Як перакладчык зь Нью-Ёрку стварыў фонд «Дзеці Чарнобыля»

Судовы перакладчык Валеры Шчукін зь Нью-Ёрку ўзгадвае ў інтэрвію Свабодзе, як праз чатыры гады пасьля чарнобыльскай катастрофы стварыў першы фонд «Дзеці Чарнобыля».

— Я быў адзіны, украінцы нават не рабілі гэтага. Насупраць ААН у Мангэтане арганізаваў выставу малюнкаў чарнобыльскіх дзяцей, якія мне прывезьлі з Менску. Там ёсьць маленькі сквэрык, і ў мяне там былі дзьве дзяўчыны ў беларускіх нацыянальных спадніцах і кашулях, я нават ня памятаю, дзе іх дастаў. І мы там зьбіралі грошы, дапамогу дзецям Чарнобыля зь Беларусі.

— Што гэта былі за малюнкі, адкуль?

— Гэта былі акварэлі. Іх прывёз старшыня Дзіцячага фонду Ліпскі. Ён потым напісаў пра мяне ў газэце, расьпісаў мяне. Мне было нават сьмешна: вось ідзе гэты амэрыканскі бізнэсмэн па Мангэтану сярод вышынных будынкаў. Я яму казаў потым: які я бізнэсмэн, я толькі перакладчык, проста зьбіраў грошы на лекі, вітаміны, шпрыцы для беларускіх дзяцей, якія пацярпелі.

Выстава каля ААН была толькі адзін дзень. Што дзіўна: да мяне не падышоў беларускі прадстаўнік, толькі ўкраінскі. Перайшоў цераз вуліцу. Паціснуў руку і пахваліў. І кажа сваім людзям: вось нам такую таксама трэба арганізаваць. А чаму, пытаецца, вы беларусам толькі? Я кажу: ведаеце, я даведаўся, што самы першы фонд чарнобыльскі быў арганізаваны ўкраінцамі. І мне стала крыўдна за беларусаў. Прычым я ведаў, хто ім аказваў дапамогу, але гэта быў асобны фонд, для Ўкраіны — Фонд дапамогі дзецям Чарнобыля. Таму я вырашыў зрабіць беларускі. Мы няшмат сабралі грошай тады.

Потым з гэтай выставай я паехаў у Нью-Джэрзі, у Браўнсвік, дзе жывуць беларускія эмігранты. Там беларуская аўтакефальная царква, і быў старэнькі сьвятар. Там таксама была выстава. Была пасьля вячэра. І што мне спадабалася: я ўпершыню тады пачуў беларускі гімн, які быў у 1918–19 гадах, калі была незалежная Беларусь. Ён быў бяз слоў, толькі музыка. Мэлёдыя мне вельмі спадабалася. Але людзі мне здаліся вельмі беднымі, нейкія грашы я сабраў там ахвяраваньняў. Бедныя былі беларусы, не такія, як украінцы.

Мы прывезьлі аднаго хлопчыка зь Беларусі ў Амэрыку, ён цяжка хварэў, на лячэньне. Я ў гэтым прымаў удзел.

— Гэта быў час, калі Беларусь пачала адкрывацца сьвету. Як гэта выглядала са Штатаў?

— Я дапамагаў яшчэ амэрыканскім бізнэсмэнам. У Беларусі ёсьць добрая сталь, яны хацелі б яе купляць. Я ведаў, што мэталюргічны завод прадае сталь у Нямеччыну, але ў амэрыканцаў нічога не атрымалася. Я пісаў лісты туды, тэлефанаваў, але ня выйшла.

Па маім запрашэньні прэм’ер-міністар Кебіч прылятаў у Нью-Ёрк. Мы зь ім затым ляталі на поўдзень самалётам. Мы адкрылі беларуска-амэрыканскі гандлёвы саюз, які на другі дзень і сканаў. Кебіч гаварыў: ну, а што ў нас у Беларусі ёсьць? Лён. Нафта? Глыбока ў зямлі, яе дастаць трэба. І нам самім патрэбна нафта. У нас ёсьць азёры, паветра чыстае. Я кажу: ну як сказаць амэрыканскім бізнэсмэнам — укладайце грошы ў бізнэс у Беларусі, там чыстае паветра і азёры?

Што датычыць сабранай для дзяцей дапамогі, то я прывозіў яе ў Менск. І мяне сустракаў Кічкайла, намесьнік Кебіча. Самае цікавае: Дом ураду, я іду зь вялікімі скрынкамі. Стаіць міліцыянт ля ўваходу: ніякай увагі не зьвярнуў на мяне, я так і прайшоў. Я быў зьдзіўлены: нават не пацікавіўся, што ў мяне ў скрынках.

— Вы жывяце зь перакладу. З кім даводзілася сустракацца ў час працы?

—У мяне перакладчыцкая фірма. Рабіў пераклад кіраўнікам рэспублік, прэм’ер-міністрам. Напрыклад, прэзыдэнтам Казахстану, Украіны. І прэм’ер-міністру Кебічу. Працаваў з мэрам Санкт-Пецярбургу Сабчаком, мэрамі Кіева. Але перакладаў у судах і рускую мафію. Бывала, у першай палове дня перакладаў мэра Кіева, а ў другой ішоў у турму перакладаць бандытаў. Перакладаў таксама балет, музыкантаў, сыну Шастаковіча, сыну Хрушчова. Цяпер ён жыве ў Бостане, лекцыі чытае на палітычныя тэмы. Каб пра гэта сам Хрушчоў ведаў!

Валеры Шчукін скончыў у Менску Інстытут замежных моваў, у ЗША з 1979 году. Удзельнічаў прыблізна ў тысячы працэсаў у якасьці перакладчыка. Яго прыцягвалі, калі разглядаліся справы расейскамоўных людзей, выхадцаў з былога СССР.