“Толькі ў вечнасць душу забяру…” Да 100-годдзя паэта Міхася Кавыля

У амерыканскім Саўт-Рыверы (штат Нью-Джэрсі) жыве беларускі пісьменнік Міхась Кавыль, які сёлета святкуе 100-гадовы юбілей. Яго творчасць – заўважная з’ява не толькі для эміграцыйнай, але для ўсёй нацыянальнай беларускай літаратуры.

Пісьменнік, рэдактар, грамадскі дзеяч Міхась Кавыль (сапр. Язэп Лешчанка) нарадзіўся 1 снежня 1915 года ў вёсцы Покрашава (сёння Слуцкі р-н Мінскай вобл.). Скончыў Грэскую сямігодку, у 1930-1933 гг. – вучыўся ў Беларускім педагагічным тэхнікуме ў Мінску. Быў сябрам літаратурнага згуртавання “Маладняк”. 23 лютага 1933 г. ён быў арыштаваны і асуджаны на тры гады. У зняволенне ехаў разам з Максімам Лужаніным ды Уладзімірам Сядурам. Пакаранне адбываў на Далёкім Усходзе разам з мужам Канстанцыі Буйло Віталём Калечыцам. У канцы кастрычніка 1935 г. Міхась Кавыль быў датэрмінова вызвалены. Жыў у Варонежы (1935-1938), вучыўся ў педагагічным інстытуце на літаратурным факультэце (1936-1938), працаваў настаўнікам. У 1941 г. служыў у Чырвонай Арміі, трапіў у нямецкі палон, праз некаторы час быў вызвалены. Ад 1944 г. – на эміграцыі, спачатку ў Германіі, потым у Бельгіі (працаваў у капальнях). У 1950 г. выехаў у ЗША, пасяліўся ў Саўт-Рыверы. Быў першым рэдактарам газеты “Беларуская трыбуна”. Ад 1983 г. быў пастаянным рэдактарам часопіса “Беларуская думка” (Саўт-Рывер).

Міхась Кавыль пачаў пісаць яшчэ ў школьныя гады на Случчыне. У 1929 г. быў апублікаваны першы яго верш. Паэт пісаў таксама пад псеўданімамі Язэп Маёвы, А. Зарэцкі. Творчасць не перапынялася і ў часе высылкі ды асабліва плённай стала на эміграцыі. У выніку Міхась Кавыль стаў аўтарам пры канцы 1950-х гадоў аднаго з першых беларускіх вянкоў санетаў.

Суродзічы на Захадзе заўсёды з павагай ставіліся да Міхася Кавыля і яго творчасці. Ад канца 1940-х да пачатку 1990-х гадоў у Германіі, Вялікабрытаніі і ЗША пабачылі свет пяць зборнікаў паэта: “Ростань” (Рэгенсбург, 1947), “Пад зорамі белымі” (Нью-Ёрк, 1954), “Першая рана” (Манчэстэр, 1960), “Цяжкія думы” (ЗША, 1961), а таксама збор твораў “Міжагнёўе” (Нью-Ёрк, 1990). А вось на радзіме, у Беларусі, так і не быў выдадзены ніводны зборнік Міхася Кавыля.

На Захадзе традыцыйна адзначаліся юбілеі паэта. Адмысловыя публікацыі з’яўляліся да 50- і 75-годдзя Міхася Кавыля, ладзіліся вечарыны. Менавіта да 75-гадовага юбілею быў выдадзены Беларускім інстытутам навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку яго збор твораў. Матэрыялы падрыхтоўкі гэтага выдання, перададзеныя Вітаўтам Кіпелем, склалі аснову невялікага фонда Міхася Кавыля ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва, які налічвае 38 адзінак захоўвання (225 дакументаў). Сярод іншага тут можна знайсці машынапісы твораў Міхася Кавыля, у тым ліку і тых, што не ўвайшлі ў тое “юбілейнае” “Міжагнёўе”; варыянты ўспамінаў; ліставанне паэта, некаторыя фотаздымкі.

Цягам апошніх 10 гадоў Міхась Кавыль з прычыны дрэннага здароўя спыніў кантакты з суродзічамі.

Змешчаная на сайце Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва невялікая віртуальная выстава мае на мэце не толькі ўшанаваць 100-годдзе паэта, але і яшчэ раз звярнуць увагу суродзічаў у Беларусі на яго асобу і творчасць.

Я жыву ні бедна, ні багата:

Маю сэрца, а яшчэ душу.

У бяз вокнаў ледзяную хату,

Як і кажны, вельмі не сьпяшу.

Завязуць мяне туды калісьці,

Дзе ні сьлёз, ні песьняў дарагіх.

Нада мной у міжплянэтны высьціг

Паляцяць агністыя стагі.

Я пайду ў бязьмежжа. Не загіну.

Белы месяц, сінюю зару —

Ўсё для вас, каханыя, пакіну,

Толькі ў вечнасьць душу забяру.

1974