Пад сузор’ем Ліры. Памяці Рамана Лубкіўскага

Як паведаміла Сяргею Панізніку львоўская паэтка Яраслава Паўлычка, дарогай да Львова раптоўна памёр ураінскі паэт, сябра беларусаў, Раман Лубкіўскі. Ён вяртаўся з сяла, дзе меў хату, - там ён пісаў і адпачываў.

“Для мяне гэта асаблівы ўдар, - піша спадарыня Яраслава. - Львоў разламаўся. Гэта быў бліскучы перакладчык, паэт, грамадскі дзеяч”.

На здымку: Раман Лубкіўскі на адкрыцці Дома-музея Петруся Броўкі ў Пуцілкавічах падчас Рэспубліканскага свята паэзіі ў чэрвені 1985 года. Фота Сяргея Панізніка

Выказваем шчырыя спачуванні ўсім, хто ведаў і шанаваў Рамана Лубкіўскага. Яго творчасць і добрая памяць пра яго застаецца з намі.

Ніжэй мы змяшчаем нізку вершаў паэта ў перакладзе з украінскай мовы Сяргея Панізніка, а таксама артыкул спадара Сяргея “Пад сузор’ем Ліры”, прысвечаны Раману Лубкіўскаму.

Х  х  х

У майскі сад адкрытае акно, - Расчыненае ў росныя світанні, Расчыненае ў тайныя пытанні…

Калісь даўно – а мо й не так даўно?-- Было галінак млосных калыханні, І любасці гарачыя шаптанні, І срэбранае поўні палатно…

Хто ж сёння ўбачыць золака сукно, На ім смуглявых пальцаў заклінаннні, Пачуе “так” на ўласныя пытанні І цмокне вуснаў церпкае віно?

У майскі сад адкрытае акно…

Два львоўскія эцюды

І. Раніца

Сыходзіла завеса ночы хмура, За ёй – ярчэй - плылі сузор’і наўздагон. І як акторы круцяць парасон, Так промні крыляць дах сабора Юра. А шпагі ўжо крыжуюцца. Клінкі Звіняць, бо найвышэйшай пробы… Скрыпелі дрэвы ў закліку: ”Да спробы!” Ды раптам нам трамвайныя званкі Вястуюць неспадзеў: ”Другая дзея!” …І промнік ночы счэз, праменьчык дня прыціх Знядужана, але падаў ручнік Зялёны ранак: з радаснай надзеяй Правіцу воя да нябёс узвёў; Удзячны за такую перамогу, Для змагара адкрыў сем брамаў Львоў, І сем красуняў вызналі дарогу.

2. Вечар

Фіялетавы змрок заглядаў у завулкі, І ламалі праменні бажніц вітражы, А  трамвай, перапоўнены стомаю, мулкі Па калена кіпеў у пялёстках імжы.

Сцёблы бэзу плылі за рудыя аколіцы, За муры серабрыстыя, тыя валы, Дзе гайдалася сонца вавёркай-нявольніцай - Закапцелае, ў плямах цэменту, смалы.

Сцень дамы паглынаў і фантанчыкаў шпулькі. Прыгасалі фасады, Зняў і дах абручы. І да ранку лілеі куляліся ў булькат – Зоркі ў водарных жменьках сваіх зберагчы.

Х  х  х

Перакладаю вершы пабраціма – Ля слоўніка няма чарнавіка. Прываба ў іх – настрой? Любоў? Радзіма? Ці трапяткая музыка радка? Усё, як ёсць, прымаю я, ўспрымаю І радасці натхнёнай не таю. Нібыта пабраціма абдымаю, Руку для паяднання падаю. Сяброў лагоджу я з Масквы і Мінска, Каб слова іх у сэрцы зацвіло І шуганула з мовы украінскай Майго народу шчодрасць і цяпло! Я пешатвору веру як і брату. Любоўю раскрыляючы дабро… О гордае зыркоцце Арарата, Галубкі браціслаўскай серабро! Перакладаю пабраціма вершы - Руку падаўшы, цераз мост вяду. З напоўненага музыкай сумежжа Найдаражэйшы водзывак знайду. …Зноў рыфма страпянецца як абнова: Успалыхнуў мой малітоўны зніч… Перакладаю пабраціма слова - Хай урастае ва ўкраінскі кліч!

Пад сузор’ем Ліры

   Раман Лубкіўскі нарадзіўся 10 жніўня 1941 г. У 1963 г. скончыў філалагічны факультэт Львоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя І. Франка. Друкуецца з 1957 г. У 1976 г. прыняты ў Саюз пісьменнікаў Украіны. Доўгі час узначальваў Львоўскую пісьменніцкую арганізацыю.     Паэт, перакладчык, крытык, культуролаг, дзяржаўны і грамадскі дзеяч, дыпламат. Лаўрэат Нацыянальнай прэміі Украіны імя Т. Шаўчэнкі. Адзін з заснавальнікаў Міжнароднага фонду Янкі Купалы.    Вершы  Р. Лубкіўскага ў перакладзе на беларускую мову змешчаны ў анталогіі “Украінская савецкая паэзія” (”Мастацкая літаратура”,1975). У серыі “Паэзія народаў СССР” выдадзены яго зборнік “Пялёсткі святла” (Мастацкая літаратура”, 1990)—у перакладах Р. Барадуліна, Г. Бураўкіна, С. Законнікава, В. Зуёнка, В. Коўтун, Я. Сіпакова.    Перастварэнні вершаў дваццаці беларускіх аўтараў змясціў Р. Лубкіўскі ў сваім зборніку “Слов”янське небо” (Львоў, 1972), дзе прадстаўлены дзевяць моўных еўрапейскіх стыхій. Для кнігі “Слов”янська ліра” (Кіеў, 1983) ён пераклаў паэтычныя творы з адзінаццаці славянскіх моваў. Першы з пятнаццаці беларускіх аўтараў, як і ў папярэднім зборніку –Францыск Скарына.    Р. Лубкіўскі быў укладальнікам кнігі “Максим  Боданович. Стратим-Лебідь” (Львоў, 2002),  а таксама “Шевченкова дорога в Білорусь” (Львоў,2004). Ініцыяваў выданне кнігі Багдана-Ігара Антоныча “Зялёнае  Евангелле” (Львоў,2011) на ўкраінскай і беларускай мовах. Творы класіка Б.-І. Антоныча (1909—1938) пераклалі Э.Акулін, М. Аляхновіч, Р. Барадулін, С. Законнікаў, В. Зуёнак, С. Панізнік, В. Рагойша. Старонкі празаічных накідаў паэта пераклала Т. Кабржыцкая.    Наш львоўскі сябар з творчымі візітамі часта наведваў пад сузор’ем Ліры беларускія прасторы.