У Вільні адбылася прэзентацыя кнігі “Беларусы ў Літве: учора і сёння. Да Бога па-беларуску”

18 лютага 2016 года ў Вільні ў бібліятэцы Урублеўскіх адбылася прэзентацыя кнігі А. Адамковіча “Беларусы ў Літве: учора і сёння. Да Бога па-беларуску”. Прамаўлялі аўтар кнігі, рэдактар кнігі Лілія Плыгаўка (Літоўскі эдукалагічны ўніверсітэт, Цэнтр беларускай мовы, літаратуры, этнакультуры), Людвіка Кардзіс (дырэктар Музея братоў Луцкевічаў), рэцэнзент кнігі Казімерас Гаршва (Інстытут літоўскай мовы), а. Павел Яхімец (парах грэка-каталіцкай царквы Св. Тройцы ў Вільні). Мерапрыемства праводзіла загадчыца аддзела камплектацыі бібліятэкі Урублеўскіх Інга Берулене.

Другая кніга з серыі „Беларусы ў Літве: учора і сёння“ прысвечана праблемам і розным аспектам беларускага рэлігійнага жыцця ў міжваеннай Вільні і ваколіцах. Тады, у першай палове ХХ ст., рэлігійны складнік быў надзвычай важным элементам у жыцці і функцыянаванні грамадства. Таму, зразумела, што падчас беларускага адраджэння значная роля адводзілася і беларусізацыі рэлігійнага жыцця нацыі. На жаль, па шматлікіх прычынах, перадусім палітычных, шырокага распаўсюджання беларусізацыя не атрымала. Але ў той жа час яна была адным з чыннікаў, які дапамагаў беларусам усведамляць сваю тоеснасць, свае карані і разумець, што яны не рускія і не палякі і маюць права на сваю мову ў рэлігійным жыцці.

У першым шэрагу (другі злева) аўтар кнігі Алесь Адамковіч

У другой частцы змешчаны інтэрв’ю з асобамі, якія ўдзельнічалі ў беларускім рэлігійным жыцці ў Літоўскай Рэспубліцы на мяжы ХХ–ХХІ ст.ст.

Выданне адрасавана навукоўцам, выкладчыкам, студэнтам, краязнаўцам і ўсім тым, хто цікавіцца гісторыяй беларусаў за межамі сучаснай Беларусі.

Лілія Плыгаўка