Новыя ініцыятывы “Бацькаўшчыны”: адбылося першае пасяджэнне Управы

У студзені адбылося першае  ў 2016 годзе пасяджэнне Управы Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”.

Нягледзячы на тое, што ў снежні сябры Управы атрымалі гадавую справаздачу “Бацькаўшчыны”, кіраўніцтву  было што распавесці пра зробленае арганізацыяй у канцы 2015 і пачатку 2016 года.

Кіраўнік “Бацькаўшчыны” Алена Макоўская і старшыня Рады Ніна Шыдлоўская распавялі пра дзейнасць Згуртавання і па супрацоўніцтву з беларускай дыяспарай, і як каардынатара кампаніі “Будзьма беларусамі”. Сярод іншага, за гэты нядоўгі час узгадалі наступныя падзеі: выйшла 29-я кніга ў серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны” пра БЦР Алега Гардзіенкі, адбылася прэзентацыя кнігі Міхаіла Валодзіна на беларускай і нямецкай мовах, якая стала чарговым вынікам супрацоўніцтва кампаніі “Будзьма беларусамі!” і Саюза беларускіх пісьменнікаў. Быў працягнуты да 1 сакавіка конкурс працаў пра беларускае замежжа, абвешчаны з нагоды 25-годдзя Згуртавання. Цікавай і адметнай стала акцыя "Соты раз у першы клас", абвешчаная супольна кампаніяй “Будзьма беларусамі!”, Саюзам беларускіх пісьменнікаў і баскетбольным клубам “Цмокі-Мінск”. Акрамя інфармацыйных матэрыялаў (да прыкладу, на сайце budzma.by быў апублікаваны грунтоўны артыкул Дзяніса Пыхалава пра гісторыю з’яўлення беларускай нацыянальнай школы), былі выдадзеныя адмысловыя закладкі, на кожнай з якіх змешчана выява і біяграфічная інфармацыя пра аднаго з дзеячаў беларускага Адраджэння, якія працавалі ў сферы нацыянальнай адукацыі: Максім Багдановіч, Францішак Багушэвіч, Зоська Верас, Карусь Каганец, Якуб Колас, Вацлаў Ластоўскі, браты Іван і Антон Луцкевічы, Каміла Марцінкевіч, Браніслаў Тарашкевіч, Цётка. Закладкі ўпрыгожаны багатым ілюстрацыйным матэрыялам.

Жывое абмеркаванне выклікала абвяшчэнне ў Беларусі 2016 года – годам культуры. Управа палічыла вельмі важным выйсці са сваімі прапановамі да дзяржаўных структур. Ужо да  наступнага пасяджэння было вырашана сфарміраваць спіс прапановаў і пасля зацвярджэння Управай даслаць яго ва урад.

Сябры Управы таксама палічылі мэтазгодным ужо сёлета падрыхтаваць свае прапановы  адносна святкавання 500-годдзя беларускага друку, што будзе ў 2017 годзе.

Асаблівая ўвага падчас пасяджэння была звернута на неабходнасць правядзення канкрэтных захадаў і мерапрыемстваў у выкананне  “Закона аб беларусах замежжа” і праграмы “Беларусы ў свеце” (2016-2020), у сувязі з чым вырашылі  падрыхтаваць прапановы ў рэчышчы рашэнняў, прынятых Вялікай Радай, і ў сувязі з правядзеннем Сёмага з’езда беларусаў свету ў 2017 годзе. Прапановы будуць накіраваныя ў Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, якое адказвае за ажыццяўленне дзяржаўнай палітыкі ў стасунках з беларускай дыяспарай.

Таксама Валянцін Голубеў прапанаваў распрацаваць канцэпцыю канферэнцыі, прысвечаную гісторыі беларускай эміграцыі, з запрашэннем да ўдзелу  навукоўцаў з Беларусі і замежжа. Было вырашана сабраць па гэтым пытанні прапановы сяброў управы і абмеркаваць на наступным лютаўскім пасяджэнні.

Ніна Шыдлоўская распавяла пра прапанову, якая паступіла ад сяброў “Бацькаўшчыны” па стварэнні нагруднага знаку “Слуцкі збройны чын 1920-2015”. Яна паказала прысутным макет знаку і зачытала яго статут, у якім зафіксавана, што “нагрудным знакам узнагароджваюцца асобы, якія сваімі справамі актыўна ў перыяд 1920-я —1950-я гады спрычыніліся да абароны  ідэй незалежнасці Беларусі, закладзеных Трэцяй Устаўной Граматай Рады Беларускай Народнай Рэспублікі”.  Н.Шыдлоўская адзначыла, што варта было б узнагародзіць гэтым знакам усіх тых, хто змагаўся за незалежнасць Беларусі ў розныя часы, пачынаючы ад гістарычна значнага моманту – Слуцкага паўстання. Аднак такіх асобаў засталося ў жывых вельмі мала. Таму і трэба спяшацца ўзнагародзіць найперш іх. І адначасова з гэтым рыхтаваць спіс тых, каго варта ўзнагародзіць пасмяротна праз нашчадкаў. Управа ўхваліла стварэнне знаку. Згоду на дапамогу ў фармаванні такога спісу дала навуковец Наталля Гардзіенка.

Алег Трусаў паведаміў, што Таварыства беларускай мовы распачало грамадскую кампанію «Разам назавем вуліцу ў гонар Тадэвуша Касцюшкі!» з мэтай пераназваць адну з вуліц Мінска ў гонар вялікага беларуса, а таксама ўсталяваць яму помнікі ў Мінску, Брэсце і Косаве і прапанаваў  “Бацькаўшчыне” далучыцца да гэтай кампаніі. Прапанова была падтрымана сябрамі Управы.

Ніна Шыдлоўская  паведаміла пра папярэднія вынікі пісьмовага галасавання Вялікай Рады. Ужо зараз можна лічыць, што галасаванне адбылося: на момант пасяджэння Управы прагаласавала 49 з 95-ці сябраў Вялікай Рады, большасць з якіх ухваліла прапановы па  ініцыяванні стварэння ў Міністэрстве замежных справаў Рэспублікі Беларусь асобнай структуры па справах беларусаў замежжа (камітэт/аддзел па справах беларусаў замежжа); па ініцыяванні стварэння асобных пасадаў у пасольствах і консульствах Рэспублікі Беларусь па справах беларускай дыяспары. Таксама сябры Рады палічылі важным стварэнне Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь дыстанцыйных курсаў вывучэння беларускай мовы з атрыманнем адпаведнага сертыфікату. На падставе рашэнняў Вялікай Рады кіраўніцтва Згуртавання рыхтуе пакеты дакументаў у адпаведныя дзяржаўныя ўстановы.

Алена Макоўская прапанавала правесці 25 лютага чарговае пасяджэнне Малой Рады, на якім разгледзець  фінансавую справаздачу арганізацыі, а таксама абмеркаваць  план дзейнасці на 2016 год, які складаецца на падставе прапановаў сяброў Управы.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”