Хведар Нюнька - да 25-годдзя Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына"

Віншую з 25-годдзем Устаноўчага сходу, які здзейсніў утварэнне “Бацькаўшчыны”!

Таварыства беларускай культуры ў Літве ўжо існавала амаль два гады і паспяхова праводзіла працу па адраджэнні беларускай прысутнасці ў Літве. Ладзіліся сустрэчы з беларусамі як у школах, так і на прадпрыемствах, чыталіся лекцыі па беларускай гісторыі, звязанай з Вільняй, арганізоўваліся сустрэчы з прадстаўнікамі культуры і гісторыі з Беларусі. Працавалі над выпускам газеты і перадачамі на радыё і тэлебачанні. Апрача старшыні актыўна дапамагалі ў працы такія беларускія патрыёты, як Лявон Луцкевіч, Леванід Кароль, Алег Аблажэй, Аляксей Анішчык, Ніна Брылеўская, Крыстына Балаховіч, Леакадыя Мілаш і інш.

Канечне, заўсёды на сустрэчах абмяркоўвалі пытанне культурнага і палітычнага адраджэння ў самой Беларусі. Лічылі, што як літоўцы ў Вільні, так і беларусы ў Мінску павінныя арганізаваць з’езд беларусаў усяго свету, якіх вайна раскідала па ўсіх кантынентах. Патрэбна стварыць арганізацыю, якая займалася б наладжваннем кантактаў, а пры патрэбе магла б сабраць усіх беларусаў, якія апынуліся за мяжою. Менавіта такой арганізацыяй магло быць згуртаванне беларусаў свету. Існуючая з 1918 г.Рада і Прэзідыум Беларускай Народнай Рэспублікі – палітычная арганізацыя і мае іншыя абавязкі – прадстаўляць пазіцыю Беларусі перад светам.

Я асабіста няшмат мог дапамагчы ў 1992 г., бо для вырашэння важных пытанняў у Беларусі ў той час хапала адданых і дзелавых патрыётаў, здольных паслужыць нашай Радзіме, а гэта Васіль Быкаў, Радзім Гарэцкі, Ганна Сурмач, Зянон Пазняк, Алег Трусаў, Яўген Лецка і шмат іншых. Магу ганарыцца толькі, што я актыўна далучыўся да беларускага руху яшчэ ў цяжкія 1942-1943 гады, таму кожны крок і падзея ў Беларусі была і ёсць блізкімі майму сэрцу і балюча, калі там творыцца не тое, што трэба.

Дзякуючы Устаноўчаму сходу адбыўся Першы з’езд беларусаў свету. Ён быў вельмі важным і патрэбным і прайшоў так цудоўна, што ўвойдзе зорнай старонкай у гісторыю Беларусі. На жаль, палітычная сітуацыя склалася так, што правесці З’езд на такім самым узроўні больш не ўдалося. Удзельнікам таго З’езду ён пакінуў непагасныя ўспаміны на ўсё жыццё.

ЗБС “Бацькаўшчына” не мае такіх умоў і падтрымкі з боку ўладаў, якую маюць Літва і іншыя краіны Балтыі. Аднак і ў гэтых умовах кіраўніцтва “Бацькаўшчыны” выконвае вялікую і такую патрэбную працу па наладжванні кантактаў, выпуску і забяспечанні замежных беларусаў літаратурай і сувенірамі, а па магчымасці і дапамогаю ў вырашэнні арганізацыйных пытанняў, арганізацыі з’ездаў і канферэнцый беларусаў.

Успамінаю, што прапанову ладзіць канферэнцыі беларусаў Балтыйскага рэгіёна і Беларусі падала і памагла ажыццявіць Ганна Сурмач, у выніку ТБК Літвы паспяхова правяло пяць міжнародных канферэнцый.

Ацэньваючы працу ЗБС “Бацькаўшчына, трэба сказаць, што з улікам сітуацыі ў Беларусі зроблена вельмі шмат для актывізацыі дзейнасці замежных беларусаў. Ацэнку за працу можна даць найвышэйшую.

На будучыню пажадаю кіраўніцтву і далей працаваць супраць русіфікацыі ў Беларусі і супраць асіміляцыі беларусаў за мяжою.

З павагай,

дырэктар культурнага цэнтра Якуба Коласа ў Вільні

Хведар Нюнька