернае каманднае вучылішча. У арміі Алег шмат чытаў беларускай літаратуры, а адзін раз пачуў па рыдыё “Песняроў” і нават заплакаў, сумуючы па Радзіме. Пасля вучылішча Алег патрапіў у Іркуцк, дзе служыў у войску. Пасля звальнення атрымаў дыпломы гісторыка і эканаміста, працаваў настаўнікам, у камерцыйных структурах, але душа імкнулася да нечага іншага, роднага.

З 1989 года выпісваў газету “Літаратура і мастацтва”, адсылаў у рэдакцыю лісты. Адзін з іх надрукавалі і адказны сакратар Барыс Сачанка запрасіў прыехаць у Мінск. Увосень 1995 года Алег Рудакоў пазнаёміўся з дзейнасцю Таварыства беларускай мовы, а праз год нават выступіў на IV з’езде арганізацыі.

Вярнуўшыся ў Іркуцк, Алег задумаўся над пытаннямі, якія яму задавалі на з’ездзе: ці захаваліся ў Сібіры вёскі з перасяленцамі з нашых земляў, ці вядома што-небудзь пра навукоўца Яна Чэрскага? Шукаючы адказы, Алег Рудакоў вырашыў стварыць арганізацыю беларусаў. Алег Рудакоў удзельнік IV, V і VІ з’ездаў беларусаў свету, дзе выступаў з дакладамі аб дзейнасці беларусаў Прыбайкалля.

Нягледзячы на тое, што шмат год ён жыве і працуе ў Сібіры, Алег Рудакоў лічыць сябе беларусам-палачанінам. Яго падтрымлівае  сын Аляксей, які вучыцца на гісторыка-філалагічным факультэце Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Іркуцкі палачанін вельмі рады за сына, за тое, што змог выхаваць яго сапраўдным патрыётам.

Алег Васільевіч Рудакоў за сваю падзвіжніцкую працу ўганараваны шматлікімі граматамі і дыпломамі ўрада Расіі, губернатара Іркуцкай воблаці і Міністэрства культуры Беларусі, а таксама медалямі. У 2010 годзе ўзнагароджаны медалём імя Францішка Скарыны.

Менавіта Алег Рудакоў стаяў ля вытоку стварэння ІТБК і з’яўляўся ініцыятарам, кіраўніком, і арганізатарам беларускай грамады на працягу 17 гадоў. У 2013 годзе лідара беларускага зямляцтва ў Іркуцку замяніла сібірачка-беларуска ў трэцім пакаленні Алена Сіпакова.

Вось як тлумачыць сыход з пасады старшыні Таварыства Алег Рудакоў. “Па сваіх поглядах я — дэмакратычны чалавек. Нельга аднаму чалавеку доўга знаходзіцца на адной пасадзе, нават на грамадскай. Для развіцця патрэбны нейкія змены, рух наперад” [2, с.13]

Сыход з пасады старшыні Таварыства не азначае, што А.Рудакоў поўнасцю адышоў ад спраў. Арыентыры засталіся ранейшымі — максімальная папулярызацыя беларускай культуры ў Прыбайкаллі. Ёсць ідэя заснаваць міжнародны фестываль беларускай культуры на Байкале, каб надаць моцы і сілы беларускаму руху ва ўсім свеце.

Вынікі працы Алега Рудакова ўражваюць. У 12 аддзяленнях ІТБК налічваецца каля тысячы актыўных удзельнікаў. Суполкі Іркуцкіх беларусаў расцягнуты на 1000 кіламетраў ад горада Слюдзянска на ўсходзе  да вёскі Чарчэт у Тайшэцкім раёне на захадзе. Яны дзейнічаюць у горадзе Іркуцку і 14 раёнах вобласці.

IV.Асноўныя накірункі дзейнасці рэгіянальнага грамадскага аб’яднання

1.Вопыт працы па захаванні і развіцці беларускай культуры і традыцый

Згодна з Праграмай развіцця, Таварыства будуе сваю працу па 20 асноўных накірунках.

У Іркуцкай вобласці пры ІТБК паспяхова дзейнічаюць 15 фальклорных ансамбляў, беларускі народны хор, тры танцавальныя групы. Пастаянна дзейнічае маладзёвы клуб “Крывічы”, які будуе сваю працу па секцыях. Функцыяніруюць два дзіцячых лялечных тэатра. Пабудавана або адрэстаўравана пяць музеяў “Беларуская хата”.

Беларусы беражліва вывучаюць, захоўваюць і развіваюць нацыянальную культуру, традыцыйныя абрадавыя святы. Штогод праводзяцца  “Каляды”, “Гуканне вясны”, , “Купалле”, “Дажынкі”, “Масленіца”, “Багач”,“Дзяды”, “Жаніцьба Цярэшкі”, “Камаедзіца” і інш.

Пачынаючы з 1997 года, калі ўпершыню былі адсвяткаваны “Каляды”, іркуцкія беларусы ні разу не парушалі традыцыю. Схема свята наступная: спачатку канцэрт творчых калектываў (але ўсё па-беларуску!), затым калядны блок з гумарам і традыцыйнымі песнямі, а потым танцы і бяседа.

З 2007 года з’явілася яшчэ адна выдатная традыцыя. У Іркуцк на “Каляды” пачалі прыязжаць з канцэртнай праграмай знакамітыя артысты з Беларусі.      

Беларускія традыцыйныя святы, такія як “Купалле”, абудзілі цікавасць да сваіх каранёў у шматлікіх іркуцян. Пры гэтым некаторыя святы праводзіліся на базе беларускіх вёсак у Іркуцкай вобласці.

2. Работа з моладдзю

У Іркуцку пражывае больш за 100 розных народаў і нацыянальнасцей.  Як паказвае праца з моладдзю, прасцей разбудзіць іх цікавасць да сваёй культуры праз сучасную нацыянальную музыку.

Па- першае, у маладзёвым клубе пастаянна праводзяцца тэматычныя беларускія “Вячоркі”, дзе моладзь навучаецца беларускім бытавым танцам “Полька”, “Лявоніха”, “Маразуля”, “Кракавяк” і інш. На гэтых вячорках праігрываецца музыка розных стыляў, ад сярэдневяковай і народна-фальклорнай да фольк-мадэрна і рока. Але абавязковай умовай з’яўляецца тое, што песня павінна гучаць толькі на беларускай мове.

Даволі паспяхова развіваецца маладзёвы клуб “Крывічы” па вывучэнню беларускіх традыцый, рамёстваў і культуры, правядзенню фестываляў. Дзякуючы яго старшыні Волі Галанавай і актыву пры клубе дзейнічае фальклорная студыя, дзе моладзь вывучае азы фальклорных спеваў. У 2009 годзе быў заснаваны гурт аўтэнтычнага спеву “Крывічы”, які ў 2011 годзе запісаў першы альбом “Вецярок вее...”, а ў 2013 годзе выйшаў другі альбом іркуцкага гурта “А ў Калядачкі...”. Яго запісалі адразу пасля “Каляд”. Гурт імкнецца захаваць старажытную манеру спеву нашых продкаў-беларусаў. Дарэчы, ўсе дзяўчаты гурта нарадзіліся ў Сібіры, але з задавальненнем вывучаюць беларускую мову і спяваюць родныя песні, сваімі рукамі вырабляюць стылізаваныя беларускія народныя строі.

Самым галоўным мерапрыемствам для фальклорных ансамбляў з’яўляецца фестываль-конкурс “Гучы, гоман беларускі”, які праходзіць ў сталіцы Прыбайкалля — Іркуцку. На гэтых фестывалях ансамблі з глыбінкі не толькі паказваюць свае напрацоўкі, свае лепшыя песні, але і атрымліваюць магчымасць лучнасці, пераймаюць вопыт і падтрымліваюць адзін аднаго.         З’явіліся і новыя формы работы, напрыклад, “Дзень Шэкспіра”, які праводзіўся Іркуцкім дзяржаўным лінгвістычным універсітэтам, дзе ў артыстычнай форме былі прачытаны ўрыўкі з твораў Шэкспіра на беларускай мове. Студэнты былі ў захапленні.

Цікавым быў вопыт арганізацыі міжнацыянальнай дыскатэкі ў адным з прыстыжных начных клубаў “Аб’ект 01”. Моладзі сабралася каля 250 чалавек, пры гэтым у асноўным былі актывісты розных нацыянальна-культурных аб’яднанняў горада Іркуцка. Маладзёвы клуб “Крывічы” прадставіў сумесна з моладдзю іншых цэнтраў блокі нацыянальнай фальклорнай музыкі, прычым кожны блок пачынаўся з развучвання якога-небудзь нацыянальнага бытавога танца або гульні. У дыскатэцы былі прадстаўлены беларуская, украінская, яўрэйская, бурацкая, татарская, нямецкая культуры.

Такім чынам, маладзёвы клуб стварыў прэцэдэнт і паказаў сібірскаму грамадству, што культура беларусаў Прыбайкалля вельмі актуальная і запатрабаваная. 18 верасня 2010 года ў гонар 165-годдзя з дня нараджэння вучонага-байкалаведа беларуса Яна Чэрскага сябры маладзёвага клуба “Крывічы” здзейснілі ўзыходжанне на пік Чэрскага (2080 м) у гарах Хамар-Дабан. Восенню 2015 года ўзыходжанне было паўторана.

V.Навуковая і этнаграфічная дзейнасць беларускага зямляцтва

Вялікая ўвага ў дзейнасці кіраўніцтва іркуцкіх беларусаў удзяляецца правядзенню гістарычных і навуковых даследаванняў, арганізацыі этнаграфічных экспедыцый у месцах кампактнага пражывання беларусаў і іх нашчадкаў.

Сябры Таварыства праводзяць вялікую працу па вывучэнні гістарычнай спадчыны беларускага народа. У снежні 2010 года была праведзена міжнародная канферэнцыя “Стагоддзе Сталыпінскай рэформы” – самага масавага перасялення беларусаў у Сібір. На канферэнцыю прыехалі навукоўцы з Масквы з фонда Сталыпіна, з Навасібірска і Екацерынбурга, сваіх спецыялістаў прыслалі амаль усе іркуцкія ВНУ. З Мінска прыбыў вучоны гісторык Андрэй Кіштымаў. У канферэнцыі прынялі ўдзел 70 чалавек, прагучала 38 дакладаў. Акрамя гэтага выступалі і актыўныя сябры ІТБК, як з г. Іркуцка, так і з раёнаў. На канферэнцыі адкрылася шмат цікавых сенсацыйных фактаў. Напрыклад, што ўсяго ў час сталыпінскай рэформы ў Сібір, ад Цюмені да Байкала, перасялілася каля 3 млн. чалавек, з іх палова – беларусы. У Прыбайкалле перасялілася 300 тысяч беларусаў. Але сёння, згодна статыстыкі, зарэгістравана толькі каля 16 тысяч буларусаў [17, с. 95]       Што датычыцца колькасці беларусаў у Прыбайкаллі, то суполка ІТБК, правёўшы сваё даследаванне і параўнанне, высветліла, што амаль кожны трэці жыхар Іркуцкага рэгіёна мае беларускія карані. “Безумоўна, шмат змешаных шлюбаў, таму на сёняшні дзень нацыянальнасць у Сібіры – хутчэй унутранае ўсведамленне і прыхільнасць, чым прыналежнасць па крыві” [11, с. 8]

26 студзеня 2013 года ў Іркуцку прайшоў круглы стол, прысвечаны 150-годдзю беларускага паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Для Іркуцка вынікі гэтага паўстання мелі вялікае прагрэсіўнае значэнне, так як сюды былі сасланы многія яго ўдзельнікі. Амаль усе яны мелі дасканалую адукацыю і сталі займацца геаграфічнымі, геалагічнымі і лінгвістычнымі даследаваннямі Іркуцкага края. Імі былі зроблены шматлікія навуковыя адкрыцці і напісаны аб’ёмныя навуковыя працы, прысвечаныя Прыбайкаллю і возеру Байкал. На канферэнцыі прысутнічалі не толькі актывісты Іркуцкага Таварыства, але і многія навукоўцы, прафесары Іркуцкіх вышэйшых навучальных устаноў, журналісты газет і двух тэлеканалаў, прадстаўнікі польскага, украінскага, рускага і літоўскага цэнтраў. Акрамя асноўных дакладаў была і жывая дыскусія [10, с. 1] У “Доме каваля” у памяшканні Грамадскай палаты Іркуцкай вобласці прайшоў круглы стол па тэме “Актуальныя праблемы тэорыі і практыкі межэтнічных і межканфесійных адносін у Прыангар’і.” Старшыня ІТБК Алег Рудакоў выступіў на ім з дакладам “Актуальныя праблемы ўзмацнення нацыянальна-культурных аб’яднанняў і органаў абласной ўлады.”

Прадстаўнікі ІТБК прысутнічалі на канферэнцыі, прысвечанай удзельнікам паўстання 1863 года, сасланых у Іркуцк. Арганізатарам канферэнцыі была польская нацыянальна-культурная аўтаномія “Огніва”. Алег Рудакоў на гэтай канферэнцыі зрабіў  даклад на тэму “Невядомыя факты з біяграфіі Яна Чэрскага і яго сям’і”, дзе распавёў аб беларускім паходжанні рода Чэрскіх (4пакаленні) і лёсе яго жонкі Марфы пасля гібелі ў экспедыцыі самога вучонага.

Беларусы іркуцкай дыяспары актыўна вывучаюць унёсак беларусаў у асваенне Сібіры. Лён, бульбу (адрэту), жыта прывезлі ў Сібір нашы продкі. Нават трускалкі былі завезены ў савецкія гады беларусамі і ўжо які год ў Байкальску ладзіцца “Трускальны фэст”.

Вядзецца пастаянная работа па выяўленні і святкаванні 100-гадовых і іншых юбілейных дат для вёсак, заснаваных беларускімі перасяленцамі ў Прыбайкаллі с абавязковым асвятленнем у СМІ. У 2010 годзе былі адсвяткаваны 100-гадовыя юбілеі вёсак Ахіны, Эхірыт-Булагацкага раёна і Марынінск Заларынскага раёна. А ў Марынінску акрамя таго была ўстаноўлена таблічка на беларускай мове.Што датычыць этнаграфічных даследаванняў, то былі арганізаваны дзве паспяховыя экспедыцыі ў Куйтунскі раён у беларускія вёскі Сулкі і Андрушчына, а таксама ў Балаганскі раён у беларускія вёскі Тарнопаль і Анучынск.

Паспяхова працуе музей-майстэрня “Беларуская хата”, якая аб’ядноўвае майстроў традыцыйных для Беларусі відаў рамёстваў: вышыўка, саломапляценне, ткацтва і многае іншае. Іркуцкія беларусы стварылі моду на нацыянальныя строі. Усе актывісты імкнуцца зрабіць сабе ўласны касцюм, прычым робяць гэта згодна з беларускімі традыцыямі. Штогод праводзяцца выставы “Беларускае рамяство жыве ў Прыбайкаллі”. Выстаўка за апошнія тры гадыбыла размешчана ў многіх прэстыжных музеях не толькі Іркуцка, але і ў Дзяржаўным краязнаўчым музеі ў Усць-Ардзе [9, с. 9]

Нядаўна ў Іркуцкім абласным краязнаўчым музеі была прадстаўлена выстава “Рэліквіі беларусаў Прыбайкалля”. На выставе можна было пазнаёміцца з беларускім народным мастацтвам, дзе ўпершыню была паказана лялька-матанка. У яе вельмі старажытны сакральны крыж на твары. Таксама ўвазе наведвальнікаў музея былі прадстаўлены кнігі, дыскі, фотаздымкі і нават была магчымасць параўнаць беларускую і рускую мовы.

Праводзіцца работа і ў такім накірунку як арганізацыя літаратурна-гістарычнага клуба “Спадчына” і бібліятэкі беларускай літаратуры. На паседжанні клуба запрашаюцца прадстаўнікі іншых нацыянальна-культурных цэнтраў і студэнты. Перад кожным паседжаннем робіцца шырокая рассылка прэс-рэліза аб мерапрыемстве.

На некаторых сустрэчах прысутнічалі журналісты. Папулярны ў Іркуцку часопіс “Іркуцкія кулуары” друкаваў некаторыя працы сяброў клуба. У офісе Таварыства размешчана бібліятэка беларускай літаратуры, рэдакцыя газеты. Наладжаны выпуск бюлетэня-газеты Іркуцкага таварыства “Маланка

Пастаянна папаўняецца фонд бібліятэкі беларускай літаратуры, дзякуючы сябрам ІТБК, якія прывозяць з Беларусі цікавыя кнігі.Таксама выдаюцца кнігі іркуцкіх беларусаў. За апошні час было выдадзена дзве кнігі буларускіх вершаў паэтэсы Агаркавай К.А.: зборнік вершаў “Пралеска” і зборнік дзіцячых вершаў “Сонейка”. Кніга атрымалася прыгожая з цудоўнымі дзіцячымі вершамі. Раней выйшаў  зборнік вершаў “Даруй” [8, с.9] Выдала сваю кнігу Сіпакова Т.У. “Іркуцкі харавод”.Такім чынам, Таварыства знайшло тыя інструменты, якія натхняюць іркуцян шукаць свае беларускія карані і паступова станавіцца свядомымі беларусамі.

VI.Сувязі з Радзімай

Адным з накірункаў Рэгіянальнага грамадскага аб’яднання з’яўляецца супрацоўніцтва з беларускай метраполіяй, у першую чаргу з Мінскам, Віцебскам, Полацкам, са сваімі суайчыннікамі з іншых гарадоў і рэгіёнаў Беларусі.

ІТБК прадстаўлена ў Каардынацыйным савеце пры Міністэрстве культуры, а двое яго сяброў-іркуцян з’яўляюцца сябрамі Вялікай Рады згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”.

Пасольства Рэспублікі Беларусь дастаўляе ў Іркуцк газету “Голас Радзімы”. Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны прысылае газету “Наша слова”, а са Злучаных Штатаў Амерыкі прыходзіць газета беларускай дыяспары “Беларус”. Усе гэтыя выданні аформлены ў падшыўку і даступны для ўсіх наведвальнікаў бібліятэкі беларускай літаратуры [8, с. 8]

У кастрычніку 2009 года старшыня РГА ІТБК Алег Рудакоў і сябра Таварыства  Эдуард Мацкевіч аб’ехалі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, удзельнікаў аперацыі “Баграціён” і ўручылі ім юбілейныя медалі “65 год вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Пасольства РэспублікіБеларусь прыслала гэтыя медалі спецыяльна для таго, каб кіраўніцтва ІТБК ад імя беларускага народа выканала місію па ўзнагароджанню ветэранаў, якія вызвалялі нашу краіну ад фашыстаў. Юбілейныя медалі былі ўручаны 61 ветэрану [13, с. 3].

Суайчыннікі спрабуюць вырашаць і эканамічныя пытанні па рэалізацыі беларускіх тавараў у Прыбайкаллі (8, с.9).

Сябры Іркуцкага Таварыства беларускай культуры падарылі шыкоўны падарунак “Бацькаўшчыне” з нагоды свайго 15-гадовага юбілею. Такім падарункам стала творчая сустрэча са старшынёй ІТБК Алегам Рудаковым і фальклорным гуртам “Крывічы”, якая адбылася 15 ліпеня 2011 года на сядзібе Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” у Мінску.

Госці з Іркуцка выступалі на канцэртах у Віцебску і Мінску ў межах Першага фестывалю мастацтваў беларусаў свету, які ладзіла Міністэрства культуры Беларусі, з’ездзілі ў гістарычную вандроўку на Полаччыну, узялі ўдзел у свеце “Пятрок” на Любаншчыне, наведалі Мір, Навагрудак і іншыя гарады.

Высокую адзнаку дзейнасці Іркуцкай дыяспары дала Ніна Шыдлоўская – старшыня “Бацькаўшчыны”. “Яны стварылі ў Іркуцку першую Беларусь у замежжы, такую, як мы хацелі б мець тут” [12, с. 3]

Беларусы Прыбайкалля напярэдадні шостага з’езду беларусаў свету, які адбыўся ў 2013 годзе, завіталі ў Гомель. У складзе іркуцкай дэлегацыі ўжо каторы раз прыехаў спеўны гурт “Крывічы

Творчая сустрэча з іркуцкімі беларусамі ў Гомелі прайшла ў памяшканні філіяла Веткаўскага музея стараабрадніцтва. Наведвальнікі імпрэзы праглядзелі некалькі відэасюжэтаў пра дзейнасць беларускай грамады ў Іркуцку, а таксама паслухалі народныя песні ў выкананні гурта “Крывічы”. Гомельская моладзь з аб’яднання“Талака” зладзіла гасцям экскурсію па горадзе і правяла майстар-класы па народных танцах [1, с. 2]

Трывалыя сувязі былі ўстаноўлены іркуцкімі беларусамі з Полацкам, асабліва з Цэнтрам рамёстваў і нацыянальных культур (былы дырэктар В.Крук). Госці двойчы пабывалі з візітам у Полацку: у 2011 і 2012 гг. на 1150-годдзе горада. Падчас сустрэчаў, дзе прысутнічалі як дарослыя, сталыя людзі, так і моладзь, палачане са здзіўленнем глядзелі відэасюжэты, як у расійскай глыбінцы святкуюць “Купалле” і “Гуканне вясны”, скачуць праз вогнішча і спальваюць саламянае пудзіла. Творчае прывітанне беларусам Прыбайкалля перадаў ансамбль “Полацкія россыпы”, сваімі ўражаннямі ад сустрэчы з іркуцкімі беларусамі падзяліўся выкладчык Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Віктар Мятла “…вельмі  добра, што ў такіх далёкіх ад нас мясцінах гучыць буларуская мова” [6, с.5]Удзельнікі ансамбля “Крывічы” выступалі на пляцоўках Полацка на працягу юбілея і слухачы іх сустракалі з вялікім захапленнем. Госці пабывалі ля сапраўднага сімвала беларускай мовы – памятнага знака літары “Ў”. Менавіта туды накіраваліся ўдзельнікі сустрэчы. Яны ўзяліся за рукі і закружыліся ў вялізным карагодзе пад песні “Крывічаў” і “Полацкіх россыпаў”. Напрыканцы  сустрэчы кожны жадаючы мог зрабіць фотаздымак на памяць з беларусамі Прыбайкалля. “Падобныя сустрэчы вельмі падабаюцца,” – прызнаўся Алег Рудакоў. – “Здаецца, што ты ў коле блізкіх сяброў – гэта на самой справе цудоўна!” [6, с. 3]

Цудоўна і тое, што ёсць у свеце людзі, дзякуючы якім беларуская культура жыве нават у такіх далёкіх ад нашай краіны мясцінах. Нягледзячы на тое, што лёс закінуў беларусаў далёка ад сваёй Бацькаўшчына, яны змаглі захаваць традыцыі і звычаі сваіх продкаў, багатую і самабытную культуру беларускага народа, выхаваць у сваіх дзяцей і ўнукаў адданасць нашай роднай зямлі. Іркуцкае таварыства шмат робіць для развіцця і ўмацавання сувязей з суайчыннікамі, выконваючы ролю грамадскага сувязнога звяна паміж Беларуссю і арганізацыямі беларусаў у Прыбайкаллі.

VII.Заключэнне

Удалечыні ад гістарычнай Радзімы іркуцкія беларусы ў 3-6 пакаленнях самі сябе фарміруюць беларусамі і робяць гэта мэтанакіравана, пастаянна, самаахвярна. У адрозненні ад палякаў, фінаў, літоўцаў, украінцаў, якія атрымліваюць дапамогу ад сваіх дзяржаў. Польшча, напрыклад, праз консульства ў Іркуцку дапамагае сваім суайчыннікам. Яскрава аб гэтым сведчаць наступныя словы. Адна з іркуцкіх беларусак кажа: “У Іркуцку выгадней быць палякам, а цікавей хадзіць на беларускія святы!” [17, с. 45]

         У выніку даследавання дадзенай тэмы можна зрабіць наступныя высновы:

  1. Іркуцкае таварыства беларускай культуры, застаючыся грамадскай арганізацыяй, зрабіла многае па адраджэнню, захаванню і перадачы маладому пакаленню беларускай культуры ў Прыбайкаллі.
  2. Склалася пэўная сістэма дзейнасці Таварыства па правядзенні традыцыйных сацыяльна-значных мерапрыемстваў, прыцягнута вялікая колькасць людзей. Дастаткова сказаць, што толькі на абласны фестываль “Гучы, гоман беларускі” збіраецца да 35 калектываў з усёй вобласці.
  3. Дзякуючы рупліваму і актыўнаму  Алегу Рудакову, якога ведаюць ва ўсім свеце, па яднанні беларусаў Іркуцкай вобласці, абуджэнні іх нацыянальнай самасвядомасці, выхаванні любові да роднай мовы, гісторыі і культуры ў Прыбайкаллі дзейнічае адна з самых актыўных дыяспар у свеце.
  4. Суполкі іркуцкіх беларусаў у розных рэгіёнах вобласці навучыліся працаваць самастойна: 20 год назад мала  хто ведаў пра беларусаў.

Беларускія вёскі называлі “хахляцкімі”. Цяпер прысутнасць беларусаў у Прыбайкаллі даволі значная. Сярод сяброў Таварыства многа вядомых навукоўцаў, пісьменнікаў, паэтаў, мастакоў, палітыкаў.

У 2011 годзе ІТБК заняла 1-е месца ў конкурсе на лепшы нацыянальна-культурны цэнтр, а ў 2012-м у гэтым жа конкурсе атрымала дыплом за 2-е месца сярод нацыянальных аб’яднанняў Іркуцка.

VIII. Літаратура

1. Банько М., Сівец Ю. Іркуцкія беларусы не забываюць пра Радзіму. “Наша слова”, 2013, 31 ліпеня.

2. Гарбачоў Р. У Сібіры змянілася беларуская ўлада, “Маланка”, 2013, чэрвень - ліпень.

3. Замкоўскі А. Іркуцкі палачанін, “Полацкі веснік”, 2009, 29 верасня.

4. Коласава Л. На беларускай хвалі, “Полацкі веснік”, 2012, 29 мая.

5. Нарысы гісторыі Беларусі: У 2 ч. Ч.2 /М.П.Касцюк, І.М.Ігнаценка, У.І.Вышынскі і інш. – Мн.: Беларусь, 1995. – 560 с.

6.Палынскі І. З далёкай Сібіры, “Полацкі веснік”, 2011, 26 ліпеня.

7. Программа развития РОО ИТБК, “Маланка”, 2008, чэрвень – жнівень.

8. Рудаков О. Отчёт о проделанной работе председателя РОО ИТБК за двухлетний период 2006 – 2007 гг., «Маланка», 2008, сакавік-красавік

9. Рудаков О. Отчёт Председателя ИТБК Рудакова О.В. за 2010 – 2012 гг., “Маланка”,  красавік-травень.

10.  Рудакоў А. Падзеі і справы  ІТБК, “Маланка”, 2013, люты – сакавік.

11. Рудакоў А. Перспектывы развіцця беларускага патрыятызму ў адрыве ад метраполіі: 6-ты з’езд беларусаў свету, “Маланка”, 2013, красавік – травень.

12. Сябры Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага адзначылі ў Менску 15-годдзе арганізацыі, “Наша слова”, 2011, 20 ліпеня.

13.  Тезисноо мероприятиях белорусов Прибайкалья в Иркуцке, “Маланка”, 2009, кастрычнік – лістапад.

14.  Шок беларускасці, “Информ- плюс», 2011, 4 августа.

15. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6т..T6. Кн. 2; Дадатак. Беларуская энцыклапедыя: Рэдкал.: Г.П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш. – Мн.: Бел. Эн., 2003, -  616 с.

16. Ярмоленка В. За даляглядамі Айкумены: Іван Чэрскі – Мн.: Навука і тэхніка, 1995, -  59 с.

17. Інтэрнет-рэсурсы: сайт: pribaikal.ru/belorus.html.