Беларускае культурна-асветніцкае таварыства “Уздым” пачало выдаваць сваю друкаваную газету

22 снежня 2015 года ў Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры адбылася прэзентацыя друкаванай газеты беларускага культурна-асветніцкага таварыства «Уздым».

Беларускі друк у Даўгаўпілсе  мае даўнюю гісторыю. Старонка беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым” пачала выходзіць з кастрычніка 1994 года. Спачатку пад назвай “Слова беларуса”  у газеце  “Динабург” (Nr.1.  13.10.94,  Nr.2.  25.11.94). Потым пад назвай “Беларус Латгаліі”  у газеце  “Латгалес лайкс”   (1995- 2005,   Nr.Nr.  1-45    23.12.1995  -  19.07.2005 ). Пазней у газеце “Сейчас”  (2005-2007,    Nr.Nr.  1-20   20.10.2005 – 31.05.2007).Усяго за гэты перыяд падрыхтавана  65 старонак.   Nr.Nr.  1-16  за перыяд 1994-2000 г.г. -  рэдактар  Станіслаў Валодзька , Nr.Nr.  17-65 за перыяд  2001-2007 г.г. - рэдактар  Таццяна Бучэль. Дарэчы, беларуская старонка ўсе тыя гады выпускалася на грамадскіх пачатках. Мы вельмі спадзяёмся, што яна мела свайго пастаяннага чытача і знойдзе іх і ў будучым. На беларускіх старонках - гісторыя таварыства “Уздым” і Цэнтра беларускай культуры, матэрыялы пра актыўны ўдзел беларусаў у культурным жыцці горада. Штомесячнае выданне беларускай старонкі «Беларус Латгаліі» было немалаважна для развіцця беларускай адукацыі і культуры.

Нашай  мэтай было - рабіць як мага больш  карыснага ў наладжванні культурных узаемадачыненняў  з рознымі беларускімі таварыствамі. На працягу бягучага года часта адбываліся цікавыя сустрэчы, якія паглыблялі стасункі паміж беларусамі Прыбалтыкі, давалі цудоўную магчымасць ездзіць у госці і самому праяўляць гасціннасць. Падтрымліваючы  пачынанні нашых папярэднікаў, мы былі рады перадаць усё тое, што маем і ведаем. На мой погляд, усе беларускія таварыствы стараюцца паказаць адкрытасць, добразычлівасць, нашу культуру, каб  да нас ставіліся адпаведна

Апошні нумар беларускай старонкі “Беларус Латгалii” культурна-асветнiцкага таварыства “Уздым” выйшаў 03.05.2007. На жаль, па розных прычынах быў значны перапынак у выхадзе беларускай старонкі. Але мы заўсёды спадзяваліся, што ў недалёкім будучым будзе знойдзена  магчымасць узнавіць выданне беларускай старонкі ў адной з гарадскіх газет.

І гэта здзейснілася! 22 снежня 2015 года ў Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры адбылася прэзентацыя газеты пад назвай «Уздым».