Мiжнароднае грамадскае аб'яднанне

Аляксей Кухта. “Я не паляк, а беларус”: паўстанец 1863 г. Мікалай Віткоўскі, яго жыццёвы шлях і навуковыя дасягненні ў Сібіры”

Цяжка знайсьці сярод сасланых у Сібір беларусаў-паўстанцаў 1863 г. такога, хто заслугоўваў бы памяці й пашаны з боку нашчадкаў у большае ступені, чым Мікалай Віткоўскі, але пры тым быў бы зусім забыты. У Беларусі добра ведаюць імёны ягоных сяброў і паплечнікаў – сусьветна вядомага геоляга і палеантоляга Яна Чэрскага, які нарадзіўся на Полаччыне, і заоляга з-пад Менску прафэсара Бэнэдыкта Дыбоўскага, ведаюць пра іхны ўнёсак у развіцьцё навукі, у іх гонар названыя вуліцы гарадоў, усталяваныя мэмарыяльныя дошкі… Аб Віткоўскім ня ведае ніхто. І нават у Іркуцку, дзе прайшла большая частка яго жыцьця і дзе ён пільна працаваў на карысьць горада і навукі, склалася тая ж самая сытуацыя.

А між тым Мікалай Віткоўскі ледзьве не больш за ўсіх іншых паўстанцаў варты таго, каб памяць аб ім не згасала ў Беларусі. Віткоўскі не толькі самастойна зрабіўся выдатным дасьледчыкам-археолягам, імя якога з далёкае Сібіры прагрымела ажно да Заходняе Эўропы – толькі з гэтае прычыны мы ўжо мусім памятаць аб ім і ганарыцца ім. Для нас жа Віткоўскі цікавы яшчэ й тым, што з усіх ўдзельнікаў Паўстаньня 1863 г. (якіх многія, нажаль, стэрэатыпна называюць “палякамі”), ён зьяўляецца бадай што адзіным, хто яшчэ пры жыцьці сам называў сябе беларусам. Ягоны жыцьцёвы шлях і навуковыя дасягненьні і сталі тэмаю гэтага артыкулу.

Мікалай Віткоўскі незаслужана не атрымаў увагі дасьледчыкаў, якія займаюцца біяграфіямі ссыльных паўстанцаў-навукоўцаў у Сібіры. Імя Віткоўскага заўсёды можно сустрэць у адным шэрагу з імёнамі Чэрскага, Дыбоўскага, Чэканоўскага, але ж калі ім прысьвечана шырокая літаратура, пра Віткоўскага гэтага сказаць нельга. Больш за сто гадоў мінула з часу сьмерці навукоўца, а поўнавартасныя дасьледаваньні, прысьвечаныя ягонаму жыцьцю і ягонае дзейнасьці, можна пералічыць па пальцах на адной руцэ. Большая частка публікацый пра Мікалая Віткоўскага – гэта сьціслыя энцыкляпэдычныя даведкі ў розных слоўніках розных гадоў выданьня, абсалютна аднастайныя. [12, 13, 20] Яшчэ Віткоўскі згадваецца ледзьве не ў кожным біяграфічным артыкуле, прысьвечаным жыцьцю Яна Чэрскага, у якасьці другараднага пэрсанажу, не вартага асабістае ўвагі. [5, 8, 9, 19, 24] Між іншых працаў як самастойныя крыніцы можна  вылучыць хіба толькі артыкул-нэкралог вучня Віткоўскага М.П. Аўчыньнікава, успаміны ягонага сябра Бэнэдыкта Дыбоўскага і некалькі старонак з кнігі сібірскага археоляга А.П. Акладнікава “Нэаліт і бронзавы век Прыбайкальля”, прысьвечаныя дасьледаваньням Мікалая Іванавіча. [16, 17, 26] Сярод беларускіх аўтараў за ўвесь час імя Віткоўскага ўвогуле згадваюць толькі трое: Валянцін Грыцкевіч, Валеры Ярмоленка і Людміла Дучыц. [5, 9, 23, 24] Грунтоўных працаў, а тым больш асобных кніг, прысьвечаных жыцьцяпісу Віткоўскага, ні ў расейскае гістарыяграфіі, ні ў беларускае,  ані ў польскае не існуе. І калі навуковая дзейнасьць Віткоўскага хоць і каротка, але ўсё ж апісана ў даведачнай літаратуры, то ў ягонае біяграфіі дагэтуль застаецца шмат “белых плямаў”. Залішне будзе дадаваць, што Віткоўскага, як і ўсіх запар удзельнікаў Паўстаньня 1863 г., большасьць аўтараў называе палякам па нацыянальнасьці. [12, 13]

Мікалай Віткоўскі, сын Яна, нарадзіўся ў 1843 годзе ў вёсцы Мокшына Суражскага павету Віцебскае губэрні. [16, с. 1, 28] Бліжэйшае буйнае мястэчка, Янавічы, знаходзілася за 7 кілямэтраў, а адлегласьць да Віцебска складала 26 кілямэтраў. [21, с. 15] Як сьведчаць старыя мапы, Мокшына было зусім невялікім паселішчам. [4]

Радавод Віткоўскіх, нажаль, пакуль што застаецца адною зь “белых плямаў” біяграфіі навукоўца. Адзінае, што мы ведаем пра сям’ю Віткоўскага на Радзіме – у яго была маленькая сястра, пра гэта згадвае М. Аўчыньнікаў.[16, с. 2] Ніякіх больш падрабязных зьвестак мы не маем, і нават імя гэтае сястры застаецца невядомым. Сям’я, відавочна, не была заможнай, аб гэтым ускосна сьведчаць невялікі памер роднае вёскі Віткоўскага і вельмі сьціслая адукацыя, якую здолеў атрымаць будучы навуковец – рыхтуючыся да прыняцьця духоўнага званьня, 19-гадовы Віткоўскі навучаўся ў школе арганістаў, але не скончыў яе з-за ўдзелу ў Паўстаньні. Аб ролі ў ім Віткоўскага амаль нічога невядома. Можна сцьвярджаць толькі тое, што Чэрскі і Віткоўскі знаходзіліся ў адным паўстанцкім атрадзе, аб гэтым паведаміў Бэнэдыкт Дыбоўскі ў 1928 годзе ў сваіх успамінах. [25, с.2]   Зь цягам часу гэты факт пачаў “набываць” новыя рысы: у 1957 годзе Я. Худзікоўская і Я. Ястэр у сваёй кнізе “Людзі вялікае мужнасьці” распавядалі, нібыта Віткоўскі “…часта выходзіў зь лесу, каб даведацца ў людзей аб сытуацыі і перавесьці атрад у больш бяспечнае месца”, [22, с.189] а ў 1980-м А.І. Галенкова ўжо проста называла  Віткоўскага кіраўніком гэтага атраду. [7, с.39]  На нашую думку, ставіцца да гэтае інфармацыі можна толькі як да мастацкае выдумкі. Спасылак на крыніцы аўтары не прыводзяць, а такія падрабязнасьці, як тое, што Віткоўскі з Чэрскім “…дзяліўся счарсьцьвелым хлебам, які з цяжкасьцю здабывалі ў вёсках”, толькі дадаюць фантастычнасьці ў агульную карціну. [22, с.189]

У некаторых творах, больш мастацкіх, чым гістарычных, сустракаюцца сьцьвярджэньні, нібыта Віткоўскі належаў да сялянскага саслоўя. Найранейшае зь іх мы знайшлі ў кнізе Г.І. Рэўзіна “Подзьвіг жыцьця Яна Чэрскага”, якая выйшла ў 1952 годзе, дзе аўтар распавядае, што Віткоўскі – “беларус зь сялян”, аднак спасылкі на крыніцу не прыводзіць. [19, с.52] За ім тое ж самае паўтараецца ў кнігах “Людзі вялікае мужнасьці” ды “Пік Яна Чэрскага”.

Але мы дакладна ведаем, што Віткоўскі паходзіў са шляхецкае сям’і. Аб гэтым сьведчаць і апублікаваныя ў 1860-х гг. сьпісы асуджаных паўстанцаў, згодна зь якімі шляхціч Суражскага павету Мікалай Віткоўскі  быў сасланы на цяжкія працы на заводах на 8 гадоў, і матэр’яламі з Дзяржаўнага архіву Іркуцкае вобласьці, пра якія больш падрабязна сказана ніжэй.

Пасьля паразы паўстанцаў Віткоўскі ўтрымоўваўся ў Магілёўскім астрозе, потым прысудам быў пазбаўлены шляхецкага званьня, маёмасьць была канфіскаваная, а сам ён быў накіраваны адбываць пакараньне ў Іркуцкую губэрню. [27] Увесь шлях ён прайшоў пехатою, ня маючы грашовае дапамогі з дому, у казённым адзеньні. [25] Падчас пераходу Віткоўскі аддаліўся ад сасланых ксяндзоў, зь якімі йшоў на катаргу, і наблізіўся да дахтароў. Адзін зь іх нават пачаў займацца зь Віткоўскім, і такім чынам будучы навуковец засвоіў цэлы гімназычны курс. [6]

Пра першыя гады жыцьця Віткоўскага ў Сібіры цікава і падрабязна распавёў М. Аўчыньнікаў: “Асуджаны прыбыў у Іркуцкую губэрню ў 1864 годзе, у вёску Алонкі, Балаганскага павету. Закінуты сюды без усялякіх матэрыяльных  сродкаў, ён быў вымушаны паступіць у якасьці парабка да мясцовага сьвятара айца Пятра Спяранскага. Пасяліўшыся ў прыбудове на двары, удзень Мікалай Іванавіч выконваў усе гаспадарчыя працы, увечары нешта чытаў альбо размаўляў з а. Пятром. Такія размовы нярэдка працягваліся далёка за  поўнач. Але перш, чым заняцца размовамі, Мікалай Іванавіч заўсёды гуляў з маленькімі дзецьмі, зь якіх асабліва любіла яго 3-гадовая дзяўчынка Маша. (…) Магчыма, што Маша нагадвала яму сястру, пакінутую на Радзіме. Так праходзілі манатонныя будні Мікалая Іванавіча ў Алонках. У нядзелю ж да а. Пятра звычайна прыходзілі 5 чалавек таварышаў Мікалая Іванавіча па выгнаньню. Спачатку заўсёды йшла вялая размова аб надзённым, але потым, незаўважна, яна закранала польскае паўстаньне. А. Петр, канечне, асуджаў яго, затое заўсёды сустракаў у суразмоўцах, заўзятых паланафілах, энэргічныя пярэчаньні. Сам жа Мікалай Іванавіч прытрымліваўся сярэдзіны: “Я, – казаў ён, – не паляк, а беларус, для мяне нацыянальнасьць і ў прыватнасьці польскае паўстаньне ня мае ніякага значэньня, але я далучыўся да паўстаньня як да зьявы агульначалавечай”.  Калі не было такіх размоваў, Мікалай Іванавіч нешта чытаў, вывучаў батаніку, нямецкую і французскую мовы і ўвогуле займаўся самаадукацыяй у аб’ёме курсу сярэдняе навуковае ўстановы. Пражыўшы каля 5 гадоў у а. Пятра Спяранскага, ён нарэшце развітаўся зь ім, бо Спяранскі быў пераведзены ў сяло Канавалаўскае. Цяжка прыйшлося Мікалаю Іванавічу без а. Пятра, чалавека інтэлігентнага, які ставіўся да яго мякка, не так, як ставіцца сялянін да свайго парабка. І вось, Мікалаю Іванавічу давялося паступіць парабкам ужо да сяляніна, зьведаць гора, трываць нярэдка зьнявагу і абразы.

У размове са мною ён распавядаў, як нярэдка яму даводзілася, у якасьці парабка, вазіць на сялянскіх канях з адной вёсцы ў другую розных “бар”. “Коні, – казаў Мікалай Іванавіч, – звычайна худыя, стомленыя ад працы, не бягуць, а барын крычыць: “Паганяй, польская морда!”. Ну, стукнеш каней пугаю, яны трошкі пабягуць подбегам, а потым пхнуцца, як раней. Я пасьля гэтага каней пакідаю ў супакоі, думаю, барын задаволены, ды дзе там. Раптам адчуеш, як барын джвагне ў шыю ці па сьпіне, ажно іскры з вачэй пасыпаліся, я паварочваюся і пытаюся:  “Чаго ж, барын, б’ешся? Бо вязу ж не я, а коні.” Барын не сьцішаецца: “Вязі, польская морда, хутчэй, а не то зубы й рэбры перабяру!” [16, с.1-3]

Пасьля Алонак Віткоўскі быў парабкам у вёсках Цельма і Мальтá. Там, на беразе ракі Кітой, ён упершыню сутыкнуўся з будучаю тэмаю сваіх навуковых дасьледаваньняў. У 1870 годзе ад мясцовых жыхароў ён даведаўся аб пагорках, дзе часта знаходзяць чалавечыя косткі ды фігурна апрацаваныя камяні. “Скарыстаўшыся першым вольным часам, я выправіўся да паказанага месца, – пісаў Мікалай Іванавіч, – і сапраўды, на адным, часткова ўжо распаханым пагорку знайшоў некалькі костак чалавечага чэрапу, многа кавалкаў іншых костак і гаршчкоў, і два нэфрытавых нажа. Хоць такая знаходка і вабіла зазірнуць усярэдзіну пагорка, якому паступова набліжаючаяся ральля пагражала скорым  разбурэньнем, але, знаходзячыся на той час у становішчы, якое зусім не спрыяла якому бы там ні было дасьледаваньню, я мусіў быў абмежавацца да пары да часу зьбіраньнем апавяданьняў пра гэтыя пагоркі і зьвестак аб іх колькасьці і месцазнаходжаньні, а таксама і аб рэчах, знойдзеных у іх і на іх.” [1, с. 1]

У 1873 годзе, дзякуючы намаганьням дохтара Юзэфа Лагоўскага, паўстанца з Волыні,  які здолеў набыць у Сібіры некаторы аўтарытэт і ўплыў і імкнуўся дапамагаць усім ссыльным, Віткоўскі ў якасьці рамесьніка атрымаў дазвол на 20 дзён прыехаць у Іркуцк. [25] У Іркуцку гэтыя 20 дзён з адтэрміноўкамі пераўтварыліся ў некалькі гадоў. Віткоўскі працаваў вадавозам, хадзіў у сялянскай бравэрцы і ічыгах – самаробных ботах зь мяккае скуры. [16, с.3] Пасьля працы ён прыходзіў у музэй Усходне-Сібірскага Аддзелу Расейскага Геаграфічнага Таварыства, і ў кабінэце прыродазнаўства займаўся батанікай, заалёгіяй і геалёгіяй. Знакаміты дасьледчык Байкалу Бэнэдыкт Дыбоўскі пісаў: “Дзякуючы сваім агромным разумовым здольнасьцям, сільнай волі і працавітасьці, ён пераадольваў гэтую працу.  Позна ўначы сьвяціліся вокны ў іркуцкім музэі, дзе два віцебшчаніна, Ян Чэрскі і Мікалай Віткоўскі,  аддаваліся заняткам над прадметамі навукі, у якіх дасягнулі магчымасьці працаваць самастойна.” [25, с.2]

Праз два гады, дзякуючы рэкамэндацыям яшчэ аднаго паўстанца,  беларуса з Гродзеншчыны Фэлікса Зянковіча, якога ў Іркуцку добра ведалі як таленавітага пэдагога-рэпэтытара, Мікалай Віткоўскі атрымаў запрашэньне працаваць у сям’і купца Мятляева – рыхтаваць ягоную дачку да паступленьня ў адзін з маскоўскіх жаночых інстытутаў. І ў гэтай галіне Віткоўскі паказаў сябе з найлепшага боку, бо аказаўся ўзоравым пэдагогам, які так умеў зацікавіць вучняў сваімі распавяданьнямі, што неўзабаве стаў вядомы нароўні з лепшымі рэпэтытарамі ў горадзе. [25, с.2]

Цяпер пачаліся лепшыя дні ў долі Віткоўскага. Апроч настаўніцкіх заняткаў, усе вольныя гадзіны ён прысьвячаў добраахвотнай працы ў музэі: складаў новы гербарый і дапаўняў стары, дапамагаў Чэрскаму ўпарадкоўваць агромністы геалягічны і палеанталягічны матэр’ял, апісваў зборы казурак, зробленыя ягонымі папярэднікамі. Улетку вандраваў па Прыбайкальлі ў складзе навуковых экспэдыцый, якія ладзіў Усходне-Сібірскі Аддзел РГТ, нярэдка разам з Чэрскім. У 1877 годзе ён пабраўся шлюбам з іркуцкаю мяшчанкаю Ксеніяй Іосіфаўнай Хвасьценковай, быў прыняты ў музэй на “папяровую” працу, а з 1879 году афіцыйна далучыўся да Расейскага Геаграфічнага Таварыства. [25, с.2]

У тым жа годзе ў Іркуцку здарыўся пажар – найбуйнейшы за ўсю гісторыю гораду. З 22 да 24 чэрвеня, падчас засухі і моцнага ветру, у агні зьнікла 75 кварталаў – лепшая частка гораду, больш за тры з паловаю тысячы каменных і драўляных будынкаў. Сярод іх былі багатыя склады іркуцкіх купцоў,  большасьць дзяржаўных і грамадскіх устаноў, большасьць бібліятэк і вучэльняў, чатыры царквы, кірха, сінагога, касьцёл… Абпаленыя паперы з Губэрнскага архіву раскідала ветрам на 30 вёрст вакол гораду, а бляск пажару было відаць і за 60 вёрст. На адной царкве, якая ацалела ў пажары,  вялізны звон  растапіўся ад жару і сьцёк на зямлю.

У агні зьнік і будынак Усходне-Сібірскага Аддзелу РГТ, разам з музэем, большасьцю экспанатаў, бібліятэкай і архівам старых рукапісаў мінулых стагодзьдзяў.

Менавіта гэты час, самы цяжкі ў гісторыі гораду і Аддзелу РГТ, стаў самым плённым часам у жыцьці Мікалая Віткоўскага. Учорашні парабак, самавук, аматар – у складаны момант ён раптам выступіў зь ценю і разгарнуў кіпучую дзейнасьць, адразу ў трох накірунках.

Па ўсёй Расеі для Іркуцку распачаўся збор ахвяраваньняў, дзякуючы якім горад здолеў паступова аднавіцца. Больш за 60 000 рублёў было сабрана і на аднаўленьне  іркуцкага музэю, а кіраўніком будоўлі стаў Віткоўскі. На працягу некалькіх гадоў ён разьвязваў усе пытаньні, якія датычыліся будаўніцтва, і ўвосень 1883 году музэй пераехаў у новы, вялікі, прыгожы, хоць яшчэ й ня скончаны,  будынак.  [16, с.4]

Паралельна Віткоўскі распачаў працу па аднаўленьню калекцый музэю, замяніўшы Чэрскага на пасадзе кансэрватара. Адноўленая калекцыя складалася з тых рэштак, якія не зьніклі ў пажары, з новых экспанатаў, якія з падвоенай энэргіяй пачалі зьбіраць ўсе навукоўцы Аддзелу, і ледзьве не ў першую чаргу з “ахвяраваньняў” прыватных асобаў – калекцыянэраў-аматараў, што цікавіліся прыродай і гісторыяй Сібіры, мелі свае ўласныя хатнія калекцыі цікавых рэчаў і пасьля пажару масава пачалі перадаваць іх у музэй. [6]

І ў гэты ж самы час Віткоўскі пачаў займацца сваімі ўласнымі самастойнымі дасьледаваньнямі ў той галіне, якая даўно яго вабіла, і ў якой ён стаў першапраходцам – у галіне археалёгіі Сібіры.

Сібірская археалёгія на той момант зьяўлялася нагрувашчваньнем каменных вырабаў, знойдзеных рознымі людзьмі ў розны час. Вырабы, што трапляліся сялянам падчас пахаты ці выяўляліся пры іншых абставінах, праходзілі праз многія рукі і звычайна заставаліся у неабыякавых да гісторыі людзей. Толькі невялікі адсотак такіх знаходак даходзіў да навукоўцаў, але сярод іх не было нікога, хто здольны быў патлумачыць, адкуль бяруцца ў сібірскай зямлі “фігурна апрацаваныя камяні”. Сярод навукоўцаў нават запанавала меркаваньне, “…што Сібір ня мела каменнага перыяду, і што каменныя прылады, якія ў ёй знаходзяць – выпадковыя знаходкі.” [17, с.32]

Праз дзесяць гадоў пасля сваёй першай экскурсыі да пагоркаў на беразе Кітою, у 1880 годзе, Віткоўскі нарэшце атрымаў магчымасьць дасьледаваць іх як навуковец. Ён здолеў пераканаць кіраўніцтва Аддзелу ў неабходнасьці дасьледаваньня і вялікае карысьці для навукі, якую яно прынясе, атрымаў грошы, наняў грабароў і выправіўся ў сваю першую самастойную экспэдыцыю. [17, с.32]

Ня маючы ні досьведу археалягічных раскопак, ні адмысловай літаратуры, Мікалай Віткоўскі ажыцьцявіў паўнавартаснае дасьледаваньне, і нават сучасныя археолягі не могуць папракнуць яго ў несумленным выкананьні працы ці памылках. Ён апісаў пасьлядоўнасьць і таўшчыню пластоў глебы, зьвярнуў увагу на прысутнасьць альбо адсутнасьць сьлядоў капаньня, падрабязна апісаў кожны знойдзены прадмет і яго разьмяшчэньне. Віткоўскі абраў траншэйны мэтад раскопак – ён рыў паралельныя канавы, праз 1 мэтр адна да адной. [11, с.41]

У першай жа канаве грабары ў шэрым пяску натрапілі на чырвоную пляму – тут, на глыбіні 50 сантымэтраў і было адкрыта першае пахаваньне часоў нэаліту. Шкілет ляжаў гарызантальна, тварам уверх, галавою на паўночны ўсход, рукі былі выцягнутыя ўздоўж цела. Даўжыня яго складала 163 сантымэтра. На лбе і на шыі знаходзіліся ўпрыгожваньні з расшчаплёных клыкоў дзіка, на абедзьвюх руках – фрагмэнты касьцяных бранзалетаў з рысункам. Апроч шкілета, у пахаваньні было багата розных рэчаў: каменныя сякеры, нажы, аканечнікі стрэл, касьцяныя гарпуны, шылы, скрэблы, розныя іншыя прылады незразумелага прызначэньня, косткі жывёл і яшчэ неапрацаваныя кавалкі камянёў. Усё пахаваньне было шчодра засыпанае чырвонаю вохраю, якая афарбавала пясок вакол шкілета. [1, с.3]

Неўзабаве побач зь першым пахаваньнем выявілася другое, за ім – трэцяе. Усяго падчас экспэдыцыі 1880 году Мікалаем Віткоўскім было адкрыта і дасьледавана 11 пахаваньняў эпохі нэаліту. Троху пазьней на месцы раскопак пабываў Ян Чэрскі, апісаў яго з геалягічнага боку і апазнаў косткі жывёлаў. У 1881 годзе Віткоўскі пашырыў раён пошукаў і адкрыў яшчэ 12 пахаваньняў, тры асобныя скупнасьці рэчаў, ачаг і рэшткі некалькіх вогнішчаў. [17, с.33, 2]

Зьвесткі пра адкрыцьцё ля вусьця Кітою хутка распаўсюдзіліся далёка па-за межамі Сібіры. Справаздачы Віткоўскага аб раскопках былі адразу перадрукаваныя ў “Працах V археалягічнага зьезду”, які адбыўся ў Тыфлісе. На пасяджэньні дасьледчыцкага таварыства ў Тарту знакаміты навуковец Грэвінг зрабіў даклад аб адкрыцьці Віткоўскага. А праз некаторы час у швэдскім выданьні “Ymer” выйшаў артыкул самога Мікалая Іванавіча. [17, с.33]

Адкрыцьцё Віткоўскага мела вялікае значэньне для навукі, і перш за ўсё таму, што Кітойскія пахаваньні сталі першымі нэалітычнымі пахаваньнямі, знойдзенымі не толькі на тэрыторыі Сібіры, але і на ўсёй тэрыторыі Расейскае Імпэрыі. Больш за тое – Віткоўскі далёка апярэдзіў свой час, бо другое падобнае  пахаваньне, якое можна было параўнаць з сібірскімі, было дасьледавана на Анежскім возеры толькі ў 1936 годзе, а пахаваньні на поўначы Эўрапейскае Расіі  сталі вядомыя толькі напрыканцы 1940-х гадоў. З другога боку, дзякуючы сумленнасьці Віткоўскага ў фіксацыі знаходак і таму, што пахаваньні былі непашкоджаныя, дасьледчык атрымаў у свае рукі выдатную, ўнікальную “калекцыю”, падобных да якой больш не было нідзе ў Расеі. Абапіраючыся на яе, дасьледчык здолеў не толькі абрынуць меркаваньне аб колішняй незаселенасьці Сібіры, ён адразу здолеў накідаць карціну жыцьця старадаўняга сібірскага насельніцтва і дакрануцца да ягонай духоўнай культуры. Дасьледчык выкарыстаў здабытыя матэр’ялы на сто адсоткаў і зрабіў іх дасяжнымі для наступных пакаленьняў навукоўцаў, і вынікі ягонае працы не страцілі сваёй актуальнасьці нават і да сёньня. [17, с.33]

Празь некаторы час  Віткоўскаму давялося пабываць на Радзіме.

Цяжка захварэў Ян Чэрскі, які ніколі не шкадаваў сябе падчас навуковых экспэдыцый. Лекары раілі яму кінуць навуку і зьехаць з Іркуцку, але для гэтага патрабаваліся былі грошы, якіх Чэрскі ня меў. Нічога яму не сказаўшы, Віткоўскі выправіўся ў дарогу, каб дапамагчы сябру. Ён даехаў да Беларусі, наведаў свае родныя мясьціны, потым знайшоў сваякоў Яна Чэрскага, але яны нічым дапамагчы яму не здолелі. Даведаўшыся, што з Камчаткі нядаўна прыехаў Бэнэдыкт Дыбоўскі, Мікалай Іванавіч накіраваўся далей, да Варшавы. З дапамогаю Дыбоўскага і славутага арнітоляга паляка Тачаноўскага ўдалося сабраць для Чэрскага грошы, зь якімі Мікалай Віткоўскі і вярнуўся да Іркуцку. Чэрскі ў гэты перыяд свайго жыцьця вымушаны быў гандляваць у дробязнай краме, бо трэба ж было забяспечваць сям’ю, а займацца навуковаю працаю ён ня мог. [25, с.3]

Праз год, у 1882 годзе, Віткоўскі быў накіраваны ў маштабную вандроўку па рацэ Ангарэ ў якасьці адмыслоўца ў “дагістарычнай этнаграфіі”. На абодвух берагах ракі ён знайшоў многа сьлядоў жыцьця першабытнага чалавека, наведаў і апісаў наскальныя рысункі на Каменных выспах (якія за савецкім часам зьніклі пад вадою падчас будаўніцтва ГЭС), дасьледаваў стаянку на рацэ Чадабец, і там жа таксама знайшоў сьляды пахаваньняў. Віткоўскі зьвярнуў увагу і на мэталічныя прадметы, якія здаўна трапляліся мясцовым жыхарам у лясах на сярэднім цячэньні Ангары, і першы выказаў меркаваньне, што яны належалі прадстаўнікам нейкай іншай, мясцовай культуры меднага веку, якая значна адрозьнівалася ад ужо вядомых дасьледчыкам іншых сібірскіх культур – праз некалькі дзесяцігодзьдзяў ягонае меркаваньне спраўдзілася. [17, с.34]

Па выніках гэтае вандроўкі Мікалай Віткоўскі напісаў маштабны артыкул “Сьляды каменнага веку ў даліне р. Ангары”, у якім абагульніў з вынікамі ўласных дасьледаваньняў усе веды, якія на той момант былі накопленыя іншымі навукоўцамі. За гэты артыкул ён быў узнагароджаны Малым залатым мэдалём Расейскага Геаграфічнага Таварыства.

Аднак гэта было толькі ў 1889 годзе, праз сем гадоў пасьля экспэдыцыі. Гэтыя гады ў яго жыцьці таксама былі вельмі насычаныя, але з большага не навуковаю працаю. Так, напрыклад, Мікалаю Іванавічу, які зь лепшага боку праявіў сябе падчас будаўніцтва новага мэзэю Аддзела Геаграфічнага Таварыства, прапанавалі заняцца будоўляю новага корпусу іркуцкае лякарні, які прызначаўся для псыхічнахворых. Справа была незвычайная, таму ў сьнежні 1883 году мясцовыя ўлады нават накіравалі Віткоўскага ў эўрапейскую частку Расеі, каб пазнаёміцца са спецыфікай падобных устаноў у іншых гарадах. Толькі скончыўшы будоўлю, Віткоўскі знайшоў час апрацаваць матэрыялы падарожжа 1882 году. [16, с.10]

У 1887 годзе пры будаўніцтве ў Глазкоўскім прадмесьці Іркуцка дзіцячага прытулку грабары наткнуліся на косткі і каменныя вырабы. Прыбыўшы на месца знаходкі, Віткоўскі абмежаваўся абсьледаваньнем невялікай тэрыторыі, на якой адкрыў адно пахаваньне і выкладзеныя каменьнем ямы незразумелага прызначэньня. Зьвесткі пра гэтую знаходку ён таксама далучыў да артыкулу “Сьляды каменнага веку ў даліне р. Ангары”. [3]

Як пазьней высьвятлілі іншыя дасьледчыкі, Віткоўскі дакрануўся да ўнікальнага аб’екту – буйнейшага нэалітычнага магільніка, які зараз мае назву “Глазкоўскі нэкропаль”, зьяўляецца адзіным ва ўсім сьвеце падобным помнікам, які захаваўся на тэрыторыі вялікага гораду, і вылучаецца агромністай колькасьцю пахаваньняў. З аднаго пагорку 20х20 м2 можна выняць 80-100 касьцякоў. Па словах археоляга Уладзіміра Базалійскага, па ўсёй Сібіры і Далёкаму Ўсходу за ўвесь час было дасьледавана столькі ж нэалітычных пахаваньняў, колькі на адным Глазкоўскім нэкропалі. Пахаваныя ў ім былыя жыхары Сібіры належалі да двух розных археалягічных культур. Адна зь іх раней не траплялася дасьледчыкам, таму атрымала назву Глазкоўская культура. Другая – ўжо вядомая Кітойская культура, адкрытая ў 1880 годзе  Мікалаем Віткоўскім.

Апошнія гады жыцьця Віткоўскага былі з большага зьвязаныя з працаю ў друкарні, хоць і навуковых заняткаў ён не пакідаў. Прыватная друкарня Н.Н. Сініцына пільна працавала ў Іркуцку з 1865 году, але ў 1880-х амаль перастала прыносіць даход, Сініцын завініўся і ў 1886 годзе быў вымушаны распрадаць сваю маёмасьць, каб разьлічыцца з даўгамі. Большасьць абсталяваньня друкарні выкупіла газэта “Сібір”, але й яна не здолела разьвязаць свае фінансавыя праблемы, і ў 1887 годзе закрылася. Нарэшце, ў 1889 годзе друкарню наважыўся арандаваць Мікалай Віткоўскі. Для гэтага яму, былому палітычнаму ссыльнаму, трэба было атрымаць дазвол уладаў. Сярод папераў царскіх ураднікаў, якія высьвятлялі, ці ёсьць Віткоўскі добранадзейным чалавекам, захаваўся цікавы дакумэнт – сакрэтная даведка з Міністэрства ўнутраных справаў: “Шляхціч Мікалай Іванавіч Віткоўскі жыве ў Іркуцку, у доме Геаграфічнага Аддзелу. Згодна з пасьведчаньнем, выданным Віцебскім дэпутацкім сабраньнем 24 лютага 1884 г., Віткоўскі мае ад нараджэньня 50 гадоў* [Згодна з вядомаю датаю нараджэньня, Мікалаю Віткоўскаму тады было 40 гадоў], жанаты, мае дзяцей, веравызнаньня рымска-каталіцкага, служыць пры Геаграфічным аддзеле па паўнайму на пасадзе кантралёра і бібліятэкара музэю, пад судом і сьледствам не знаходзіцца, у заганных учынках заўважаны ня быў, паводзінаў добрых, у палітычнае недобранадзейнасьці заўважаны таксама ня быў.” [26] Аднак потым высьвятлілася, што Віткоўскі неяк даў нейкаму знаёмаму-ссыльнаму “Зборнік галоўных афіцыйных дакумэнтаў па кіраваньню Усходняю Сібір’ю”, і арандаваць друкарню яму было забаронена. Праўда, гэтая праблема разьвязалася даволі проста: арандатаркай друкарні празь некаторы час стала Ксенія Іосіфаўна Віткоўская, жонка Мікалая Іванавіча.

З друкарні К.І. Віткоўскай выйшла вялікая колькасьць навуковых зборнікаў і асобных працаў, у першую чаргу выданьні Усходне-Сібірскага Аддзелу РГТ. Таксама ў ёй выконваліся заказы Гарадской думы і Гарадскога кіраваньня Іркуцку. Мікалай Віткоўскі сам старанна працаваў у друкарні, якая знаходзілася літаральна ў 500 мэтрах ад музэю РГТ. М. Аўчыньнікаў узгадваў: “Вось якім чынам у яго раскладваўся дзень: з 6 гадзіны да 9 гадз. ён працаваў у музэі, з 9 да 3-4 у друкарні, адпачываў і з 5-6 гадз. зноў у друкарні, з 7 да 11-12 у музэі.” [16, с.10] У гэты перыяд з-пад рукі Віткоўскага выходзяць цікавыя працы на розныя тэмы – “Прасьвердленыя камяні”, “Заўвагі да пытаньня аб байкальскай нерпе”. З удзелам Віткоўскага будынак іркуцкага музэю ў 1891 годзе быў перабудаваны – зьявілася яшчэ адно крыло, дзякуючы гэтаму плошча памяшканьняў амаль падвоілася. [6] На 1893 год Віткоўскі плянаваў вялікае археалягічнае падарожжа – разам са сваім вучням М. Аўчыньнікавым ён меў намер прайсьці ўздоўж усяго цячэньня ракі Кітой, ад межаў з Манголіяй да ўтока ў Ангару, шукаючы сьляды перасяленьня старажытных кітойцаў. [16, с.10] Аднак 24 верасьня 1892 году ноччу ў сваёй кватэры Мікалай Віткоўскі скончыў жыцьцё самагубствам, стрэліўшы з рэвальверу сабе ў скроню. [14]

Аб прычынах гэтага ўчынку мы нічога ня ведаем. В. Ярмоленка выказвае меркаваньне, што Віткоўскі забіў сябе з адчаю, бо пасьля сьмерці свайго бліжэйшага сябра Яна Чэрскага застаўся зусім адзін, закінуты далёка ў Сібір, ня маючы магчымасьці вярнуцца на Радзіму… [9, с.136] Аднак, наўрад ці гэтае меркаваньне зьяўляецца нечым большым за літаратурную выдумку. Па высновах лекароў, самагубства сталася “…пад узьдзеяньнем псыхічнага афэкту, у выніку моцнага ўзбурэньня.” [18] У Віткоўскага засталася жонка і трое дзяцей ва ўзросьце ад 15 да 3 гадоў. [15]

Віткоўскі быў добра вядомай у Іркуцку асобаю, і развітацца зь ім прыйшло многа народу. 26 верасьня ў музэі адбылася паніхіда па двум волатам Усходне-Сібірскага Аддзелу РГТ – Мікалаі Віткоўскім і Яне Чэрскім, які загінуў у экспэдыцыі па Калыме на тры месяцы раней. Хоць абодва яны былі каталікі, паніхіда прайшла па праваслаўнай традыцыі – прадстаўнікі каталіцкае царквы Іркуцку адмовіліся ад выкананьня абраду, таму што Віткоўскі быў самагубца. Развітальныя прамовы, апроч іншых, казалі людзі першае велічыні ў Сібіры – пісьменьнік М.В. Загоскін і географ Г.Н. Патанін. [15]

Віткоўскага добра ведалі менавіта як беларуса. Пасьля ягонае сьмерці ў бліжэйшым нумары газэты “Восточное обозрение” зьявілася кароткае тэрміновае паведамленьне, у якім пра яго сказана – “беларус, моцны, як старыя дубы яго Радзімы”. [14] У 1893 годзе ў маскоўскім выданьні Імпэратарскага Археалягічнага Таварыства аб Віткоўскім сказана – “беларус па паходжаньні”. [10] У 1907 годзе М. Аўчыньнікаў у сваіх успамінах, урачыста прачытаных на пасяджэньні Аддзелу РГТ з прычыны 15-годзьдзя сьмерці Мікалая Віткоўскага,  прыводзіў ягоныя словы, якія ўжо цытаваліся вышэй, словы, якімі сёньня мы ўсе мусім ганарыцца – “Я не паляк, а беларус”.

Аляксей Кухта, Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага.

Сьпіс выкарыстанае літаратуры й крыніц

1.Витковский Н.И., Краткий отчет о раскопке могилы каменного периода в Иркутской губернии//Известия Восточно-Сибирского отдела Императорского русского географического общества, под ред. Н.Н. Агапитова, т.11, №3, — Иркутск: Типография Н.Н. Синицына,  1880;
2.Витковский Н.И., Отчет о раскопке могил каменного века в Иркутской губернии, на левом берегу р. Ангары//Известия Восточно-Сибирского отдела Императорского русского географического общества, под ред. Н.Н. Агапитова,  т.13, №1, — Иркутск: Типография Н.Н. Синицына,  1882;
3.Витковский Н.И., Следы каменного века в долине р. Ангары//Известия Восточно-Сибирского отдела Императорского русского географического общества, под ред. правителя дел,  т.20, №1, — Иркутск: Типография газеты «Восточное обозрение», 1889;
4.Военно-топографические карты Витебской губернии, — СПб.: Военно-топографический Отдел Главного Штаба, 1858;
5.Грицкевич В.П., Путешествия наших земляков,  — Минск: Наука и техника, 1968;
6.Загоскин М., Н.И. Витковский (некролог)//Восточное обозрение, №41, 1892;
7.Голенкова А.И., Пик Яна Черского, — Иркутск: Восточно-Сибирское книжное издательство, 1980;
8.Деревянко А.П., Ожившие древности: Рассказы археолога, — М.: Молодая гвардия, 1986;
9.Ермоленко В.А., Белорусы и Русский Север, — Мн.: Беларусь, 2009;
10.Ивановский А., Н.И. Витковский (некролог)//Археологические известия и заметки, под ред. А.В. Орешникова, — М.: 1893;
11.Константинов М.В., Провинциальная археология, — Чита: Заб. гос. гум.-пед. ун-т, 2008;
12.Малая энциклопедия Забайкалья. Археология, гл. ред. Р.Ф. Гениатулин, — Новосибирск: Наука, 2011;
13.Матющенко В.И., 300 лет истории сибирской археологии, — Омск: Издательство Омского гос. ун-та, 2009;
14.Недельная хроника Иркутска//Восточное обозрение, №39, 1892;
15.Недельная хроника Иркутска//Восточное обозрение, №40, 1892;
16.Овчинников М.П., Н.И. Витковский (некролог)//Сибирский архив, №1, 1911;
17.Окладников А.П., Неолит и бронзовый век Прибайкалья, ч. 1 и 2, — М-Л.: 1950;
18.Происшествия в г. Иркутске//Иркутские губернские ведомости, №40, 1892;
19.Ревзин Г.И., Подвиг жизни Ивана Черского, —М-Л.: Издательство Главсевморпути, 1952;
20.Свинин В.В., Николай Иванович Витковский//Календарь знаменательных и памятных дат на 1969 г. по Иркутской обл. — Иркутск: 1968;
21.Список населённых мест Витебской губернии, под ред. А.П. Сапунова — Витебск: Губернская типо-литография, 1906;
22.Худзиковская Я., Ястер Я., Люди великой отваги, — М.: Географгиз, 1957;
23.Дучыц Л., Папярэднікі//Маладосьць, №8, 2012;
24.Ярмоленка В., За даляглядам Айкумены. Іван Чэрскі., — Мінск: Навука і тэхніка, 1995;
25.Dr. B. Dybowski, Wspomnienie biograficzne o archeologu i powstańcu polskim Mikołaju Witkowskim//Światowit, 12, str. 1-4, — Warszawa: 1928;
26.ГАИО, ф. 243, оп. 1, д. 2799., Л. 1,2,3;
27.НГАБ,  Ф. 319. – Воп. 1. – Спр. 479. – Арк. 8; Ф. 1416. – Воп. 3. – Спр. 21048. – Арк. 15; Ф. 1430. – Воп. 1. – Спр. 52163. – Арк. 206 адв., 394 адв., 440; Ф. 2514. – Воп. 1. – Спр. 2198. – Арк. 66 адв.; Ф. 3257. – Воп. 2. – Спр. 2. – Арк. 5, 6 адв.