Як бібліятэцы выйсці з ценю?

“Кніга як звычка: прафесійныя сакрэты павышэння культуры чытання беларусаў” — так гучала тэма новага афлайнавага ток-шоў ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”, што прайшло ў Мсціслаўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы. Публікай на сустрэчы сталі самі бібліятэкары горада і раёна, у якасці эксперта выступіла супрацоўніца Навуковай бібліятэкі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Вольга Воўк.

— Як мы выбіраем кнігі? Якімі крытэрыямі кіруемся пры адборы? Можна сцвярджаць, што высокую культуру чытання характарызуе перадусім усвядомлены выбар кніг, наяўнасць густу, зацікаўленасць сур’ёзнымі творамі мастацкай літаратуры, — распачала гутарку мадэратарка сустрэчы, рэгіянальны каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!” Кацярына Раманчык. — Але што можа сфармаваць такую культуру і што для гэтага можа зрабіць бібліятэка сёння? Гэтыя аспекты дзейнасці сёння цікавяць многіх спецыялістаў, чыя праца звязаная з кнігай. Але мы прыехалі да вас не толькі з пытаннямі, але і з адказамі ад людзей, якіх лічым прафесіяналамі ў гэтай сферы.

http://budzma.by/wp-content/gallery/mstsislau/9186.jpg

Бібліятэкары распавялі, што сёння наведнікамі бібліятэк Мсціслава і раёна з’яўляюцца дзеці, школьнікі, людзі, якія працуюць, а таксама жыхары сталага ўзросту. Дзяцей найперш цікавяць кнігі, што ўваходзяць у школьную праграму па літаратуры, падлеткі выбіраюць фэнтэзі, дарослыя цікавяцца раманамі пра каханне, дэтэктывамі і баевікамі, людзі сталага ўзросту выбіраюць класіку (у тым ліку на беларускай мове), а таксама літаратуру, прысвечаную розным хобі: вязанню, будаўніцтву, садоўніцтву, кулінарыі. Адметна, што ўсе наведнікі бібліятэк з цікавасцю чытаюць газеты і часопісы. Нягледзячы на тое, што дзяцей у бібліятэку ўпершыню прыводзяць бацькі, пры выбары кніг яны прыслухоўваюцца перадусім да меркаванняў сяброў і аднакласнікаў. Школьнікі — самая актыўная група чытачоў і ў той жа час найбольш “праблемная” для бібліятэк: падлеткі і моладзь часта адмаўляюцца ад прапаноў бібліятэкараў, і справядліва сцвярджаюць, што ўсё самае карыснае можна знайсці ў інтэрнэце. Многія актыўныя чытачы з Мсціслава перасталі наведваць бібліятэку, бо набылі “чыталкі” для электронных кніг, але некаторыя з іх вяртаюцца і ўзнаўляюць абанементы, бо папяровыя выданні прызнаюць усё ж лепшымі.

http://budzma.by/wp-content/gallery/mstsislau/454.jpg

Як да гэтых умоваў адаптавацца раённым і вясковым бібліятэкам? Як бібліятэцы трэба пераасэнсаваць сваю ролю ў мясцовым адукацыйна-культурным жыцці? Менавіта на гэтыя пытанні паспрабавала адказаць эксперт сустрэчыВольга Воўк:

— Мы заўважылі, што бібліятэкі сталіцы паступова страцілі ролю “кніжных” месцаў. Прэзентацыі новых выданняў усё часцей праходзяць у кнігарнях і клубах, пляцоўкамі для сустрэчы аўтараў і чытачоў робяцца кавярні, а паэтычныя чытанні і ўвогуле выходзяць на вуліцы, перамяшчаюцца ў паркі горада. Таму сёння нам трэба не проста прывабліваць публіку, але і “адваёўваць” яе ў гэтых новых модных месцаў. Нашы пляцоўкі і ўмовы не горшыя, трэба толькі правільна іх прадставіць, паказаць, самім пайсці да чытачоў.

І сапраўды, калі сталічным бібліятэкам даводзіцца не толькі прывабліваць чытачоў, але і канкураваць з іншымі ўстановамі, арганізацыямі, якія таксама працуюць на прапаганду кніг і чытання, то за бібліятэкамі ў рэгіёнах яшчэ захоўваецца ледзь не манапольная роля “пастаўшчыка” кніг. За публіку змагацца не трэба, трэба яе толькі разварушыць, прыцягнуць новых чытачоў, а самі бібліятэкі зрабіць культурнымі цэнтрамі, месцамі сустрэчы аднадумцаў. Менавіта ў гэтым і можа быць карысным сталічны вопыт. Законы маркетынгу (у тым ліку бібліятэчнага) і рэкламы усюды спрацоўваюць аднолькава, варта толькі правільна іх выкарыстоўваць, прыстасоўваючы пад мясцовыя ўмовы.

http://budzma.by/wp-content/gallery/mstsislau/9246.jpg

На аснове ўласнага вопыту арганізацыі і правядзення мноства бібліятэчных культурных імпрэз, фестываляў Вольга Воўк разам з калегамі распрацавала шэраг рэкамендацый, якія могуць быць карыснымі ў ператварэнні кожнай бібліятэкі ў папулярнае месца, дзе культурнае жыццё проста віруе.

Так, бібліятэцы варта:

Стаць пляцоўкай: у Мінску ўсё большую папулярнасць набіраюць антыкавярні і каворкінгі, дзе наведнікі плацяць не за месца, а за час, праведзены там. У бібліятэцы гэта можна рабіць бясплатна! Прапануйце пачытаць кнігу ва ўтульным крэсле, папрацаваць разам з аднакласнікамі над супольным праектам, правесці пасяджэнне клуба аматараў гісторыі, вязання, чытання, лепкі… Для гэтага неабавязкова рабіць дарагі рамонт, ставіць новую мэблю. Варта прыдумаць “фішку”, зрабіць месца ўтульным і зручным. Зрэшты, сродкі на рамонт і мэблю таксама могуць нечакана знайсціся. Прадстаўнікі бізнесу лічаць за гонар працаваць з культурнымі ўстановамі і часта дапамагаюць у вырашэнні многіх пытанняў.

Выйсці ў інтэрнэт і сацыяльныя сеткі: у сучасным свеце кожная бібліятэка мусіць мець сайт, але і гэтага недастаткова. Складана ўявіць школьніка ці маладога чалавека, які штовечар зазірае на старонку бібліятэкі ў інтэрнэце і цікавіцца, што там адбываецца. Варта зарэгістравацца ў сацыяльных сетках, запрасіць у “сябры” чытачоў і рэгулярна пакідаць допісы пра тое, што адбываецца ў бібліятэцы. Паступілі новыя кнігі? Выйшлі новыя нумары часопісаў? Пісьменнік святкуе дзень нараджэння? Пішыце пра ўсё. Калі ніхто з супрацоўнікаў сацыяльнымі сеткамі не карыстаецца, можна папрасіць пра гэта дзяцей ці нават кагосьці з чытачоў. Выкананне амаль працоўных абавязкаў можа быць карысным для іх, стаць крыніцай новых ведаў, уменняў, дапаможа завесці новых сяброў. Зрэшты, у сацыяльнай сетцы “Вконтакте” ўжо існуюць суполкі, дзе збіраюцца жыхары пэўнага горада і нават вёскі. Такая група — выдатная інфармацыйная прастора.

Быць у горадзе ці вёсцы літаральна ўсюды: аўтобусны прыпынак, крама, месца, дзе “тусуецца моладзь”, мясцовае свята — выдатныя пляцоўкі для распаўсюджвання інфармацыі. Чаму б не размясціць там аб’явы пра сустрэчу клуба, вечарыну, што ў вас рыхтуецца, ці проста рэйтынг самых папулярных кніг бібліятэкі? Важна і самому бібліятэкару весці актыўнае сацыяльнае жыццё, распавядаць сябрам і знаёмым пра падзеі, што пройдуць ва ўстанове, пра новыя выданні, што паступаюць на паліцы, ці проста надзвычай цікавыя кнігі, што вы не так даўно прачыталі. У маленькім горадзе ці вёсачцы праходзіць не так многа культурных падзей, таму вялікая верагоднасць таго, што на запрашэнне адгукнуцца.

http://budzma.by/wp-content/gallery/mstsislau/445.jpg

Стварайце навіны: пра тое, што ў вашай бібліятэцы з’явіцца, да прыкладу, паліца для буккросінгу — бясплатнага абмену кнігамі — можна паведаміць грамадству задоўга да самой падзеі. Пра новы праект варта распавядаць яшчэ да яго рэалізацыі. Гэта будзе садзейнічаць і павышэнню цікавасці да таго, што адбываецца ў бібліятэцы (асабліва калі гэта абсалютна новая з’ява для мясцовасці), і, магчыма, дапаможа знайсці памочнікаў. Так, да прыкладу, старшыня лясгаса можа даць дошкі для паліцы, калгасныя будаўнікі дапамогуць яе змайстраваць, мясцовыя камунальныя службы — пафарбаваць. На ўрачыстае адкрыццё паліцы варта будзе запрасіць удзельнікаў праекта, а яны самі прывядуць сяброў і сваякоў, прынясуць з дому кнігі для абмену. Атрымаецца выдатнае мясцовае свята, пра якое варта будзе паведаміць прэсе. І ў цэлым сябруйце з журналістамі, паведамляйце ім пра любыя падзеі, што адбываюцца ў бібліятэцы, запрашайце на імпрэзы.

Ганарыцеся сваёй працай: бібліятэкар — гэта гучыць… сумна, сціпла, нудна? А павінна гучаць горда, весела, цікава. Ганарыцеся сваёй працай, развівайце сябе, зрэшты, чытайце кнігі з фондаў сваёй установы і пішыце пра гэта на сваёй старонцы “Вконтакте” ці на “Аднакласніках”. Папрасіце знаёмых настаўнікаў, каб вас запрасілі ў журы школьнага конкурсу на найлепшае сачыненне і чытальнікаў ці самую яркую дэкламацыю. Зрэшты, самі арганізуйце такое спаборніцтва ў школе, а ў якасці прызоў прапануйце кнігі! Пройдзе час — і да вас будуць прыслухоўвацца, прасіць парады, звяртацца па дапамогу. Ды і сама бібліятэка стане папулярным і нават модным у горадзе месцам.

Марына Весялуха, фота Зарыны Кандрацьевай