Прафесар з Прагі, наш сябра

Спаўняецца 85 гадоў ад нараджэння Вацлава Жыдліцкага (16.4.1931 – 19.8.2002) – прафесара Карлава ўніверсітэта, доктара філалогіі, даследчыка чэшска-беларускіх літаратурных сувязяў.

Уладзімір Караткевіч і Вацлаў Жыдліцкі

Сын Яраслава, чэшскага пасяленца на Валыні, нарадзіўся ў сяле Купісаў Турыйскага раёна. Пасля вайны сямя пераехала на сваю гістарычную радзіму. А потым у біяграфіі славутага славіста варта адзначыць і такія прыступкі: філасофскі факультэт Карлава ўніверсітэта, пры кафедры русістыкі – аддзел украіністыкі і беларусістыкі…

А як пачалося захапленне творчасцю беларускіх пісьменнікаў, пра гэта распавёў мне аднойчы сам Вацлаў Яраслававіч: “У свой час я прачытаў верш Максіма Рыльскага “На братняй зямлі”. Пад загалоўкам стаялі словы: “Прысвячаецца беларускім сябрам”. Слова “сябра” мне вельмі спадабалася. Падумалася: калі такое слова прыгожае, то павінна быць прыгожай і мова, маці этага слова. Вось такім быў першы “штуршок” да вывучэння мовы і да даследаваннняў літаратуры беларусаў”.

І як вынік: у 1957-58 гадах публікуюцца першыя пераклады апавяданняў Цішкі Гартнага, Кузьмы Чорнага. Заснавальнік чэшскай беларусістыкі акрамя грунтоўных навуковых даследаванняў пераклаў больш як 30 твораў нашых пісьменнікаў, сярод якіх А. Адамовіч, В. Быкаў, Я. Брыль, У. Караткевіч, А. Карпюк, У. Калеснік, І. Пташнікаў, І. Шамякін… Быў таксама ўкладальнікам паэтычных зборнікаў Янкі Купалы, Максіма Танка, папулярызаваў творчасць М. Багдановіча.

Вячаслаў Рагойша, Максім Танк, Таццяна Кабржыцкая, Фларыян Няўважны (Польшча), Раман Іванычук (Украіна), Вацлаў Жыдліцкі (Чэхія), Іван Шамякін. Міжнародны семінар перакладчыкаў беларускай літаратуры. Дом творчасці "Іслач". Ракаў. Верасень 1987 г.

Наш нястомны сябра стаў адным з заснавальнікаў Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. За сваю вялізную шматграную дзейнасць узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, медалём Францішка Скарыны. У 1966 годзе стаў Ганаровым доктарам і прафесарам БДУ.

Пра энцыклапедычныя веды пражскага прафесара сведчыць і такі факт: у 1966 годзе ён выдаў “Слоўнік пісьменнікаў народаў СССР”, дзе змясціў 143 біяграфічныя даведкі пра беларускіх творцаў. А ў перавыдадзеным  у 1978 годзе томе знаходзім ужо 200 ацэначных характарыстык .

Уладзімір Караткевіч, Вацлаў Жыдліцкі, Алесь Барскі (Баршчэўскі). 10.5.1968 г. Мінск. Фота С. Панізьніка

“Усё пачалося са слова “сябра”, -- так называўся мой допіс пра В. Жыдліцкага, надрукаваны ў газеце “Голас Радзімы” у маі 1971 года. Адзначалася 40-годдзе Вашака, як любіў называць Вацлава Караткевіч. І налета абавязкова ўзгадаем  незабыўнага пражака, бо аніколі анічога не заканчваецца, калі прамаўляецца слова “сябра”.

Сяргей Панізьнік, намеснік старшыні таварыства “Беларусь –Чэхія” пры Беларускім таварыстве дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі