Кіраўнік дзіцячага клуба беларускай мовы ў Таронта: “Для маленькіх беларускіх таронтаўцаў гэта не сумныя ўрокі, для іх гэта – жыццё”

З верасня 2015 года ў Таронта пры падтрымцы Згуртавання беларусаў Канады і Беларускай Праваслаўнай Аўтакефальнай Царквы Св. Кірылы Тураўскага пачаў дзейнічаць дзіцячы клуб беларускай мовы і культуры «Размова».

Два разы на месяц дзеці прыходзяць у беларускі цэнтр, каб даведацца пра гістарычную радзіму, навучыцца пісаць і чытаць на матчынай мове, пагуляць з сябрамі.

Кіраўнік клуба - Кацярына Віктаровіч - скончыла Педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка па спецыяльнасці “Беларуская мова і літаратура”. Працавала ў Беларусі з дзецьмі рознага ўзросту і нават з падлеткамі.

"Ідэя пра стварэнне клуба насамрэч належыць бацькам, - гаворыць Кацярына. - Яны казалі, што гэта было б вельмі добра, каб дзеці чулі мову і маглі на ёй чытаць і пісаць. Я проста падхапіла гэтую ідэю і зрабіла такі клуб".

Па словах Кацярыны Віктаровіч, беларуская культура вельмі багатая, яна неабмежавана ў колькасці цікавых тэм, таму дыяпазон тэмаў вельмі шырокі: геаграфія, гісторыя, літаратура, навука, прырода - дзеці ахвотна падтрымліваюць любую прапанову настаўніка. Галоўнае – на занятку паказаць пазітыўнае стаўленне да дзіцячых адказаў. Нічога кепскага няма, калі ў адным сказе дзіця можа выкарыстаць словы з трох моваў: ангельскай, рускай і беларускай.

Дзеці ставяцца да мовы вельмі проста і шчыра, для іх гэта не проста гісторыя бацькоў, але і інтрумент пазнання свету. Так, напрыклад, мы можам “крочыць” па Беларусі, ставіць фізічныя вопыты і казаць пра ролю эмоцый – і гэта ўсё на беларускай мове. Для маленькіх беларускіх таронтаўцаў гэта не сумныя ўрокі, для іх гэта - жыццё. Гэта іх уласны вопыт, гэта тое, што яны бачаць у жыцці, гэта тое, што ім цікава. Таму дэвіз клуба – імкнуцца за інтарэсамі дзяцей у вывучэнні беларускай мовы”, - адзначае Кацярына Віктаровіч.

Педагог упэўнена, што арганізаваць працу з дзецьмі розных узростаў было не складана. Па-першае, дапамагаюць самі бацькі, а па-другое ўрокі распрацоўваюцца з улікам узросту дзяцей. Напрыклад, утрымліваць увагу самых маленькіх вучняў дазваляе хуткі тэмп і змена відаў дзейнасці, а старэйшыя імкнуцца больш да ведаў, лагічных заданняў і фактаў.

“Мы наўмысна аб’ядноўваем дзяцей на асноўнай частцы ў адну групу. Так яны вучацца дапамагаць адзін аднаму і сябраваць. На другой частцы вучні працуюць па падгрупах: “школьнікі” пішуць і чытаюць, знаёмяцца з граматыкай беларускай мовы, а маленькія “зорачкі” ў гэты час слухаюць казку ці малююць,”- кажа педагог.

Яшчэ Кацярына Віктаровіч адзначае, што дзеці натхняюцца мастацтвам, таму ў клубе вучні абавязкова займаюцца і творчасцю: керамікай, аплікацыяй, выцінанкай ці працуюць з саломкай. Пры распрацоўцы ўрокаў педагог карыстаецца такімі вядомымі прафесійнымі часопісамі  як “Вяселка”і “Пралеска”. Прыемна, што з вучэбнымі матэрыяламі дапамагаюць і самі бацькі: беларусы з дому вязуць не грэчку, а беларускія кнігі, падручнікі і нават сшыткі.