Мiжнароднае грамадскае аб'яднанне

Марына Яўсейчык. “Вобраз нацыянальнага героя ў перыёдыцы дыяспары”

                                        МОЙ ШЛЯХ ДА БЕЛАРУСІ

   Так склалася, што беларусы замежжа ўвайшлі ў маё жыццё яшчэ з дзяцінства. З чатырнаццаці год я завочна знаёма са спадарыняй Ірэнай Каляда-Смірноў, беларускай, якая жыве ў амерыканскім горадзе Кліўлендзе. Адбылося гэтае знаёмства дзякуючы міжнароднаму грамадскаму аб’яднанню “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”. На пачатку двухтысячных гадоў “Бацькаўшчына”, пры падтрымцы фундатаркі, праводзіла творчыя конкурсы для школьнікаў. Штогод пераможцаў запрашалі ў замежны летнік не толькі для адпачынку, але і для асветы – арганізатары надзялялі пільную ўвагу патрыятычнаму выхаванню.

       На пачатку летніка нас дзялілі на невялікія звязы, якім неабходна было даць назоў. Памятаю, каманда, у якой я апынулася, называлася “Спарышы”. Тады ўпершыню пачула гэтае слова з вуснаў спадарыні Ніны Шыдлоўскай, якая і прапанавала назву для каманды.

      У назоўніка “спарыш” некалькі значэнняў, адно з іх – падвойнае зерне, альбо колас. У  міфалогіі беларусаў, духа ўрадлівасці і дастатку называлі Спарышом. Што чакалі дарослыя ад нас, дзяцей? Хутчэй за ўсё, каб раслі ды напаўняліся розумам, любоўю да сваёй мовы, культуры, гісторыі. Спелі як колас. А надыдзе час жніва – каб паказалі сваю ўрадлівасць. Канешне, можна даваць розныя тлумачэнні словам і з’явам, шукаць у іх прыхаваныя сэнсы. Аднак, зярнятка, калі ўпадзе ва ўрадлівую глебу, абавязкова прарасце. Так адбылося і са мной. Летнікі ўзбагацілі мяне знаёмствамі з выбітнымі беларускамоўнымі асобамі, надалі ўпэўненасці ў гучанні роднай мовы з маіх вуснаў.

      З’явілася дзіцячая мара –  асабіста выказаць словы падзякі спадарыне Ірэне за магчымасць пабачыць іншыя краіны і яшчэ больш наблізіцца да Беларусі. Напрыканцы кожнай паездкі дзеці пісалі лісты пра свой  адпачынак ў далёкую Амерыку. Аповеды разам з малюнкамі адсылалі ў Кліўленд. Аднак мне падавалася гэта мізэрным і несумерным з тым, што я атрымала.

      “Хто тыя беларусы, якія жывуць ў замежжы? Па якіх прычынах з’ехалі з Радзімы? І ці добра ім на чужыне?” Адказы на гэтыя пытанні пачалі цікавіць мяне яшчэ са школьных гадоў.

      Аднойчы летам, у вёсцы, вецер кінуў мне пад ногі светлагорскую газету з фотаздымкам прыгожай  маладой жанчыны ў беларускім традыцыйным строі. Гэта была Ірэна Каляда-Смірноў. Я моцна ўразілася. І праз шмат год памятаю гэты сур’ёзны жаночы вобраз з цвёрдасцю і мэтанакіраванасцю ў вачах.

      У часы майго студэнцтва адбыліся значныя падзеі – паездкі ў ЗША і знаёмства з беларусамі замежжа на “29 Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі”.  Са спадарыняй Ірэнай, на жаль, не сустрэліся, аднак паразмаўлялі па тэлефоне. Так, я здзейсніла сваё дзіцячае жаданне — асабіста выказала словы падзякі спадарыне Ірэне, распавяла пра свае шчаслівыя тыдні, праведзеныя ў летніках “Бацькаўшчыны”.

      Лёс даў магчымасць паціснуць руку вядомым беларусам – Вітаўту  Кіпелю, Але Орса-Романо, Вячку Станкевічу, Янку Запрудніку, Ганне Сурмач ды шмат каму іншаму. Аднак, кароткае знаёмства з выбітнымі беларусамі не дало адказу на мае дзіцячыя пытанні. Карцінка заакіянскага жыцця вымалёўвалася не цалкам. Я бачыла толькі святочную радасць сустрэчы. Але ж якое яно, штодзённае  жыццё эмігранта? Якія ў людзей клопаты і мары? Часткова на гэтыя пытанні я змагла адказаць, пажыўшы разам са спадарыняй Таццянай Красоўскай, якая распавяла мне пра свой лёс, пра няспынную працу ў эміграцыі. Каб паўней зразумець жыццё беларуса-эмігранта, звярнулася да літаратуры, да сучаснага альманаха “Беларус”. Ён быў створаны для беларускіх пісьменнікаў замежжа і  выдаецца ў Нью-Ёрку са жніўня 2007 года. Чытаць альманах пачала яшчэ ў спадарыні Таццяны, а па вяртанні ў Менск, знайшла нумары ў бібліятэчцы “Быцькаўшчыны”.

      Літаратура з’яўляецца формай самарэфлексіі народа, які асэнсоўваючы сябе на кожным гістарычным кроку, стварае пэўны вобраз сваёй нацыі праз індывідуальныя нацыянальныя вобразы. Мяне зацікавіла магчымасць прааналізаваць, якога літаратурнага героя стварае дыяспара. Хто яе нацыянальны герой? У мастацкім вобразе арганічна спалучаюцца дзве  магчымасці: звязаць канкрэтнае і абстрактнае. Пры дапамозе створанага мастацкага вобраза, аўтар можа выказаць сваю пазіцыю, сваё стаўленне да пэўных рэчаў і працэсаў, сведкам якіх ён стаў. Вымалёўваючы пэўныя чалавечыя характары, аўтар паказвае зборны вобраз нацыянальнага героя.

САМАСВЯДОМАСЦЬ І ВОБРАЗ НАЦЫЯНАЛЬНАГА ГЕРОЯ

     Чалавек не можа існаваць сам па сабе, таму важна яго прыналежнасць да пэўнай нацыі, каб пэўным чынам самаіндыфікавацца. Толькі ў выніку трывалых ўяўленняў асобы аб сваёй этнічнай спецыфіцы можна весці гаворку пра яе этнічную самасвядомасць. Этнічная самасвядомасць з’яўляецца слоем грамадскай свядомасці. Праз сукупнасць уяўленняў, пачуццяў і ведаў чалавека аб прыналежнасці да пэўнай нацыі, а таксама аб сваім месцы і ролі ў жыцці народа, фарміруецца нацыянальная самасвядомасць. Яе складнікамі з’яўляюцца ўсведамленне людзьмі свайго агульнага паходжання і непарыўнай сувязі з роднай зямлёй, адчуванне самабытнасці сваёй культуры, мовы, нацыянальнага характарументалітэту, пачуцця агульнанацыянальнай салідарнасці. Чалавек, які не адчувае ў сабе самасвядомасці, не можа быць сапраўдным грамадзянінам, носьбітам і захавальнікам традыцыі і мовы свайго народа.

      На падставе гэтых разваг, узніклі пытанні: хто ён, нацыянальны герой у літаратуры і якія адметныя рысы характару мае? Адказы я даю ў сваім даследаванні мастацкіх твораў сучаснай беларускай літаратуры дыяспары, для якога выкарыстала нумары  альманаха “Беларус” за 2007-2011 гг.

    Вобраз нацыянальнага героя можа быць як індывідуальным (што сустракаецца значна радзей), так і зборным. У маім разуменні, нацыянальны герой — гэта свядомы беларус-грамадзянін, які паважае і захоўвае нацыянальныя традыцыі, з'яўляецца носьбітам мовы і культуры свайго народа. Такі нацыянальны герой валодае нацыянальнай самасвядомасцю і надзелены пачуццём патрыятызму, нацыянальнага гонару, любові да роднага народа, культуры, мовы, да сваёй Радзімы.

   Тады якая мэта стварэння нацыянальнага героя ў літаратуры? Праз яго вобраз аўтар паказвае свае адносіны  да пэўных гістарычных, эканамічных, культурных, палітычных змен у краіне, перадае рэчаіснаць, у якой жыве ён сам і ўсё насельніцтва краіны. Літаратура, вумалёўваючы сучаснасць, дапамагае чытачу самапазнаць сябе шляхам адлюстравання тых зменаў, якія адбываюцца ў грамадстве.

Нацыя, якая не мае сваіх нацыянальных герояў, ці можа ўвогуле называцца нацыяй? Нацыянальная свядомасць з'яўляецца важным сродкам самазахавання беларускай нацыі і раскрыцця яе творчых магчымасцей у пабудове свабоднага, дэмакратычнага і незалежнага грамадства. Адсутнасць самасвядомасці ў прадстаўнікоў грамадства ставіць пад пытанне існаванне нацыі як этнічнай супольнасці з адзінай мовай і самасвядомасцю (як асабістым пачуццем «нацыянальнай ідэнтычнасці» так і калектыўным усведамленнем сваёй еднасці і адметнасці ад іншых). Адпаведна, чалавек, у якога адсутнічае пачуццё самасвядомасці і які не з’яўляецца носьбітам традыцыйнай культуры і мовы свайго народа, не можа асацыявацца з вобразам нацыянальнага героя, надзеленага якасцямі патрыятызму і гонару за сваю краіну.

      Нацыянальнага героя ў літаратуры трэба разглядаць як  прадстаўніка не толькі часткі грамадства, але і як прадстаўніка ўсёй нацыі, надзеленага пэўнымі ведамі і здольнасцямі, прыдатнымі для таго, каб рэалізаваць сябе ў асаблівых сацыяльных умовах праз уладкаванне ў грамадстве, праз выкананне  жаночых і мужчынскіх абавязкаў.

РЭАЛІЗАЦЫЯ ВОБРАЗА НАЦЫЯНАЛЬНАГА ГЕРОЯ Ў

АЛЬМАНАХУ “БЕЛАРУС”

      Пры разглядзе літаратуры замежжа на прыкладзе альманаха “Беларус”, які выходзіць раз на год у Ню-Ёрку, можна зрабіць высновы,  што на сучасным этапе эмігранцкая літаратура ствараецца  літаратарамі, крытыкамі, журналістамі, пісьменнікамі, выдаўцамі, навукоўцамі. Пэўная колькасць старонак  альманаха адведзена новай генерацыі — студэнтам. Іх творчасць прадстаўлена найчасцей паэзіяй і эсэістыкай, зрэдку — драматургіяй.  З нумара ў нумар друкуюцца творы ўжо знаёмых аўтараў.  Барыс Сачанка ў кнізе “Сняцца сны аб Беларусі…” слушна паказаў стан  літаратуры дыяспары: “Развіццё літаратуры ў эміграцыі, як правіла, ідзе не за кошт талентаў, што  нараджаюцца і вырастаюць у новых умовах, а за кошт тых, што па розных прычынах пакінулі Радзіму. Сёй-той з літаратараў, ды і не літаратараў, апынуўшыся за межамі сваёй краіны, спрабуе асэнсаваць жыццё там, адкуль прыехаў. Ды і настальгія ж па тым, што пакінуў дома, мучыць” [13, c. 16].

Эмігрант-пісьменнік не забывае родную краіну, увесь час вяртаецца ў роздумах да яе, спрабуе адказаць на пытанні свайго часу. Эмігрант Алесь Тарановіч, які жыве ў Берліне, разважае: “Якія фактары асноўныя для абазначэньня паняцьця “Радзіма”? Месца нараджэньня, краіна, дзяржава, палітычны лад, мова, культура, грамадзянская адказнасьць, мэнталітэт, людзі… Але дзяржава — гэта часовая палітычная прылада на радзіме. Краіна — гэта вынік геапалітычнага дзяленьня сьвету. Хоць нам заўсёды паўтаралі, што радзіма і краіна — адно і тое ж. Мова? Многія ведаюць некалькі моў, некалькі культур, валодаюць рознымі мэнталітэтамі. Грамадзянская адказнасьць, ідэя агульнай выгоды, ідэя пакласьці сваю ахвярнасьць у імя росквіту краіны? Там гэтага не было і няма ні  ў эліты, ні ў простага люду. Маральныя каштоўнасьці, выпакутаваныя пакаленьнямі — ад іх не засталося і сьледу. А ці былі яны? Такім чынам, застаюцца людзі. Але перш чым пагаварыць на гэтую актуальную тэму, трэба ад пытаньня “З чаго пачынаецца Радзіма?” перайсьці да пытаньня “Як і чым Радзіма заканчваецца?” Заканчваецца эміграцыяй” [1, c. 181].

Беларусаў па ўсім свеце жыве столькі,  што даследчык  беларускай эміграцыі  Вітаўт Кіпель параўнаў эміграцыю з раскідванем камянёў: “Гэтых камянёў столькі панакідалі і так далёка, што, каб сабраць іх, спатрэбіцца не адно пакаленне. А зрабіць гэта трэба” [14, c. 26]. Беларусы ў розныя часы пакідалі сваю Бацькаўшчыну па розных прычынах, але іх аб’ядноўваў пошук лепшай долі. Адзіная крыніца, якая дае звесткі пра жыццё эміграцыі, пра яе стасункі ў сацыяльным асяроддзі — гэта літаратура. “Эміграцыя — гэта адказ, рэакцыя на непрымальную хаду жыцьця на радзіме, форма захаваньня чалавека, які адчуў сябе актыўным суб’ектам культуры, які не захацеў быць безаблічнай пясчынкай паміж  няўмольнымі жорнамі жыцьця” [1, c. 191]. Так выказаў сваё меркаванне наконт эміграцыі Алесь Тарановіч, журналіст, мастацтвазнаўца.

Але і жыць на эміграцыі не салодка: “Першае ўражаньне ад эміграцыі — з цябе прапусьцілі скрозь гібрыд мясарубкі, сокавыціскалкі і аўтамата для рэзаньня гародніны. Мясцовыя норавы, лад жыцьця, СМІ здаваліся ўвасабленьнем абсурду, чыстым Кафкам. Потым была незваротная страта і бясконцы пошук самога сябе. Палюбіў мову, але перастаў разумець людзей… Паступова прыйшло разуменьне постмадэрнісцкага светаадчуваньня” [1, c. 191].

Найчасцей аўтары мастацкіх твораў звяртаюцца да  мемуарыстыкі. “Мэмуарнасьць” уласцівая практычна кожнаму жанру беларускай эміграцыйнай прозы. Прычым мемуарнасць у тэкстах выступае не ў якасці дадатковага элементу, а ў якасці галоўнага, таму што аўтар ставіць на мэце ўзнавіць, удакладніць на аснове ўспамінаў падзеі, з’явы, учынкі і характары пэўных асоб. Мэмуары — самы суб’ектыўны жанр  літаратуры. 

Аўтару, які знаходзіцца на адзіноце сам з сабою, са сваімі праблемамі, нічога не застаецца, як апісваць уласны час, параўноўваючы сучаснасць з ужо пражытым, пройдзеным. Тэксты адсылаюць да экзістэнцыйнага часу —ўнутранага, у якім жыве аўтар і ў якім стварае сваіх герояў, абапіраючыся на ўласны досвед і пэўны вопыт праходжання жыццёвых выпрабаванняў. Тады “знешняя” эміграцыя пераўтвараецца ва “ўнутраную”. Тарановіч Алесь піша пра гэта ў сваіх нататках “Песня эмігранта або Ліст да самаго сябе”: “Кожны эмігрант змушаны супрацівіцца гэтаму соцыўму, па-свойму ствараючы свой мікрасьвет, малюючы сваю штодзёную мапу індывідуальнасьці. Тут ледзь ці ня кожная рыса новага побыту валодае холадам разрыву з сабой ранейшым. Для тых, хто на радзіме быў эмігрантам, не існуе ні радзімы, ні эміграцыі…” [1, c. 188].  

І далей Тарановіч піша: “Дым Бацькаўшчыны нам салодкі і прыемны…” Салодкі або горкі — гэта кожны вызначае сам. Большасьць зьехаўшых, нікуды не прыехала, і зь незачыненых дзьвярэй цягнула сырасьцю. Эміграцыя — гэта дваістасьць, раздваеньне асобы, паглыбленьне ў сон на яве. Ты вырашыў згуляць у лёс на “біс”. І вось ты стаў часткаю вялізнага мэханізму з фіксаванаю ступеньню волі. Думкі твае расслойваюцца, цякуць двума струмянямі, і сэнс быцьця вымяраецца адлегласьцю паміж імі. У роспачы хапаемся за амэрыканскую тэхналёгію, французскую кухню, ангельскія манэры, нямецкую дэмакратыю” [1, c. 184].  

Чалавек павінен застацца адзін. І ў гэтай адзіноце будаваць для сябе новае жыццё. Ці лёгкія гэта перамены? “Перамагае тут той, хто здолее адмовіцца ад сталага погляду назад, у ранейшае жыцьцё, ранейшага сябе” [1, c. 187].  

Алесь Тарановіч  указвае на тое, што з’ехаўшы з Радзімы, прыйдзецца адмовіцца не толькі ад роднай краіны пражывання, але і ад свайго ранейшага стылю жыцця, таму што эміграцыя забірае  шмат сіл на тое, каб прайшла адаптацыя ў новым грамадстве.  Чалавек зноў знаходзіцца на скрыжаванні. Ментальна ён не можа хутка перастроіцца да новага ладу жыцця, але ж і вярнуцца ў сваю краіну ён таксама не можа: “Вудзі Ален неяк сказаў, што пасьпяховая эміграцыя — гэта “мэнтальная мутацыя.” Можа быць. А як быць з тымі, каму ня трэба зьмяняць мэнтальнасьць? Хто быў інфіцыраваны хваробаю эміграцыі зь дзяцінства?” [1, c. 191].  

Часавая прастора нібыта перамешваецца, чалавек не прыжыўся на новым месцы, але і ў думках цалкам не выехаў са сваёй краіны.  “Паняцьце  “далёка – блізка” сёньня адсутнічае. Сеў на цягнік — і заўтра на радзіме. А самалётам і таго хутчэй. Вось толькі дзе Радзіма? Тут або там? Адтуль адарваўся, а тут не прыстаў… Сёньня ў глябальных сетках “віртуальнай” інфраструктуры, што ахапілі ўвесь сьвет, сваё і чужое зьмяшалася і стала аднолькава чужым” [1, c. 181]. Сапраўды, інтэрнэт спрасціў чалавеку жыццё, але з уварваннем глабальнага ў асабістае, з сусветнай глабалізацыяй, якая зрабіла адбітак на нацыянальную культуру і свядомасць  чалавека, пачалі сцірацца межы. Межы краін, межы дазволенага і забароненага. Сцерлася нават нейкая ўнутраная мяжа, і чалавек, выкінуты ў складаныя жыццёвыя ўмовы, страціў, у выніку,  пачуццё ўласнай годнасці.

Звычайна эмігруюць на Захад, але Захад таксама розны:  “Захад — не адно цэлае. Амэрыка, Канада, Новаяч Зэляндыя, Аўстралія — гэта ня Англія, Францыя, Італія, Нямеччына. У першых няма іншаземцаў, няма і абарыгенаў (індзейцы ў рэзервуацыях ня ў лік). Тут веданьне мовы і плюс талент можа быць формулаю посьпеху для тых, хто зноў прыбыў. У краінах старога сьвету — не. «Будь ты хоть семи пядей во лбу”, а твая мова — perfekt, калі ты — auslander — гэта прысуд. Адная з асноўных праблемах для кожнага эмігранта — гэта прымаць або не прымаць сваю другасортнасьць. Калі ты становісься чалавекам другога сорту, то ўсе грахі, назапашаныя капіталістычным грамадствам, шчодра сыплюцца на тваю галаву. Наверх яшчэ ніхто не падняўся. Выключэньне складаюць спартоўцы. Але жыцьцё ў спорце абмежаванае некалькімі гадамі…” [1, c. 191].  

Так, стаўшы эмігрантам, чалавек пагаджаецца з тым, што для абранай краіны пражывання ён стане другасортным. Гэта падобна на прысуд, на самапрысуд, які чалавек сам сабе выносіць, з’яжджаючы з Радзімы. “Адна з асноўных праблемаў для кожнага эмігранта — гэта прымаць або не прымаць сваю другасортнасьць. Для тых, хто на радзіме быў эмігрантам, не існуе  не існуе ні радзімы, ні эміграцыі…” [1, c. 191].   Эміграцыя на Радзіме. Алесь Тарановіч адносіць  да такіх эмігрантаў і мастакоў, і манахаў.

Прычыны, каб адмовіцца ад жыцця ў роднай краіне, могуць быць рознымі. У кожнага чалавека яны асабістыя. Алесь Тарновіч узгадвае пра таго, “хто быў інфіцыраваны хваробаю эміграцыі зь дзяцінства” [1, c. 191].   Магчыма, гэта звязана з  уласным светаадчуваннем, з гатоўнасцю, але адсутнасцю магчымасцяў рэалізаваць сябе ў сваёй краіне. Калі чалавеку здаецца, што пры тым эканамічным і палітычным  ладзе жыцця, які пануе на Радзіме, ён не здолее спраўдзіцца як асоба. Тады пачынаюцца прэтэнзіі не да сябе, а да ладу жыцця, які пануе на Радзіме: “Усё жыцьцё ў Саюзе нас суправаджала дармаўшчына. На дармаўшчыну вучыліся, на дармаўшчыну працавалі, на дармаўшчыну атрымоўвалі зарплату. На дармаўшчыну сілкаваліся і апраналіся. На дармаўшчыну жылі… Але дармаўшчына павінна была калісьці скончыцца. І для некаторых яна скончылася эміграцыяй…” [1, c. 191].  

Чалавек адчувае сябе прыналежным да пэўнай нацыі і лічыць сябе грамадзянінам, але, не згадзіўшыся з распарадкамі ўнутры краіны і адчуваючы сябе непатрэбным з-за адрознага пераканання і мыслення на Радзіме, ён не знаходзіць іншага выйсця акрамя эміграцыі, чым спараджае канфлікт: “У эмігранта ўнутраны канфлікт параджае зьнешні. Калі ня выкінеш са свайго лексікону словы: страх, лянота, стомленасьць, недавер, незадаволенасьць, то яны аб’яднаюцца і раздушаць цябе. Цяжэй за ўсё знайсьці  гармонію паміж сваімі пачуцьцямі, жаданьнямі і рэальнасьцю” [1, c. 191].  Такім чынам, чалавек сам сабе кінуў выклік. І змагаецца ён таксама сам з сабой, а не з афіцыйнай дзяржаўнай палітыкай  сваёй краіны: “Эміграцыя — гэта фільм аб чалавеку, на якога вайной ідзе вялізны сьвет. І што ён упадабае — бой або хованку…” [1, c. 181]; “Эміграцыя — гэта добраахвотны прыезд у месцы аддаленыя. Дзе б’юць. Хто і завошта б’е —няважна. Важна, што б’юць. І часам збіваюць з ног. І тут, як у вулічнай бойцы.  Галоўнае — хутка ўстаць на ногі. Інакш — канец…” [1, c. 189].

Літаратурныя творы сучаснага замежжа перадаюць сваё бачанне і разуменне сацыяльнага ўладкавання, выкрываюць і адмаўляюць таталітарны рэжым і савецкую сістэму кіравання. Алесь Тарановіч піша: “Аказваецца, любоў да Радзімы была карысная грамадзянам СССР толькі ў гомеапатычных дозах. 20 млн. чалавек выехалі ў трэцюю хвалю эміграцыі. Насельніцтва вялікай краіны” [1, c. 181]; “Вось слова “эміграцыя” і стала рэальнасьцю. Але перад тым, як стаць у чаргу за іншым лёсам, прайшло прасвятленьне: “Чыю мэнтальнасьць ты носіш?” “Саўка” або чалавека сьвету? Што ёсьць Радзіма, што ёсьць дом, куды прынята вяртацца?” І ты ўжо ведаў, што па Гэмінгўэю “Радзіма гэта там, дзе табе добра”. Радзіма — гэта дабрыня краіны, дабрыня людзей у адносінах да цябе. Такім чынам — твая дабрыня ў адносінах да іх. Такім чынам, дзе табе дрэнна — там ты чужы, эмігрант. Але эмігрантам можна быць, усё жыцьцё правёўшы на Радзіме і будучы мастаком, манахам-пустэльнікам…” [1, c. 183].

Жывучы далёка ад Радзімы, у чалавека не ўзнікае настальгіі: “Настальгіі няма. Аб чым настальгаваць? Сьвітанкі над беларускімі азёрамі зьмянілі сьвітанкі над нямецкімі. Рублі зьмянілі маркі, а затым эўра. Беларускія баравікі зьмянілі нямецкія. Ляшчы і судакі тут такія ж. І джынсы, і красоўкі, і курткі…” [1, c. 191].

Ці можна тады лічыць такога чалавека патрыётам? Можна. Адмаўляючыся жыць на Радзіме, чалавек не цураецца  нацыянальнай культуры, глыбокіх традыцый, на якіх быў выхаваны; роднай мовы: “Мяне не турбуе, што працоўная мова Беларусі расейская. Мая працоўная мова тут ангельская — я магу ўпэўнена сказаць, што расейская мова ёсьць дыялектам беларускае. Аднак мне патрэбен мой жывы лінгвістычны струмень.  Для пацехі ды духоўнае падмацоўкі мне трэба толькі напісаць ці прачытаць верш, паслухаць песьню, пачытаць тэкст. Я, як армянін, які жыве ў атаманскай Турэччыне. Якой бы ні была працоўная мова, мова душы — гэта мова Роду. Таму я не чуюся як той былы актывіст (хоць я ўласна актывістам не зьяўляюся), я не загавару на языцех, як тыя, “дабраславеныя” землякі, я проста йду па жыцьцёвай дарозе. Я сілкуюся маім культурным струмянём, таму й не раствараюся ў гэтым цудоўным, разнастайным сьвеце” [2, c. 175].

Новае мысленне, якое пачынае фарміравацца ў эмігранта, хутчэй за ўсё будзе харатарызавацца апораю не толькі на палітыку, эканоміку, але, найперш, на культуру. Эмігрант, як свядомы грамадзянін сваёй краіны, стараецца пазбегнуць поўнай асіміляцыі чужой, не характэрнай для яго ментальнасці, культурай. Гэта адбываецца праз захаванне роднай мовы, жаданне яднацца з іншымі эмігрантамі, каб не страціць нацыянальнай культурнай сувязі:  “Беларусы, у сваю чаргу, праблем суіснаваньня зь мясцовым насельніцтвам амаль нідзе ў сьвеце не адчуваюць. Вось і ў Аўстраліі ўвогуле ды ў Адэляідзе ў прыватнасьці , жывуць беларусы, займаюцца сваімі звычайнымі справамі: шмат працуюць, даглядаюць гарод, сад, разводзяць пчол, гадуюць дзяцей, моляцца ў царкве. Застаюцца такім ж гасьціннымі, ветлівымі, добрымі. Калісьці і грамадзскай дзейнасьцю яны актыўна займаліся, але зь цягам часу працэс гэты прыкметна зьнізіўся: некаторыя беларускія арганізацыі ў Аўстраліі наагул прыпынілі сваю дзейнасьць, а актыўнасьць астатніх паменшылася. Цяжка праходзіць працэс зьмены пакаленьняў. Старэйшыя беларусы адыходзяць, а прыток моладзі ў беларускую справу, натуральна, недастатковы” [3, c. 93].

Аднадумцы-эмігранцы больш згуртаваныя, чым грамадзяне ў сваёй краіне, таму што эміграцыя штурхае да гэтага, а ў членаў грамадства на Радзіме, якое не аб’яднана агульнай ідэяй, такога не назіраецца з-за адсутнасці цвёрдых перакананняў і прыняцця як уласных агульных нацыянальных каштоўнасцей: “Я ўжо 20 год пражыў за межамі Беларусі. За гэты час на Радзіме зьмянілася не адна эпоха. 20 гадоў я адарваны ад каранёў. Але самавызнаньне маё як беларуса не завяла і ня страцілася, а ўзрасло, акрэсьлілася. Я — беларус. І маё прызначэньне — дзе б я ні быў, быць беларусам” [4, c. 11].

Еднасць эміграцыі праяўляецца і ў больш цеснай родавай сувязі. Тыя, што з’ехалі за мяжу ў пошуках лепшага жыцця, клапоцяцца пра сваіх сваякоў і блізкіх, якія засталіся на Радзіме: “Муж і жонка, пра якіх нядрэнна паклапацілася амэрыканская дзяржава, стараліся ашчадзіць дзесятак-другі даляраў і пры магчымасьці пераслаць, а лепш перадаць, калі быў выпадак, бо перасылка, калі зыходзіць з дамогі, якую яны атрымалі, каштавала значных грошай, да таго ж апошнім часам у Беларусі надумаліся абкладваць паштовыя пераводы дадатковымі падаткамі, і мала што заставалася ад тых ашчаджаных і адпраўленых грошай тым, хто цярпеў нястачы. Пасільная падтрымка замежных землякоў дапамагала людзям набыць неабходныя лекі, прыдбаць нешта з адзеньня ці своечасова разьлічыцца за камунальныя паслугі” [1, c. 100].

Чалавек абірае эміграцыю пры розных умовах. Калі кідае выклік афіцыйнаму ладу, які ўсталяваўся ў роднай краіне, альбо калі чалавек, маючы пэўныя жыццёвыя ўстаноўкі і перакананні імкнецца імі кіравацца на працягу ўсяго жыцця, не жадаючы падстраівацца пад агульную дзяржаўную сістэму, якая падаецца яму няправільнай у параўнанні з іншымі дзяржаўнымі сістэмамі, а таму замінае чалавеку раскрыцца як асобе: “На жаль, існуе нямала людзей, якія так прыціснутыя неспрыяльным навакольным асяроддзем (ці дазваляюць асяродзьдзю так сябе прыціснуць), што ня могуць раскрыць свой сапраўдны ўнутраны сьвет. Толькі моцныя натуры пасьпяхова супрацьстаяць цяжкасьцям, якія ўзвальвае на нас часам жорсткі лёс” [5, c. 62].

Чалавек пэўных грамадзянскіх перакананняў мае жаданне пераўтварыць у зону камфорта ўсю краіну, а не толькі свой дом, каб усё грамадства адчувала сябе ўтульна ў сваёй жа краіне. Калі рэальнасць не супадае з чаканымі жаданнямі, чалавек пачынае шукаць для сябе выйсце з замкнёнай сітуацыі — ён з’яждае з краіны ў нязведаныя далячыні:  “Не, ня ведала я яшчэ тады, чым я буду займацца ў маёй новай краіне, контуры маёй будучыні ўсё яшчэ заставаліся загадкавым цёмным ляндшафтам. Ня ведала я, як лёгка й натуральна загавару  я тут па-беларуску. І ніхто ў сьпіну мне не працэдзіць пагардліва: нацыяналістка! Ня ведала я, што стану тут пісаць па-беларуску і аб Беларусі — і ніхто за гэта не абзаве мяне “адмарозкам” <…>. Я яшчэ ня ведала гэтага. Але нейкім шостым пачуцьцём — можа, тым, дзе менавіта й захоўваюцца самыя першасныя натуральныя чалавечыя пачуцьці — я зразумела тады: там мая Краіна, дзе мая Свабода” [6, c. 25].

Цяпер чалавек апякуецца не пра ўсё грамадства, а ўласна пра сябе, спрабуючы прымерацца да іншага жыцця, абраўшы эміграцыю, і тым самым далучыцца да іншай дзяржаўнай сістэмы, якая, на думку чалавека, больш прыдатная для стварэння камфортных умоў пражывання: “Нямеччына — гэта грамадства. Гэта згуртаванасьць на нацыянальнай ідэі. У Беларусі ніколі не было грамадства. Кожны сам за сябе. Чужаземец або свой — няма розьніцы…” [1, c. 191].

Чалавеку, які  абраў шлях эмігранта, падаецца, што ён абраў волю: “Воля — нялёгкі цяжар, крыж, зьвязаны з рызыкай і асабістай адказнасьцю. Таму быць вольным значна цяжэй, чым рабом. Людзі лёгка адмаўляюцца ад волі ў імя спакою і дабрабыту, яны гатовыя перакласьці цяжар на нечыя плечы. Менавіта гэтая сітуацыя склалася сёньня на маёй радзіме” [1, c. 185]. Але ж ці слушная думка пра тое, што карэнны жыхар краіны, якому не падабаецца жыццёвы ўклад на Радзіме, і які не збіраецца мяняць краіну пражывання, толькі раб? Збегчы ад адных праблем, чалавек сутыкнецца з іншымі, не важна, у якой краіне  жыве: “Толькі вось тут- нелегальны. Што рабіць? наняць добрага адваката, зробіць цуды. Вунь Фукса два разы дэпартавалі, а ўжо мае грын-картку. І Гога тады выкруціўся, цяпер ён амэрыканскі грамадзянін, праз фіктыўны шлюб” [7, c. 72]. Такім чынам, усё роўна прыйдзецца прымаць пэўныя правілы жыцця: ці то на Радзіме, ці то на чужыне. І ці можа быць чалавека да канца свабодным, калі, жывучы ў іншай краіне, ён мае “другасортнасць”?

Абраўшы свабоду за мяжой, прыйшлося страціць радасць сэрца і адчуванне ўнутранага шчасця: “Можа, каб ня зьехаў з роднага кута — не было б той тугі і таго жалю. Не пякло б так сэрца і не было б  мяне — ня толькі паводле нараджэньня ды паходжаньня, але і паводле вызнаньня — беларуса. Але я многае аддаў бы, каб жыць на Радзіме. Той, хто ня бачыў жыцьця, хай скажа: і чаму ж не жывеш на Радзіме, перашкод жа табе няма. Гэта так. І зусім ня так. Ня ведаю, як можа быць на эміграцыі шчасьлівым шчыры беларус. Толькі касмапаліт. Хацеў бы, ды цяжка зразумець мне тых, хто па сваёй ахвоце, не аглядаючыся, назаўсёды пакідае Радзіму. Хоць і сам, урэшце рэшт, такі” [4, c. 12].

Абраная свабода за мяжой незаўсёды можа быць карыснай для чалавека. Таму што  яна часта блытаецца з уседазволенасцю. У цяжкі, пераломны момант чалавек кідаецца калі не ў п’янку, то ў наркотыкі, якія лёгка можна здабыць і ўжываць. Такі працэс прыводзіць да аслаблення веры чалавека ў сябе. Не рэалізаваўшыся на Радзіме з-за пэўных перашкод, чалавек не можа развівацца і за мяжой. Гэта толькі адзін з прыкладаў, які падцвяджае думку пра тое, што чалавек сам робіць сваё шчасце: “Усё б добра, але з часам стала ясна, што Віялета мае праблему з наркатой. Перш яна тлумачыла тым, што ў яе болі пасьля парадзінаў, і трава дапамае. Юрык настойваў, каб пайсьці да лекара. Віялета адмовілася, але паабяцала, што з травой скончана. Наконт травы — трымалася, затое падсела на амфэтамін. Юрык дазнаўся, што крыніцай пігулак стала суседка, таксама маладая маці, зь якой Віялета часьцяком сядзела на дзіцячай пляцоўцы, хадзіла па крамах. Лена, з блёнд-валасамі, добрая фігура, але пустыя, зьлінялыя вочы. Калі Юрык спрабаваў размаўляць, Лена пачынала крычэць, што ніхто ня хоча разумець маладых матак. Ім штодня трэба калыхаць, варыць, праць і прыбіраць. Акрамя малых няма з кім і словам перакінуцца” [7, c. 70].

Пад ляжачы камень не цячэ, сцвярджае народная мудрасць. Таму жыццё на эміграцыі ўяўляецца яшчэ больш турботным, неспакойным і цяжкім. Калі кожны пражыты дзень (асабліва на пачатку эміграцыі) —  барацьба за сваё месца ў новай краіне: “На мой погляд, барацьба ў эміграцыі падзяляецца на дзьве фазы: барацьба са зьнешнім сьветам, на гэта ідзе ад аднаго да трох гадоў, затым пачынаецца барацьба  з сур’ёзьнейшым супернікам, чым  Auslanderbehorde (Ведамства па справах іншаземцаў), з самім сабою. Далей вытрымаць барацьбу самім з сабой па сілах ня многім. Пераважная большасьць тых, што зь белай эміграцыі, гэтую барацьбу прайгралі” [1, c. 185].

Эміграцыя патрабуе ад чалавека шмат сіл і энергіі. Таму паўстае пытанне, ці кожны можа стаць эмігрантам? Які чалавек здольны адважыцца зрабіць выклік самому сабе і сваёй краіне? Часткова на гэтыя пытанні адказвае Алесь Тарановіч:

“Эміграцыя — гэта праблема не знадворку.

Эміграцыя — гэта праблема ўнутры цябе.

Калі ты шукаеш гадамі магчымасьць зьехаць — знайдзі яе.

Калі тваё жыцьцё падобнае на цягнік, у якога заела стоп-кран, —

Эмігруй.

Калі ня ведаеш, хто ты ёсьць,

Эмігруй.

Калі раздзіраесься, ехаць — ня ехаць —

Ня едзь” [1, c. 184].

Чалавек, які адважыўся на эміграцыю, не павінен вагацца. Ён валодае такімі рысамі характару як упартасць, мэтанакіраванасць, цвёрдасць.  Патрэбна упэўненае перакананне ў тым, што яму неабходна гэтае новае жыццё і ён зможа справіцца з усімі цяжкасцямі. Такія рысы характару наўрадці характэрны ўсім беларусам, таму не з’яўляюцца прыроджанымі. Хутчэй прыдбанымі дзякуючы пэўнаму вопыту, які давялося атрымаць чалавеку ў складаных жыццёвых сітуацыях. У такім выпадку, можна разглядаць іншы тып беларуса: беларуса-касмапаліта: “Існуе яшчэ адно паняцьце — чалавек сьвету, касмапаліт. Чалавек, якому добра ўсюды. Дастаеўскаму належыць думка, што эмігрантамі не становяцца. Тыя, хто лёгка ўжываецца на чужыне, — імі нарадзіліся. Гэтыя людзі — касмапаліты. Ці ня ёсьць ты адным зь іх?” [1, c. 182].

Усё робіцца з пэўнай мэтай. Якая мэта ў эмігранта? “Эмігрант —  чалавек, які абраў волю. Мэта эміграцыі — выратаваць чалавека ў сабе. З кожным годам мы ўсё далей рухаемся ў лябірынце нашага новага жыцьця. Спрабуем жыць па-новаму, па цьвёрдых стандартах вольнага грамадзтва, што стварае адчуваньне незнаёмага сьвету зусім побач з намі…” [1, c. 184]. Выратоўваючы чалавека ў сабе, у падсвядомасці ўсё роўна адбываецца раздваенне: тут і там. Чалавек працягвае жыць і на Радзіме, і на чужыне.

Пра ўнутраную раздвоенасць і свабоду таксама піша Міхась Скіба. У дэтэктыўнай аповесці “Квартэт” галоўны герой прамаўляе: “Але Аляксей добра ўмеў хаваць свае думкі. У яго было два “я” — адно службова-афіцыйнае, другое — ягонае роднае. Ён здагадваўся, што гэтак жывуць амаль усе ягоныя знаёмыя, што займаюць якія-небудзь пасады і маюць трохі вышэйшае становішча. За ўсё трэба плаціць. Ніякая балбатня на радыё, ці на палітычных занятках аб свабодзе слова ў СССР, свабодзе асобы і правах не ўспрымаліся Аляксеем усур’ёз. Але ён аб гэтым маўчаў, думаў пра сябе: якая свабода, калі чалавек ня можа паехаць нават у Польшчу да сваякоў. Проста ўзяць купіць квіток і паехаць. Не, так не было <…>. Гэта дзяржаўная палітыка, а супраць яе нічога ня можна сказаць. Думай, разважай, але маўчы” [8, c. 130].

Заўважна, што развагі людзей наконт свабоды розныя. Яны мяняюцца ў залежнасці ад таго, дзе жыве чалавек: за мяжой ці на Радзіме.  Свабода і несвабода як духоўныя катэгорыі, набываюць сімвалічнае значэнне ў апавяданні “Шосты запавет” архіяпіскапа  Юрыя (Рыжы Эмігідыюш), які звяртаецца да духоўнага жыцця ваеннапалоннага верніка-баптыста, для якога зброяй на вайне “былі асілкі, санітарская сумка ды Слова Божае” [9, c. 115]. Ён піша: “Узьнёслыя пачуцьці перапаўнялі сэрца. А душа, мая душа, якая належыць Госпаду, птушкаю ірвалася ў неба, ірвалася да Яго — свайго Гаспадара. Хацелася выпрастаць крылы, але… Крылы, мае рукі, нібы спаралізаваныя, заставаліся нерухомымі. Яны, з хрустам заламаныя за сьпіну, скручаныя да крыві сталёвым дротам, нават не балелі. Здавалася, што жыцьцё ўжо пакінула іх” [9, c. 115].

Чалавек, пазбаўлены фізічнай свабоды, імкнецца да экзістэнцыйнай свабоды праз веру ў Бога, праз прыналежнасць да пэўнага веравызнання.

Аднак, дасягнуўшы свабоды ў асабістым выбары, нельга адмаўляць існаванне  лёсавырашальных падзей. У апавяданні Віталя Воранава “Дом”, падзеі якога адбываюцца ў наш час, аўтар папярэджвае галоўнага героя аб тым, што трэба быць пільным: “ - Якія могуць быць пляны? Пляны, мой дружа, пакуль жывеш. Ну а заплечнік на ўсялякі выпадак. Можа спатрэбіцца  ў кожны момант. Я веру ў лёс і табе раю” [10, c. 45].

Галоўны герой сам абраў для сябе невядомы шлях, таму, крамя свабоды руху ў выбранай прасторы яму спатрэбяцца заплечнік (таму што адбываецца шлях у невядомае) і вера. Вера не столькі ў правільнасць прынятага рашэння, колькі вера ў лёс. Увогуле, тэма лёсанаканавання сустракаецца ў многіх творах эмігранцкай літаратуры. Напэўна, гэта звязана з пераканнямі саміх аўтараў-эмігрантаў. Асабліва гэта прасочваецца ў мемуарыстыцы.

Да мемуарыстыкі як да літаратуры факта і спавядальнай літаратуры  можна аднесці аўтабіяграфіі, дзённікі, занатоўкі. Менавіта ў мемуарыстыцы найбольш дакладна вымалёўваецца канцэпцыя нацыянальнага быцця, “бо ў найбольш значных яе ўзорах на прыкладзе вобразаў галоўных герояў і выпісаных грамадскіх падзей знаходзіла выяўленне і самае істотнае ў духоўным, сацыяльным і псіхалагічным жыцці нацыі, у зменах светапогляднага плану” [15, c. 21].

У эмігранта-пісьменніка, якога б узросту ён ні быў, праяўляецца душа верніка-пілігрыма, які нястомна шукае адказы на свае пытанні і занатоўвае іх: “Кожны раз, калі я трапляю ў горы, будзь то Арызона, Каліфорнія, ці Новая Мэксіка, то адчуваю неабходнасьць нешта пісаць. Пакуль не перанясу свае думкі на паперу, душа не можа супакоіцца. Я прыкмеціў, што натхненьне, як выбух, прыходзіць у адных і тых жа мясьцінах і часьцей у першай палове ночы альбо раньнім ранкам” [11, c. 54].

Алесь Тарановіч разважае  пра душу-мігрантку і вандроўніцу: “Куды прыехалі мы, адпусьціўшы тармазы жыцьця? Да таямніцы… У прыдуманае шчасьце… Гэта спроба знайсьці сабе месца ў сьвеце, які ссунуўся са звыклых апораў, сярод тэктанічных плітаў цывілізацыі, што ўздыбіліся на стыку двух тысячагодзьдзяў…” [1, c. 186].

Празаічныя творы эміграцыі, змешчаныя на старонках альмана “Беларус”, прысвечаныя эмігранцкаму жыццю і яго праблемам, успамінам пра маленства, вяртанне да нацыянальнай спадчыны, выкрыццё савецкага таталітарнага рэжыма — гэта і ёсць асноўныя тэмы аўтараў дыяспары. Але ў творах апісваецца не толькі гісторыі жыцця беларусаў, але і душэўная біяграфія — аўтар імкнецца перадаць пачуцці, настроі, перажыванні галоўнага героя і свае ўласныя (калі гэта мемуарны твор).

У замалёўцы Віталя Воранава “Нянавісьць” аўтар выразна перадае унутраны эмацыйны  стан, звязаны рэканструяванымі дзіцячымі ўспамінамі: “Пачуцьцё нанявісьці я спазнаў у даволі раньнім узросьце. Надзіва мая нянавісьць нарадзілася ў сытуацыі, у якой гэтае пачуцьцё быццам бы не павінна нараджацца. У школе ўсе малодшыя клясы гналі вадзіць карагоды. Гэтыя бясконцыя рэпэтыцыі, поўныя стомленых дзяцей са спатнелымі далонямі, выклікаюць у мяе дрыжыкі па сёньняшні дзень<…>. Мне становіца млосна, і я хачу ўпасьці, кінуцца на брудную падлогу, завыць, зарычаць, званітаваць, самлець ды памерці, бо, можа, тады ўсё гэта скончыцца, можа, тады… Кожная сыстэма прымушае ненавідзець усё навокал, акрамя сябе самой” [10, c. 55].

Пытанне, на якое не атрымае адказа, узрушана-эмацыйна падымае Пётр Мурзёнак у апавяданні “Яны былі не вінаватыя”: “Ня ведаю, ці жывы ты, начальнік КДБ Пастаўскага раёну 1950 году! Хацелася б, каб ты прачытаў маё пасланьне і пакаяўся перад Богам і перад людзьмі за ўчыненыя табой злачынствы. Я ж быў ні ў чым не вінаваты! А вас жы было сотні тысяч! Дык колькі ж тады было “вінаватых”? Мільёны!” [12, c. 137].

Пісьменнікі-эмігранты становяцца жывымі сімваламі сваёй эпохі, яе персанажамі ва ўласных творах. Чалавек — сведка падзей, якія разгортваюцца перад ім тут і зараз. Эмігранты, пазбаўленыя магчымасці жыць у нацыянальным асяродку, імкнуцца рэканструяваць у памяці ўспаміны пра Радзіму, каб захаваць іх у якасці гістарычнага набытка, зрабіць іх агульна-значнымі. Беларускія аўтары, якія жывуць на Радзіме, часцей звяртаюцца да рэгіянальнасці сваіх твораў, апісваючы той раён краіны, які асабліва яму дарагі па розных прычынах. Аўтары-эмігранты думаюць інакш: адштурхоўваючыся ад пэўнага рэгіёна, звяртаюцца да апісання падзей, якія адбываюцца у краіне, у свеце. Гэта дае падставу назваць аўтараў-эмігрантаў касмапалітамі, надзеленымі здольнасцю ўспрымаць навакольныя змены з пазіцыі грамадзяніна.

Магчыма, так адбываецца таму, што для беларуса пытанне эміграцыі даволі натуральнае: “У час Францыска Скарыны і да яго. Важна ня тое, хто і калі эміграваў, а тое, што эміграцыя для беларуса — паняцьце натуральнае. І тэма разрыва з Радзімаю ў яго востра не стаяла. Гэтага няма ні ў традыцыі беларускай культуры, няма ў В. Быкава, ні ў І. Дамейкі, ні ў М. Шагала, ні ў пасьляваеннай эміграцыі” [1, c. 191].

Уменне прыжыцца ў любой краіне можна тлумачыць “тутэйшасцю“ беларусаў:  “Я не беларус , я  тутэйшы — казаў бацька, які добра размаўляў на беларускай, расейскай, польскай, ідыш, трохі нямецкай, бо ў сваім дзяцінстве лавіў рыбу ў Менску на Сьвіслачы разам з расейскімі, польскімі і габрэйскімі хлопцамі…” [1, c. 191].

Гэта дае падставу задумацца над пытаннем самаіндыфікацыі беларуса. Ствараючы ў літаратуры розныя вобразы нацыянальнага героя, аўтары твораў адлюстроўваюць не толькі сацыяльныя, палітычныя, культурныя змены, якія адбываюцца ў краіне, але і спрабуюць вызначыць агульныя прыкметы  нацыянальнага героя. Але герой можа і адсутнічаць. Тады ці могуць захавацца нацыянальная культура і традыцыя нашага народа, калі яе носьбіты — грамадзяне Рэспублікі Беларусь, не вызначаюць сябе беларусамі, здольнымі карыстацца культурнымі набыткамі краіны і захоўваць традыцыі свайго роду? Упадак духу нацыі можна разглядаць як прычыну адсутнасці нацыянальнай свядомасці, якой валодае, бадай што, толькі нязначная частка грамадства — інтэлігенцыя. Існаванне нацыянальна арыентаванай інтэлігенцыі з’яўляецца найважнейшай прыкметай нацыі. Нацыя гістарычна па сваёй сутнасці, але ж нацыя, якая не мае сваіх герояў, якія будуць ствараць пазітыўны імідж краіны, ці можа называцца нацыяй? Чалавек не можа існаваць па-за гісторыяй і культурай свайго народа, таму што тады ён не здолее ўсведамляць уласную веліч і самабытнасць.

Такім чынам, у альманаху “Беларус” расказваецца пра беларуса-эмігранта, які паўстае ў вобразе патрыёта, верніка, філосафа, касмапаліта, пілігрыма, авантурыста, грамадзяніна, які на чужыне актыўна займаецца  грамадскай дзейнасцю і  мае ўласную цвёрдую пазіцыю ў адносінах самаіндэфікацыі. Герой твораў, надрукаваных у альманаху "Беларус”, імкнецца задаволіць не толькі свае ўласныя патрэбы на шчаслівае жыццё, але таксама транслюе свае ўяўленні пра шчасце і камфорт на іншых людзей.

                                        Спіс выкарыстаных крыніц

1. Тарановіч, А.  Песьня эмігранта, або Ліст да самога сябе / А. Тарановіч // Беларус. – 2011. – № 5. – С. 181-195.

2. Тадароўскі, А.  Навошта мне гэта трэба? / А. Тадароўскі // Беларус. – 2008. – № 2. – С. 175-178.

3. Куніцкі, І.  Краіна наадварот: Аўстралія вачыма беларуса з Амэрыкі / І. Куніцкі // Беларус. – 2008. – № 2. – С. 93-95.

4.Бабкевіч, С. Дзёньнік адной вандроўкі з экскурсам у жыцьцё / С. Бабкевіч // Беларус. – 2007. – № 1. – С. 11-21.

5. Давыдзенка, З. Чалавек як сусвет. Узгадваючы клясыкаў / З. Давыдзенка // Беларус. – 2008. – № 5. – С. 62-65.

6.Варабей, І.  Мая свабода / І. Верабей // Беларус. – 2007. – № 1. – С. 25-32

7.Зайка, В.  Цюльпаннае дрэва / В. Зайка // Беларус. – 2008. – № 2. – С.72-85.

8. Скіба, М.  Квартэт / М. Скіба // Беларус. – 2011. – № 5. – С. 130-145.

9. Рыжы, Э.  Шосты запавет / Э. Рыжы // Беларус. – 2011. – № 5. – С. 115-119.

10. Воранаў, В.  Дом / В. Воранаў // Беларус. – 2008. – № 2. – С. 45-49.

11. Жвалікоўскі, Ю.  Роздум / Ю. Жвалікоўскі // Беларус. – 2011. – № 5. – С. 54-62.

12. Мурзёнак, П.  Яны былі не вінаватыя / П. Мурзёнак // Беларус. – 2008. – № 2. – С. 137-143.

                                    Спіс выкарыстанай літаратуры

  1. Сачанка, Б.І. Сняцца сны аб Беларусі / Б.І. Сачанка.  – Мінск : Мастацкая літаратура, 1990. С. – 332.

14. Беларуская дыяспара : нарысы гісторыі і сучаснага стану / М. М. Бацян [і інш.]; пад аг. рэд. А. М. Сіроцкага. — Мінск : Трыалета, 2006. — 160 с.

15. Пашкевіч, А.А. Канцэпцыя нацыянальнага быцця ў прозе беларускага замежжа XX ст. : аўтарэф. дыс. на атрыманне вучонай ступені доктара. філал. навук / А.А. Пашкевіч,  – Мн., 2002. – С. 36.

     16. Юрэвіч, Л. Беларуская мэмуарыстыка на эміграцыі  / Л. Юрэвіч. – Нью-Ёрк : Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва, 1999. – С. 361.