Самы смачны выпуск Мова Нанова ў Таронта. Беларускія стравы

23 студзеня адбыўся самы смачны і насычаны выпуск Мова Нанова ў Таронта. Беларускія стравы.

Удзельнікі мерапрыемства даведаліся пра гастранамічныя традыцыі беларусаў, асаблівасці беларускай кухні, спосабы гатавання і апрацоўкі прадуктаў, назвы страў ды напояў, а таксама атрымалі некаторыя старадаўнія рэцэпты.

Відэа-гасцямі з Беларусі сталі Зоя і Алесь Прышывалкі, арганізатары культурніцкай ініцыятывы “ŽORNY”, якія прывіталі ўдзельнікаў Мова Нанова ў Таронта і паказалі стварэнне аднаго кулінарнага дэсерту “Мазурка разынкавая крохкая”.  

Наведвальнікі моўных курсаў мелі унікальную магчымасць пакаштаваць некаторыя стравы, прыгатаваныя па стражытных рэцэптах, большасць з якіх узяты з кнігі Алеся Белага “ Наша страва. Сапраўдная беларуская кухня”. Гасцей чакалі такія стравы, як Шупеня, Бацвінне, Верашчака Кухмайстарская з грэцкімі блінамі, Калдуны графа Тышкевіча, Кішка Панская, Зразы па-наску з ялавічыны, Грачанікі з грыбамі, Кулябяка, Жур, Кугель кабачковы, Гарбузовая каша, Бабка з морквы, студзень, Бабка з бульбы, дранікі, печаныя яблыкі, Грушы па-радзівілаўску і інш., а таксама неалкагольныя і алкагольныя напоі – Збіцень, морс з журавінаў, гарачае піва з мёдам і Крамбамбуля.

Госцем вечарыны стаў Алесь Кот, які здзівіў удзельнікаў сваім незвычайным строем-рэканструкцыяй, Амбасадара Канцлера Вялікага Княства Літоўскага Льва Сапегі і распавёў, як важна захоўваць не толькі сялянскія кулінарныя традыцыі, але ўзнаўляць шляхецкія, магнацкія ды княскія.

Таксама прысутныя пабачылі прыгатаванне  бульбяной кішкі, кулінарнага шэдэўра ад нашага эксперта Віталя Кошалева. Да працэсу прыгатавання далучыліся нават самыя маленькія гледачы, якія пасля самі ляпілі мядовыя пернікі.

Прыгожым дапаўненнем да заняткаў стаў прагляд фільма “Гісторыя беларускай страўні. Мясныя стравы” Аляксея Раковіча.

Беларускія народныя танцы “Грачанікі”, “Свінні ў рэпу”, “Базар” разам з нязменным фольк-гуртом “Яваровы людзі” сталі лагічным завяршэннем самага смачнага выпуску Мова Нанова ў Таронта.

Сыць Божа!

Наступны выпуск Мова Нанова ў Таронта 27 лютага. Тэма: “Масленіца”.