Мiжнароднае грамадскае аб'яднанне

Вольга Мярчук. “Эміграцыя насельніцтва з Заходняй Беларусі ў розныя краіны свету ў 1921-1939 гг.”

У кожнай вёсцы, у кожнай хаце,

Як вялікі Палескі край,

У старога і дзіцяці

У выснах слова Парагвай…

                                       Мікола Засім, 1935 г.

Эміграцыя насельніцтва з Заходняй Беларусі пачалася амаль адразу пасля яе ўключэння ў склад Польскай дзяржавы паводле Рыжскага мірнага дагавора ад 18 сакавіка 1921 г. Заходнебеларускія землі, якія з’яўляліся аграрным прыдаткам, крыніцай сыравіны і таннай рабочай сілы, вызначаліся слабым узроўнем урбанізацыі, аграрнай перанаселенасцю і беспрацоўем. У адносінах да беларусаў і іншых нацыянальных супольнасцей (акрамя палякаў) праводзілася прыгнятальная нацыянальная і канфесіянальная палітыка. У такіх складаных умовах жыццядзейнасці частка насельніцтва вымушана была выязджаць за мяжу. Польскія ўлады былі зацікаўлены ў эміграцыі як сродку аслаблення напружанасці ў сацыяльна-эканамічным жыцці, грамадска-палітычнай сферы, для вырашэння яўрэйскага пытання. Са свайго боку ў цэлым шэрагу краін Еўропы, Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі ствараліся спрыяльныя ўмовы для прытоку рабочай сілы з тэрыторыі Польскай дзяржавы. Менавіта ў перыяд паміж Першай і Другой сусветнымі войнамі за кошт перасяленцаў з заходнебеларускіх зямель сфарміраваліся новыя цэнтры беларускай дыяспары ў свеце ці ўмацаваны новымі плынямі ўжо існуючыя.

У гісторыі Заходняй Беларусі 1920–30-х гг. важнае месца займаюць эміграцыйныя працэсы, калі ў выніку складанага матэрыяльнага становішча выехала за мяжу вялікая колькасць людзей. Нягледзячы на значныя памеры эміграцыі сельскагаспадарчых і прамысловых рабочых з Заходняй Беларусі ў 1920–1930-х гг. у гістарычнай навуцы гэтая праблематыка пакуль не знайшла свайго адлюстравання. Яна закраналася толькі ўскосна ў агульным кантэксце сусветных міграцыйных працэсаў. Таму вывучэнне гэтай тэмы з’яўляецца запатрабаванай для выяўлення механізмаў утварэння і развіцця беларускай дыяспары, вывучэння нацыянальных меншасцяў, аналізу дэмаграфічнага складу насельніцтва Заходняй Беларусі ў 1921–1939 гг.

Эміграцыя – гэта адзін з нямногіх дэмаграфічных працэсаў, які адразу рэагуе на сацыяльна-эканамічныя, палітычныя, нацыянальна-культурныя змены ў грамадстве. Сацыяльна-эканамічныя прычыны ў такой справе з’яўляюцца вызначальнымі фактарамі эміграцыйных працэсаў. На тэрыторыі Заходняй Беларусі ў складзе Польскай дзяржавы склаліся такія аб’ектыўныя абставіны, якія вымушалі насельніцтва пакідаць свае родныя мясціны і накіроўвацца ў іншыя краіны ў пошуках новага жыцця. Галоўнымі прычынамі распаўсюджвання масавай эміграцыі з заходнебеларускага рэгіёна былі, па-першае, складанае становішча прамысловасці і сельскай гаспадаркі Заходняй Беларусі, выкліканае дзяржаўнай палітыкай і асабліва негатыўным уплывам сусветнага эканамічнага крызісу 1929–1933 гг., па-другое, цяжкае матэрыяльнае становішча заходнебеларускага насельніцтва, і, па-трэцяе, дзяржаўная нацыянальная палітыка польскіх улад. Акрамя таго, у міжваенны час тэмпы ўрбанізацыі ў краі былі невысокімі, вострай была праблема перанасялення вёскі. Пасля шэрагу крызісаў эканоміка Заходняй Беларусі апынулася ў складаным становішчы, што спрыяла росту беспрацоўя і цяжкаму матэрыяльнаму становішчу працоўных. Людзі шукалі новыя магчымасці рэалізацыі сваіх сіл і нярэдка такі выхад знаходзілі ў перасяленні за мяжу.

Афіцыйныя польскія ўлады не рабілі перашкод эміграцыйным працэсам, а наадварот – спрыялі ім, разглядаючы іх як сродак аслаблення вастрыні зямельнага пытання і змяншэння беспрацоўя. У выніку дзейнасці польскіх афіцыйных улад і сусветных мараходных таварыстваў вялікая колькасць насельніцтва Заходняй Беларусі выехала на амерыканскі кантынент, у еўрапейскія краіны і Блізкі Усход. Першапачаткова ў аснову эміграцыйнай палітыкі Польшчы быў пакладзены прынцып свабоднай эміграцыі. З 1920-х гг. эміграцыйная палітыка знаходзілася пад кантролем Міністэрства працы і сацыяльнай апекі і Дзяржаўнага ўпраўлення пасрэдніцтва і апекі над мігрантамі. У выніку рэарганізацыі Варшаўскага эміграцыйнага ўпраўлення галоўнае месца ў справах эміграцыі стала адводзіцца міністэрству замежных спраў. У 1927 г. польскімі ўладамі быў прыняты галоўны эміграцыйны дакумент Польшчы – закон “Аб эміграцыі”. 11 студзеня 1930 г. для каардынацыі эміграцыйнага руху і ажыццяўлення пасрэдніцкай дзейнасці паміж уладамі Польшчы і замежных краін па пытаннях выезду насельніцтва быў утвораны Варшаўскі эміграцыйны сіндыкат. Арганізацыйная структура Эміграцыйнага сіндыката ўяўляла сабой разгалінаваны апарат са шматлікім штатам супрацоўнікаў, якія дзейнічалі на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Яго структурныя адзінкі павінны былі забяспечваць эфектыўнасць працэсу эміграцыі і задавальняць інфармацыйныя і іншыя патрэбы заходнебеларускіх жыхароў, якія меркавалі выехаць за мяжу.

Узмацнялі эміграцыйныя тэндэнцыі і польскія амбіцыі ў каланіяльным пытанні, для рэалізацыі якіх у 1930 г. была ўтворана грамадская арганізацыя “Марская і Каланіяльная ліга”. Дзякуючы намаганням дадзенай арганізацыі на тэрыторыі Заходняй Беларусі ажыццяўлялася прапаганда каланіяльнай і эміграцыйнай палітыкі Польшчы, якая ўвасаблялася ў арганізацыі культурна-асветніцкіх мерапрыемстваў, выдавецкай дзейнасці і інфармацыйнай рэкламы. Распаўсюджанне эміграцыйных рухаў на тэрыторыі Заходняй Беларусі выклікала патрэбнасць утварэння і дзейнасці грамадскіх аб’яднанняў па абароне правоў мігрантаў. Такія арганізацыя пачалі ўзнікаць у пачатку 1920‑х гг.

Такім чынам, польская эміграцыйная палітыка, утварэнне і дзейнасць эміграцыйных структур, грамадскіх і праваахоўных аб’яднанняў узмацнілі пазіцыі Польскай дзяржавы ў паўсюдным разгортванні міграцыйных працэсаў на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Дыскрымінацыйны характар палітыкі польскіх улад адносна заходнебеларускага насельніцтва таксама спрыяў пашырэнню маштабаў эміграцыйных працэсаў у Заходняй Беларусі. Працоўная эміграцыя з дадзенага рэгіёна была накіравана ў розныя краіны Еўропы, Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі, Блізкага Усходу.

Працэс эміграцыі заходнебеларускага насельніцтва быў даволі працяглым і складаўся з некалькіх этапаў: атрыманне міграцыйных дакументаў; набыццё дарожных білетаў; транспарціроўка. Спачатку мігранты ў пісьмовай форме рэгістравалі свой выезд, потым звярталіся за пасведчаннем аб замежным пашпарце ў Эміграцыйны сіндыкат, з якім далей накіроўваліся ў староства, дзе атрымлівалі замежны пашпарт. Абавязковай была працэдура медыцынскага агляду. Дастаўка заходнебеларускіх мігрантаў у краіны іміграцыі ажыццяўлялася марскім і чыгуначным транспартам. Транспарціроўку перасяленцаў ажыццяўлялі сусветныя мараходныя кампаніі. Караблі з мігрантамі ў пазаеўрапейскія краіны адпраўляліся з Гдыні і “вольнага горада” Гданьска, а таксама з портаў еўрапейскіх краін – Францыі (Гаўр, Бардо, Марсэль, Трыест, Булонь-сюр-Мэр, Шэрбург), Галандыі (Амстэрдам) і Вялікабрытаніі (Лондан, Ліверпуль, Саўтгемптан). Заходнебеларускія мігранты звычайна ажыццяўлялі падарожжа праз акіян у 4- ці 6-месных каютах 3-га класа. Працягласць падарожжа складала 3–4 тыдні, а сярэдні кошт білета ў каютах 3-га класа складаў каля 100–120 амерыканскіх долараў. Паслугамі чыгункі мігранты карысталіся ў час пераезду ад месца жыхарства ў Заходняй Беларусі да порта выезду, з порта прыезду да месца будучага працаўладкавання.

Эміграцыя з заходнебеларускага рэгіёну была прадстаўлена еўрапейскім, трансатлантычным і блізкаўсходнім напрамкамі.

У еўрапейскім напрамку працоўная эміграцыя насельніцтва адбывалася ў асноўным у Францыю, сезонная сельскагаспадарчая міграцыя – у Латвію і Эстонію. Вядучым напрамкам кантынентальнай эміграцыі з’яўляўся выезд у Францыю, эканоміка якой была зацікаўлена ў прытоку замежных рабочых, што абумовіла рэкордны рост узроўню імігрантаў. Найбольш кампактнае працаўладкаванне заходнебеларускіх мігрантаў назіралася ў паўночных дэпартаментах Францыі – Па-дэ-Кале, Нордзе, Эльзасе і Латарынгіі, Пікардзіі. Асноўнымі заняткамі мігрантаў былі праца на прамысловых прадпрыемствах і сельскагаспадарчыя работы. Умовы працы і жыцця мігрантаў не заўсёды адпавядалі санітарна-гігіенічным нормам, што неаднаразова прымушала іх мяняць месца працы, нягледзячы на пратэсты работадаўцаў і заканадаўчыя нормы эміграцыі.

На тэрыторыі Заходняй Беларусі эміграцыйныя рухі ў Францыю набылі асаблівае распаўсюджванне ў Беластоцкім і Віленскім ваяводствах, адкуль на працягу 1926–1938 гг. выехала 9 057 (42 %) і 8 607 (40 %) мігрантаў. На трэцім месцы знаходзілася Навагрудскае ваяводства, межы якога пакінула 3 562 (16 %) чалавекі. У Палескім ваяводстве дадзены напрамак кантынентальнай эміграцыі амаль не атрымаў распаўсюджвання і складаў каля 2 % ад агульнай колькасці заходнебеларускай эміграцыі ў гэтую краіну. Усяго на працягу 1926–1938 гг. з заходнебеларускага рэгіёну выехала ў французскія гарады каля 21 616 чалавек (табліца 1).

Табліца 1. Дынаміка міграцыйных працэсаў з Заходняй Беларусі ў Францыю (1926–1937 гг.)

Ваяводства

1926

1927

1928

1929

1930

1931

1932

1933

1934

1935

1936

1937

Навагрудскае

67

17

134

2023

976

79

24

51

14

1

38

88

Віленскае

755

212

208

3230

2876

560

81

95

79

9

63

261

Палескае

36

5

33

31

195

22

7

13

7

0

17

22

Разам:

858

234

375

5284

4047

661

112

159

100

10

118

371

 

Асабліва пашыранай была сезонная сельскагаспадарчая эміграцыя з Заходняй Беларусі ў прыбалтыйскім напрамку, дзе пануючую пазіцыю займала Латвія. Высокаразвітая гаспадарка Латвіі, лішак працоўных рук у заходнебеларускіх вёсках і сусветны эканамічны крызіс спрыялі экспарту сезоннай сельскагаспадарчай сілы ў Латвію. На працягу доўгага перыяду гаспадарчая сітуацыя на латвійскім рынку працы выклікала неабходнасць у выкарыстанні замежнай рабочай сілы – у 1930-я гг. яна была запатрабавана ў шырокім дыяпазоне гаспадарчай структуры Латвіі. У сувязі з абмежаваннем іміграцыі эстонскіх і літоўскіх рабочых у Латвію, заходнебеларускія сезонныя імігранты з’яўляліся амаль асноўнай часткай замежных рабочых рук, якія забяспечвалі развіццё латвійскай гаспадаркі. Пасля дзяржаўнага перавароту 15 красавіка 1934 г. узмацнілася складанае эканамічнае становішча Латвіі.  Недахоп рабочых рук у сельскай гаспадарцы Латвіі запаўнялі сезонныя заходнебеларускія рабочыя. Гэта выклікала прыярытэт сезоннай эміграцыі з заходнебеларускіх ваяводстваў у латвійскім накірунку, у той час як у астатніх ваяводствах Польшчы перавага надавалася нямецкаму напрамку.

Сезонныя рабочыя з Заходняй Беларусі

На тэрыторыі Заходняй Беларусі сезонная эміграцыя ў Латвію атрымала найбольшае распаўсюджанне ў бліжэйшых да гэтай краіны Віленскім і Навагрудскім ваяводствах, адкуль у перыяд з 1932–1938 гг. выехала каля 75 046 чалавек, што складала 99 % ад агульнай колькасці сезонных сельскагаспадарчых мігрантаў з Заходняй Беларусі. У Беластоцкім і Палескім ваяводствах дадзены напрамак эміграцыі не атрымаў распаўсюджвання – толькі 858 чалавек (1 %) з гэтых ваяводстваў накіраваліся на сельскагаспадарчыя працы ў правінцыі Латвіі (малюнак 1).

У межах Віленскага ваяводства галоўны кантынгент мігрантаў у Латвію паходзіў з Браслаўскага, Дзісенскага, Свянцянскага, Пастаўскага паветаў, а з 1935 г. – і Вілейскага. Усяго на працягу 1926–1938 гг. з тэрыторыі 4-х заходнебеларускіх ваяводстваў у Латвію выехала каля 75 904 чалавек: з Віленскага – 68 945 (91 %) мігрантаў, з Навагрудскага – 6 101 (8 %), з Беластоцкага – 497 (0,5 %) і Палескага – толькі 361 (0,5 %).

Малюнак 1. Сезонная сельскагаспадарчая міграцыя з Заходняй Беларусі

ў Латвію (1932–1938 гг.)

Разглядаючы статыстыку сезоннай эміграцыі з заходнебеларускіх зямель у Латвію патрэбна звяртаць увагу на нелегальную эміграцыю з Віленскага ваяводства праз “зялёную мяжу”. Па дадзеным Латвійскай зямельнай палаты ў 1935 г. было зафіксавана каля 5 тыс. чалавек, якія нелегальна патрапілі ў Латвію, у 1936 г. – каля 2 тыс.

Аднак важна адзначыць, што статыстычныя паказчыкі сезоннай эміграцыі ў Латвію не з’яўляюцца дакладнымі, і звязана гэты з тым, што сезонныя рабочыя ў час свайго гадавога працоўнага кантракта маглі па некалькі разоў выязджаць у Польшчу і зноў вяртацца на працу ў Латвію. У такіх выпадках кожны праезд мяжы лічыўся як новы. Акрамя таго лічбавыя паказчыкі сезонных рабочых двух дзяржаў адрозніваліся паміж сабой: Латвійская зямельная палата імкнулася занізіць колькасць сезонных рабочых, каб не паказваць залежнасць гаспадаркі ад замежных рабочых. Так, паводле дадзеных Латвійскай зямельнай палаты на 1 жніўня 1937 г., у Латвіі працавала 33181 польскіх сезонных рабочых, у той час як па дадзеным консульства Польшчы ў Рызе іх колькасць перабольшвала 40 000 чалавек.

У параўнанні з Латвіяй, сезонная эміграцыя рабочай сілы ў Эстонію з заходнебеларускіх зямель не набыла такога размаху. На працягу 1921–1937 гг. з тэрыторыі Заходняй Беларусі ў гэту краіну назіраліся адзінкавыя выпадкі эміграцыі. Толькі ў 1938 г. было зафіксавана рэзкае павелічэнне колькасці заходніх сельскагаспадарчых мігрантаў у гэтым напрамку – з тэрыторыі Віленскага ваяводства ў Эстонію выехала каля 3 393 чалавек.

Эміграцыя ў Германію займала 7 % ад агульнаеўрапейскай эміграцыі заходнебеларускага насельніцтва. Польска-германскія эміграцыйныя адносіны былі наладжаны на падставе канвенцыі “У справах польскіх зямельных работнікаў”, якая была заключана 24 лістапада 1927 г. і падпісана польскім урадам 24 лютага 1928 г. У перыяд з 1926 па 1932 гг. з Заходняй Беларусі ў Германію выехала каля 5 387 чалавек, прычым асноўную масу мігрантаў складалі жыхары Беластоцкага ваяводства – 5 203 чалавека. У 1932–1936 гг. нямецкі бок прыпыніў іміграцыю з Польшчы, што было выклікана эканамічным крызісам і агульны беспрацоўем. Сацыяльна-эканамічнае становішча Германіі не магло не адбіцца на эміграцыі рабочых з Заходняй Беларусі: у перыяд з 1932 па 1936 гг. з тэрыторыі заходнебеларускіх ваяводстваў выехала толькі 10 чалавек. Новая хваля эміграцыі польскіх работнікаў назіралася ў 1937 г. і была выклікана запатрабаваннем рабочай сілы ў працэсе падрыхтоўкі да вайны. У гэтым годзе межы Заходняй Беларусі пакінула каля 2 850 чалавек, аднак у маі 1939 г. распачаўся працэс рээміграцыі гэтых сезонных рабочых.

Невялікая частка заходнебеларускіх палітычных дзеячаў выехала ў Літву, а адтуль пераехала ў БССР ці падалася ў міграцыю ў Чэхаславакію, ЗША. Напярэдадні прыняцця Віленскім сеймам пастановы аб далучэнні Віленшчыны да Польшчы (дакумент прыняты 20 лютага 1922 г.), у Літву была гвалтоўна дэпартавана група беларускай інтэлігенцыі, якую абвінавачвалі ў “замаху на дзяржаўную ўладу”. Аднак легальная эміграцыя з Польшчы ў Літву была выключана амаль на працягу ўсяго міжваеннага часу. Гэта было выклікана вельмі напружаным характарам міждзяржаўных адносін паміж Польшчай і Літвой з-за пытання дзяржаўнай прыналежнасці Віленшчыны, якая ў 1923–1939 гг. была ў складзе Польскай дзяржавы. Нават устанаўленне польска-літоўскіх дыпламатычных адносін у сакавіку 1938 г. істотна не выправіла сітуацыю. Перасячэнне польска-літоўскай мяжы мела выключна нелегальны характар. Сярод катэгорый нелегальных мігрантаў, якія праз “зялёную мяжу” перабіраліся ў Літву, былі палітычныя і грамадска-культурныя дзеячы (літоўскія, беларускія), настаўнікі, удзельнікі антыпольскіх узброеных фарміраванняў (у тым ліку і партызанскіх атрадаў першай паловы 1920-х гг. на чале з беларускімі эсэрамі), навучэнская моладзь і інш.

З-за цяжкасцей атрымання вышэйшай адукацыі ў Польшчы частка заходнебеларускай моладзі нелегальна выехала на вучобу ў Чэхаславакію, якая стала ў 1920–30-я гг. адным з цэнтраў усходнеславянскай эміграцыі. Прыезд у Чэхаславакію моладзі з Заходняй Беларусі быў наладжаны з самага пачатку 1920-х гг. У канцы 1923 г. былі ўтвораны беларускія студэнцкія арганізацыі – Аб’яднанне беларускага паступовага студэнцтва і Студэнцкая секцыя пры Беларускай Грамадзе, якія згуртавалі ў сваіх шэрагах 110 беларусаў. У 1920-я – 1930-я гг. у ВНУ Чэхаславакіі навучалася прыкладна 700 этнічных беларусаў. На працягу 1922–1927 гг. у чэхаславацкіх універсітэтах навучалася больш заходнебеларускай моладзі, чым у ВНУ Польшчы.

Асаблівасцю міграцыйных працэсаў паміж Польшчай і СССР (найперш БССР) з’яўлялася іх стрымліванне наяўнасцю польска-савецкай мяжы, якая паводле Рыжскага мірнага дагавора ад 18 сакавіка 1921 г. падзяліла этнічную тэрыторыю Беларусі і прадвызначыла знаходжанне яе састаўных частак у складзе дзяржаў з розным грамадска-палітычным ладам. Міграцыя заходнебеларускага насельніцтва на тэрыторыю БССР набыла форму нелегальнай міграцыі праз польска-савецкую мяжу.

Неабходна адзначыць асноўныя катэгорыі нелегальных мігрантаў з тэрыторыі Заходняй Беларусі ў БССР. Па-першае, палітычныя мігранты (члены КПЗБ, ТБШ, Беларускай сялянска-работніцкай грамады і беспартыйныя актывісты), якія падвяргаліся ў Польшчы паліцэйска-адміністрацыйнаму праследаванню. Па даным В.М. Кузьміч, колькасць нелегальных пераходаў вар’іравалася ў залежнасці ад знешне- і ўнутрыпалітычных абставін і складала прыкладна ад 19 тыс. у 1921 г. да 3,3 тыс. у 1938 г. Паводле гэтага аўтара, агульная колькасць нелегальных пераходаў за міжваенны час складала каля 90 тыс. чалавек.

Пазаеўрапейскім напрамку эміграцыя заходнебеларускага рэгіёну была прадстаўлена краінамі Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі, Блізкага Усходу. Паўночнаамерыканскі напрамак заходнебеларускай эміграцыі быў прадстаўлены ЗША і Канадай.

Эміграцыя з Заходняй Беларусі ў ЗША атрымала шырокае распаўсюджанне сярод насельніцтва, дадзены напрамак знаходзіліся на трэцім месцы (пасля Аргенціны і Палесціны) па колькасці заходнебеларускіх мігрантаў, якія выехалі ў пазаеўрапейскія краіны. У аснову эміграцыі ў ЗША былі пакладзены 2 заканадаўчых акты – Статут аб эміграцыйных квотах (“Dillingham Bill”) і “Закон Джонсана” (“National Origins Act”). Першы заканадаўчы акт быў прыняты 19 мая 1921 г. з мэтай паніжэння эміграцыйнай хвалі ў ЗША. Ён прадугледжваў абмежаванне гадавой лічбы імігрантаў да 3 % ад этнічнай групы грамадзян ЗША на падставе перапісу насельніцтва 1910 г. Другі заканадаўчы акт – “Закон Джонсана” ці “National Origins Act” – быў прыняты 26 мая 1924 г. і вызначаў 2 % гадавую квоту мігрантаў  ад этнічнай групы грамадзян ЗША на 1890 г. (гадавая эміграцыйная квота для Польшчы ў 1924 г. складала 5982 чалавек). Вынікам абмежавальнай дзяржаўнай іміграцыйнай палітыкі ЗША з’явілася пераарыентацыя ў1930-я гг. эміграцыйных напрамкаў з Заходняй Беларусі: альтэрнатыву: ЗША польскія ўлады знайшлі ў краінах Паўднёвай Амерыкі.

Выезд мігрантаў з порту Гдыні.     

На падставе аналізу афіцыйнай польскай статыстыкі можна лічыць, што з Заходняй Беларусі ў ЗША у 1926–1938 гг. выехала каля 14 640 чалавек. Вызначыць самы выніковы год эміграцыйных рухаў складана – для кожнага з ваяводства звычайна быў свой перыяд эміграцыйных пад’ёмаў. Аднак відавочна, што 1926–1931 гг. былі самым актыўным перыядам эміграцыі ў ЗША. На працягу сярэдзіны 1920-х – 1930-х з тэрыторыі Заходняй Беларусі ў ЗША выехала каля 11 669 чалавек, што складала 80 % ад агульнай колькасці заходнебеларускіх мігрантаў у гэтую краіну. Найбольшае распаўсюджванне заходнебеларуская эміграцыя ў ЗША атрымала з тэрыторыі Беластоцкага ваяводства: на працягу 1926–1938 гг. адкуль выехала каля 8 389 чалавек, што складала 57 % ад эміграцыі з Заходняй Беларусі ў ЗША. На другім месцы па колькасці мігрантаў у ЗША знаходзілася Палескае ваяводства – 3 496 мігрантаў (24 %). Эміграцыя ў ЗША з Віленскага і Навагрудскага ваяводстваў была прадстаўлена амаль на аднолькавым узроўні – 1 433 і 1 322 чалавек.

Мігранты з заходнебеларускіх зямель дапоўнілі існуючыя іміграцыйныя цэнтры ў ЗША – Ілінойс, Пенсільванія, Нью-Ёрк, Мічыган, Вісконсін, Масачусэтс. У сувязі з тым, што сярод заходнебеларускіх мігрантаў вялікую колькасць складала яўрэйскае насельніцтва, якое ў асноўным эмігравала цэлымі сем’ямі, то Нью-Ёрк, Філадэльфія і Чыкага сталі асноўным месцам іх дыслакацыі.

Эміграцыя з Заходняй Беларусі была шырока прадстаўлена ў канадскім напрамку, якая адбывалася ў рамках парламенцкага закона 1910 г. (“An Act Respecting Immigration”) – галоўнага іміграцыйнага нарматыўнага акта Канады. У 1925 г. канадскі ўрад, які быў зацікаўлены ў каланізацыі заходніх правінцый, падпісаў 2-гадовае пагадненне з канадскімі чыгуначнымі кампаніямі: Канадскай дзяржаўнай чыгункай і Канадскай ціхаакеанскай чыгункай. Паводле пагаднення кампаніям дазвалялася права набору імігрантаў з краін Усходняй Еўропы, іх транспарціроўка і размяшчэнне. Планавалася, што кантынгент перасяленцаў будзе прадстаўлены ў асноўным сельскагаспадарчымі работнікамі, хатняй прыслугай і роднымі мігрантаў. Для рэалізацыі чыгуначнага пагаднення былі адкрыты  прадстаўніцтвы ў многіх гарадах Еўропы, у тым ліку ў Беластоку, Брэсце, Вільні. Праведзеная агітацыйная дзейнасць сярод насельніцтва хутка дала добры вынік: у 1925 г. з тэрыторыі Заходняй Беларусі выехала 234 чалавекі, у 1926 г. – ужо 1 523 чалавек. Для больш дасканалай арганізацыі эміграцыйных працэсаў з тэрыторыі Польшчы было арганізавана Польска-канадскае каланіяльнае таварыства, якое супрацоўнічала з Канадскай ціхаакіянскай чыгункай.

У 1926–1930 гг. назіралася самая вялікая інтэнсіўнасць эміграцыі з заходнебеларускага рэгіёну. Так, за гэты час з тэрыторыі Беластоцкага, Віленскага, Навагрудскага і Палескага ваяводстваў у Канаду выехала каля 10 875 чалавек, што склада 85 % ад агульнай колькасці заходнебеларускіх мігрантаў за 1925–1938 гг. (табліца 2). У 1928 г. была зафіксавана самая вялікая колькасць перасяленцаў з Заходняй Беларусі – 2 858 чалавек, з якіх 1 574 чалавекі выехалі з Палескага ваяводства, 901 – з Беластоцкага, 201 – з Навагрудскага і 182 – з Віленскага. Спыненне дзеяння чыгуначнага пагаднення выклікала скарачэнне эміграцыйнай хвалі з Заходняй Беларусі: у пачатку 1930-х гг. з тэрыторыі заходнебеларускіх ваяводстваў штогод выязджала ў Канаду не больш 200 чалавек, асноўная маса якіх была з Палескага ваяводства.

Найбольшае распаўсюджванне эміграцыя з тэрыторыі Заходняй Беларусі ў Канаду атрымала ў Палескім ваяводстве, з якога ў 1925–1938 гг. выехала 7 128 чалавек, што складала 56 % ад агульнай колькасці заходнебеларускіх мігрантаў у 1926–1938 гг. На другім месцы знаходзілася Беластоцкае ваяводства – 3 760 чалавек (29 %), на трэцім Навагрудскае – 960 чалавек (8 %) і на чацвёртым Віленскае – 925 чалавек (7 %).

Табліца 2. Эміграцыя з Заходняй Беларусі ў Канаду ў 1925–1938 гг

 

Год

Ваяводства

 

Разам

Палескае

Беластоцкае

Навагрудскае

Віленскае

1925

110

92

14

18

234

1926

785

513

84

141

1523

1927

1126

729

143

189

2187

1928

1574

901

201

182

2858

1929

1166

639

175

144

2124

1930

1303

519

200

161

2183

1931

128

37

7

6

178

1932

105

42

7

14

168

1933

100

41

12

16

169

1934

103

79

8

18

208

1935

114

41

12

20

187

1936

118

35

9

3

165

1937

159

52

15

10

236

1938

237

40

73

3

353

Разам:

7128

3760

960

925

12773

Найбольшае распаўсюджванне эміграцыя з тэрыторыі Заходняй Беларусі ў Канаду атрымала ў Палескім ваяводстве, з якога ў 1925–1938 гг. выехала 7 128 чалавек, што складала 56 % ад агульнай колькасці заходнебеларускіх мігрантаў у 1926–1938 гг. На другім месцы знаходзілася Беластоцкае ваяводства – 3 760 чалавек (29 %), на трэцім Навагрудскае – 960 чалавек (8 %) і на чацвёртым Віленскае – 925 чалавек (7 %).

Асноўную масу мігрантаў у Канаду складалі сельскагаспадарчыя сем’і (каля 80–90 %), на другім месцы знаходзілася хатняя прыслуга (каля 4–5 %), астатняя група мігрантаў з Заходняй Беларусі была занята ў прамысловасці (каля 4 %), гандлі (1–2 %) і іншых сферах дзейнасці.  Асаблівасцю заходнебеларускай эміграцыі ў Канаду з’яўляецца яе полавая прыналежнасць: сярод мігрантаў налічвалася вельмі шмат жанчын. Па-першае, гэта было звязана з распаўсюджаннем па чыгуначным пагадненні эміграцыі хатняй прыслугі, а, па-другое, падчас сусветнага эканамічнага крызісу актывізавалася эміграцыя жонак да сваіх мужоў.

У пачатку 1920-х гг. асноўная маса беларускіх мігрантаў працаўладкоўвалася на прамысловых прадпрыемствах канадскіх правінцый Антарыё і Манітоба. З падпісаннем чыгуначнага пагаднення, у рамках якога прадугледжвалася эміграцыя сельскагаспадарчых рабочых, асноўнымі цэнтрамі канцэнтрацыі сталі Антарыё, Манітоба, Квэбэк і Альберта. З 1935 г. сельскагаспадарчыя сем’і з Заходняй Беларусі накіроўваліся ў канадскія правінцыі Манітоба, Альберта, Саскачэвань, Брытанская Калумбія, Квэбэк і Антарыё. Што тычыцца мігрантаў яўрэйскай нацыянальнасці, то яны эмігравалі толькі на сельскагаспадарчыя калоніі Яўрэйскага каланізацыйнага таварыства “JCA” (“Jewish Colonisacion Association”).

Асаблівае месца ў эміграцыйных працэсах Заходняй Беларусі займала эміграцыя ў Аргенціну, якая атрымала распаўсюджанне ў выніку дзяржаўнай палітыкі як Польшчы, так і Аргенціны. У эміграцыйнай заканадаўча-прававой базе Аргенціны галоўным з’яўляўся закон “Аб іміграцыі” 1876 г., які рэгуляваў працэсы і механізмы міграцыі з-за межы. Закон дзейнічаў на працягу ўсяго міжваеннага часу і быў адным з самых ліберальных сярод краін Амерыкі. У выніку актыўнай эміграцыйнай палітыкі Польшчы, зацікаўленасці аргенцінскіх улад у асваенні новых тэрыторый і скаардынаванай дзейнасці каланізацыйных і мараходных таварыстваў эміграцыя заходнебеларускага насельніцтва ў Аргенціну атрымала небывалы размах. Пачынаючы з 1921 г., колькасць мігрантаў з Польшчы, якія пакідалі родныя мясціны ў пошуках лепшай долі і выязджалі на працу ў сельскагаспадарчыя правінцыі Аргенціны, складала 2 257 чалавек, у 1922 г. – 3 311 чалавек, у 1923 г. – 4 977 чалавек, у 1924 г. – 5 590 чалавек, у 1925 г. – 8 820 чалавек. Агульная колькасць польскіх мігрантаў за 1921–1925 гг. складала 24 955 чалавек.

Зыходзячы са звестак польскай эміграцыйнай статыстыкі, эміграцыя з Польшчы ў Аргенціну атрымала самае вялікае распаўсюджанне менавіта ў заходнебеларускім рэгіёне: за 1927–1937 гг. у правінцыі Аргенціны выехала каля 28 тыс. чалавек: з Палескага – 11 тыс., Віленскага – 6,9 тыс., Беластоцкага – 6,7 тыс., Навагрудскага – 3,4 тыс. чалавек. У той жа час з іншых ваяводстваў Польшчы выехала толькі каля 25 тыс. чалавек. Па дынамічнасці эміграцыйных працэсаў на першым месцы знаходзілася Палескае ваяводства, з якога ў Аргенціну на працягу 1926–1938 гг. выехала каля 12 359 чалавек (39 %), на другім – Беластоцкае ваяводства (7 916 чалавек – 25 %), на трэцім – Віленскае (7 583 чалавек – 24 %) і на чацвёртым – Навагрудскае (3 904 чалавек – 12 %). На падставе архіўных крыніц аўтарам было ўстаноўлена, што на працягу 1926–1938 гг. з Заходняй Беларусі ў Аргенціну выехала каля 31 762 мігрантаў, што складала 33 % ад агульнай эміграцыі міжваеннага часу з Заходняй Беларусі ў пазаеўрапейскія краіны.

                   Калонія “Паляне”. 1934 г.

Мігранты, якія накіроўваліся ў Аргенціну, рассяляліся амаль па ўсёй тэрыторыі краіны, аднак найбольш шчыльная канцэнтрацыя назіралася ў правінцыях Буэнас-Айрэс, Місьёнес, Парана, Чака, Мендоза, Тукуман, Санта Фэ, Рыа Негра, Фармоса, Карыентэс, Кардоба (карта 1).

Яшчэ адной з лацінаамерыканскіх краін, якая прываблівала заходнебеларускіх мігрантаў вялікай плошчай неапрацаванай зямлі і марамі аб жыцці ў дастатку на ўласнай гаспадарцы, была Бразілія. У першай палове 1920-х гг. асноўным месцам прыбыцця заходнебеларускіх мігрантаў стаў бразільскі штат Сан-Паўлу, дзе ім прадстаўлялася праца на плантацыях кавы. У другой палове 1920-х гг. эміграцыя ў Бразілію выдзялялася хуткім ростам маштабаў перасяленняў. Палітыка польскіх улад была накіравана на асваенне новых рэгіёнаў для сельскагаспадарчай эміграцыі. Вынікам настойліва эміграцыйнай палітыкі польскага ўрада з’явілася павелічэнне ў другой палове 20-х гг. ХХ ст. колькасці заходнебеларускіх мігрантаў у Бразіліі.

Карта 1. Эміграцыя заходнебеларускага насельніцтва

ў правінцыі Аргенціны ў 1921–1939 гг.

Паводле звестак польскай афіцыйнай статыстыкі, у 1927–1928 гг. з Заходняй Беларусі ў паўднёвыя землі Бразіліі выехала 857 чалавек (1927 г. – 379, 1928 г. – 478). Найбольшае распаўсюджанне ў 1927–1928 гг. у заходнебеларускім рэгіёне атрымала эміграцыя з Палескага ваяводства, якая складала амаль 60 % ад агульнай колькасці заходнебеларускіх мігрантаў у гэты перыяд у Бразілію. Нізкі паказчык эміграцыі на працягу двух гадоў назіраўся ў Віленскім (11%) і Навагрудскім (7 %) ваяводствах.

Мігранты з Заходняй Беларусі рассяляліся пераважна ў бразільскіх штатах Парана, Сан-Паўлу, Эспірыту-Санту, Рыу-Грандзі-ду-Сул, Мінас-Жэрайс, Санта-Катарына. Усе яны знаходзіліся ў паўднёвай частцы Бразіліі і валодалі тэрыторыямі, прызначанымі для каланізацыі (карта 2).

Пэўнае месца ў заходнебеларускага насельніцтва займала эміграцыя ва Уругвай. З 1923 г. уругвайскія ўлады сталі ажыццяўляць палітыку сельскагаспадарчай іміграцыі. Справа ў тым, што каля 60 % тэрыторыі краіны займалі пашы, а пад сельскагаспадарчымі ўгоддзямі знаходзілася толькі 5 % усёй плошчы. З 1924 г. пачала распаўсюджвацца эміграцыя заходнебеларускага насельніцтва ва Уругвай. Першапачаткова гэта былі адзінкавыя выпадкі перасялення: у 1926 г. з Палескага ваяводства выехала толькі 6 чалавек. Аднак ужо ў 1927 г. з тэрыторыі Заходняй Беларусі выехала 137 чалавек, а ў 1928 г. – 192 чалавекі.

Аднак з часам іміграцыйныя абмежаванні Аргенціны і Бразіліі выклікалі павелічэнні колькасці мігрантаў ва уругвайскім напрамку. У 1930 г. эміграцыя з Польшчы ва Уругвай дасягнула рэкорднага паказчыку і складала 1351 чалавек. З Палескага ваяводства ў 1930 г. выехала ў 6 разоў больш мігрантаў, чым у 1926 г. Так, за 1926–1931 гг. з Заходняй Беларусі выехала 1 309 чалавек, з якіх 55 % складалі мігранты з Беластоцкага ваяводства, 21 % – з Віленскага, 19 % – з Палескага і толькі 6 % – з Навагрудскага. Паводле дадзеных польскай афіцыйнай статыстыкі ў 1926–1938 гг. з тэрыторыі 4-х заходнебеларускіх ваяводстваў ва Уругвай выехала 2 247 чалавек: з Беластоцкага – 1 414 (63 %), Віленскага – 374 (17 %), Палескага – 351 (15 %), Навагрудскага – 108 (5 %).

Наступнай краінай, куды атрымала распаўсюджанне эміграцыя з Заходняй Беларусі ў 1921–1939 гг., быў Парагвай. На працягу міжваеннага перыяду ён з’яўляўся адной з самых адсталых краін на лацінаамерыканскім кантыненце. Сацыяльна-эканамічнае становішча Парагвая не прываблівала прадстаўнікоў еўрапейскай эміграцыі, аднак парагвайскія ўлады планавалі развіць іміграцыю для адраджэння гаспадаркі краіны. Сітуацыя значна змянілася ў сярэдзіне 20-х гадоў ХХ ст., калі хутка выраслі кошты на зямлю ў Аргенціне і Бразіліі. Гэтым фактарам імкнуўся скарыстацца парагвайскі ўрад, які не ствараў перашкод для замежных перасяленняў. Згодна з існуючым іміграцыйнымі прадпісаннямі, абавязковай умовай уезду ў гэтую краіну з’явілася спецыяльнасць імігранта.

Заходнебеларускія мігранты ў Парагваі рассяляліся ўздоўж ракі Альта-Парана. Іх галоўным цэнтрам быў г. Энкарнасьйён (дэпартамент Ітапуа), вакол якога існавалі шматлікія калоніі перасяленцаў, а менавіта: “Фрам”, “Трынідад”, “Хесус”, “Кармэн дэ Парана”, “Капітан Міранда”, “Урусупака” і інш. Характэрнай асаблівасцю эміграцыйных працэсаў з Заходняй Беларусі ў Парагвай з’яўлялася тое, што яны пачаліся толькі ў 30-х гг. ХХ ст. Аднак польская афіцыйная статыстыка пачала фіксаваць мігрантаў толькі з 1937 г. Так, у 1937–1938 гг. з тэрыторыі 4-х заходнебеларускіх ваяводстваў у Парагвай выехала 2 519 чалавек, што складала 29 % ад польскай эміграцыі ў гэтую краіну. Найбольшае распаўсюджанне атрымала эміграцыя з Палескага ваяводства, адкуль выехала ў дадзены перыяд 1 573 чалавекі, у той час як з астатніх ваяводстваў – толькі 946 (з Беластоцкага – 165, Навагрудскага – 759, Віленскага – 22).

Эміграцыйныя хвалі з Заходняй Беларусі былі накіраваны таксама ў Мексіку і Кубу. На працягу 1927–1928 гг. з Заходняй Беларусі ў Мексіку выехала 248 чалавек. Найбольшае распаўсюджанне эміграцыя ў гэтую краіну атрымала ў Беластоцкім ваяводстве – 177 чалавек (Віленскае – 35, Навагрудскае – 27, Палескае – 9). У 1927–1928 гг. з Заходняй Беларусі на Кубу выехала 339 чалавек: з Беластоцкага – 109, з Віленскага – 26, з Навагрудскага – 60 і з Палескага – 144.

У міжваенны перыяд у Перу з’явілася невялікая група заходнебеларускіх мігрантаў, якія для паляпшэння жыццёвых умоў падтрымалі каланізацыйныя планы Польшчы і Перу ў асваенні перуанскіх джунгляў. Аднак рэалізаваць каланізацыйныя планы ў Перу і распаўсюдзіць эміграцыю з Заходняй Беларусі ў дадзеную краіну ні перуанскім, ні польскім уладам так і не ўдалося. На працягу 1921–1939 гг. з заходнебеларускага рэгіёна ў Перу выехала толькі некалькі дзясяткаў чалавек.

Адзінкавыя выпадкі эміграцыі назіраліся ў Чылі і Венесуэлу. Вядома, што на працягу 1926–1928 гг. з Віленскага ваяводства ў Чылі пажадалі выехаць 40 чалавек (з Маладзечанскага – 20, Віленскага павета – 9, Трокскага – 2, Вілейскага – 5, Свянцянскага – 4).

Блізкаўсходні напрамак эміграцыі з Заходняй Беларусі быў прадстаўлены Палесцінай. Асаблівасцю эміграцыі яўрэйскага насельніцтва з Польшчы ў Палесціну з’яўляўся яе каланізацыйны характар. У многім эміграцыя яўрэяў з заходнебеларускіх зямель залежала ад міжнароднай палітыкі Вялікабрытаніі. Непасрэдна механізмам эміграцыі ў Палесціну з тэрыторыі Заходняй Беларусі займаўся Палесцінскі аддзел у Варшаве, які быў арганізаваны пры пасрэдніцтве Польскай сіянісцкай партыі.

На працягу міжваеннага часу вызначальнымі этапамі эміграцыі яўрэяў у Палесціну былі 1924–1926 гг. і 1933–1936 гг. У першым выпадку ўзмацненне хвалі перасяленцаў было выклікана складанай эканамічнай сітуацыяй у Польшчы, фінансавымі рэформамі 1924 г. і фіскальнай палітыкай польскага ўрада, якая характарызавалася стабілізацыяй польскай валюты. Цяжкае матэрыяльнае становішча яўрэйскага насельніцтва, неспрыяльныя сацыяльная і нацыянальная палітыка Польскай дзяржавы прымусіла ў 1926–1938 гг. пакінуць межы Заходняй Беларусі 20 978 тыс. яўрэяў, што складала 25 % ад агульнапольскай яўрэйскай эміграцыі ў Палесціну таго часу (84 953 чал.) (малюнак 2).

Малюнак 2. Яўрэйскія мігранты з Заходняй Беларусі

 ў Палесціну ў 1926–1938 гг.

Найбольш інтэнсіўная эміграцыя яўрэяў з Заходняй Беларусі назіралася ў Беластоцкім і Палескім ваяводствах, адкуль у перыяд з 1926 г по 1938 г. выехала адпаведна каля 9 460 (45 %) і 5 244 (25 %) чалавек, у той час як з Віленскага ваяводства – 3 326 (16 %), а з Навагрудскага ваяводства – 2 948 (14 %) (малюнак 2).

У цэлым, эміграцыя яўрэйскага насельніцтва з тэрыторыі Заходняй Беларусі ў 1920–30-я гг. атрымала небывалы размах. Перасяленчыя рухі ў Палесціну стаялі на другім месцы пасля Аргенціны па колькасці заходнебеларускіх мігрантаў міжваеннага часу. На падставе праведзеных аўтарам падлікаў можна сцвярджаць, што ў 1921–1939 гг. з заходнебеларускага рэгіёна, дзякуючы актыўным намаганням польскіх улад і сіянісцкіх арганізацыях, у Палесціну выехала больш за 25 тыс. яўрэяў. Перасяленне яўрэйскага насельніцтва на гістарычную радзіму, у слаба абжытую мясцовасць з кепскім кліматам і агрэсіўным асяроддзем магло прывабіць толькі дзве катэгорыі патэнцыйных мігрантаў: нешматлікіх фанатычных прыхільнікаў сіянізму і жыхароў, з няўстойлівай і складанай жыццёвай сітуацыяй, якія спадзяваліся атрымаць у Палесціне новае жыццё. У выніку эміграцыйных працэсаў яўрэйскага насельніцтва на гістарычную прарадзіму ў канцы 1930-х гг. нацыянальны склад Палесціны змяніўся на карысць яўрэяў.

У дынаміцы эміграцыі з тэрыторыі Заходняй Беларусі вылучаны 4 перыяды: 1921–1925 гг.; 1926–1931 гг.; 1932–1936 гг.; 1937–1939 гг. У час першага перыяду (1921–1925 гг.) адбывалася фарміраванне заканадаўча-прававой базы эміграцыі і ўтварэнне міграцыйнага апарату. У вызначаны перыяд у афіцыйнай польскай статыстыцы адсутнічаюць дакладныя колькасныя паказчыкі мігрантаў з Заходняй Беларусі. Перасяленне за мяжу ў гэты час насіла нязначны характар. У 1926–1931 гг. назіраліся высокія паказчыкі ў еўрапейскай і трансатлантычнай міграцыі, калі тэрыторыю чатырох заходнебеларускіх ваяводстваў пакінула 89,9 тыс. чалавек, з якіх 61,8 тыс. чалавек выехала ў краіны Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі. Міграцыйныя плыні ў гэты прамежак часу былі найбольш інтэнсіўнымі ў Аргенціну (25,3 тыс. чалавек), ЗША (11,6 тыс. чалавек), Канаду (11 тыс. чалавек), Францыю (19,2 тыс. чалавек). У 1932–1936 гг. назіралася актывізацыя масавага перасялення яўрэйскага насельніцтва ў Палесціну (15 тыс. чалавек) і распаўсюджанне сезоннай сельскагаспадарчай міграцыі ў Латвію з Віленскага (48,3 тыс. чалавек) і Навагрудскага (1,9 тыс. чалавек) ваяводстваў. У 1937–1939 гг. адбылося зніжэнне колькасці мігрантаў, якія выязджалі на пастаяннае месца жыхарства ў краіны Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі, Еўропы, Палесціну. У гэты час Заходнюю Беларусь пакінула 45,1 тыс. чалавек, з якіх 29,6 тыс. чалавек з’яўляліся сезоннымі сельскагаспадарчымі мігрантамі ў Латвію і Эстонію.

Найбольшая колькасць мігрантаў з Заходняй Беларусі на працягу 1921–1939 гг. перасялілася ў Аргенціну. Паводле польскай эміграцыйнай статыстыкі, за 1926–1938 гг. у правінцыі Аргенціны з заходнебеларускіх зямель выехала 31,7 тыс. чалавек: з Беластоцкага ваяводства – 7,9 тыс. чалавек, Віленскага – 7,5 тыс. чалавек, Навагрудскага – 3,9 тыс. чалавек, Палескага – 12,3 тыс. чалавек. Другое месца па колькасці заходнебеларускіх мігрантаў належала Францыі. Найбольш інтэнсіўныя міграцыйныя плыні ў гэтую краіну былі зафіксаваны ў 1926–1931 г., калі з Заходняй Беларусі выехала 19,2 тыс. чалавек. Перасяленне ў Палесціну займала трэцяе месца па колькасці мігрантаў з Заходняй Беларусі: у 1926–1938 гг. з Беластоцкага, Віленскага, Навагрудскага і Палескага ваяводстваў туды выехала 18,9 тыс. чалавек. Асабліва актыўна заходнебеларускія мігранты перасяляліся ў ЗША і Канаду ў 1926–1931 гг. – адпаведна 11,6 і 11 тыс. чалавек (асноўная іх маса паходзіла з Беластоцкага і Палескага ваяводстваў). Меншай па колькасці перасяленцаў з Заходняй Беларусі была эміграцыя ў Бразілію, Уругвай, Парагвай (малюнак 3).

Малюнак 3. Эміграцыя з заходнебеларускіх ваяводстваў

у пазаеўрапейскія і еўрапейскія краіны ў 1926–1938 гг.

Эміграцыя з Заходняй Беларусі была пераважна рабоча-сялянскай і насіла масавы характар. Вербавалі ў асноўным з ліку неадукаваных, фізічна моцных мужчын ва ўзросце ад 16 да 40 гадоў. Такі прафесійны склад беларускіх перасяленцаў сфарміраваў сферы дзейнасці мігрантаў, якія ахоплівалі сельскую гаспадарку, вугальныя шахты, залатыя прыіскі і будаўніцтва чыгункі. Эміграцыя не заўсёды планавалася як пастаянная. Частка людзей разлічвала зарабіць грошы і вярнуцца назад. Аднак на практыцы гэта не заўсёды ўдавалася і большасць тых, хто выехаў за мяжу, звычайна заставаліся там назаўсёды.

Адаптацыя заходнебеларускіх перасяленцаў у краінах іміграцыі была складанай, залежала ад сацыяльна-эканамічных умоў. Многія тэрыторыі былі пазбаўлены меліярацыйных сістэм і знаходзіліся на вялікай адлегласці ад сродкаў камунікацыі. У асноўным адсутнічала механізацыя працы. Ад мігрантаў патрабаваліся значныя фінансавыя рэсурсы для прыстасавання да новых умоў. Складаным для перасяленцаў было жыллёвае пытанне. Нярэдка ім даводзілася жыць у часовых збудаваннях, узведзеных з падручных матэрыялаў.

                   Калонія “Сенатор Корцыя”.

            Дамы для новых мігрантаў. 1928 г.

Складаны клімат новых краін з высокай тэмпературай і вільготнасцю, неадпаведныя санітарна-гігіенічным нормам умовы жыцця і працы нярэдка былі прычынай цяжкіх захворванняў і эпідэмій. Санітарная апека ў сельскагаспадарчых калоніях і медыцынскае абслугоўванне рабочых-мігрантаў знаходзіліся на нізкім узроўні. Працэс псіхалагічнай адаптацыі ўскладняла няведанне мясцовых моў і законаў, адсутнасць элементарных палітычных правоў. Эміграцыя з заходнебеларускага рэгіёну насіла сельскагаспадарчы, прамысловы і абслугоўваючы характар. Мясцовыя прадпрымальнікі няшчадна эксплуатавалі мігрантаў, пастаянна павялічвалі інтэнсіўнасць працы, працягласць працоўнага дня, эканомілі пры будаўніцтве жылля, забеспячэнні аховы працы і сацыяльным страхаванні.

Сярод мігрантаў былі ў асноўным сяляне і рабочыя, якія мелі нізкі ўзровень адукацыі. Толькі ў некаторых краінах, куды выехалі нешматлікія прадстаўнікі інтэлігенцыі, грамадска-палітычныя дзеячы, назіралася арганізаванае грамадскае і культурна-асветніцкае жыццё. Спачатку грамадска-культурная дзейнасць разгортвалася сумесна з польскай, украінскай дыяспарамі, толькі ў пачатку 1930-х гг. яна вылучаецца асобна. У Аргенціне адбываўся цесны кантакт заходнебеларускіх мігрантаў з прадстаўнікамі ўкраінскай эміграцыі, дзе ў 1920-я гг. быў створаны Аргенцінскі саюз беларускіх і ўкраінскіх рабочых арганізацый. У 1930-я гг. былі створаны таварыствы “Беларуская грамада”, “Культура”, “Бібліятэка імя І. Луцкевіча”, “Белавежа”, якія ў 1939 г. аб’ядналіся ў Федэрацыю беларускіх арганізацый у Аргенціне. У Францыі ў снежні 1930 г. быў заснаваны “Хаўрус” – культурна-асветніцкая арганізацыя беларускіх работнікаў. У Чэхаславакіі ў канцы 1923 г. былі ўтвораны беларускія студэнцкія арганізацыі – “Аб’яднанне беларускага паступовага студэнцтва” і “Студэнцкая секцыя пры Беларускай Грамадзе”.

Такім чынам, на фоне сацыяльна-эканамічнае нестабільнасці заходнебеларускага рэгіёна ў 1921–1939 гг. пачала распаўсюджвацца і набіраць абароты масавая эміграцыя насельніцтва. Афіцыйныя польскія ўлады не рабілі перашкод такім эміграцыйным працэсам, а наадварот – спрыялі ім, разглядаючы іх як сродак аслаблення вастрыні зямельнага пытання і змяншэння беспрацоўя. У выніку дзейнасці польскіх афіцыйных улад і сусветных мараходных таварыстваў больш за 200 тыс. чалавек выехалі з Заходняй Беларусі на амерыканскія кантыненты, еўрапейскія краіны і Блізкі Усход.