У Даўгаўпілсе адзначылі 95-годдзе з Дня нараджэння Івана Мележа

“На мінулым  тыдні па ўсёй Беларусі і далёка за яе межамі ўспаміналі імя нашага земляка, народнага пісьменніка Беларусі Івана Паўлавіча Мележа у сувязі з яго 95-годдзем з дня нараджэння” – такімі словамі пачала імпрэзу старшыня таварыства «Уздым» Людміла Сінякова.

12 лютага 2016 года беларускае культурна-асветніцкае таварыства «Уздым» правяло літаратурны вечар, прысвечаны гэтай знакавай  падзеі.

Літаратурная вечарына пачался з выступлення ансамбля Цэнтра беларускай культуры  «Пралескі» (мастацкі кіраўнік Анастасія Малышава), які выканаў беларускія народныя песні “Ружа-кветка” і “А у садзе рэчанька”.

З прывітальным словам да прысутных звярнуўся консул Генеральнага консульства Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе Дзмітрый  Канстанцінаў, адзначыўшы, што творы Івана Мележа – гэта вялікі ўклад у скарбонку беларускага народа.

Аркадзь Немінушчы - доктар філалогіі, прафесар, выкладчык кафедры славістыкі і русістыкі Даўгаўпілскага універсітэта, зрабіў кароткі агляд творчасці пісьменніка. Ён зазначыў, што вывучаць літаратуру неабходна на той мове, на якой піша аўтар, паколькі ў перакладзе губляюцца многія нюансы твора. А. Немінушчы паведаў нам цікавыя факты з жыцця пісьменніка.

Іван Мележ стаў знакамітым пасля выхаду ў свет трылогіі «Людзі на балоце», па матывах якой рэжысёрам Віктарам Туравым быў пастаўлены аднайменны фільм.

На вечарыне прысутныя глядзелі фрагменты гэтага фільма, вялі размову аб галоўных героях: Васілю Дзятліку і яго каханай, прыгажуні Ганне Чарнушцы, аб жыхарах палескай вёскі Курані.

Што мог ведаць Мележ аб часе, які так маляўніча і эмацыянальна апісаў у трылогіі? Магчыма, яму дапамаглі расказы яго дзеда.

Іван Мележ паказаў усяму свету, хто такі беларус, як ён шануе свае абрады і традыцыі ў асобнай «адрэзанай» ад свету беларускай вёсцы.

Вядучая вечарыны Таццяна Бучэль (член таварыства «Уздым», магістр філалогіі, бібліятэкар) прапанавала паслухаць, як гучаць урыўкі з твораў Мележа на рускай і беларускай мовах. І ўсе пагадзіліся, што гучанне на беларускай мове ярчэўшае, больш магутнае.

Свае любімыя ўрыўкі з твораў «Людзі на балоце» прачыталі Вольга Паўловіч (намеснік старшыні таварыства «Уздым»), Яўгенія Гуляева (член таварыства «Уздым», наш культуролаг, літаратуразнаўца).

У выканні Зінаіды Сіліні (члена праўлення беларускага таварыства “Уздым”) прагучала любімая песня Івана Мележа “Каля грэблі шумяць вербы…”

З верша Ніла Гілевіча, прысвечанага апошняму творчаму вечеру Івана Мележа, які прачытала Л. Сінякова, мы даведаліся, як даражыў пісьменнік сваімі землякамі, глінішчанамі. На гэты вечар ён запрасіў хор з роднай вёскі, які таксама выканаў беларускія народныя песні, мілыя сэрцу класіка беларускай літаратуры…

Выказваем падзяку Цэнтру беларускай культуры за тэхнічную падтрымку ў арганізацыі вечарыны.

Матэрыял падрыхтавала:

Людміла Сінякова, старшыня таварыства “Уздым”