Набажэнства ў Паўднёвай Аўстраліі

У нядзелю, 29 лістапада 2015,  у царкве Св. Апосталаў Пётры і Паўла ў г. Адэлайда (штат Паўднёвая Аўстралія) адбылося набажэнства, якое адслужыў падчас свайго візыту да вернікаў у Аўстраліі Архіяпіскап Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы  Уладыка Святаслаў. Пры канцы службы, пасля спеву малітвы “Магутны Божа” і Мнагалецця ўсім прысутным, Уладыка прывітаў вернікаў беларускае Парафіі і таксама святара і парафіянаў украінскае Парафіі Св. ап. Андрэя, якія моляцца разам у беларускім храме ў Адэлайдзе, і раздаў усім на памяць іконкі Св. Еўфрасінні Полацкае. 

Падчас набажэнства

Пасля набажэнства, у парафіяльнай залі адбыўся абед, падрыхтаваны сястрынствам беларускае Парафіі. Старшыня Парафіяльнае Рады спадар Мікалай Кандрусік прывітаў Уладыку Святаслава, які ўжо трэці раз наведаў Аўстралійскія Парафіі БАПЦ. Таксама прысутныя праспявалі беларускі гімн “Мы выйдзем шчыльнымі радамі...” і “Сьпі пад курганам герояў...” у памяць 95-х гадавінаў пачатку “Слуцкага Збройнага чыну”.  Перад гэтым арх. Святаслаў наведаў могілкі ў г. Адэлайдзе, дзе адслужыў Паніхіды на магілах супачылых архіяпіскапа Сяргея Ахатэнкі (+1971), парафіяльных святароў – а. Міхала Шчурко (+1972), а. Яўгена Сітніка (+1986), а. Міхала Бурноса (+2009), і супачылых парафіянаў.  Таксама арх. Святаслаў наведаў хворых парафіянаў у шпіталі.

У храме: арх. Святаслаў і маленькая верніца Надзя - праўнучка першага 
святара Парафіі а.Міхала Шчурко
 
 
Дзеці святара а.Міхала Шчурка: Марыя, Вера, Міхал і Юры