Беларускае слова гучала на Фестывалі моў на Палтаўшчыне

Ад сэрца да сэрца – слова. Слова шчырае, мудрае, узнёслае. Ужо восьмы раз запар у канцы лютага на Палтаўшчыне (Украіна) адбываецца фестываль моў. Традыцыйна арганізатары аб’ядноўваюць гэтае свята з міжнародным днём роднай мовы.

Так што адзначаюць яго не толькі ўкраінцы, а і прадстаўнікі розных нацыянальнасцей, якія жывуць ва Украіне. Гэта цудоўная нагода пабачыць шматнацыянальнае барвістае поле кветак, дзе кожная кветка ўпрыгожвае, надае непаўторнасць вялікаму полю украінскай культуры.

На фестывалі моў. Першая справа - Іна Снарская.

Ініцыятарам свята 8 год таму выступіў Палтаўскі інстытут паслядыпломнай педагагічнай асветы. Ідэя спадабалася настаўнікам, яе з радасцю падхапілі ў раёнах. З таго часу фестываль моў вандруе Палтаўшчынай. У гэтым годзе фестываль прымала мястэчка Чутава, што на мяжы з Харкаўскай вобласцю. Яго называюць усходнімі варотамі Палтаўшчыны. Акрамя ўкраінцаў на чутаўскай зямлі знайшлі сваю другую Радзіму армяны, палякі, рускія, малдаваны, цыганы, прадстаўнікі іншых народаў. Жыве тут і 150 беларусаў.

У Чутаўскай школе гасцей сустракалі песнямі, танцамі, вершамі, частавалі смачнымі стравамі нацыянальных кухань, традыцыйнымі ўкраінскімі варэнікамі. Гасціннасць – адна з рыс, якая аб’ядноўвае многія народы, у тым ліку беларусаў і ўкраінцаў.

2016-й год ва Украіне аб’яўлены годам англійскай мовы, мовы міжнароднай камунікацыі. Вучні разам з педагогамі падрыхтавалі цудоўны канцэрт, падчас якога ўдзельнікі фестывалю павандравалі Лонданам, перанесліся ў амерыканскыя прэрыі, пакаштавалі смачных духмяных пернікаў з надпісамі-пажаданнямі па-англійску.

Асобнай старонкай свята была сустрэча вучняў, педагогаў, жыхароў раёну з пісьменнікамі, сярод якіх была Іна Снарская-Дзідык, член Саюзу беларускіх пісьменнікаў і Нацыянальнай суполкі пісьменнікаў Украіны, журналіст, сябра Вялікай Рады ЗБС “Бацькаўшчына”. З яе вуснаў гучала як родная беларуская мова, так і ўкраінская, якой яна актыўна карыстаецца штодня ў сваёй прафесійнай дзейнасці. (Ужо 17 год Іна працуе на абласным тэлебачанні “Лтава”). Варта адзначыць, што Іну Снарскую, як прадстаўніцу беларускай дыяспары ва Украіне, вядомую паэтку, запрашаюць на кожны фестываль моў. Людзі жадаюць пачуць у першую чаргу яе вершы па-беларуску, бо беларускае слова ў выкананні Іны гучыць асабліва мілагучна і ўзнёсла.