Мiжнароднае грамадскае аб'яднанне

Вінцэнт Жук-Грышкевіч

(1903-1989)

 

Вінцэнт Жук-Грышкевіч - выдатны беларускі дзеяч, адыграў вялікую ролю ў беларускім вызвольным руху свайго часу. Дзейнасць яго ахоплівала розныя галіны - педагагічную, навуковую, арганізацыйна-грамадскую, палітычна-дзяржаўную, - і вялася, незважаючы на пераследы, арышты, вязніцы, ссылкі, канцэнтрацыйныя лагеры.

Нарадзіўся ў 1903 г. ў мястэчку Будслаў Вілейскага павету. Пачаткавую асвету здабыў у Будславе, сярэднюю - у беларускіх гімназіях: у Будславе і Вільні. У 1922 г. ён скончыў Віленскую беларускую гімназію. Увосень 1922 г. Вінцэнт паступіў на факультэт славянскай філалогіі і гісторыі Універсітэту Карла IV у Празе і ў 1926 г. скончыў яго. У снежні 1932 г. В.Жук-Грышкевіч здаў дзяржаўныя экзамены ва Універсітэце Сцяпана Батуры ў Вільні, якія дазвалялі яму выкладаць у сярэдніх школах гісторыю і славянскую філалогію. У 1952 г. праф. В.Жук-Грышкевіч абараніў у Атаўскім універсітэце ў Канадзе доктарскую дысертацыю па беларускай літаратуры на тэму "Лірыка Янкі Купалы" і атрымаў навуковую ступень доктара філасофіі ў галіне літаратуры.

Педагагічную дзейнасць пачаў В.Жук-Грышкевіч, вярнуўшыся з Прагі, а фактычна ў 1915 г., пасля заканчэння двухкласавага прыхадскога вучылішча, калі ён быў хатнім настаўнікам; там ён зарганізаваў і школку, якую палякі зачынілі ў 1919 г. У 1927-1939 гг. ён быў настаўнікам у Віленскай беларускай гімназіі, дзе выкладаў гісторыю, беларускую мову і літаратуру. Гэтаксама быў выкладчыкам беларускае мовы ў Праваслаўнай духоўнай семінарыі ў Вільні.

Апрача педагагічнай працы, Вінцэнт Жук-Грышкевіч з 19-ці гадоў праз усё сваё доўгае жыццё займаўся навуковай, нацыянальна-грамадскай і палітычнай дзейнасцю. Ужо ў 1922 г., у часе першых выбараў у польскі сойм, ён быў выбарчым інструктарам у Браслаўскім і Дзісненскім паветах ад Беларускага выбарчага камітэту ў Вільні; агітаваў па сёлах і мястэчках за беларускіх кандыдатаў у польскі сойм і сенат.

У Празе В.Жук-Грышкевіч належаў да беларускіх студэнцкіх арганізацый; у Вільні браў актыўны ўдзел у беларускім \"Навуковым таварыстве\", "Беларускім вучыцельскім саюзе" і ў "Таварыстве беларускай школы"; супрацоўнічаў у часопісах і газетах: "Беларуская справа", "Наша справа", "Народны звон", "Сям'я і школа", "Беларускі звон" і "Маладая Беларусь".

У 1939 г., пасля акупацыі Чырвонаю Арміяй Вільні, НКВД арыштавала В.Жук-Грышкевіча. У 1940 г. ён асуджаны на 8 гадоў "исправительных трудовых лагерей". У выніку дагавора генерала Сікорскага з Молатавым пра вызваленне з лагераў польскіх грамадзян у 1942 г. В.Жук-Грышкевіч быў вызвалены, і, каб урэшце вырвацца з Савецкага Саюзу, увосень 1942 г. накіраваўся ў польскае войска.

З войскам гэтым, што было ў складзе восьмай Брытанскай Арміі, ён быў у Іраку, Палестыне, Егіпце, а пасля ў Італіі. Браў удзел у бітве пад Монтэ-Касіна. Пасля спынення ў 1945 г. ваенных дзеянняў у Італіі ён выкладаў у вайсковай польскай сярэдняй школе гісторыю і псіхалогію. З вучнямі-беларусамі падрыхтоўваў грунт для заснавання беларускай арганізацыі ў Англіі і ў 1946 г. арганізаваў у Лондане першую пасля вайны на эміграцыі беларускую арганізацыю - Згуртаванне беларусаў у Вялікай Брытаніі, быў ягоным першым старшынёй. У гэтых гадах быў рэдактарам часопісаў "На шляху" і "Беларус на чужыне".

У 1950 г. В.Жук-Грышкевіч пераязджае ў Таронта і становіцца "spiritus movens" беларускага нацыянальна-грамадскага і навуковага жыцця ў Канадзе. Арганізаваў групоўку "Авангард", быў ініцыятарам і галоўным арганізатарам у Канадзе Першае сустрэчы беларусаў Паўночнае Амерыкі, арганізаваў Беларускую крэдытовую суполку - "Byelorussian (Toronto) Credit Union Ltd.", пры Універсітэце Таронта - Лектарат Беларусаведы, на якім ён быў выкладчыкам. Рэпрэзентаваў беларусаў на кангрэсе "Pax Romana" ў Таронта, Монрэалі і Квебэку. Супрацоўнічаў у газетах "Беларускі эмігрант" і "Бацькаўшчына".

У 1954 г. накіраваўся ў Нямеччыну для арганізацыі і вядзення беларускай секцыі радыё "Вызваленне" (зараз "Свабода") у Мюнхене. Тады беларускія радыёперадачы пайшлі ў Беларусь. Кіраўніком беларускай секцыі радыё "Вызваленне" В.Жук-Грышкевіч быў да 1956 г., калі вярнуўся назад у Таронта.

У Канадзе зноў поўнасцю ўключаецца ў беларускае грамадскае жыццё. Супрацоўнічае з др. В.Дж.Кэйе ў працы над манаграфіяй пра беларусаў у Канадзе -"Canadians of Byelorussian Origin". У 1966 г. арганізуе Каардынацыйны камітэт беларусаў Канады, у 1967 - Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Канадзе і з'яўляецца першым старшынёй абедзвюх арганізацый. Вінцэнт Жук-Грышкевіч рэпрэзэнтуе беларусаў на агульнаканадскіх кангрэсах і канферэнцыях, супрацоўнічае ў газетах "Бацькаўшчына", "Беларус" і рэдагуе "Весткі з Канады". У 1970 г. становіцца Старшыней Рады БНР, а 11-я Сесія Рады БНР 1976 г. абрала яго Старшынёй Рады БНР і на наступны шасцігадовы тэрмін. На становішчы Старшыні Рады БНР ён быў да 1982 г. - амаль да свайго 80-годдзя.

Апошнім дасягненнем др. В.Жук-Грышкевіча трэба лічыць ягоны вядучы ўдзел у пабудове ў 1988 г., на 1000-я ўгодкі хрысціянства ў Беларусі, Беларускага памятнага крыжа ў Святыні пакутнікаў у Мідландзе (Канада).

Скончыў сваё працавітае і творчае, ахвярнае і пакутнае жыццё Вінцэнт Жук-Грышкевіч у 1989 г. ў Бэры ў Канадзе і спачывае на беларускім могільніку Жыровіцкае Божае Маці ў Іст-Брансвіку ў ЗША.

 

Паводле матэрыялаў Раісы Жук-Грышкевіч