У Лондане памёр прафесар Анджэй Цеханавецкі

Беларусіст, вялікі сябар Беларусі, кавалер Ордэна Францішка Скарыны, ганаровы сябар Беларускага ПЭН-цэнтру Анджэй Цеханавецкі памёр у Лондане на 92-м годзе жыцця.

Анджэй Цеханавецкі — выбітны навуковец, нашчадак князёў Мсціслаўскіх і Заслаўскіх, беларусіст, гісторык мастацтва, мэцэнат, грамадска-культурны дзеяч, заснавальнік Фундацыі Цеханавецкіх у Варшаве.

Нарадзіўся 28 верасня 1924 года ў Варшаве. Вёў шырокую грамадска-дабрачынную дзейнасць, мае шэраг высокіх узнагарод. Аўтар кнігі «Міхаіл Казімір Агінскі і яго „сядзіба музаў“ у Слоніме». Ганаровы старшыня польска-беларускай камісіі па справах агульнай культурнай спадчыны, ганаровы маршалак Згуртавання беларускай шляхты, ганаровы сябар Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў і Інстытута беларускай гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Віцэ-прэзідэнт Англа-беларускага таварыства ў Лондане.

Анджэй Цеханавецкі падараваў Беларусі слуцкі пояс, рэдкія кнігі і рарытэты з радзівілаўскай калекцыі, клапаціўся пра палац у вёсцы Бачэйкава Бешанковіцкага раёну на Віцебшчыне, дзе некалькі стагоддзяў жыў ягоны род.

Светлая памяць і мір яго душы!