Франкамоўная беларусіка лонданскай Скарынаўкі

Акрамя нечаканай знаходкі друкапісу раману, напісанага невядомым беларусам па-французску, у нетрах лонданскай Скарынаўкі знаходзяцца і іншыя цікавосткі па-французску пра Беларусь.

Франкамоўная беларусіка досыць прыстойна прэзентаваная ў фондах бібліятэкі і ахоплівае творы, артыкулы, што з’яўляліся ад ХІХ стагоддзя да цяперашняга часу.
 

Здаецца, больш поўныя фонды франкамоўнай беларусікі лагічней было б шукаць у Францыі ці Бельгіі, але адзначым адразу, што ў тамтэйшых славістычных цэнтрах і бібліятэках беларусіка раскіданая і не сабраная ў адно. Тое-сёе, дарэчы, з франкамоўнай беларусікі можна знайсці ў мінскай Нацыяналцы (працы Рэнэ і Антуана Мартэляў, напрыклад), але па ідэалагічных матывах, а яшчэ, канечне, проста праз адсутнасць інтарэсу да тэмы, гарманічнай і поўнай калекцыі так і не склалася.

Таму вельмі зручна і дасюль актуальна ехаць проста ў Лондан, каб папрацаваць з франкамоўнымі тэкстамі па гісторыі, палітыцы і культуры Беларусі. І калі беларусам такая прапанова малацікавая, яна адрасуецца хутчэй цяперашнім франкафонам.

З усяго масіву беларусікі па-французску вымалёўваюцца наступныя пласты:

1. Выданні пра Беларусь, пра беларускую тэму, напісаныя французскімі, бельгійскімі ці іншымі франкамоўнымі аўтарамі (Р. Мартэль, М. Жабэр, А. Мартэль, Я. Сяменскі і іншыя).

2. Выданні беларусаў па-французску (пераклады працаў Доўнар-Запольскага, тэксты Л. Рыдлеўскага, Я. Менскага, К. Акулы).

3. Перыёдыка («La Nation Géorgienne», «Bulletin» ці больш новыя «Perspectives biélorussiennes»).

4. Пераклады з французскай мовы на беларускую і наадварот.

5. І апошні вельмі цікавы і маладаследаваны пласт — эпісталяршчына, справаздачы, мапы па-французску.

Няма ані сэнсу, ані часу падрабязна спыняцца на ўсіх адзінках на сёння такой экзатычнай — франкамоўнай — беларусікі. Тым не менш, варта пазначыць актуальнасць і карыснасць многіх даследаванняў, зробленых франкафонамі ў «беларускім пытанні». Таксама неабходна разумець каштоўнасць гэтага пласту беларусікі, бо ў канцы ХІХ — першай палове ХХ стагоддзя свет размаўляў, пісаў па-французску, змагаўся і даводзіў свае думкі таксама праз пасярэдніцтва французскай мовы. А таму гэты этап і дадзены пласт беларусікі нясе ў сабе часам рэдкую і каштоўную інфармацыю, а таксама свед­чыць аб тым, што стасункі паміж беларусамі і французамі, бельгійцамі, швейцарцамі ці квебекцамі-канадцамі развіваліся здаўна, нават тады, калі не існавала беларускай дзяржавы.

Так, ужо проста праз аналіз назвы, якую даваў франкамоўны свет Беларусі, можна пабачыць інтэнсіўнасць, а часам і напружанасць, ідэалагізаванасць адносінаў, якія звязвалі нас з Захадам, франкамоўным Захадам у прыватнасці.

З улікам таго, што сёння незалежная Беларусь, як, дарэчы, і Захад, цалкам ігнаруюць той досвед кантактавання, яшчэ цікавей даведацца пра забытыя адносіны.

Так, першапачаткова франкамоўны свет ведаў нас пад назвай la Lituanie альбо la Russie lituanique, потым нас называлі la Russie Blanche, la Ruthénie, la Ruthénie blanche, la Biélorussie, зноў la Russie Blanche. Пасля Другой сусветнай вайны замацавалася назва la Biélorussie (Беларусія). І толькі нядаўна з набыццём незалежнасці для некаторых франкафонаў мы сталі le Bélarus (Беларусь).

Францыя — у адрозненне ад Бельгіі, Швейцарыі ці Канады — працягвае па русафільскай традыцыі і інерцыі называць нас la Biélorussie. Аанаўская франкафонія разам з Канадай прынцыпова стаяць за le Bélarus. За гэтым пэўным канфліктам у прэзентацыі назвы нашай краіны стаіць забытая і ўпартая барацьба.

У 1930-я гады, і асабліва пасля Другой сусветнай вайны, калі сотні тысяч (калі не мільёны) беларусаў апынуліся па-за межамі Беларусі, у Францыі ў прыватнасці, тамтэйшая дыяспара вяла сур’ёзны бой за назву, за тое, каб беларусаў не запісвалі рускімі, палякамі ці пазней савецкімі грамадзянамі.

Леў Гарошка, адзін з лідараў беларускай дыяспары Францыі, разам з Міколам Абрамчыкам пісалі процьму лістоў у міністэрствы, у прэсу, абапіраліся на дапамогу Ватыкану, Касцёлу ў Францыі і дамагліся, каб беларусаў з Польшчы і СССР запісвалі беларусамі. Але ўмяшанне савецкай амбасады, празмернае і часам сляпое русафільства французскіх элітаў і, канечне, асіміляцыя ды знікненне беларусаў у Францыі прывялі да таго, што паступова змаганне за назву згубіла сэнс, і нас зноў пачалі называць і запісваць рускімі, палякамі, савецкімі ці ўкраінцамі. А самі змагары-актывісты дасюль застаюцца малавядомымі ў Беларусі, ці зачастую сумна- ці чорнавядомымі, дыскрэдытаванымі і змяшанымі з калабарантамі ды «заходнікамі».

Многія цяперашнія беларусы едуць у Парыж ці Брусэль як цалкам «новая нацыя», сілячыся патлумачыць Захаду пэўную ўласную спецыфіку і наогул давесці, дзе тая Беларусь. Але бальшыня беларусаў нічога нікому не даводзіць, а едуць на Захад як расіяне, як савецкія людзі.

І тым не менш, былі на франкамоўным Захадзе асобы, якія цікавіліся Беларуссю, рэгіёнам, і якія даводзілі ў сваім свеце, што ёсць такая краіна — Беларусь. Тэксты многіх такіх адважных франкамоўных асобаў захоўваюцца ў Скарынаўцы. Мусіць, надышоў час вяртання з нябыту піянераў франкамоўнай беларусікі.

Антуан Мартэль

Каго з іх варта першым вяртаць з нябыту? Мяркую, варта пачаць з Мартэляў — Рэнэ і Антуана, якія стаялі на самым золку франкамоўнай беларусікі. Яны — не браты і нават не родныя, у іх проста падобнае прозвішча.

Пачнём з Антуана Мартэля, паланіста, русіста, украініста і, канечне, беларусіста, хоць праз стрыманасць ды малаамбітнасць беларусы не ведаюць яго, а калі і ведаюць, то не лічаць за даследніка беларускай тэмы. А гэта пры тым, што Антуан Мартэль крытычна і слушна адказаў на такое пытанне: «Чаму ж заняпала старабеларуская мова?»

Малады і перспектыўны французскі славіст-мовазнаўца хрысціянскага натхнення (1899–1931), аўтар анталогіі ўкраінскай літаратуры, манаграфіі пра Ламаносава і станаўленне рускай мовы, а таксама манаграфіі, прысвечанай польскай мове на рутэнскіх землях (Беларусі і Украіне) у XVI–XVII стагоддзях, у 1920-я гады не аднойчы наведваў Польшчу і СССР з мэтай працы ў бібліятэках. У 1927 годзе славіста амаль сілай выгналі з СССР, бо даследнік і актыўны хрысціянін са спачуваннем сачыў за тым, як нішчацца цэрквы ў СССР. А таму часцяком ГПУ бачыла яго ў кампаніі розных рэлігійнікаў. Даследнік памёр у 1931 годзе ад сухотаў, так і не пабачыўшы апошніх сваіх працаў у форме кнігаў.

Ён пільна сачыў за тым, што робіцца ў Беларусі, як развіваецца сучасная беларуская мова. Вольны і смелы ў сваіх развагах, аўтар да ўсяго і крытычны, незаангажаваны ў беларускі, украінскі ці рускі рух, цвяроза аналізаваў сітуацыю. Перадусім Антуан Мартэль выправіў расійскіх гісторыкаў, якія цвердзілі, што нібыта амаль гвалтоўны і прымусовы пераход беларускай і ўкраінскай арыстакратыі ў каталіцтва спавадаваў паланізацыю — якраз наадварот, каб стаць палякамі ці наблізіцца да Кароны, мясцовая арыстакратыя сама і выбрала каталіцтва. Бо рутэнская мова была ў тупіку, нераспрацаванай, штучнай і абмежаванай. І выбар гэты абумовіў далейшае культурна-моўнае развіццё рэгіёну. Рутэнская мова (старабеларуская і стараўкраінская) заняпалa проста таму, што свае эліты выбралі спачатку хаўрус з Кaронай, а затым і іншую мову як мову публічную — польскую, якая была адкрытая еўрапейскім павевам і праз якую ў краіну прыходзілі ўсе тагачасныя веды ды навука. Пазней, калі зменіцца геапалітычная і ідэалагічная сітуацыя ў рэгіёне, і Расія зойме месца Кароны, на рутэнскіх землях запануе зноў не мясцовая мова, а мова іншай метрапольнай краіны.

Старабеларуская мова была, на думку славіста, досыць адарванай ад рэальнага жыцця і ніхто — ані з рэлігійнікаў, ані са свецкіх — не прыйшоў ёй на дапамогу, не ўзяўся за яе развіццё і рэфармаванне. Яна так і засталася размоўнай мовай бяднейшых, пазбаўленых правоў, улады і ўплыву на палітыку пластоў насельніцтва. У дадатак, пасля трыумфу польскай мовы, старабеларуская цалкам перайшла ў прыватнае і да ўсяго вуснае рэчышча. Як удала заўважыў у заканчэнні сваёй кнігі Антуан Мартэль, у XVI–XVII стагоддзях палітыка рабілася ў салонах, палацах, замках, а там размаўлялі пераважна па-польску, таму публічнай мовай бальшыні і стала польская мова.

Пры гэтым сітуацыя з маргіналізацыяй старабеларускай мовы зусім не выключная, у іншых кутах Еўропы адбывалася падобнае. Так, брэтонцы, правансальцы станавіліся паступова франкамоўнымі ў публічнай прасторы, баскі ці каталонцы станавіліся іспанамоўнымі. І заняпад гэты Антуан Мартэль не раіць трактаваць праз прызму сучаснага нацыятворчага і тым больш нацыяналістычнага працэсу, распачатага Французскай рэвалюцыяй: у XVI–XVII стагоддзях мова не з’яўлялася прынцыповым чыннікам нацыянальнай еднасці, гэта месца тады займалі супольныя вераванні.

Зрэшты, будзьма шчырымі з сабою, амаль ніхто і не пратэставаў у ВКЛ супраць пераходу на польскую мову. Так сталася амаль натуральна, але французскі славіст усё адно думаў пра далейшы лёс старабеларускай мовы, якую ў даследаванні называў «рутэнскай мовай» ці «блан-русен». Забароненая, яна працягвала існаваць і абслугоўваць ніжэйшыя і бяднейшыя пласты насельніцтва. І ў будучыні, якую заспеў мовазнаўца ў 1920-я гады, паўстанне літаратурнай беларускай і ўкраінскай моваў якраз сталася працягам і выйсцем з працяглага крызісу рутэнскай мовы, распачатага аж у XVI стагоддзі.

Канешне, многія сёння могуць аспрэчыць сцверджанні французскага славіста, але застаецца нязменным факт заняпаду старабеларускай мовы ў выніку нераспрацаванасці і нядбайнасці саміх (стара)беларусаў.

Праўда, і ў сённяшняй Францыі імя Антуана Мартэля забытае. Але, мяркую, якраз місія беларусаў і палягае не проста ў рэабілітацыі і вяртанні важных тэкстаў, але імёнаў, асобаў, якія спрычыніліся да распаўсюду ведаў пра нашу культуру. Збор невялічкай, але важнай калекцыі франкамоўнай беларусікі ў Скарынаўцы дапамагае нам лацвей распачаць працэс вяртання забытых герояў.

У наступным артыкуле чытайце пра працы і дзейнасць Рэнэ Мартэля і пра тое, які ўнёсак зрабіў даследнік у развіццё гэтак званага «беларускага пытання», як яно гучала ў Францыі ў 1920–1930-я гады.