Калядкі ўвайшлі ў хатку ў Даўгаўпілсе

17 студзеня 2016г у памяшканні Цэнтра беларускай культуры ў Даўгаўпілсе (Латвія) таварыства “Уздым” праводзіла Дзень адчыненных дзвярэй.

Беларуская школа “Вясёлка”, якая працуе пры таварыстве “Уздым”, дружна і весела адсвяткавала Новы стары год.

Святкаванне прайшло ў рамках праекта “Захаванне беларускай індэнтычнасці і мовы праз выхаванне падрастаючага пакалення ў беларускай школе і інтэграцыі ў Латвійскае грамадства”, які фінансаваў Паўднёвалатгальскі фонд падтрымкі недзяржаўных арганізацый. Гэта мерапрыемства было заключным у праекце. У пачатку восені 2015 года таварыства “Уздым” адзначыла 20-годдзе беларускай школы, арганізавала і правяло міжнародны семінар “Беларуская школа: шляхі развіцця. Вопыт інтэграцыі”. Падчас правядзення семінара маладзёжная група таварыства правяла анкетаванне насельніцтва па перспэктывах развіцця беларускай школы.

На наша свята прыйшло шмат гасцей і мы былі шчыра рады кожнаму.

Бо павер'е гаворыць: калі ў тваю хату не зазірнулі калядоўшчыкі, значыць, не паважаюць цябе ў вёсцы. А ў нашай хаце было весела і цікава. Калядоўшчыкамі былі выхаванцы нашай беларускай школы. А ролю Дзядулі Мароза і Снягуркі сыгралі ўдзельнікі маладзёжнай групы пры таварыстве “Уздым” (Вадзім Сінякоў і Марыта Кавалеўская). У госці завітаў Снегавік (Зінаіда Сіліня). Гаспадарамі гасцінай хаты былі бабуля Алёна (Вольга Паўловіч), дзед Янка (Людміла Сінякова). Госці свята - бацькі, бабулі, знаёмыя, сябры таварыства “Уздым” і гаражане, якім было цікава ўбачыць беларускі калядны абрад.

Ганаровымі гасцямі былі Генеральны консул Рэспублікі Беларусь Уладзімір Васільевіч Клімаў, консулы Рэспублікі Беларусь Антаніна Уладзіміраўна Струнеўская і Дзмітрый Сяргеевіч Канстанцінаў. Яны павіншавалі ўсіх прысутных са святам, а дзецям падаравалі прыгожыя і смачныя наборы беларускіх цукерак.

Дзеці адтрымалі ў падарунак часопісы “Приветик” ад Цэнтра беларускай культуры, якія ўручыла метадыст ЦБК Марыя Памецька з прывітальным словам.Дзеці разам з настаўнікамі падрыхтавалі тэатральнае прадстаўленне. У хату да дзеда Янкі, бабулі Алёны і іх ўнука завіталі Ліса, Каза, Мядзведзь (Караліна Казачонак, Віалета Крэйпанэ, Элеанора Марчанка), дзед Калядоўшчык (Ягор Канавалаў), Несцерка, Алесь, Петрык (Арцём Сівачоў, Максім Паташоў, Павел Кузьміч), цыганкі (Ева Малашава, Даша Васюкевіч, Паліна Славэцкая, Вераніка Данесевіч).

Разам з суседкай Лявоніхай (Галіна Сантоцкая) калядоўшчыкі спявалі песні, вадзілі хараводы, загадвалі загадкі, чыталі вершы на беларускай, рускай, латышскай і англійскіх мовах.

Бабуля Алёна прыгатавала калядныя прысмакі. На стале былі куцця, кісель з журавін, бліны з мёдам, каўбаска. Святочную куццю бабуля прыгатавала з ячменай крупы, куды дабавіла мёд і мак.

Гэта свята было прысвечана сямейным традыцыям. Калядкі – чарговае мерапрыемства ў рамках гадавога кола сямейных абрадаў і традыцый беларусаў. Калядкі беларусаў ў нечым падобны латышскаму святу Ziemassvētki.

Людміла Сінякова старшыня таварыства “Уздым”