30-годдзе старонкі “Прысутнасць” у тыднёвіку беларусаў Польшчы „Ніва”

Яна выдавалася толькі чатыры гады, але плён бачым яшчэ і сёння. 30 гадоў таму ў тыднёвіку беларусаў у Польшчы “Ніва” з’явілася студэнцкая старонка “Прысутнасць”, якая поўнасцю рэдагавалася студэнтамі. Маладыя беларусы, якія актыўна займаліся грамадскай дзейнасцю, вырашылі скарыстаць старонкі тыднёвіка, каб даць голас маладому пакаленню і прадставіць свежы погляд на рэчаіснасць.

Гэты час узгадвае рэдактарка “Нівы” Міра Лукша:

– Калі я прыйшла працаваць яшчэ студэнткай у рэдакцыю “Нівы”, то мае калегі, а гэта было пакаленне маіх бацькоў, ужо не верылі, што прыйдзе наступнае пакаленне, якое працягне іх справу. Калі з’явіліся яны – маладыя, бадзёрыя – гэта была вялікая радасць для саміх рэдактараў “Нівы”. І той рух разварушыў “Ніву”. Напэўна інакш выглядала, чым уся “Ніва”. Гэта была своеасаблівая, студэнцкая старонка, з малюнкамі Лёніка Тарасэвіча, з жартамі.

Адкрытасць галоўнага рэдактара ў той час і заангажаванасць маладых журналістаў далі пачатак новаму пакаленню беларускай, і не толькі, журналістыкі ў Польшчы. Кажа цяперашні галоўны рэдактар тыднёвіка беларусаў у Польшчы “Ніва” Яўген Вапа, сузаснавальнік “Прысутнасці”:

– Тыя, хто ствараў „Прысутнасць”, плаўна перайшлі ў журналістыку, і гэта цяпер сярэдняе пакаленне журналістыкі на Беласточчыне. Менавіта такім натуральным чынам наступіла пераемнасць і ў асяроддзі журналістаў “Нівы”.

Студэнцкая старонка “Прысутнасць” друкавалася ў “Ніве” з пачатку 1986 году – да 1990-га.