Беларусы Малдовы сумесна зладзілі старажытнае беларускае свята-абрад «Гуканне вясны»

У Бюро міжэтнічных адносін Рэспублікі Малдова 10 красавіка беларусы Малдовы па ініцыятыве грамадскага аб'яднання «Беларускі культурны рух Малдовы» сумесна зладзілі старажытнае свята-абрад «Гуканне вясны». У якасці арганізатараў кансалідавана выступілі пяць грамадскіх аб'яднанняў беларускай дыяспары ў Рэспубліцы Малдова: Беларускі культурны рух Малдовы, Беларуская грамада ў Рэспубліцы Малдова, Таварыства дружбы і супрацоўніцтва «Малдова - Беларусь», Асацыяцыя беларусаў муніцыпія Кішынёў «Беларусь», Таварыства беларускай культуры г. Бендэры.

Як вядома, беларусы гукаюць вясну ў канцы сакавіка - пачатку красавіка, гэта народная традыцыя ў наш час часта супадае са святам Дабравешчання. I мы ў Малдове абралі для фэсту менавіта гэты энергетычна магутны перыяд, каб наша першае сумеснае свята «Гуканне вясны» напоўніла беларускія душы радасцю і аптымізмам, стала добрай традыцыяй як мага часцей рабіць агульныя, яднаючыя нас мерапрыемствы.

Палюбавацца на адзін з самых жыццярадасных беларускіх абрадаў і дапамагчы беларускай дыяспары гукаць прыгажуню вясну прыйшлі прадстаўнікі Пасольства Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Малдова, калегі з рускай, балгарскай, польскай, украінскай дыяспар і шматлікія сябры.

Пра асаблівасці правядзення абраду «Гуканне Вясны» ў Рэспубліцы Беларусь, пра ўжо наяўную традыцыю адзначаць гэта свята беларусамі на малдаўскай зямлі, распавялі актывісты Беларускага культурнага руху Малдовы. Памятаючы пра тое, што «Гуканне Вясны» - светлае, поўнае радасці дзейства, якое дапамагае і дэманструе вясне, дзе і з кім ёй будзе добра, беларускі этнічны тэатр «Куфар», што дзейнічае пры культурным руху, падрыхтаваў маляўнічае вясновае прадстаўленне, каб як след пагукаюць вясну. У святочнай праграме прыняў удзел вакальны хор Беларускай грамады Рэспублікі Малдова «Зорачка», які парадаваў усіх гасцей вядомымі музычнымі кампазіцыямі.

Згодна са старажытнай беларускай традыцыяй «паліць зіму», на тэрыторыі парка Бюро міжэтнічных адносін Рэспублікі Малдова было праведзена сакральнае дзейства – спальванне Марэны – злоснай багіні зімы, хвароб і смерці, якое ачысціла нашы душы і сэрцы ад зімы і ўсіх нягод.

Удзельнікі свята сумесна спявалі песні-вяснянкі, вадзілі карагод, танцавалі, спрабавалі смачныя стравы беларускай кухні, віншавалі адзін аднаго з надыходам вясны, жадалі родным і блізкім людзям здароўя, добрага ўраджаю і дабрабыту! Як і належыць, у гэты дзень панавалі агульныя весялосць і радасць. А яркі прыход сапраўднай юнай прыгажуні-вясны, натуральна, мажорнымі нотамі завершыў свята-абрад «Гуканне Вясны», яднаючы беларусаў Малдовы.