Беларускі культурны рух Малдовы зладзіў «Каляднае свята»

Новы сонечны 2016 год у беларусаў Малдовы пачаўся згодна са старажытнымі традыцыямі нашых продкаў. Беларускія калядныя абрадавыя дзеяння ва ўрачыстай форме нядаўна прайшлі ў Бюро міжэтнічных адносін Рэспублікі Малдова.

«Каляднае свята» - штогадовы сацыяльны праект для этнічных беларускіх дзяцей і моладзі, а таксама іх бацькоў, што пражываюць у Малдове. Ëн накіраваны на захаванне, вывучэнне і папулярызацыю беларускіх традыцый, беларускай мовы, культуры беларускага этнасу, а таксама на ўмацаванне дружалюбнага міжкультурнага дыялогу паміж беларускім і малдаўскім народамі. Гэтую дабрачынную імпрэзу другі год ладзіць грамадскае аб'яднанне «Беларускі культурны рух Малдовы». Да цікавай і прыемнай асаблівасці «Каляднага свята» можна аднесці яго інтэрактыўны, як мы самі кажам, хатні фармат, дзе змешваюцца грані паміж выступоўцамі і гасцямі, а само тэатральнае дзейства грунтуецца на агульным ўзаемадзеянні ўсіх удзельнікаў мерапрыемства.

У гэтым годзе па сваёй светлай і сонечнай нагодзе «Каляднае свята» сабрала шмат сяброў, гасцей з Пасольства Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Малдова, суайчыннікаў з многіх беларускіх грамадскіх суполак у Малдове, шматлікіх сяброў з рускай, украінскай і польскай дыяспар, а таксама прадстаўнікоў бізнесу.

Беларуска-малдаўскі этнічны тэатр «Куфар» выступіў у ролі гаспадара «Каляднага свята» і, мяркуючы па шчырым ўсмешкам дзяцей і шчодрым апладысментам дарослых, справіўся з гэтай задачай на выдатна. Дзякуючы самым маленькім шасцігадовым артыстам, якія вельмі годна прадставілі ролі Девы Марыі і Іосіфа з Назарэту, госці з асаблівай сентыментальнасцю пагрузіліся ў даўнія часы ў Віфлеем, дзе нарадзіўся наш Збаўца Ісус Хрыстос. Пасля калядных спеваў Анёлаў, абвясціўшых нараджэнне Сына Божага, маленькія і вялікія госці свята з радасцю прымалі вясёлых беларускіх калядоўшчыкаў. Iх хітрая і упартая Каза - старажытнейшы сімвал ўрадлівасці і дабрабыту, ўсё ніяк не хацела ажываць, але дзякуючы сапраўднай шчодрасці, уласцівай беларускаму і малдаўскаму народам, якую і праявілі запрошаныя на Каляднае свята сябры, задаволеная Каза ўстала на ногі зноў. Моцнай добрай энергіяй зарадзілі беларускія і малдаўскія калядныя спевы, а таксама жвавыя танцы. Дарослыя беларусы Малдовы вельмі крэатыўна выканалі ўсе няпростыя заданні Зюзі - бога беларускай зімы і яго памагатай Завірухі. Натхнёныя бліскучым прыкладам старэйшых, выдатныя творчыя таленты ў сваіх навагодніх віншаваннях беларускаму і малдаўскаму народам праявілі маленькія беларусы Малдовы. Па традыцыі «Каляднага свята» ніхто з гасцей не застаўся без гасцінца. Амаль 60 беларускіх дзетак атрымалі вельмі смачныя навагоднія падарункі ад Зюзі, а усіх больш сталых чакаў прыгожы калядны стол са святочнымі пачастункамі.

У гэтым годзе Беларускаму культурнаму руху Малдовы ў арганізацыі дабрачыннай імпрэзы «Каляднае свята» для этнічных беларускіх дзяцей і моладзі вельмі дапамаглі людзі бізнесу: сумеснае беларуска-малдаўскае прадпрыемства «Керамін» і марка моднага жаночага адзення «Energie Maximă», для якіх шчаслівая дзіцячая ўсмешка сапраўды лепшая бясцэнная падзяка.

Выдатным завяршэннем «Каляднага свята» і самай галоўнай узнагародай для артыстаў беларуска-малдаўскага этнічнага тэатра «Куфар» сталі шматлікія словы падзякі і добрыя каментары сяброў. Хочацца падзяліцца хоць адным з іх, які належыць сябру Беларускага культурнага руху Малдовы 77-гадовай спадарыні Шэставец Вользе Паўлаўне, што родам з Мазыра: «Адчула сапраўднае хатняе цяпло і родныя душы, мае даражэнькія, як жа цудоўна ў гэтыя светлыя дні зноў апынуцца на свяце нібыта і майго дзяцінства, дзе так салодка гучыць родная беларуская мова!»

Ганна Мазур, Старшыня праўлення БКРМ