У Лондане абмяркоўвалі Нобелеўскую прэмію і Беларусь

21 лістапада Англа-беларускае таварыства адзначыла прысуджэнне Нобелеўскай прэміі па літаратуры Сьвятлане Алексіевіч імпрэзай «Беларусь і Нобелеўская прэмія». Поспех Алексіевіч, які прыцягнуў увагу сусветнай супольнасці да нашай краіны, у Лондане стаўся яшчэ і нагодай згадаць шэраг мінулых нобелеўскіх лаўрэатаў – выхадцаў з Беларусі – разам з найбольш значнымі постацямі намінантаў.

Сябры і госці таварыства пачулі прэзентацыі пра лаўрэатаў прэміі, якія нарадзіліся на тэрыторыі цяперашняй Беларусі, але жылі і дасягнулі вядомасці па-за яе межамі - вядомага амерыканскага эканаміста Саймана Кузнеца, прэм’ер-міністра Ізраіля Шымона Перэса, фізіка і дэпутата расейскай Думы Жарэса Алфёрава.

Сярод асобаў, намінаваных на Нобелеўскую прэмію міра, згадвалі першага кіраўніка незалежнай Беларусі Станіслава Шушкевіча (намінаваны ўпершыню ў 2007 г.) і сусветна вядомага праваабаронцу Алеся Бяляцкага (намінаваны ўпершыню ў 2006 г.). Былы амбасадар Брытаніі Браян Бенэт і прафесар Алан Флаўэрз распавялі пра сваё знаёмства з Шушкевічам, падзяліляся анекдотамі і сур’ёзнымі ўспамінамі пра чалавека, які, ях ніхто, спрычыніўся да Белавежскіх пагадненьняў і ўтварэньня незалежнай Рэспублікі Беларусь.

Прафесар Арнольд Макмілін, які добра ведаў Васіля Быкава (намінаванага ў 1998 г.), Рыгора Барадуліна (намінаванага ў 2006 г.) і Уладзіміра Някляева (намінаванага ў 2011 г.), падзяліўся цёплымі ўспамінамі пра пісьменьнікаў. Макмілін у свой час з вялікім шкадаваннем успрыняў паразу Быкава, які, паводле яго, быў наймацнейшым кандыдатам на літаратурную прэмію.

Брытанскі акадэмік, які ўжо доўгі час займаецца беларускай паэзіяй, прачытаў урыўкі з вершаў Барадуліна і дадаў, што вытанчаныя і музычныя вершы паэта не паддаюцца перакладу і таму не маглі быць па-сапраўднаму ацэненыя ані заходнім чытачом, ані Нобелеўскай камісіяй. Больш верагодным мог бы быць поспех Уладзіміра Някляева, калі ягоныя празаічныя творы будуць перакладзеныя на ангельскую мову.

На фоне гэтага шэрагу выбітных беларускіх дзеячоў і пісьменнікаў, проста ці ўскосна зьвязаных з Нобелеўскай прэміяй, адбылася цікавая гутарка пра саму сёлетнюю лаўрэатку. Былі прадстаўленыя ейныя кнігі ў арыгінале і ў перакладах са збораў Скарынаўскай бібліятэкі. Святлана Алексіевіч сваім нетрадыцыйным журналісцка-псіхалагічным жанрам і засяроджанасцю на «цяжкіх» тэмах бурыць шмат якія стэрэатыпы. А тое, першая пісьменніца з Беларусі, якая атрымала літаратурны Нобель, піша свае творы па-расейску, выклікае не менш складанае пытаньне беларускай ідэнтычнасці. І таго, як успрымаецца нашая культура заходнім чытачом.

Караліна Мацкевіч, Лондан