Беларуская выстава ў Краславе

Беларускае культурна-асветніцкае таварыства “Уздым” (Даўгаўпілс, Латвія) ужо шмат гадоў супрацоўнічае з беларускім таварыствам  “Вясёлка” і знакамітай сярэдняй школай “Varavīksne” г. Краслава. Дзеці школы “Varavīksne” прымалі ўдзел у святочным канцэрце, прысвечаным 20-годдзю беларускай нядзельнай школы “Вясёлка” г. Даўгаўпілса ў кастрычніку 2015 года. А нашы выхаванцы былі ў гасцях на Навагоднім свяце ў школе “Varavīksne”. 

 У гэтым годзе мы прапанавалі арганізаваць выставу самадзейных мастакоў таварыства “Уздым”  у школе  г. Краславы ў рамках дзён Славянскай культуры, якія пачынаюцца 24 мая.

Кіраўніцтва школы з задавальненнем згадзілася правесці гэтае мерапрыемства, прымеркаваўшы яго да чарговага выпуска вучняў факультатыва беларускай культуры.

Факультатыў у школе працуе з 1993 года з ініцыятывы дырэктара Аркадзя Флейшмана.  З 1993г па 2007 гг. факультатыў вяла Святлана Стэльмачонак, потым Н. Курціша, а з 2012 г. - Надзея Тадэлло.

У гэтым годзе факультатыў закончылі 9 вучняў.

Ад таварыства “Уздым” на мерапрыемстве 11 мая прысутнічаў Мікола Паўловіч, які гасцінна быў прыняты кіраўніцтвам школы разам з прадстаўніком Полацкага універсітэта Александрам Андрыеўскім.

З віншавальнымі словамі да дзяцей звярнулася дырэктар школы Людміла Сенчанкова, кіраўніца факультатыва Н. Тадэлло. Дзеці адтрымалі дыпломы аб заканчэнні факультатыва.

Вучні 6а класа Унгурс Унціс і Алівія Кляшчынская, а потым  вучаніца 4б класа Елізавета Карале праспявалі некалькі беларускіх песен. Дзеці выступалі ў прыгожых беларускіх касцюмах і паказалі свой талент.

У сваім выступленні М. Паўловіч расказаў пра мастакоў, карціны якіх былі прадстаўлены на выставе. Таварыства “Уздым” знаёміць школьнікаў і жыхароў г.Краславы з творчасцю прафесійных і аматарскіх мастакоў Анастасіі Сазанковай, Оскара Янсана, Галіны Жэлабоўскай і Надзеі Паўловіч. Асабістыя выставы гэтых  мастакоў адбыліся ў розны час у г. Даўгаўпілсе, г. Рызе, г. Віцебску, г. Браславе.  Г. Жэлабоўская з’яўляецца членам аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар”, а А. Сазанкова і О. Янсан уваходзяць у Латгальскую асацыяцыю мастакоў. Н. Паўловіч вучыцца ў Стакгольме.

Дзецям спадабаліся практычна ўсе карціны, не гледзячы на тое, што яны выкананы ў розных стылях.

Выказваем падзяку за дапамогу ў арганізацыі выставы кіраўніцтву школы,  сябрам  таварыства “Вясёлка” г. Краслава Аляксандру Клімаву і Святлане Стэльмачонак.

Мікола Паўловіч, гісторык-краязнаўца, сябра таварыства “Уздым"