Мітрапаліт Павел: Беларускамоўныя набажэнствы не знаходзілі падтрымкі, і людзі пераставалі хадзіць туды

Мітрапаліт Павел пералічыў праваслаўныя храмы, у якіх праходзяць службы на беларускай мове і распавёў, у якім выпадку іх стане больш. Пытанне пра тое, ці ёсць у планах праваслаўных святароў набажэнствы на беларускай мове, было зададзена кіраўніку БПЦ падчас анлайн-канферэнцыі на сайце Белтэлерадыёкампаніі.

Фота Вадзіма Заміроўскага, Tut.by

— Вы ведаеце, у нас ёсць храмы такія, дзе літургія здзяйсняецца на беларускай мове, — адзначыў мітрапаліт Павел. — Я скажу, што нават былі спробы наогул перайсці на беларускую мову ў некаторых храмах, але яны не атрымалі свайго развіцця, таму што людзі ўжо прывыклі да царкоўнаславянскай. Хоць нас спрабуюць абвінаваціць у тым, што вось — руская мова. Але гэта не руская мова, мы здзяйсняем набажэнствы на царкоўнаславянскай, і гэта нават не стараславянская. Гэта мова канца XIX — пачатку XX стагоддзя. І ён зразумелы сёння нам — тым, хто ўважліва прыслухоўваецца да слоў малітвы.

Кіраўнік БПЦ сцвярджае, што спробы некаторых храмаў перайсці на беларускамоўныя набажэнствы не знаходзілі падтрымкі ў вернікаў і «людзі проста пераставалі хадзіць туды».

– Але, тым не менш, у нас у Петрапаўлаўскім саборы ў Мінску здзяйсняецца па суботах літургія на беларускай мове, у Міхайлаўскім прыходзе ў Мінску — адзін раз у месяц, і два разы на месяц — у храме Свяціцеля Кірылы Тураўскага пры духоўнай акадэміі. Так што, хто жадае — прыходзьце, – запрасіў на беларускамоўныя набажэнствы кіраўнік праваслаўнай царквы ў Беларусі. — У нас няма забароны. Калі будзе пажаданне, калі будуць людзі прыходзіць – тады, вядома, мы будзем маліцца (на беларускай).

З іншага боку, мітрапаліт лічыць, што выказванні накшталт «не хаджу ў царкву, бо няма літургій па-беларуску» — апраўданне чалавечай ляноты.