Восеньская палітра мастакоў "Маю гонар"

Напрыканцы верасня ў Акадэмічнай бібліятэцы Латвійскага ўніверсітэта ў Рызе адкрылася выстава " Балтыя вачамі беларусаў" латвійскай суполкі Аб'яднання мастакоў-беларусаў Балтыі "Маю гонар".

Гэтая выстава не была запланаваная загадзя, як гэта звычайна робіцца, бо ўсе галерэі, музеі і выставачныя залы складаюць планы за год і нават за два да адкрыцця выставы. Аднак дзякуючы цудоўнаму і спагадліваму дырэктару Акадэмічнай бібліятэкі спадарыні Вэнты Коцэрэ, якая змагла знайсці для беларускіх мастакоў акенца ў сваім плане, 25 верасня выстава нашага аб'яднання пачала сваю працу ў выставачнай галярэі бібліятэкі. Дарэчы, гэтае ўтульнае месца для сустрэч, прэзентацый і розных выстаў ужо не раз выкарыстоўвалі рыжскія беларусы і беларусы з самой Беларусі. У гэтым заслуга таксама і Беларускага інфармацыйнага цэнтра, які месціцца ў будынку бібліятэкі ды яго кіраўніка Уладзіслава Рэдзькіна.

Свае творы ў тэхніках жывапісу, акварэлі, станкавай графікі, малюнка, баціка, рэльефнай разьбы па дрэве паказалі дзесяць мастакоў суполкі. Гэта пейзажы Аліны Літвіненкі, Ганны Пейпіні, Алены Лаўрыновіч, Надзеі Ізенёвай, Галіны Жэлабоўскай, Алены Раманенкі, Ірыны Трумпель-Сабалеўскай і нацюрморты Анатоля Ермаковіча, Вячкі Целеша і Васіля Малышчыца.

Восень заўсёды багата кветкамі і нашыя мастакі атрымлівалі іх, разам з віншаваннямі, ад дырэктара Рыжскай Беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы Ганны Іванэ, старшыні Латвійскага таварыства беларускай культуры "Сьвітанак" Ірыны Кузьміч і яе маленькай дачушкі Сафійкі.

На адкрыццё выставы сабраліся не толькі мясцовыя беларусы, але і латышы, прадстаўнікі іншых нацыянальных меньшасцяў. Віншаванне мастакам ад пасла Беларусі ў Латвійскай Рэспубліцы спадарыні Марыны Даўгаполавай зачытаў Першы сакратар амбасады Яраслаў Міцкевіч.

Віншавалі беларускіх мастакоў Старшыня Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч, прадстаўнік армянскай дыяспары прафесар Рафі Хараджанян, старшыня Латвійскага грузінскага таварыства Нугзар Мдзінарышвілі і інш.

Адкрыццё выставы прыпала на пару бабінага лета, на першыя подыхі залатой восені, якая сваімі колерамі ўжо пачала ўпрыгожваць вуліцы, паркі і душы рыжан, ну а беларускі мастакі да гэтых колераў дадалі і фарбы сваіх прац.

Пакуль з гэта выставай будуць знаёміцца жыхары і госці нашай сталіцы, другая экспазіцыя беларускіх мастакоў "Маю гонар" адкрыецца ў кастрычніку ў горадзе Краславе, што знаходзіцца ў Латгальскім рэгіоне непадалёк ад мяжы з Беларуссю.

У наступным годзе аб'яднанне будзе адзначаць свой 25- гадовы юбілей і плануюцца выставы не толькі ў Рызе, але і ў іншых рэгіонах Латвіі. Cёлетнія выставы - гэта восеньскія крокі да будучага юбілею, які мы будзем адзначаць у студзені 2016 года.

Старшыня Аб'яднання мастакоў-беларусаў Балтыі "Маю гонар" Вячка Целеш