Мiжнароднае грамадскае аб'яднанне

Канстацін Касяк. “Культурніцкая дзейнасць Вацлава Ластоўскага ў Ковенскай Літве”

У гісторыі любога народа ёсць постаці, якія ў адзіночку вырашалі звышзадачы, здавалася б, непад’ёмныя для простага чалавека. Яны не толькі ініцыявалі нацыя– і дзяржаватворчыя працэсы, бралі на сябе адказнасць за развіццё культуры цэлага народа, але і паспяхова спраўляліся з іх рэалізацыяй. Адным з такіх людзей быў Вацлаў Ластоўскі - грамадскі, культурны і дзяржаўны дзеяч Беларусі.

У 1920-я гады, знаходзячыся ў эміграцыі ў Коўна, ён з невялікай групай паплечнікаў здолеў паспяхова канкураваць з шэрагам дзяржаўных, культурных і выдавецкіх інстытуцый у БССР, якія займаліся развіццём беларускай культуры ў межах савецкай дзяржавы і ідэалогіі. Больш за тое, у той час Вацлаў Ластоўскі здолеў сфармуляваць і распаўсюдзіць так званую “крыўскую ідэю”, якая мае сваіх прыхільнікаў сярод беларусаў і цяпер.

Пачнем з таго, што ў 1920 годзе, ў выніку складаных геапалітычных перэпетыяў, Вацлаў Ластоўскі разам з адзінадумцамі апынуўся ў сталіцы Літвы – горадзе Коўна, дзе атабарыўся на бліжэйшыя сем гадоў.

У перыяд з 1920 па 1923 год Ластоўскі займаў пасаду прэм’ер-міністра ва ўрадзе Беларускай Народнай Рэспублікі. Міністэрская пасада прадугледжвала шэраг складаных функцый і абавязкаў, якія былі ўскладзены на Ластоўскага: ён займаўся арганізацыяй жыцця беларускага эмігрантскага асяродку, прымаў удзел у палітычных мерапрыемствах ураду Літоўскай Рэспублікі, а таксама разнастайных міжнародных арганізацый, спрабуючы дабіцца для беларускага народа права на самавызначэнне і ўласную дзяржаўнасць.

Разам з гэтым, Ластоўскі не забываўся і на культурнае жыццё. У 1920 годзе,
 пры яго дапамозе, пачала выходзіць газета “Пагоня”. Выдае яе і распаўсюджвае “Стол Друку Міністэрства Беларускіх Спрау”. Само міністэрства было створана пры літоўскім урадзе яшчэ ў 1918 годзе. Усяго за 1920 год, з ліпеня па снежань, выйшла 18 нумароў гэтай двухстаронкавай друкаванкі. У “Пагоні” змяшчаліся, галоўным чынам, заявы літоўскага ўраду, законы і дэкларацыі, вайскова-палітычныя і прэсавыя агляды, а таксама разнастайныя абвесткі і тэлеграмы. Нягледзячы на сціплы фармат, гэтае выданне дазваляла чытачу добра арыентавацца не толькі ў бягучай палітычнай сітуацыі ў Літве, але і ў блізкім замежжы.

У 1922 годзе пачынаецца выхад часопісу “Беларускі Сьцяг”, які стаўся яшчэ адной прыступкай да легендарнага “Крывіча”. У праграмным артыкуле выдаўцы зазначалі, што беларускае грамадства знаходзіцца ў стане апатыі. І тым не менш, выдаўцы заклікалі беларусаў не апускаць сваіх рук: “Даволі ламіцца ў адкрытыя дзьверы, даволі пеяць песьні суму і жалю. Трэба шукаць новыя шляхі, трэба знайходзіць новыя словы, трэба тварыць новыя настроі”.

З часу выхада апошняга нумара газеты “Пагоня” часопіс разросся неверагодна – з двух старонак да сямідзесяці. Цяпер у ім былі не толькі законы і дэкларацыі, але вялікія гістарычныя артыкулы, літаратура, агляд навінаў з блізкага і далёкага замежжа.

Падаваўся ў часопісе добры агляд беларускіх выданняў у Літве, Латвіі, Польшчы, БССР. Прычым яго стваральнікі падыходзілі вельмі дэмакратычна да фармавання кантэнту. Так у чацьвёртым нумары “Беларускага Сьцягу”, нягледзячы на крытыку савецкіх уладаў, у раздзеле “Бібліографія” змешчаны караценькія агляды двух свежых кніжак Цішкі Гартнага – зборніка вершаў “Песьні працы і змагання”, а таксама рамана “Сокі цаліны”. Як вядома, пад гэтым літаратурным псеўданімам друкаваўся Зміцер Жылуновіч, вядомы грамадскі, культурны і дзяржаўны дзеяч Беларусі. У 1919 годзе менавіта ён ачоліць Часовы рабоча-сялянскі ўрад ССРБ, ад імя якога выдасць знакаміты “Маніхвэст”.

Разам з перыёдыкай Ластоўскі займаецца таксама і выданнем кніг. Так у кастрычніку 1921 года ў Коўне выходзяць асобным выданнем “Казкі жыцця” Якуба Коласа, пад псеўданімам Тарас Гушча. Цяпер складана меркаваць, якім чынам Ластоўскі атрымаў рукапіс ад аўтара, паколькі той доўгі час знаходзіўся па-за межамі Беларусі, і толькі ў траўні 1921 года вярнуўся ў Менск з Курскай губерні. Хутчэй за ўсё ў гэты прамежак, паміж вяртаннем Коласа ў Беларусь і выхадам кнігі ў Коўна, рукапіс з тэкстамі быў перададзены Ластоўскаму. Другі раз кніга пабачыла свет ужо ў Менску – яна была выдадзена ў 1926 годзе ў Дзяржаўным выдавецтве Беларусі, дырэктарам якога быў тады згаданы вышэй Зміцер Жылуновіч

Як і іншыя нацыянал-камуністы той пары, Жылуновіч шмат сілаў выдаткоўваў не толькі на адраджэнне беларускай дзяржаўнасці, але і на развіццё беларускай культуры. Займаючы пасаду дырэктара выдавецтва, ён імкнуўся адкрываць усё новыя імёны ў беларускай літаратуры, а таксама ўсімі мажлівымі спосабамі заахвочваць маладых людзей да пісьменніцкай кар’еры. Нярэдка здараліся выпадкі, калі Жылуновіч выдаваў ганарары наперад, за яшчэ ненапісаную кнігу. У сакавіку 1922 года Зміцер Жылуновіч наведаў Берлін, дзе наладзіў выданне беларускай мастацкай і навуковай літаратуры, паколькі з уласнымі тыпаграфіямі ў БССР былі цяжкасці. За пяць год сваёй дзейнасці выдавецтва павялічыла колькасць найменняў беларускіх кніжак з 22 да 110 адзінак.

Безумоўна, у Вацлава Ластоўскага былі куды сціплейшыя ўмовы, але, тым не менш, ён таксама не адстае. У Коўна выдаюцца беларускія кніжкі: уласна беларускіх аўтараў, перакладная сусветная літаратура,  а таксама падручнікі на беларускай мове, галоўным чынам, перакладзеныя з расейскай мовы. Ластоўскі, як і Жылуновіч у Беларусі, шукаў новых аўтараў, для таго, каб выдаваць новыя кнігі і адкрываць новыя імёны ў беларускай літаратуры. У трэцім нумары часопіса “Крывіч” за 1923 год змешчана абвестка, адрасаваная патэнцыйным аўтарам: “Міністэрства Беларускіх Спрау у Літве просіць надсылаць яму рукапісы школьных падручнікаў, творы з закрэсу гісторыі, літэратуры, беларусаведаньня, і інш. Рукапісы прынятыя Міністэрствам будуць куплены ў аўтораў і надрукаваны. Рукапісы не прынятыя будуць вернуты аўторам, на паказаны імі адрэс”.

Забягаючы наперад, адзначым, што ў дзесятым нумары часопіса “Крывіч” за 1925 год будзе змешчана рэклама выданняў, даступных для набыцця. Спіс складаецца з 25 наяўных пазіцый, сярод якіх згаданыя вышэй “Казкі жыцця” Якуба Коласа, “Дудка беларуская” Францішка Багушэвіча, падручнік па астралогіі “Неба і зоры”, “Казкі Андэрсэна” пад рэдакцыяй Власта, а таксама ангельская легенда “Сьпевак Блондэль” для дзяцей школьнага ўзросту, перакладзеная Ластоўскім.

У 1922 годзе ў Менску быў створаны Інстытут Беларускай Культуры. Новая арганізацыя ставіла на мэце вывучэнне беларускай мовы, літаратуры, этнаграфіі, гісторыі, прыроды, эканомікі, грамадскіх рухаў ды шэрагу іншых важных праблем. Ля вытокаў гэтай арганізацыі стаялі выбітныя даследчыкі, навукоўцы, знаныя дзеячы культуры і мастацтваў.

У 1926 годзе Інбелкульт, які ў гэты час ачоліць вядомы беларускі гісторык Усевалад Ігнатоўскі, будзе выведзены ў самастойную навуковую адзінку. Падпарадкоўвацца яна будзе непасрэдна Савету Народных Камісараў БССР. Праз два гады арганізацыя будзе рэарганізавана ў Акадэмію Навук.

Нібыта наўздагон Інбелкульту, які паспяхова займаўся доследам культурнай спадчыны і выдаваў у Менску свой веснік “Адраджэнне”, Вацлаў Ластоўскі засноўвае ўласны, дзёрзскі і амбіцыйны праект. Адыйшоўшы ў 1923 годзе ад палітычных спраў, якія адбіралі шмат часу і энэргіі, Ластоўскі разам Клаўдзіем Дуж-Душэўскім засноўвае ў Коўне часопіс “Крывіч”, які ставіць на мэце “прылажыць усіх высілкаў да адшукання к самаазначаньню Беларусі ў сфэры духовасці”.

Менавіта ў гэтым часопісе, нават у яго назве, пачынае афармляцца так званая “крыўская ідэя”, або “ідэя Крыўі” – як альтэрнатыўная “беларускай” ідэнтычнасці. Такім чынам Вацлаў Ластоўскі спрабаваў звязаць усе этапы развіцця беларускай нацыі, злучаючы ўсе этапы гісторыі беларускай дзяржаўнасці ў адну цэльную карціну: ад “сівагорбага” Полацку, у якім княжыў Усяслаў Чарадзей, праз Вялікае княства Літоўскае і да сучаснай яму Беларускай Народнай Рэспублікі.

Цалкам лагічна, што Ластоўскі ўвёў “Крывію” і “крывічан” у тым ліку, каб адасобіць беларусаў ад літоўцаў, разам з гэтым, падкрэсліваючы даўнюю гісторыю першых. Зварот да Полацкага княства забіваў адразу некалькіх зайцоў адным стрэлам: “крыўская ідэя” выглядала прывабнай альтэрнатывай для беларусаў, якіх спрабавалі запісаць у “свае” расейцы і палякі. Цяпер відавочна, што за развіццём гэтай ідэнтычнасці стаяў здаровы прагматызм, а не толькі замілаванне нашай “старасьвеччынай”. Пачатак падобнай візіі гістарычнай мінуўшчыны Беларусі можна ужо ўбачыць у артыкуле Вацлава Ластоўскага “З Беларуска-Літоўскай мінуўшчыны”, які быў змешчаны ў апошнім нумары часопісу “Беларускі Сьцяг” яшчэ ў 1922 годзе.

На старонках “Крывіча” можна было знайсці самую разнастайную навуковую і навукова-папулярную інфармацыю, тэксты сусветна вядомых літаратараў, такіх як Оскар Уайлд і Рэд’ярд Кіплінг, вершы і прозу беларускіх аўтараў, навіны з Расіі, Літвы, Латвіі, Польшчы і далёкага замежжа. Акрамя гэтага, Ластоўскі рэгулярна рабіў агляд культурнага жыцця Беларусі. Ён жа з’яўляўся аўтарам большасці матэрыялаў, хаваючыся пад псеўданімамі і крыптонімамі. Відавочна, што нашаніўская закалка дапамагла яму ў гэтай нялёгкай працы.

Прыкладна ў гэты ж час была напісана невялікая праца “Кароткая энцыклапедыя старасвеччыны”, адшуканая вядомым беларускім навукоўцам Язэпам Янушкевічам у Аддзеле рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі літоўскай Акадэміі навук. У прамове да выдання, якое пабачыла свет толькі ў 2003 годзе, на 120-я ўгодкі з дня нараджэння Ластоўскага, Язэп Янушкевіч параўноўвае яго з Зыгмунтам Глогерам, аўтарам вядомай “Старапольскай энцыклапедыі”, падкрэсліваючы выключную працавітасць Власта.

У 1924 годзе Вацлаў Ластоўскі выдае “Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік”, які, калі верыць рэкламнай абвестцы ў “Крывічы”, “… зьмяшчае каля 40 000 крыўскіх (беларускіх) слоў”. Гэта выданне цікава найперш вялікай праграмнай прадмовай, у якой укладальнік тлумачыць, дзеля чаго выдае слоўнік: “… я ў гэтай малой сваей працы, стараўся даць, паводле сіл сваіх, тлумачэньне чужаземскіх слоў на родныя паняцьці. Але мова наша занячышчалася сотнямі гадоў, дык і праца, па ачыстцы яе ня можа быць зроблена высілкамі адзіночнага чалавека: над гэтым павінны доўгія дзесяцігоддзі працаваць вучоныя аб’яднанні і ўстановы”.

А ў Менску гэтым і займаліся: за рэкордна кароткі тэрмін - у чатыры месяцы - па заданню Інбелкульта ў 1925 годзе Сцяпанам Некрашэвічам і Міколай Байковым быў падрыхтаваны “Беларуска-расійскі слоўнік” на 30 тысяч словаў. У прадмове да яго аўтары даволі смела заяўлялі: “Мэта гэтага “Беларуска-Расійскага слоўніка” – даць дапамогу пры чытаньні сучасных беларускіх выданьняў тым асобам, якія хайя й маюць або элемэнтарна-тэорытычнае, або практычнае знаёмства з жывой беларускай мовай, але яшчэ не зусім дакладна ўяўляюцб сабе тое слоўнікавае багацьце, якім ўладае сучасная навукова-літаратурная беларуская мова ў параўнаньні з мовай расійскай”. Як тут не ўзгадаць сучаснага беларускага пісьменніка Альгерда Бахарэвіча, які на сваіх майстар-класах раіць чытаць слоўнікі, як раманы, каб павышаць узровень валодання мовай, на якой пішаш. І слоўнік Вацлава Ластоўскага, і слоўнікі Байкова-Некрашэвіча добра падыходзяць для гэтага.

Справа не стаяла на месцы, і ўжо ў сёмым нумары часопіса “Крывіч” за 1924 год Ластоўскі дае заахвочвальную абвестку: “Пры Рэдакціі “Крывіча” апрацоўваецца да друку “Гісторыя беларускай кнігі”. Спроба беларускай бібліяграфіі ў зьвязку з гісторыяй беларускага друкарства, друкароў і друкавань, а такжа разьвіцьцём пісьменнасьці і культуры. Гэта будзе юбілейнае выданьне с прычыны 400 лецьця беларускага друку (Біблія Скарыны 1517-1925 г.) Выдавецтва запрашае ў склад Рэдакційнай Камісіі спэціялітаў прафэсараў Літоўскага унівэрсітэту”. Далей Ластоўскі падае прыкладную праграму яго будучай фундаментальнай кнігі, якая “абойме рукапісную і друкаваную крыўскую пісьменнасьць ад Х да ХІХ стагодзьзя”.

Власт ўвесь час матываваў сваіх чытачоў да актыўнай працы. У восьмым нумары “Крывіча” за 1924 год Вацлаў Ластоўскі аб’явіць 1925 год юбілейным: “У 1925 годзе прыпадае 400-летняя гадаўшчына крыўскага (беларускага) друку. Гэтаму вялікаму сьвяту будзе пасьвячаны цэлы 1925 год. На нашых культурных дзеячах ляжыць абавязак радам лекцій і юбілейных сабраньняў урочыста адсьвятковаць гэты год разам з усім грамадзянствам па гарадох, мястэчках і вёсках”. Адразу ж за гэтым заклікам пойдзе гістарычны артыкул “Доктар Франціш Скарына (1525-1925)”.

І яго нібы пачулі – у снежні 1925 года ў Менску ў будынку Камуністычнага ўніверсітэта па вуліцы Універсітэцкай пачала працу Першая беларуская выстава. Прысвечана мерапрыемства было двум значным падзеям: юбілею рэвалюцыі 1905 года і 400-годдзю беларускага кнігадрукавання. Адным з арганізатараў выступіў загадчык секцыі Інбелкульту па вывучэнні беларускага мастацтва Язэп Дыла. Той самы, які быў народным камісарам працы ва ўрадзе Жылуновіча ў 1919 годзе, а ў 1921 годзе ездзіў разам з Якубам Коласам у Слуцк выкладаць на настаўніцкіх курсах.

Язэп Дыла, як і Зміцер Жылуновіч, быў перакананым нацыянал-камуністам і ідэю нацыянальна-культурнага адраджэння Беларусі ставіў, відаць, вышэй за ідэі распаліць “пажар” сусветнай пралетарскай рэвалюцыі. Менавіта таму ён з калегамі і звярнуўся да старасветчыны. У той час гэта мог зрабіць толькі вельмі мужны чалавек, паколькі такія “развароты” маглі не зразумець таварышы з ліку перакананых марксістаў, якіх было багата, як у Маскве, так і ў Менску.

На Першай беларускай выставе ў 1925 годзе экспанаваліся разам авангардныя творы, гістарычныя палотны Язэпа Драздовіча і копіі фрэсак з полацкіх цэркваў. Атрымоўваецца, што і ў савецкім Менску тэма старажытнага Полацкага княства атрымала сваё развіццё.

У 1926 годзе Ластоўскі ў Коўна выдае “Гісторыю беларускай (крыўскай) кнігі”. Ягоная “спроба паясьніцельнай кнігопісі ад канца Х да пачатку ХІХ стагодзьдзя” у выніку будзе мець 776 старонак вялікага фармату, “багата аздоблена рысункамі, кніг і кніжных старасьвецкіх заставак”. Можна толькі здагадвацца, якім чынам яму ўдалося апрацаваць вялікую колькасць крыніц і зрабіць гэта выданне.

У бібліяграфіі Вацлава Ластоўскага “Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі” выглядае найбольш вялікай і грунтовай працай, вянцом яго творчай дзейнасці. З яе выданнем, фактычна скончваецца ковенскі перыяд у жыцці Вацлава Ластоўскага, мажліва, найбольш прадуктыўны ў яго творчай біяграфіі. Менавіта ў Коўна наш славуты зямляк здолеў напоўніцу раскрыць усе свае таленты.

У тым жа годзе Інбелкульт выдасць калектыўны зборнік “Чатырохсотлецьце беларускага друку”.  У зборніку – артыкулы, прысвечаныя дзейнасці Францыска Скарыны, гісторыі беларускага друку ў XVI – XVII стагоддзяў, гістарычнаму развіццю Беларусі, а таксама іншых еўрапейскіх краін. Асаблівую каштоўнасць мае работа "Гравюры і кніжныя аздобы ў выданнях Францыска Скарыны" М. М. Шчакаціхіна, заснавальніка беларускага мастацтвазнаўства. У зборніка даволі арыгінальная вокладка: скарынаўскі шрыфт, сігнет “сонца-месяц”, які візуальна рэпрэзентуе беларускую культуру, а таксама серп з молатам у чырвонай зорцы, як сымбал перамогі камуністычных ідэяў. Натуральна, што для многіх дзеячоў, кшталту Зміцера Жылуновіча, Усевалада Ігнатоўскага, Язэпа Дылы ды іншых, такая эклектыка была зразумелай і прымальнай. Беларускія нацыянал-камуністы спрабавалі зрабіць максімум мажлівага для сваёй Бацькаўшчыны. Калі ў Беларусі напоўніцу разгарнулася Беларусізацыя, а таксама эканамічная праграма “Беларусь – чырвоная Данія!”, якая прадугледжвала хутарызацыю краіны, многія з эмігрантаў змянілі сваё негатыўнае стаўленне да БССР. Цяпер рэспубліка падавалася ім не штучным дзяржаўным утварэннем, а самай сапраўднай беларускай дзяржавай, дзе пануюць працоўныя і сяляне. Некаторыя вырашылі нават вярнуцца.

У кастрычніку 1925 года Вацлаў Ластоўскі атрымаў запрашэнне ў Менск на вядомую моўную канферэнцыю, якая мела адбыцца ў лістападзе 1926 года. Свае, збольшага пазітыўныя, назіранні пра беларускія гарады, а таксама самыя розныя дзяржаўныя ўстановы БССР ён апіша ў вялікім травэлогу “Уражанні ад паездкі ў Беларускую Радавую Сацыялістычную Рэспубліку”. Надрукаваны ён будзе ў апошнім нумары часопіса “Крывіч”.

Гэтыя падарожныя нататкі поўныя аптымізму і спробаў адшукаць нешта беларускае ў савецкай дзяржаве. Вось Ластоўскі апісвае пачатак канферэнцыі: “Зара пасьля сьнедання ў гасьцініцы, даставілі дэлегатаў на Конфэрэнцію. Вуліцы, якія вялі ў старану будынку Конфэрэнціі, аж чарнеюць ад публікі, перад самым будынкам заняты народам тратуары і вуліца. Уходзім у салю (саля Маркса, раней – Дваранскае Сабраньне), усе мейсцы ўнізе і балькон бітком набіты. Саля зьмяшчае звыж 800 чалавек, удэкоравана ў чырвона-белыя барвы, барвы беларускага (крывічанскага) народнага сьцягу. Конфэрэнцію адкрыў прэзыдыум Інбелкульту у асобе праф. Ігнатоўскага (старшыня Інбелкульту), сьпевам беларускага рэволюційнага гімну “Ад веку мы спалі”. Пасьля чаго праф. Ігнатоўскі запрасіў, па сьпіску, некалькіх асоб з прыезджых, у Прэзыдіум Конфэрэнціі”. А скончвае свае нататкі наогул рэверансам у адрас савецкага Менску: “Словам, адроджаны беларускі народ што раз больш выказуе волі да еднасці ў сваей уласнай дзяржаве. І хоць многа яшчэ можна пажадаць, што да абойму дзяржаўных правоў сучаснай Радзянскай Беларусі, у якой задалёка пасунута Сувязная цэнтралізацыя, залішне вялікая пасьлеваенная руіна, засьвежы яшчэ ўплыў русіфікацыі, але ў данны гістарычны момант шансы аб'яднання беларускіх зямель па старане Радзянскай Беларусі".

Імаверна, што ў момант напісання гэтых нататак ён ужо планаваў свой ад’езд у БССР. Неспрыяльныя абставіны ў Ковенскай Літве з аднаго боку і “другое узбуйненне” БССР з другога толькі падмацоўвалі яго рашэнне. Гэту тэму добра разгледзілі ў сваіх працах беларускія гісторыкі Язэп Янушкевіч (Неадменны сакратар Адраджэння) і Аляксандр Пашкевіч (Вільня ці Менск? Трагічны выбар Вацлава Ластоўскага).

У сакавіку 1927 года Ластоўскі выязджае ў Менск, дзе будзе тры гады займаць самыя розныя пасады. У 1930 годзе яго разам з шэрагам беларускіх дзеячаў і навукоўцаў арыштуюць па справе “Саюза вызвалення Беларусі”. У кіпцюры ГПУ ён трапіць разам са Сцяпанам Некрашэвічам на параходзе “Табольск” падчас навуковай камандзіроўкі ў Сібіры.

За ўдзел у няіснай антысавецкай арганізацыі Вацлаў Ластоўскі быў прыгавораны да высылкі ў Саратаў, адбыўшы якую, вяртацца на Радзіму не стаў. Там ён будзе падтрымліваць сяброўскія сувязі толькі з Язэпам Дылай, які паселіцца на адной з ім вуліцы. Былы наркам працы БССР Язэп Дыла знайшоў мажлівасць ўладкаваць жонку былога прэм’ер-міністра БНР Вацлава Ластоўскага да сябе на працу. Але ў 1938 годзе Ластоўскага паўторна арыштуюць і расстраляюць.

Трымаючы ў руках выданні ковенскага перыяду, можна смела казаць, што Вацлаў Ластоўскі займаўся ў той час надзвычай важнай справай – у адзіночку спрабаваў не толькі развіваць беларускую культуру, але і канструяваць ідэнтычнасць. За сем гадоў жыцця ў Коўне Вацлаў Ластоўскі паспеў надзвычай шмат. Фактычна сваёй дзейнасцю ён замяняў ў ковенскім эмігрантскім асяродку цэлы Інбелкульт ды іншыя дзяржаўныя інстытуцыі, нават канкураваў з імі.

У 1920-я гады Вацлаў Ластоўскі быў наперадзе не толькі сваіх калегаў, але, здаецца, апярэджваў і сам час. Власт ковенскай пары – гэта лакаматыў, які цягне наперад, вядзе рэй і задае тон. Вельмі сымбалічна, што Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі, які штогод збірае выбітных прадстаўнікоў навуковай супольнасці праходзіць менавіта ў Коўне, дзе некалі жыў і працаваў Вацлаў Ластоўскі