Як ксёндз-паляк зрабіў касьцёл у Вільні цалкам беларускім

Касьцёл Сьвятога Барталамея ў Вільні перадалі беларускай грамадзе яшчэ ў 1997 годзе. Але толькі з 13 сакавіка 2016 году тут пачалі правіць імшу выключна на беларускай мове. Свабода наведала чарговую імшу, якую праводзіць беларускамоўны паляк айцец Арыюш Малыска.

Мы стаялі ля брамы, маліліся, каб нам далі гэты касьцёл

Касьцёл у Зарэччы існуе з 1644 года. Апошні раз перабудоўваўся ў 1824 годзе
 

«Я сюды ўжо доўга не хадзіла, бо тут усё было мешана», — кажа Міраслава Русак, якая стала хадзіць у зарачанскі касьцёл толькі з прыходам беларускамоўнага ксяндза.

Касьцёл Сьвятога Барталамея ў віленскім раёне Зарэчча (Ужупіс) лічыўся беларускім з 1997 году. Але яшчэ месяц таму беларуская мова тут мела толькі ўмоўны статус. Фактычна тут панавала польска-расейскае дзьвюхмоўе. У нядзелю а 10-й гадзіне замест беларускай імшы правілася служба на расейскай мове, а 12-й — па-польску. Часам па-беларуску чыталі «Ойча наш».

83-гадовая спадарыня Русак хадзіла на беларускую імшу пры ўсіх уладах. Па яе словах, у міжваенны час па-беларуску адпраўлялі імшу ў касьцёле Сьвятога Мікалая, які належаў літоўскай грамадзе. У вайну беларускую імшу правіў Адам Станкевіч, ейны дзядзька, у касьцёле Сьвятога Міхала. Але зь вяртаньнем саветаў у 1945 годзе Станкевіча выслалі ў лягеры, і беларуская мова ў віленскім касьцёле змоўкла на паўстагодзьдзя.

«У 1990-я мы стаялі тут ля брамы, маліліся, каб нам далі гэты касьцёл», — узгадвае Міраслава Русак.

Тады ж у 90-м цяперашні арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адслужыў у віленскім катэдральным саборы імшу па-беларуску — згадваюць вернікі. Упершыню пасьля Станкевіча.

На нядзельную імшу зараз прыходзіць каля 30 чалавек

З 1949 году ў будынку касьцёла Сьвятога Барталамея разьмяшчаліся майстэрні скульптараў. У 1997 годзе яго афіцыйна перадалі беларускай грамадзе. Але ўсе 19 год, што касьцёл належыць беларусам, тут дамінавала польская мова.

«Столькі гадоў беларусы ня мелі свайго ксяндза ў Вільні, — кажа Русак. — Бацькі пускалі дзяцей на польскую імшу. Ужо тры пакаленьні не маліліся па-беларуску. І яны ўжо сталі палякамі і ходзяць у касьцёл на польскую імшу».

Ксёндз-паляк, якому беларуская мова па душы

Прызначаны новым пробашчам ксёндз — таксама паляк. За 10 год працы ў Беларусі ён дасканала вывучыў мову. Нават акцэнт ягоны не адразу можна заўважыць.

«Я не беларус, але беларуская мова — яна мне па душы», — кажа айцец Арыюш.

Зь дзяцінства айцец Арыюш Малыска жыў у шматкультурным асяродзьдзі

Ён вырас на поўначы Польшчы ў шматкультурным асяродзьдзі людзей, якімі засялілі былую Ўсходнюю Прусію. З трэцяй клясы ў школе вывучаў украінскую мову, потым сьпяваў ва ўкраінскім ансамблі.

«Навокал жылі ўкраінцы і лэмкі, мы часам хадзілі да іх на грэка-каталіцкія службы. Мы былі вельмі адкрытыя».

Айцец Арыюш служыў у Любліне, вучыўся ў Рыме, а потым паехаў пробашчам у вёску Замосьце на Случчыне. Затым служыў у Маладэчне, дзе будаваў другі гарадзкі касьцёл, і ў Менску.

«Зь беларусамі маю вельмі добры досьвед, — кажа Малыска. — Нават з уладамі. Ня мог ніколі скардзіцца на іх».

Да сакавіка 2016 года айцец Арыюш служыў у Беларусі

У 2015 годзе да арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ад імя віленскіх беларусаў зьвярнуўся арцыбіскуп Віленскі Гінтарас Грушас. Цяпер ордэн капуцынаў, да якога належыць айцец Арыюш, узяўся за беларускую парафію. Пакуль дамова на душпастырства заключаная на адзін год.

«Я вельмі рады, што пакуль атрымоўваецца, — кажа Малыска. — Цяпер нас падтрымліваюць каталікі з Маладэчна й Менску».

 

Цяпер чалавек 30 прыходзіць, але праз паўгода будзе поўны касьцёл

На першую ранішнюю імшу ў мінулую нядзелю ў касьцёл Сьвятога Барталамея прыйшлі каля 30 чалавек. Потым яшчэ дзясяткі два. На польскамоўныя, кажуць, прыходзіла больш.

«Польскай цяпер зусім няма, — кажа Міраслава Русак. — Тыя, што месяц таму прыходзілі сюды на польскую імшу, многія зь іх ужо на беларускую ня ходзяць».

Падобная сытуацыя назіралася і ў Беларусі, дзе польская мова доўгі час лічылася мовай касьцёла. Пры гэтым многія вернікі польскай мовы ня ведалі, і для іх друкавалі малітоўнікі па-польску, але кірыліцай.

«Няма ўстойлівай беларускай традыцыі, — сказаў Свабодзе Валянцін Стэх, сам каталік і старшыня беларускага клюбу „Сябрына“. — І хоць у хаце яны будуць размаўляць па-беларуску, але пойдуць у касьцёл — і хочуць там пачуць польскую мову».

Валянцін Стэх (на першым пляне) падчас пятнічнай імшы

Але тыя, што ўжо стала ходзяць на беларускую імшу, упэўненыя, што з новым ксяндзом касьцёл у Зарэччы стане важнай пляцоўкай для беларускай супольнасьці.

«Зараз чалавек 30 прыходзіць, але праз паўгода будзе поўны касьцёл», — кажа Віктар Ёзас, мясцовы беларус.

Ён і іншыя вернікі спадзяюцца, што менавіта праз айца Арыюша касьцёл стане беларускім. І справа ня толькі ў тым, што ён валодае беларускай мовай. Парафіяне кажуць пра выключнасьць ягоных казаньняў.

«Нам вельмі пашчасьціла з такім ксяндзом, — кажа Ёзас. — У маім жыцьці гэта трэці ксёндз, якога прыемна паслухаць. У яго казаньні ад Бога».

Каб заахвочваць людзей, адкрыем youtube-канал па-беларуску

Толькі афіцыйна сёньня ў Літве пражывае 42,5 тысячы беларусаў. Валянцін Стэх мяркуе, што гэтая лічба прынамсі ў два разы большая, бо многія беларусы-каталікі лічаць сябе палякамі.

«Так павялося, калі беларус — каталік, то ён «паляк», калі праваслаўны — ён «рускі», — кажа Стэх.

Ён і іншыя вернікі спадзяюцца, што менавіта праз айца Арыюша касьцёл стане беларускім. І справа ня толькі ў тым, што ён валодае беларускай мовай. Парафіяне кажуць пра выключнасьць ягоных казаньняў.

«Нам вельмі пашчасьціла з такім ксяндзом, — кажа Ёзас. — У маім жыцьці гэта трэці ксёндз, якога прыемна паслухаць. У яго казаньні ад Бога».

Каб заахвочваць людзей, адкрыем youtube-канал па-беларуску

Толькі афіцыйна сёньня ў Літве пражывае 42,5 тысячы беларусаў. Валянцін Стэх мяркуе, што гэтая лічба прынамсі ў два разы большая, бо многія беларусы-каталікі лічаць сябе палякамі.

«Так павялося, калі беларус — каталік, то ён «паляк», калі праваслаўны — ён «рускі», — кажа Стэх.

Прычына палянізацыі хаваецца ў тым ліку і ў доўгай адсутнасьці беларускіх касьцёлаў у Літве. Падобная сытуацыя яшчэ ня так даўно была ў Беларусі, дзе імша адпраўлялася часьцей за ўсё па-польску. Пры гэтым многія «палякі» ня ўмелі нават чытаць па-польску, і малітоўнікі для іх друкавалі на польскай мове кірыліцай.

Акрамя Вільні беларускамоўнай імшы ў Літве больш нідзе не праводзіцца. Толькі ў Сьвянцянах, што на літоўска-беларускім памежжы, ксёндз спрабуе весьці службу па-беларуску.

Арганістка Марыя Карповіч — беларуская студэнтка ў Вільні

Таму ў беларускай грамады Вільні вялікія чаканьні ад новага касьцёла. Валянцін Стэх лічыць, што для ягонай папулярызацыі варта было б праводзіць тут беларускія імпрэзы.

«Вельмі істотна мець пад дахам гэтага касьцёла рэлігійна-культурны цэнтар, дзе б маглі ня толькі маліцца, але й праводзіць мерапрыемствы, — кажа Стэх. — Захаваньне касьцёла за беларускай парафіяй надзвычай цяжкае для нас».

Новых вернікаў тут плянуюць знайсьці й сярод студэнтаў Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэта. Пакуль толькі некалькі наведваюць касьцёл Сьвятога Барталамея. Але неўзабаве айцец Арыюш мае правесьці зь імі сустрэчу.

«Збудаваць хрысьціянскую супольнасьць беларусаў, напэўна, будзе складана, — кажа ён. — Таму мы зьбіраемся адкрыць youtube-канал па-беларуску. Такім чынам будзем заахвочваць людзей».