Дзень прыемных неспадзяванак. Да 80-годдзя Івонкі Сурвілла

11 красавіка 2016 года дзеючаму Старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі cп-ні Івонцы Сурвілла споўнілася 80 год. У гэты дзень група атаўскіх беларусаў начале са cтаршынём Галоўнае управы Атаўскага аддзелу ЗБК доктарам Пётрам Мурзёнкам наведала юбілярку і цёпла павіншавала яе з Днём народзінаў.

А ўжо 16 красавіка  ў суботу 17 чалавек, сярод якіх былі Першаярарх БАПЦ Архіяпіскап Сьвятаслаў, кіраўніцтва Згуртаваньня Беларусаў Канады, Парахвіі Сьвятога Кірылы Тураўскага ў Таронта БАПЦ, Канадыйскага сэктару Рады БНР, гурт ''Яваровы Людзі'', з Таронта на аўта прыбылі ў сталіцу Канады горад Атава, каб прыняць удзел ва ўрачыстасьцях з нагоды 80-гадовага юбілею сп-ні Івонкі Сурвіллы.. Таксама ў гэты ж дзень Атаўскі аддзел ЗБК адзначаў 98-я ўгодкi абвяшчэньня БНР.

 Старшыня ўрачыстага сходу сп-р Пётра Мурзёнак прадаставіў слова Першаярарху Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы Архіяпіскапу Сьвятаславу, які нагадаў, што калі беларусы на чужыне адзначаюць свае нацыянальныя сьвяты, заўсёды чытаюць Mалітву за Беларускі Народ. Удзельнікі ўрачыстаўсьцяў звярнуўшыся да іконы, усталяванай на сцэне, праслухалі пранікнёныя словы Mалітвы, прачытанай Архіяпіскапам Сьвятаславам.

Затым Старшыня Рады БНР сп-ня Івонка Сурвілла агучыла Зварот да Беларускага народу з нагоды 98-х угодкаў абвяшчэньня БНР.

З дакладам пра гістарычную ролю 25-га Сакавіка на шляху да дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі выступіў сп-р Пётра Мурзёнак.

Старшыня Галоўнае управы Згуртаваньня Беларусаў Канады сп-р Зьміцер Эльяшэвіч прадэманстраваў аўдыторыі якасна аздоблены і ў прыгожай рамцы дакумэнт. Гэта было адмысловае пасланьне Прэм'ер-Міністра Канады, што сталася атрыманым з ягонага офісу, у якім сп-р Джасцін Трудо  цёпла віншуе сп-ню Івонку Сурвілла з 80-гадовым юбілеем і з вялікай прыемнасьцю выказвае ёй свае найлепшыя пажаданьні. Сп-р Эльяшэвіч таксама агучыў віншаваньне юбілярцы ад імя ЗБК.

Віншаваньне ад імя Атаўскага аддзелу ЗБК  зачытаў сябра Управы Аддзелу сп-р Юрась Шамецька..

У сваёй прамове Старшыня БІНІМ у Канадзе Сп-ня Зіна Гімпелевіч выказала меркаваньне, што, напэўна, з усіх прысутных ў зале ведае сп-ню Івонку Сурвілла найбольш часу. Назваўшы яе адною з найлепшых людзей, якіх сустрэла ў жыцьці, Сп-ня Гімпелевіч пералічыла рысы характару, што на яе погляд вызначаюць адметнасьць асобы дзеючае Старшыні Рады БНР - шчырасьць, высокае сумленьне, працавітасьць, талерантнасьць, самаадказнасьць, этыка паводзін, здаровая рэлігійнасьць і самадастатковасьць.

Гісторык сп-ня Галіна Туміловіч узгадала, як напрыканцы 80-х год мінулага стагоддзя, калі яна працавала над сваёй навуковай тэмай ў бібліятэцы, ёй трапіла брашура Доўнар-Запольскага ''Асновы Беларускай дзяржаўнасьці'' на францускай мове. І менавіта тая кніжка сталася першым знаёмствам з тэмаю БНР. Пазьней, асабістае знаёмства з Івонкаю Сурвілла і далейшыя стасункі зрабілі значны ўплыў на фармаваньне ейных поглядаў.

Сакратар Галоўнае управы ЗБК Віталь Кошалеў уручыў сп-нi Івонцы Сурвілла бел-чырвона-белую накідку - пончу, вырабленую ягонай жонкай Палінай..

Усе выступоўцы выказвалі сп-ні Івонцы Сурвілла павагу і ўдзячнасць за працу на карысць Беларусі, якую яна робіць на працягу ўсяго свайго сьведамага жыцця. Жадалі  здароўя, мужнасці і сіл, каб ейная адметная дзейнасць працягвалася як мага даўжэй.

Потым сп-ня Івонка Сурвілла пракаментавала слайды, якія адлюстравалі цікавы і плённы жыццёвы шлях юбіляркі.

Працягам сустрэчы стаў святочны канцэрт, у якім прынялі ўдзел Валянціна Шаўчэнка, якая выканала беларускія песні, aдна з якіх – “Сцяг” на словы Уладзіміра Некляева – найбольш уразіла сваёй шчырасцю і яскравасцю выкананьня. Юрась Шамецька прачытаў уласныя вершы,  клясічны дуэт  Галіны Рэзаіпур (скрыпка) і Тэрэзы Бакус (фартепіано) выканаў п’есу Вагнера “Лісток з альбома”; дуэт “Кантабіле” у складзе Улады Шамецька (скрыпка) і Быкава (гітара) - папуры вядомых беларускіх песень у суправаджэнні слайдаў беларускіх краявідаў, падрыхтаваных, дарэчы, як і слайды пра жыццё  Івонкі Сурвілла,  Алесем Каралькевічам. 

Канцэрт скончыўся яскравым выступам вядомага гурта “Яваровы людзі” пад кіраўніцтвам Віялеты Кавалёвай , якому акампаніраваў баяніст Юрась Жвалікоўскі. Гурт парадаваў гледачоў новым рэпертуарам беларускіх фальклёрных сьпеваў.

“Яваровы людзі”  выканалi  таксама песьню  на словы пісьменьніцы Вольгі Іпатавай, кампазіцыя Юрася Жвалікоўскага,  прысьвечаную  Івонцы  Сурвілла:

Нам здаецца – сёньня зоркі водзяць рэй

І сьвяткуюць з намі слаўны юбілей.

Бо яны над лёсам сьветлым узыйшлі

У сузор'і на другім канцы Зямлі.

Дзе Стаўпеччыны зьвінелі каласы

І шумелі над калыскаю лясы,

Там, дзе продкаў застаецца карагод,

Дзе Івонкі і Радзіма, і народ.

Толькі будучыня мела свой сакрэт –

І сьцяжына павярнула ў вольны сьвет.

Праз Парыж і праз Мадрыд яна вяла,

Ды заўсёды Беларусь ў душы была.

Хай жа будзе Вам і радасьць, і сьвятло!

Усё, што зроблена, ня станецца на тло.

У народнай песьні ёсьць яе радкі –

Нашай Бацькаўшчыны слаўнае дачкі...

Прагучала і другая песьня, прысьвечаная юбілярцы, на словы Віалеты Кавалёвай, музыка Юрася Жвалікоўскага

Наперадзе і сп-ню Івонку, і гаспадароў - атаўскіх беларусаў, і гасьцей з Таронта чакала другая частка урачыстасьцяў. І неспадзяванак.

Невялікая заля мясцовай францускай рэстарацыі яшчэ ня ведала, і з вялікай доляй упэўненасьці магчыма сказаць, што хіба й ня зьведае ў найбліжэйшай будучыні, такое колькасьці людзей у адметных сьвяточных строях, што гутарылі на незнаёмай тут мове. Некаторыя з цікаўных наведнікаў пыталіся, і працягла вымаўлялі назву краіны “Бе-ла-русь”, спрабуючы паўтарыць нязвыклы для англамоўнага вуха мяккі канчатковы зычны.

Так сьвяточным банкетам беларуская грамада Канады прадоўжыла віншаваць аднаго са сваіх найстарэйшых і найбольш паважаных калегаў і сяброў - старшыню Рады БНР сп-ню Івонку Сурвіллa.

Кароткім словам урачыстую вячэру распачаў сп-р Эляшэвіч.  Пасьля  шматлікіх і высокіх віншаваньняў у адрас юбіляркі, прамоўца   прапанaваў ўдзельнікам вельмі нефармальную хаду імпрэзы і застольля, скіроўваючы сьвята ў рэчышча сяброўскага кола.

Ізноў, як і пару гадзін таму залю афіцыйную, утульную залю рэстарацыі запаланілі шыкоўныя букеты жывых кветак, цёплыя, пранікнёныя словы віншаваньняў і пажаданьняў славутаму юбіляру. Сыпаліся ўспаміны, дэкламаваліся вершы. “Яваровы Людзі” ізноў радавалі ўдзельнікаў роднымі напевамі.

У сваім віншавальным слове Першагерарх Беларускай Праваслаўнай Царквы Архіяпіскап Сьвятаслаў таксама распавёў пра паходжаньне прозьвішчаў Шыманец (дзявочае прозьвішча Спадарынi Івонкi), Сурвілла, імя Івонка, прадэманстраваўшы вынікі сапраўднага навуковага дасьледваньня ў сфэры этымалёгіі .

Старшыня Рады Парафіі Сьв. Кірылы Тураўскага ў Таронта сп-ня Надзея Дробіна і Алесь Кот прэзэнтавалі яшчэ адзін падарунак-неспадзеўку юбіляру – кнігу “Скарбы Беларусі”.

Макет гэтае кнігі стаўся распрацаваным ў Беларусі, а друк ажыцьцёўлены ў Беластоку, Польшча. Падарункавы варыянт кнігі выкананы ў цьвёрдым вокладзе, зьверху даробленым адмысловым скураным полем, на якім выціснуты арнамент, і дапоўненым залацістаю аздобаю. На сёньняшні дзень гэта, напэўна, адное зь лепшых па якасьці друку і па зьместу  выданьне на тэму культурна-гістарычнае спадчыны Беларусі.

Кніга, завернутая ў рушнік, пад воплескі прысутных сталася ўручанаю юбілярцы.

Удзельнікі сьвяточнае вечарыны былі прыемна  ўражаныя віншаваньнямі Алеся Ката. Калярыту яго сардэчным пажаданьням дадаў магнацкі касьцюм ВКЛ часоў канцлера Сапегі, што быў выраблены сучаснаю беларускаю майстрыхаю Вераю Лапука  з Пружанаў, Берасьцейшчынa.

Алесь Кот прадэклямаваў і  свае вершаваныя радкі - пасьвячэньне сп-ні Івонцы:

Любоўю да Айчыны нас паіла.

І працы апантанай плён,

І непрыяцеляў праклён -

Спазнала ўсё Сурвілла...

Сп. Кот выказаў пажаданьне, каб сп-ня  Сурвілла сталася Прэзідэнтам БНР, які ўрачыста вернецца на Бацькаўшчыну і ў Менску паставіць свой подпіс пад апошнім дзяржаўным дакумэнтам БНР - Актам аб складаньні паўнамоцтваў Рады Беларускае Народнае Рэспублікій на карысьць новага беларускага дэмакратычнага ўраду Беларускае Дзяржавы. І каб тая эпахальная ў гісторыі Беларускага Народу падзея адбылася 25 сакавіка 2018 году - на 100-годдзе абвяшчэньня Беларускае Народнае Рэспублікі. Сто год змаганьня за Волю Бацькаўшчыны павінны завершыцца нашаю агульнаю перамогаю.

Запамінальным сталася віншаваньне таронтаўскай мастачкі і пісьменьніцы,  гаспадыні канадыйскай дызайнерскай кампаніі ''Spirit of Belarus'' сп-нi Ірыны Варабей. Яна адмыслова для юбіляркі  распрацавала дызайн абярэгу i вырабіла гэтую рэч, надаўшы яму назоў "Зорка Алатыр".

Твор выкананы ў традыцыйнай беларускай вышывальнай тэхніцы "нізанка'' (або ''процяг''). Асноўным лейтматывам “Абярэга” Ірына зрабіла Зорку Алатыр, якую ў старажытнасьці вышывалі на рытуальных рэчах тым, каго пасьвячалі ў храмы, тым, хто станавіўся на Шлях служэньня свайму Роду, а кажучы сучаснай мовай - на Шлях служэньня сваму Hароду, сваёй Hацыі.

Расповед сп-нi Ірыны Варабей пра ''зашытае ў палатно'' стаўся літаральна акадэмічнай лекцыяй. Вышываны твор  сымбылічна адлюстраваў не толькі пажаданьні аўтаркі, але і падсумаваў шчырыя словы ўсіх прысутных.

З прамоваю-віншаваньнем выступіў  сп-р Пётра Мурзёнак, выказаўшы ў адрас юбіляркі цёплыя і шчырыя пажаданьні. 

Потым гучалі сьпевы ''Яваровых людзей'', што падхопліваліся ўсімі, хто за сталом...

Напрыканцы ўрачыстае вячэры сп-р Алесь Кот,  ізноў апрануўшы шыкоўны аздоблены футраю строй ліцьвінскага магната, ад імя беларускае грамады Таронта цырымонна i цёпла падзякаваў гаспадароў-атаўцаў за арганізацыю сёньняшніх мерапрыемстваў, за цёплую атмасфэру, дзякуючы якой госьці ў Атаве пачуваліся ўтульна й камфортна.

Засталіся незабыўныя ўспаміны пра прыемныя гадзіны ў гасьцёх у  незвычайнага чалавека, які перагарнуў знакавую бачынку ў сваім жыцьці.

Сто гадоў Вам шчасьлівага жыцьця, шаноўная спадарыня Івонка Сурвілла!

Алесь Кот, Таронта