Ва ўкраінскай хаце Караткевіча цяпер жыве ўцякач з Данбасу

Рэпартаж Свабоды зь мясьцінаў Уладзімера Караткевіча ў вёсцы Лісавычы Кіеўскай вобласьці. Праз 60 гадоў пасьля таго, як будучага пісьменьніка разьмеркавалі ў тутэйшую школу.

Вёска Лісавычы раскінулася на прыгорках па абодва бакі мясцовай ракі Катлуй

Украінскія дасьледчыкі біяграфіі і творчасьці Ўладзімера Караткевіча сьцьвярджаюць, што вядомы беларускі пісьменьнік, выпускнік Кіеўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, імгненна пагадзіўся з прапановай камісіі па разьмеркаваньні — паехаць на працу ў вёску Лісавы́чы Тарашчанскага раёну, за 130 кілямэтраў ад украінскай сталіцы.

«Назва — нібыта недзе ў нас на беларускім Палесьсі», — кажуць, менавіта так Караткевіч адрэагаваў на пастанову камісіі. Мясцовыя ж жыхары дагэтуль мяркуюць, што маладога хлопца туды папросту саслалі як нядобранадзейнага.

У жывапісных Лісавычах, дзе жыве каля 1,5 тысячы чалавек, засталіся адзінкі тых, хто памятае Ўладзімера Караткевіча. Уладзімер Білавус, гэтаксама як і ягоны настаўнік, скончыў Кіеўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт, гістарычна-філязофскі факультэт, і ўсё жыцьцё выкладаў філязофію. Кажа, што прафэсію абраў пад уплывам настаўніка. На бацькаўшчыну ён цяпер прыяжджае з Кіева толькі на лета. Але школа, у якой працаваў беларускі пісьменьнік, амаль не зьмянілася.

Школа, дзе працаваў Караткевіч

У драўляным, уцепленым поўсьцю жывёл будынку са стогадовай гісторыяй — некалі тут была яшчэ земская школа — вучыцца каля сотні дзяцей. І ўсе яны ведаюць, што тут калісьці выкладаў беларускі пісьменьнік. Нагадвае пра гэта і памятная дошка на сьцяне школы.

У Доме культуры на другім паверсе — бібліятэка, тут ёсьць дзьве кнігі Ўладзімера Караткевіча: «Дзікае паляваньне караля Стаха» ў перакладзе на ўкраінскую мову і «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» ў арыгінале.

Мясцовы Дом культуры

Загадчыца бібліятэкі Людміла Палішчук кажа, што наведнікі часьцей цікавяцца «Дзікім паляваньнем», і гасьцінна пагаджаецца правесьці карэспандэнта Свабоды па мясьцінах Караткевіча.

Людміла Палішчук, загадчыца мясцовай бібліятэкі

З гісторыяй на «ты»

24-гадовы Караткевіч ужо добра ведаў край, у якім меўся настаўнічаць. Лісавычы з XV стагодзьдзя ўваходзілі ў склад Кіеўскага павету ў Кіеўскім ваяводзтве Вялікага Княства Літоўскага. А пад самай вёскай праходзіў сумнавядомы Чорны шлях, якім у XVI–XVII стагодзьдзях карысталіся крымскія татары для нападаў на Правабярэжную і Заходнюю Ўкраіну, а таксама на Польшчу. Пра гісторыю паселішча Ўладзімер Караткевіч неаднойчы гутарыў са сваім вучнем Уладзімерам Білавусам.

Уладзімер Білавус

— У нас тут каля могілак ёсьць такое ўрочышча, мы яго называлі «стары горад» — Самбір, які яшчэ Яраслаў заснаваў, там і раскопкі вяліся. І вось калі я яму распавядаў пра гэтае ўрочышча, то ён яшчэ больш ведаў. Ён так бліскуча ведаў гісторыю, што як пачне распавядаць, асабліва пра сярэднявечча, то маглі і да сьвітанку заседзецца. Тады я і падумаў — напэўна, пайду на гістарычны факультэт, — згадвае Ўладзімер Білаус. У ягоным дзявятым клясе Ўладзімер Караткевіч выкладаў расейскую літаратуру, а ў малодшых клясах — расейскую мову.

Пэдагог па натуры

Уладзімер Білавус кажа, што настаўнік на сваіх уроках і па-за імі не забываўся і пра беларускую літаратуру. У пацьвярджэньне сваіх словаў бязь цяжкасьці дэклямуе мне на беларускай мове спачатку верш Максіма Танка «Паслухайце, вясна iдзе», а потым і самога Караткевіча — «Гусі-лебедзі ў лугах зялёных».

— Пашанцавала нам на настаўніка, вельмі пашанцавала. Ён нас вучыў паэзіі. Пасьля я чытаў беларускую літаратуру. Іншым разам у інтэрнэце нешта бяру, чытаю. Калі гэта сапраўдная паэзія, то яна абавязкова чапляе.

— А не складана чытаць на беларускай мове?

— Успрыняцьце беларускай мовы дзесьці было закладзена. Кожная мова — асаблівая, але вось «зьвякне» можа быць толькі ў беларускай мове. Я чытаў гэтыя вершы ў перакладзе і на расейскую, але ў перакладах ужо губляецца гэты звон.

Архіўнае фота

— А што вы памятаеце пра Караткевіча — якім чалавекам ён быў, настаўнікам?

— Я яго ведаў ня проста як настаўніка, а як чалавека. Ён сябраваў з маім братам Аляксеем. Яны былі аднагодкамі. Калі Аляксей вярнуўся з войска, яны вельмі хутка пасябравалі. Мы і на рыбалку хадзілі, разам праводзілі час. Ён часта ў нас бываў. Мама заўсёды шкадавала яго, малачком яго частавала. Бо ён кватараваў у незаможных людзей, у невялікай двухпакаёвай хаце. Праўда, у яго там быў асобны пакой, а гаспадары — загадчык клюбу з жонкай і дачкой — жылі ў другім пакоі. У нас ён вельмі часта бываў. Памятаю, як ён заходзіў пасьля школы да нас, у яго быў такі вялікі партфэль. Дык ён ім гучна так шлёпне па стале, сядзе і распавядае. Ён вучыў нас ня толькі літаратуры. Уладзімер Сямёнавіч ведаў шмат славянскіх моў — і баўгарскую, і славацкую, польскую вельмі добра ведаў. Для нас ён быў кумірам, хоць і кажуць — не ствары сабе куміра. Для нас, сельскіх пастухоў, гэта быў чалавек, які цягнуў нас да чагосьці вышэйшага. Ён казаў: «Хлопцы, ідзіце і вучыцеся ня толькі па праграме». Караткевіч быў пэдагогам па сваёй натуры, які мог выкладаць без мэтодык і трымаць увагу сваёй эрудыцыяй. Нельга было яго ня слухаць.

Уладзімер Білавус

— А двоек Уладзімер Сямёнавіч не шкадаваў?

— Я ня памятаю, ці былі гэтыя двойкі... Але хуліганаў не любіў. Аднаго хлопца, які абразіў настаўніцу, дагнаў і добра даў яму кухталёў.

— У савецкі час вучні часта давалі настаўнікам нейкія мянушкі. Як называлі Ўладзімера Сямёнавіча за вочы?

— Не, мянушак у яго не было. Яго ў нас усе звалі Ўладзімірам Сямёнавічам. Праўда, націск у імені ставілі на апошні склад. Размаўлялі пераважна на расейскай мове, а калі трэба было, то ён пераходзіў і на ўкраінскую мову.

У школе, дзе калісьці працаваў Уладзімер Караткевіч. Падчас перапынку

— Пра Беларусь настаўнік вам распавядаў?

— Мы ведалі, што ён зь Беларусі, ён распавядаў, як у гады вайны быў эвакуіраваны ў лягер, калі іх ратавалі ад немцаў. Галоўнае, што я памятаю, ён казаў, і потым я прачытаў гэтую думку ў ягоным рамане «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», — якая цудоўная Беларусь, які мяккі, добры і падатлівы беларускі народ, а на кіраўніцтва не шанцуе. Гэта ж ён і тады так казаў — і пра Беларусь, і пра Ўкраіну. Ён вельмі сьмелы быў для таго часу. На яго нават сакратар Тарашчанскага райкаму Якаб Плецень на адной з нарадаў пэдагогаў, калі ён нешта такое сказаў, прыкрыкнуў: «Мы вас ведаем, вы ў нас пад наглядам». Так і сказаў. То ўвесь час за ім трошкі сачылі, таму што ён пасьля Кіеўскага ўнівэрсытэту сюды трапіў. Тады ж там быў рух шасьцідзясятнікаў.

І чарачку вып’е, і «Лявоніху» станцуе

Лідзія Старажэнка ў сярэдзіне 50-х гадоў працавала загадчыцай Лісавыцкай бібліятэкі. Пачуўшы, што я зь Беларусі, адразу здагадалася, зь якой нагоды сустрэча.

Лідзія Старажэнка

— То пра Сямёнавіча хочаце спытаць?

— Так. Раскажаце?

— Ён сябраваў з намі. Муж таксама ў школе працаваў. А калі ў нас сын нарадзіўся, то абодва стаялі пад радзільняй, а потым сьвяткавалі. Мы і сына назвалі Ўладзімірам у гонар Караткевіча. Калі шчыра, ён трошкі «страляў» за мной, мы так зь ім «Лявоніху» танчылі! Муж раўнаваў, і яны нават з-за гэтага неяк паскандалілі. Але і пасьля таго сябравалі. Пасьля школы ўдваіх прыходзілі на абед. Ужо не прыгадаю, ці прыяжджаў ён яшчэ ў Лісавычы... Але ой, як танчылі «Лявоніху»!

У хаце Караткевіча — перасяленец з усходу

Традыцыйная для цэнтральнага рэгіёну Ўкраіны хата-мазанка, у якой кватараваў Караткевіч

Пасьля вяртаньня ў Беларусь Уладзімер Караткевіч не забываўся пра Лісавычы. Шмат каму ён прысылаў свае кнігі, камусьці дапамагаў зь лекамі, нехта езьдзіў да яго ў госьці ў Воршу.

А ў хаце на лісавыцкай вуліцы Перамогі, дзе кватараваў беларускі пісьменьнік у 1954–1956 гадах, цяпер жыве Станіслаў, перасяленец з Данбасу. Два гады таму ён выехаў са Стаханава Луганскай вобласьці, калі там абвясьцілі гэтак званую ЛНР.