Помнік на магілу Барадуліна ўсталёўвалі 25 чалавек і адзін верталёт

Такі помнік Рыгор Барадулін сам сабе напрарочыў яшчэ пры жыцці.

У ягоным вершы «Прашэнне» ёсць радкі: «Калі я адыду, пастаўце мне валун сівы і крыж на валуне...».

Валун, які сёння апусцілі на магілу Рыгора Барадуліна, важыць дзве з паловай тоны. На ім высечаны крыж і надпіс «Рыгор Барадулін. Сын. 1935–2014». Побач будзе стаяць помнік маці паэта.

Ігар Засімовіч, скульптар, які стварыў мемарыяльны комплекс, сказаў, што астатнія працы, якія трэба зрабіць на могілках, будуць цягнуцца дзён 10 — залежна ад надвор’я. Паводле ягонай задумы, усю пляцоўку з дзьвюх магілаў — маці і сына — закладуць жорнамі, якія звозілі з усяго рэгіёну. Жорны — гэта сімвал вечнасці, сялянскай працы, беларускасці.

Супрацоўнікі МНС знайшлі аптымальную траекторыю, каб апусціць валун верталётам на магілу.

25 чалавек цягам дня нанасілі на магілу Рыгора Барадуліна 800 вёдраў цэменту.

Сам валун узялі з вёскі Кублічы, дзе хадзіў у школу Васіль Быкаў.

Прадстаўнік Саюза беларускіх пісьменьнікаў Глеб Лабадзенка адзначыў, што вельмі вялікую дапамогу і спрыянне аказвалі мясцовыя ўлады.