Вайцюшкевічу забаранілі сыграць канцэрт на дзень народзінаў Барадуліна (аўдыё)

Канцэрт меў адбыцца 24 лютага ў менскім клюбе «Лісіная нара», але Менгарвыканкам адмовіў у выдачы гастрольнага пасьведчаньня.

«У нас прынялі заяву на гастрольнае пасьведчаньне ды папрасілі прадставіць тэксты песень, якія будуць выконвацца. Я даслаў вершы Ўладзімера Маякоўскага і Рыгора Барадуліна, на якія былі запісаныя мае альбомы. Менавіта Барадуліну меркавалася прысьвяціць гэты выступ, таму і абралі 24 лютага, дзень яго нараджэньня, 24 лютага. Тыдзень у ідэалягічным аддзеле вычытвалі гэтыя тэксты, а потым адмовілі ў правядзеньні», — распавёў парталу Tuzin.fm Зьміцер Вайцюшкевіч.

Ва ўпраўленьні ідэалягічнай працы Менгарвыканкаму патлумачылі, што рашэньне аб нявыдачы гастрольнага пасьведчаньня было выдадзена ў адпаведнасьці з пунктам 16 указу кіраўніка дзяржавы №257. У ім пералічаныя наступныя прычыны: выяўленыя экспэртнай камісіяй элемэнты прапаганды парнаграфіі, гвалту і жорсткасьці, супадзеньне часу і месца правязеньня мерапрыемства зь мерапрыемствам, раней заплянаваным арганізатарам, наяўнасьць у пададзеных дакумэнтах непраўдзівых зьвестак, а таксама прычыну, якую можна трактаваць як заўгодна — «парушэньне іншых патрабаваньняў дадзенага палажэньня ды іншых актаў заканадаўства». Больш дэтальна канкрэтызаваць прычыну адмовы ў Менгарвыканкаме адмовіліся.

Арганізатарам канцэрту Вайцюшкевіча быў Леанід Дзінэрштэйн. «Я люблю тое, што робіць Зьміцер. І ён робіць можа быць больш за астатніх. Гэта чыстае мастацтва, і я не бачу, што ад яго сыходзіць агрэсія, накіраваная супраць дзяржавы. Таму ад такога рашэньня шкоды той жа дзяржаве больш, чым карысьці. Лічу яго абсалютнай глупасьцю», — заявіў прамоўтэр у камэнтары для Tuzin.fm. Ён таксама паведаміў, што празь некаторы час зьбіраецца паўторна падаць заяву.

На гэтым тыдні на атрыманьне гастрольнага пасьведчаньня падае таксама гурт Cяргея Міхалка Brutto.

Праграма «Паравоз каханьня» на вершы Рыгора Барадуліна, якую Зьмітру Вайцюшкевічу забараніў выконваць ідэалягічны аддзел Менгарвыканкаму.