Янка Золак

(1912-2000)

Янка Золак (сапраўднае імя Антон Міхайлавіч Даніловіч) - паэт, празаік, выдавец беларускай літаратуры, уладальнік выдавецтва "Адгук" у Саўт-Рыверы.

Нарадзіўся ў 1912 г. у в. Лучнікі (цяпер прыгарад Слуцка). Выдаў двухтомнік сваіх вершаў, а таксама зборнік гумарэсак "За чужы грэх". Адзін з заснавальнікаў і першых рэдактараў часопіса "Беларуская думка". Акрамя вершаў пісаў апавяданні, аповесці "Бывай, незваротная" і "Т.Д.Ч.", для дзяцей напісаў казку "Бабок". Найбольш значнымі ў мастацкіх адносінах былі аповесці "Віталія", "Ціхі стаў". Некалькі разоў напачатку 90-х прыязджаў на Радзіму. Тут у 1996 г. выйшаў ягоны паэтычны зборнік "Вятрыска з радзімай краіны". "Усё сваё жыццё я жыў з думкай аб Беларусі. Дзеля яе ахвяраваў асабістымі інтарэсамі. Каб не родная мова, наўрад ці выжыў бы на чужыне. Доўгі час марыў, каб вершы мае дайшлі да Радзімы. Цяпер такое стала магчымым і я шчаслівы ад гэтага. Дасць Бог, і ў роднай мове застанецца й маё слова, мой сказ ці мой верш. Дзеля гэтага я жыў на свеце..."

Пачынаў сваю паэтычную дзейнасць на Радзіме. За паўстагоддзе актыўнага грамадскага творчага жыцця ў Амерыцы ім напісана вялікая колькасць вершаў, якія можна аб'яднаць у некалькі цыклаў: духоўнае жыццё паэта і атмасфера, якая яго акаляла; роздум над пражытым і перажытым; гісторыя, родная мова, Бацькаўшчына; асэнсаванне пабачанага на Беларусі пасля прыезду на Радзіму праз паўвека. Пісаў Янка Золак і ўспаміны "Мая сустрэча з Якубам Коласам у 30-я гады", крытычныя артыкулы пра творчасць Масея Сяднёва, Міхася Кавыля, Уладзіміра Клішэвіча, цікавае даследаванне "На 500-годдзе з дня нараджэння Міколы Гусоўскага" і інш., спрабаваў свае сілы ў класічных формах верша.

Янка Золак памёр у 2000 г. у Саўт-Рыверы (штат Нью-Джэрсі, ЗША).

Лідзія Савік