Астравецкую АЭС будуюць, Ігналінскую — закрываюць

Пабудаваць Беларускую АЭС каштуе каля 9 мільярдаў даляраў, закрыць аналягічную ў Літве — каля 6 мільярдаў эўра.

Беларуская АЭС, якая будуецца каля Астраўца

У Беларускай АЭС будуць два энэргаблёкі. Першы плянуюць запусьціць у 2018 годзе, другі — праз два гады. Станцыя ствараецца па новым праекце Росатаму — «АЭС-2006», пакуль такія яшчэ нідзе не працуюць.

У дырэкцыі будаўніцтва АЭС запэўніваюць, што рэактар будзе мець новыя ступені бясьпекі, якіх не было на Чарнобыльскай, Ігналінскай атамных станцыях, а таксама ў Фукусіме ў Японіі. І што пры надзвычайным здарэньні «ў рэактарнай залі ўся радыеактыўнасьць застанецца ўнутры абалонкі» рэактару.

Дарожны ўказальнік «Беларуская АЭС»

Цяпер на будаўніцтве працуюць шэсьць тысяч рабочых. Іх дастаўляюць з Астраўца, дзе яны часова пражываюць у пабудаваным для АЭС жылым раёне. На будоўлі ўжо загінулі двое рабочых і двое памерлі ад хваробаў, як тлумачыць кіраўніцтва — схапіла сэрца, было гарачае надвор’е.

Паводле намесьніка галоўнага інжынэра АЭС Уладзіміра Горына, на Астравецкай цяпер 72 спэцыялісты з суседніх краін, якія працавалі на атамных або цеплавых станцыях: 36 з Украіны, 3 зь Літвы, астатнія — з Расеі, у тым ліку і ён сам. Спадар Горын адказвае за падрыхтоўку пэрсаналу.

Уладзімер Горын распавядае журналістам аб будоўлі

Станцыя будзе працаваць у тры зьмены, кожная па восем гадзін. Ствараецца восем працоўных зьменаў спэцыялістаў для абслугоўваньня энэргаблёкаў, зазначыў намесьнік галоўнага інжынэра АЭС. Яны сёньня праходзяць падрыхтоўку на трэнажоры, якія зьяўляецца копіяй пульту кіраваньня блёкам. Паводле разьлікаў, на станцыі атрымаюць працу 2231 чалавек, з улікам усяго пэрсаналу — разам з аховай.

Самыя вялікія пабудовы станцыі — градзірні або ахаладжальныя вежы — для зьмяншэньня тэмпэратуры вады — цеплаабменьніка. З дзьвюх патрэбных адна ўжо пабудаваная цалкам, яе вышыня 167 мэтраў, другая пакуль мае вышыню 42 мэтры. На тэрыторыі станцыі працуе бэтонная вытворчасьць, у вялікім цэху рабочыя рыхтуюць абалонку для рэактараў.

Як плянуецца, АЭС у Астраўцы будзе працаваць 60 год, а за наступныя 40 яе будуць выводзіць з эксплюатацыі. Па дакумэнтах, будаўніцтва зможа акупіцца за 18,5 гадоў.

Пакуль на астравецкай пляцоўцы напоўніцу будуюць АЭС, атамную станцыю з другога боку мяжы — у Літве — закрываюць. Першы яе блёк быў запушчаны ў 1983-м, другі — праз чатыры гады. Ад пабудовы трэцяга з увагі на чарнобыльскую катастрофу адмовіліся, хаця спачатку плянаваўся і чацьвёрты. Станцыя ў свой час лічылася самай вялікай у сьвеце, пабудавалі яе ля самай беларускай мяжы, на беразе возера Дрысьвяты, якое падзеленае паміж Беларусьсю і Літвой.

Ігналінская АЭС

Літоўскі ўрад вырашыў закрыць Ігналінскую АЭС. Першы блёк быў спынены ў 2004-м, другі — празь пяць год. Для адпрацаванага ядзернага паліва побач пабудаваны саркафаг.

Паездку на Ігналінскую і Беларускую АЭС для журналістаў наладзіла арганізацыя «Экапартнэрства». У Вільні ў іх была сустрэча зь літоўскімі спэцыялістамі па энэргетыцы і экалёгіі.

Саркафаг для адпрацаванага паліва побач з Ігналінскай АЭС

Былы кіраўнік Ігналінскага раёну, цяпер дэпутат Эўрапарлямэнту Бронюс Ропэ сказаў, у прыватнасьці, што АЭС цяпер «самая вялікая бюджэтная арганізацыя Літвы», на яе закрыцьцё штогод выдаткуецца 170 мільёнаў эўра.

Спачатку меркавалі, што закрыцьцё станцыі будзе каштаваць 2 мільярды эўра, але ў рэчаіснасьці кошт узьняўся амаль да 6 мільярдаў, зазначыў спадар Ропэ.

Знак на пад’езьдзе да Ігналінскай АЭС у Літве