Нясвіжскі след Скарлет Ёхансан

Яе продак — шавец Барух Ходаш з вуліцы Глухой.

Той, хто цікавіцца сучасным папулярным кіно, не можа не ведаць Скарлет Ёхансан. З дзевяці гадоў пад прыцэлам кінакамер, зорка фільмаў Вудзі Алена і Крыстафера Нолана, шматразовая намінантка на «Залаты глобус»…

Да таго ж — драматычная актрыса на брадвейскай сцэне, а таксама поп-спявачка. Ёхансан— сэкс-сімвал сучаснага Галівуда, часопіс Esquire у 2006 і 2013 абіраў Скарлет самай прыгожай жанчынай свету.

У яе жылах злілася нардычная дацкая кроў вікінгаў па мячы і габрэяў-ашкеназаў па кудзелі. У інтэрв’ю Ёхансан згадвала, што яе габрэйскія продкі паходзяць з-пад нейкага Мінска, які ці то ў Польшчы, ці то ў Расіі. «Было б выдатна туды з’ездзіць, але мне не хапае на гэта часу»,— заявіла актрыса на прэм’еры фільма «Мсціўцы». Аднак насамрэч ехаць ёй трэба не ў Мінск. Напрацоўкі па габрэйскай генеалогіі сведчаць, што яе прадзядуля адправіўся заваёўваць Амерыку са славутага Нясвіжа.

У пачатку ХХ ст. у Нясвіжы, горадзе Слуцкага павета, жыў Барух Ходаш. Ён меў уласны драўляны дамок на вуліцы Шпітальнай (якая ў савецкі час стане вуліцай Пушкіна). Вуліца хоць і не цэнтральная, але выгадная: побач галоўны «праспект» Нясвіжа з крамамі і кавярнямі ды разнастайнай публікай, з іншага боку — цэнтр габрэйскага жыцця, «Школьны двор» з пяццю сінагогамі. У Нясвіжы жылі і іншыя Ходашы, але ці былі яны сваякамі — сказаць цяжка: прозвішча «Ходаш», аналагічнае нашаму «Новік», не было рэдкім.

Пазней Барух з нейкіх прычынаў пераехаў: у 1920-я ў нясвіжскіх даведніках згадваецца шавец Б.Ходаш, у якога замаўлялі чаравікі нясвіжскія паненкі. Яго хату з майстэрняй можна было знайсці на вуліцы Глухой (цяпер носіць гордае імя Францішка Скарыны). Назва добра характарызуе гэтую і сёння ціхую вулачку, размешчаную, аднак, за пару дзясяткаў крокаў ад Рынкавай плошчы.

Цяжка сказаць, ці квітнеў яго бізнэс, бо ў маленькім Нясвіжы шавец Ходаш меў з дзясятак канкурэнтаў. Так ці інакш, сын Баруха Іцхак зрабіў па прыкладзе многіх выхадцаў з небагатых габрэйскіх шматдзетных сем’яў таго часу — выправіўся шукаць шчасця за акіян, у далёкую казачную Амерыку.

Іцхак Ходаш нарадзіўся ў 1898-м, хутчэй за ўсё, яшчэ на Шпітальнай. За польскім часам ён пакідае радзіму разам са сваёй жонкай Ханнай.

У той час найбольш адважныя габрэі ўжо выпраўляліся на зямлю продкаў — у Палесціну. Ехалі туды і землякі Ходаша: перасяленцы з Нясвіжа і Ляхавіч нават заснавалі сваё паселішча — кібуц Дганія-Бэт у Галілеі. Аднак пераезд туды вымагаў падрыхтоўкі, гатоўнасці да цяжкай працы на скупой зямлі, напружанага жыцця ў варожым арабскім атачэнні. Не дзіва, што Іцхак выбраў больш традыцыйны кірунак, якім ужо скарысталіся тысячы выхадцаў з Беларусі самага рознага паходжання.

Маладая пара пасялілася ў Нью-Ёрку, у Брукліне. Трэба адзначыць, у той час у Нью-Ёрку атабарылася нямала выхадцаў з Нясвіжа, якія нават мелі сваё таварыства. Як гэта часта бывала, муж і жонка пачалі новае жыццё пад амерыканізаванымі імёнамі: Іцхак назваўся Ізідорам, а Ханна — Аннай. Аднак амерыканцамі яны так да канца і не сталі: дома гаварылі, як і ў Нясвіжы, на ідыш, нават дзецям давялося засвойваць англійскую мову ад сяброў.

Ізідор уладкаваўся рабочым на гарбарную вытворчасць, дзе вылучыўся як прафсаюзны дзеяч. У суровых рэаліях капіталізму амерыканскія прафсаюзы займаліся зусім не раздачамі пуцёвак— гэта была цяжкая і нервовая дзейнасць, часта ў канфлікце з працадаўцамі і дзяржаўнымі органамі, што падазравалі прафсаюзы (і часта небеспадстаўна) у супрацы з СССР.

Неўзабаве ў Ходашаў нарадзілася дачка — Дораці, за ёй народзяцца яшчэ сястра і брат. Артыстычная Дораці з дзяцінства марыла стаць актрысай. Яна была зоркай школьных і студэнцкіх тэатральных выступленняў, аднак яе ўзыход быў перарваны суровымі жыццёвымі абставінамі. Цяжка хварэе і памірае ў 1945 тата. Каб дапамагчы маці з малодшымі дзецьмі, Дораці забываецца пра свае мары і ўладкавалася на завод металургічных вырабаў, дзе працавала да замужжа. Аднак цвёрды эмігранцкі характар узяў сваё: пасля замужжа і нараджэння дзіцяці Дораці (ужо не Ходаш, а Слоан) працягнула адукацыю, вывучала псіхалогію і педагогіку, а пасля працавала настаўніцай. І тут дачку нясвіжцаў, як і ўсё амерыканскае грамадства 1960-х, ахапіла прага перамен.

Прыклад бацькі — прафсаюзнага барацьбіта, а таксама уплыў пашыранага сярод тагачаснай заходняй моладзі левага рамантызму паклікалі Дораці змяніць жыццё. Яна вырашае пажыць у Даніі — яе зацікавіла сацыяльная мадэль краіны. У Данію Дораці пераязджае з сямнаццацігадовай дачкой Мелані. І Мелані знаходзіць тут свой лёс, у асобе архітэктара Карстэна Ёхансана, будучага мужа. Амерыканкі так і не атрымалі дацкага дазволу на працу, Карстэн і Мелані, а пасля і хворая Дораці, вяртаюцца ў Нью-Ёрк. Тут з’явіліся на свет іх чацвёра дзяцей, сярод якіх — народжаная ў 1984 знакамітая Скарлет, якая з размахам рэалізуе бабуліну мару аб акцёрскай кар’еры.

Што ж сталася з нясвіжскімі продкамі і сваякамі знакамітай актрысы? У спісах ахвяр Халакосту ў Нясвіжы Баруха Ходаша няма (імаверна, не дажыў стары шавец да жахаў Другой сусветнай), але іншыя нясвіжскія Ходашы (яго дзеці і ўнукі?) загінулі ад рук нацыстаў. Цяжка сказаць, ці падчас масакры восенню 1941-га, калі ў адзін дзень у радзівілаўскім парку і на сноўскай дарозе было забіта больш за 3000 нясвіжскіх габрэяў, ці бралі ўдзел у адчайнай спробе паўстання ў Нясвіжскім гета ў ліпені 1942-га. Тымі трагічнымі падзеямі скончылася чатырохсотгадовая гісторыя габрэйскага Нясвіжа, аб якой нагадваюць адно нешматлікія мемарыяльныя знакі, старыя хаты і камяніцы, якіх застаецца ўсё меней, ды рэдкія госці — нашчадкі эмігрантаў, якіх некалі расцерушыла па ўсім свеце…