Ананіч: Выданне беларускамоўных кніг набірае абароты

Міністэрства інфармацыі адзначае рост цікавасці да беларускамоўнай літаратуры — за 2015 год агульны тыраж выданняў на беларускай мове вырас на 17%, паведаміла на прэс-канферэнцыі 8 лютага ў Мінску міністр інфармацыі Лілія Ананіч.

Паводле яе слоў, у мінулым годзе было выдадзена больш за 10,2 тысяч найменняў кніг і брашур. «Нягледзячы на тэндэнцыю зніжэння цікавасці да чытання, Беларусь па колькасці найменняў выдадзеных кніг не так шмат згубіла, — крыху больш за 10%. А сукупны кніжны тыраж знізіўся на 30%», — сказала Ананіч. Гэта сведчыць аб тым, што выдавецкія арганізацыі сталі праводзіць «больш узважаную палітыку».

«Беларускамоўная кніга набірае свае абароты, і мы павялічылі наклады такіх кніг на 17%, — адзначыла міністр. — Гэта агульная тэндэнцыя — рост цікавасці да тэмы нацыянальнай кнігі, гэта якраз тое, што і павінна адрозніваць нацыянальнае кнігавыданне. Увага да праектаў гістарычнай тэматыкі, праектаў, звязаных з нацыянальнай культурай, да выданняў класікаў і сучасных пісьменнікаў — усё гэта запатрабавана ў грамадстве і дзяржаве».

Ананіч паведаміла, што ў 2015 годзе з бюджэту дзяржавы на выданне сацыяльна значнай літаратуры было выдзелена больш за 23 млрд рублёў. За гэтыя сродкі выходзілі ў тым ліку кнігі, напісаныя шрыфтам Брайля, выданні, прымеркаваныя да 70-годдзя Перамогі над фашызмам, а таксама літаратура прадстаўніцкага характару.

«У рамках праграмы «Беларусы ў свеце» мы змаглі ўкамплектаваць 30 бібліятэчак беларускамоўных кніг сучасных і класічных аўтараў і накіраваць іх у беларускія дыяспары замежжа», — сказала яна.

Па словах міністра, літаратура Беларусі актыўна прасоўваецца ў іншых краінах. Так, напрыклад, сёлета ў адной з найстарэйшых кнігарняў Расіі — «Кніжнай лаўцы пісьменнікаў» у Санкт-Пецярбургу — з'явіцца аддзел беларускай кнігі.