Святлана Алексіевіч стала першай беларускай, якая атрымала Нобелеўскую прэмію

8 кастрычніка Святлана Алексіевіч стала першай беларускай, якая атрымала Нобелеўскую прэмію! “Будзьма!” віншуе пісьменніцу!

“Мы чакалі гэтай падзеі, гэтага свята даўно – з часоў, калі на прэстыжную Нобелеўскую Прэмію былі намінаваны Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Уладзімір Някляеў. Шчыра рады за Святлану Аляксандраўну. Віншую яе і ўсіх беларусаў! — кажа старшыня Саюзу беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч.

Гэтая прэмія – ацэнка ўсёй беларускай літаратуры, якая, на мой погляд, з’яўляецца самай цікавай ва Усходняй Еўропе. І, думаю, што Прэмія прыцягне ўвагу да ўсёй беларускай літартуры і культуры. Да Беларусі агулам.”

“Прысуджэнне выглядае невыпадковым і заслужаным, – каментуе Старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра Андрэй Хадановіч. - Аўтарка ішла да свайго галоўнага поспеху доўга, атрымаўшы ўсе магчымыя еўрапейскія ўзнагароды. Шмат хто з беларускага істэблшменту панервуецца і пазайдросціць, сёй-той скажа пра несправядлівасць Нобеля для Беларусі,  уручаны рускамоўнай пісьменніцы , але факт ёсць фактам: Святлана Алексіевіч  —  найбольш вядомая (скажам праўду: адзіная сусветна вядомая)  беларуская пісьменніца.

Таму сам шчыра віншую спадарыню Святлану і думаю, што і ў беларусаў ёсць нагода для радасці.”

Нарадзілася ва Украіне Святлана Алексіевіч нарадзілася ў Івана-Франкоўску, бацька пісьменніцы – беларус, маці – украінка, аднак дзяцінства Алексіевіч прайшло ў Беларусі, у Гомельскай вобласці. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ і працавала ў раённай прэсе: менавіта журналісцкі падыход да напісання тэкстаў стаў асноўным у творчасці Алексіевіч.

Аўтарка шасці кніг Алексіевіч – аўтарка шасці кніг, першая з якіх (“У вайны не жаночае аблічча”) была напісаная яшчэ ў 1985 годзе, аднак выйшла толькі ў 1987 годзе. Апошняя кніга пісьменніцы “Час second-hand” выйшла ў 2013 годзе, і стала хітом продажаў у Беларусі, а таксама мела пэўную папулярнасць у шэрагу краін Еўропы. Апошняя кніга – падсумаванне даследаванняў “чырвонага чалавека”, у якім Алексіевіч вывучае феномен савецкага чалавека і яго светаўспрымання.

Беларуская мова Цягам 30 гадоў творчай дзейнасці Алексіевіч неаднаразова папракалі ў тым, што яна лічыць сябе прадстаўніком рускай культуры і не піша па-беларуску. У 2013 годзе вакол выказванняў Алексіевіч разгарэўся вялікі скандал, калі ў інтэрв’ю Frankfurter Allgemeine Zeitung пісьменніца сказала: «Так, я пішу толькі па-расійску і таксама лічу сябе прадстаўніцай расійскай культуры. Беларуская мова вельмі вясковая і літаратурна недаспелая». Аднак пазней у інтэрв’ю Радыё Свабода пісьменніца заявіла, што такога не казала: «Вядома ж, я такога не казала. Тут той выпадак, калі на тэкст і дух інтэрв’ю наклалася асоба чалавека, які яго рабіў. Са мной гаварыла маскоўская карэспандэнтка газеты, магчыма, яе расійская мова была недасканалая, магчыма, яна падала там нешта так, як бы сама хацела гэта пачуць. Я ніяк не магла сказаць тое, што напісана ў тэксце інтэрв’ю. Гэта зусім не адпавядае маім перакананням. Я заўсёды казала, што ў мяне дзве маці – беларуская вёска, у якой я вырасла, і расійская культура, у якой я выхоўвалася. Як можна ад іх адмовіцца?”

Дарэчы, апошняя кніга Алексіевіч у 2013 годзе выйшла ў перакладзе на беларускую мову. Нямецкі гурт прысвяціў Алексіевіч альбом Нямецкі гурт Samsas Taum у 2011 годзе выдаў альбом “Anleitung Zum Totsein” які мае, ў прыватнасці, такое прысвячэнне: “Ігару і Інзе, дзе вы знаходзіцеся цяпер. І Святлане Алексіевіч, чые кнігі пра смерць вярнулі мяне да жыцця”.

Юрась Ускоў