In memoriam. Памяці Ніла Гілевіча

Увечары 29 сакавіка пайшоў з жыцця Народны паэт Ніл Сымонавіч Гілевіч. На сумную вестку пісьменнік Сяргей Панізьнік адгукнуўся жалобным вершам.

Верш

     Да галінак вясны Ніла Гілевіча

Ніл Сымонавіч! Я ўкленчу перад Марай — той зямлёй, дзе жылі б адной сям’ёй. Згадвалі Вы: край наш — з енчу: браць бы поручню-парэнчу, мы ж махалі аглаблёй.

— Раць збіраць! — не ўсе крычалі. — У паход! — не ўсе гулі… І нас бэсцілі, знішчалі. …Даастатку не змялі з нашай роднае зямлі.

Так! Мы будзем, будзем. Будзем! Толькі ж цені крывічоў не дадуць сваіх мячоў. На рушэнне ці палюддзе знойдзем новых трубачоў.

Ніл Сымонавіч! На голле прывілі Вы вочкі слоў. Давялі Вы да галоў: спее сведамая Воля — весняй нацыі улоў.

Сяргей Панізьнік