Міхась Казлоўскі прэзэнтаваў зборнік твораў беларускіх піьменнікаў Латвіі

22 красавіка 2016 года Цэнтр  беларускай культуры ў Даўгаўпілсе (Латвія)  правёў прэзэнтацыю  кнігі Пятра Сакола і Валянціны Казлоўскай “Выбраная творы”.

Кнігу прэзэнтаваў вядомы і апантаны даследчык беларускіх кніжных скарбаў Міхась Казлоўскі.

Разам з Сяргеем Панізнікам Міхась ужо некалькі гадоў праводзяць працу па знаходжанню матэрыялаў і друкаванню твораў  малавядомых беларускіх пісьменнікаў. Кнігі гэтых аўтараў вельмі  даўно не перавыдаваліся і маюць вялікую бібліяфільскую рэдкасць.

М. Казлоўскі сказаў, што праца цяжкая, але вельмі патрэбная. Сёння гэтыя перавыдадзеныя творы можна знайсці і прачытаць у бібліятэках і інтэрнеце.

Аўтары зборніка жылі і вучыліся ў Латвіі  ў 20-ых гадах XX стагоддзя. Пад ўплывам адраджэння беларускага руху актыўна пачалі пісаць вершы і апавяданні, якія друкаваліся ў мясцовых выданнях. Такіх як “Ластаўка” (выданне Люцынскай беларускай гімназіі), зборнік “Першы крок” (Рыга), “Школьная праца” (часопіс Дзьвінскай дзяржаўнай гімназіі).

Пад уплывам савецкай агітацыі яны вырашылі выехаць у Беларусь і прадоўжыць там адукацыю. Спачатку ўсё складалася добра, а потым пачаліся рэпрэсіі. Гэтыя аўтары ў росквіце творчых сіл былі арыштаваны і згінулі ў савецкіх засценках. Засталіся ў жывых только некаторыя.

Валянціна Казлоўская, каб уратаваць сваю сям’ю і дзетак, падпісала ўсё, што ёй падсунулі следчыя. Ва ўзросце 31 года згінула бясследна. У 1960 годзе яе  дзецям прыслалі рашэнне суда аб рэабілітацыі, іх маці нічым не вінаватая перад дзяржавай.

Міхась Казлоўскі больш гадзіны вельмі цікава расказваў аб сваіх знаходках, пошуках і планах да выдання новых малавядомых аўтараў.

У заканчэнні вечара Цэнтру беларускай культуры былі падараваны некалькі беларускіх кніг, якія маюць дачычэнне да Латгаліі. Кіраўніца Цэнтра беларускай культуры Жана Раманоўская падаравала госцю сувеніры з тэматыкай горада і некалькі нумароў газеты “Уздым”. Ад таварыства “Уздым” з прывітальным словам і падзякай выступіла Тэрэза Паўлова, падаравала кнігу “Уздым” на пачатку 21 стагоддзя”. Мікола Паўловіч, наш краязнаўца, пазнаёміў Міхася Казлоўскага з сваімі зборамі і калекцыямі на беларускую тэматыку і падараваў некалькі рэдкіх беларускіх выданняў XIX і  пачатку XX стагоддзяў.

На вечары прысутнічалі госці – унучка вядомага гісторыка і педагога Латгаліі Сяргея Сахарава Нона Ахметулаева, сябра таварыства “Вясёлка” Аляксандр Клімаў (Краслава).

На наступны дзень для гасцей Жана Раманоўская і Мікола Паўловіч правялі экскурсію па беларускім мясцінам Даўгаўпілса, пазнаёмілі з крэпасцю.

:

Мікола Паўловіч, гісторык-краязнаўца, сябра таварыства “Уздым”