Імпрэза ў Таццянін дзень у Даўгаўпілсе

25 студзеня 2016 года, у Таццянін дзень, у Даўгаўпілскай сярэдняй школе Цэнтра адбылася творчая сустрэча – канцэрт, прысвечаны юбілею настаўніцы музыкі гэтай школы Таццяны Піменавай.

Таццяна шмат гадоў з’яўляецца сябрам Беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым”. Напачатку свайго членства ў таварыстве, была мастацкім кіраўніком гурта народнай песні “Купалінка”. З цягам часу яна стварыла эстраднае трыо “Ластаўкі”. Калектыў актыўна выступаў на фестывалях у Латвіі, Беларусі, Літве.

З адметнай падзеяй Таццяну Піменаву віншавалі калегі па працы начале з дырэктарам школы Юрыем Высоцкім, сябры Беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым” Вольга і Мікалай Паўловічы, Станіслаў Валодзька, спявак Сяргей Піманаў.

Лепшая сяброўка Валянціна Талерка віншавала Таццяну ўсёй сям’ёй.

Вакальнае  трыо  “Ластаўкі”  Беларускага таварыства “Уздым” у складзе Таццяны Піменавай (мастацкі кіраўнік), Наталлі Зубковай і Веры Талеркі спачатку праспявала песні Таццяны Піменавай, аўтарам музыкі і слоў якіх яна з’ яўляецца:  “Новогодняя”, “В летнем Даугавпилсе” і “Оптимистичная”. Затым прагучалі песні на словы Станіслава Валодзькі, музыку да якіх напісала Таццяна Піменава:  “Зелёная песенка”, “Дранікі”, “Ракуцёўскае лета”,  “Развітальная”. Песня “Ракуцёўскае лета”, прысвечаная класіку беларускай літаратуры Максіму Багдановічу, выконвалася ўпершыню. Песні гучалі на розных мовах: латышскай, рускай і беларускай.

На вечары прысутныя пачулі прыемную навіну, што з салісткай Верай Талерка заключана дамова тэрмінам на адзін год аб працы у Нарвежскім оперным тэатры (са жніўня г. г.).

Песні, якія выканалі  “Ластаўкі”, кранулі душу ўсіх прысутных, таму што гучалі ад сэрца.

Прысутныя выказалі шмат цёплых слоў у адрас Таццяны і яе творчасці. Адна з калег-настаўніц казала: “Таццяна – сонечны чалавек. За ўсе гады працы калегі ніколі не бачылі незадавальненне, смутак, негледзячы ні на якія абставіны яе жыцця”.

У гонар юбіляркі прагучала “Многае лета”.

Таварыства “Уздым” плануе правесці юбілейны вечар “Ластавак”.

Вольга Паўловіч, намеснік старшыні таварыства “Уздым”