Беларускія Каляды ў Вільні

26 снежня беларускія арганізацыі Літвы: Асацыяцыя “Крывія”, Клуб “Сябрына”, Таварыства беларускай культуры ў Літве сабралі віленчукоў і гасцей Вільні, каб разам ушанаваць Божае Нараджэнне.

Святкаванне распачалося з урачыстага набажэнства ў Свята-Троіцкай грэка-каталіцкай царкве, якое адслужыў а. Яўген Усошын. Па склаўшайся каляднай традыцыі, пасля набажэнства вернікі падзяліліся прасфорай і пажадалі адзін аднаму пасьпяховага наступнага году, дабрабыту, шчасьця. Пасьля ўсяго гэтага ад імя айцоў базыльянаў прагучаў музычны падарунак. Хочацца спадзявацца, што гэтае святочнае набажэнства паслужыць аднаўленню беларускіх грэка-каталіцкіх службаў у Вільні.

Пасьля ўрачыстага набажэнства віленчукі і госьці літоўскай сталіцы сабраліся за агульным калядным сталом. Мерапрыемства праходзіла ў памяшканні Грамадзянскага і Палітычнага Прадстаўніцтва Беларусі (HUB). Ад імя арганізатараў і ўдзельнікаў каляднага стала выказваем шчырую падзяку сп. Алегу Мяцеліцу за прадстаўленую магчымасць скарыстацца памяшканнем яго арганізацыі.

У часе вячэры былі падведзеныя вынікі конкурса на стварэнне лагатыпа Таварыства беларускай культуры. Нягледзячы на тое, што арганізацыя існуе каля трыццаці гадоў, сваёй сімволікі да гэтага часу не мае. Аб выніках конкурса і аб абраным лагатыпе даведаемся крыху пазьней.

Прыемным фактам было тое, што да святкавання далучылі і прадстаўнікі літоўскіх арганізацый, сярод іх – Універсітэт трэцяга пакалення.