У Нью-Ёрку ўшанавалі памяць герояў-случчакоў

У нядзелю 29 лістапада беларусы Нью-Ёрка традыцыйна сабраліся ў грамадскай зале на Атлантык Авеню, 401, каб урачыста адзначыць 95-я ўгодкі Слуцкага Збройнага Чыну і ўшанаваць памяць герояў-паўстанцаў. Перад тым у царкве пасля нядзельнай літургіі была адслужаная паніхіда ў памяць случакоў.

Святочную імпрэзу адкрыла Таццяна Красоўская - старшыня Бруклінскага аддзела БАЗА як асноўнага арганізатара мерапрыемства. Далей рэй павяла моладзь. Пад рэжысёрскім кіраўніцтвам сяброўкі Управы аддзела Наталлі Федарэнкі дзяўчаты і хлопцы падрыхтавалі мастацкую дзею. Ролю пакутнай Маці-Беларусі, якую абаранялі яе сыны-героі, у чорнай сукенцы вельмі пранікнёна выконвала госця з Варшавы, журналістка Наста Ільіна. Апранутыя ў нацыянальныя строі маладыя людзі зачытвалі тэксты з успамінаў паўстанцаў і з некаторых мастацкіх твораў. Пастаноўка атрымалася ўражвальная, і прысутныя рэагавалі вельмі цёпла і актыўна. На завяршэнне ўсім захацелася зрабіць памятнае агульнае фота, каб застаўся добры ўспамін пра свята.

Тэкст і фота Ганны Сурмач