За беларускую мову даводзіцца змагацца нават у беларускай школе

Бацькі гімназіі № 4 у менскім мікрараёне Кунцаўшчына дамагаюцца, каб гімназія цалкам адпавядала статусу беларускамоўнай. Дзеля гэтага яны гатовыя зьвярнуцца ў пракуратуру і суд.

Адзін з бацькоў, Усевалад Сіняк распавёў Свабодзе:

«Мая дачка ходзіць у шостую клясу і вучыцца ў гімназіі трэці год. Змаганьне ішло ўсе гэтыя гады, але сёлета сытуацыя ўвогуле ў ніякія рамкі не трапляе. Шмат пытаньняў у розных прадметах, але па фізыцы настаўніца зусім не валодае беларускай мовай. Гэта была апошняя кропля — і мы з жонкай вырашылі пачаць зь перапіскі з гэтай бюракратычнай сыстэмай. Зьвярнуліся ў Міністэрства адукацыі, адкуль наш зварот перанакіравалі ў абласную ўправу, затым у раённую, і нам адказалі, кшталту, што настаўніца стараецца. Калі бліжэйшым часам сытуацыя ня зьменіцца, будзем зьвяртацца ў суд з пазовам да Міністэрства адукацыі, каб нам забясьпечылі тое, што гарантуюць фармальна. Чыноўнікі мусяць выконваць свае прафэсійныя абавязкі. Нас і так, фактычна, загналі ў гета: бацькі возяць дзяцей з розных куткоў гораду ў спадзяваньні даць ім адукацыю на беларускай мове, і нават тут гэтага няма. Нават у гэтым гета чыноўнікі ня могуць выканаць тое, што яны дэкляруюць».

Генік Лойка — вядомы грамадзкі актывіст, бацька школьнікаў, якія таксама наведваюць гімназію № 4 — за беларускасьць гэтай гімназіі змагаецца ўжо некалькі гадоў. Ён кажа, што па-расейску ў гімназіі выкладаюць на пазашкольных занятках, па-расейску настаўнікі вядуць выхаваўчую працу. З гэтымі пытаньнямі актывіст днямі наведаў дырэктара гімназіі, гарадзкую ўправу адукацыі. Генік Лойка кажа, што паразуменьне ў чыноўнікаў, нібыта, знаходзіць, але невядома, ці гэта паўплывае на паляпшэньне сытуацыі:

«У нас з дырэктарам гімназіі добрыя адносіны: пасьля таго, як я адсядзеў у турме за акцыю ў абарону беларускай мовы ў гімназіі, ён мне ўжо давярае. Але я лічу, што ніякія высілкі, ані мае, ані настаўніцкія, нічога не дадуць — усё залежыць ад волі вышэйшага кіраўніцтва. А там проста пакідаюць беларускія школы на павольнае скананьне — праз адсутнасьць беларускамоўных настаўнікаў, праз адсутнасьць навучальнай, дапаможнай літаратуры і гэтак далей. Але я маю на ўвазе, што ня будзе плёну выключна юрыдычнага, але будзе плён эмацыйны і маральны. Мова разьвіваецца ў грамадзтве, як бы тое ні было, і эмацыйныя, і маральныя ўсплёскі дадуць у выніку і плён юрыдычны. Таму трэба рабіць нашыя захады ў гэтым кірунку».

Сябра Таварыства беларускай мовы імя Алена Анісім салідарная з бацькамі гімназістаў у іх намаганьнях адстойваць беларускую мову ў сьценах гімназіі і заклікае абодва бакі да паразуменьня. Адначасна яна сьведчыць, што праблема беларускасьці беларускіх гімназій характэрная для ўсіх навучальных устаноў гэтага тыпу:

«На жаль, гэта тыповая сытуацыя для многіх нашых школ. Дырэктарат — гэта чыноўнікі, неразваротлівыя, якія ня хочуць вылучацца і чакаюць „сыгналаў“ ад вышэйшага кіраўніцтва. А сыгналы ідуць вельмі розныя: на словах так, заклікаюць да разьвіцьця беларускай мовы, але на практыцы ў гэтым кірунку нічога ня робіцца. І таму адміністрацыя дзейнічае, адпаведна, ужо на ўласную ініцыятыву».

Як паведаміў Генік Лойка, калі становішча беларускай мовы ў гімназіі ня зьменіцца да лепшага бліжэйшым часам, ён намераны зьвяртацца ў пракуратуру і суд.