Алена Макоўская: беларусы замежжа – самы моцны прыхільнік Беларусі і яе культуры

Міністэрства замежных справаў Беларусі займаецца распрацоўкай праекту закону “Аб беларусах Замежжа”. Закон мае мець рамкавы характар і быць накіраваным на гарманізацыю беларускага заканадаўства ў сферы супрацы з беларусамі замежжа. Беларускія ўлады падкрэсліваюць тое, што закон не будзе ствараць якіх-кольвек абмежаванняў па прыкмеце этнічнасці і будзе базавацца на ўключальным падыходзе, ахопліваючы “усіх, хто вызначае сябе як беларусаў, хто мае сувязі з Беларуссю і жадае гэтыя сувязі захаваць”. Паведамляецца, што беларускія дыпламатычныя місіі ў Латвіі, Летуве, Расіі, Украіне і Польшчы перадалі канцэпцыю праекту закону прадстаўнікам тамтэйшых беларусаў, якія выказалі свае заўвагі і каментары. Чакаецца, што новы закон дапаможа інтэнсіфікацыі і ўзмацненню сувязяў паміж беларускай дзяржавай і беларускімі супольнасцямі ў замежжы, а таксама паспрыяе захаванню імі сваёй нацыянальнай і культурнай ідэнтычнасці. Беларуская дыяспара паводле ацэнак дзяржавы складае некалькі мільёнаў асобаў беларускага паходжання і больш за 200 беларускіх арганізацыяў ва ўсім свеце. Патэнцыял беларускай дыяспары “можа быць выкарыстаны дзеля стымулявання эканамічнага росту, прыцягвання інвестыцыяў, прасоўвання знешнепалітычных інтарэсаў Беларусі і ўмацавання суверэнітэту краіны”. Алена Макоўская, кіраўнік МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” дае сваю ацэнку неабходнасці новага закону “Аб беларусах замежжа” і ягоных перспектываў для беларускіх меншасцяў і дыяспараў у свеце.

Алена Макоўская: “Патрэба ў прыняцці закону, які б рэгуляваў  стасункі Рэспублікі Беларусь з беларускім замежжам наспела ўжо вельмі даўно. “Бацькаўшчына” апякуецца гэтым  пытаннем больш за 10 год, пачынаючы  з 2000 года, калі пачалася падрыхтоўка  да Трэцяга з’езду беларусаў свету. На той час практычна скончылася дзеянне дзяржаўнай праграмы “Беларусы ў свеце” (1993 г.), якая была распрацавана Акадэміяй навук Беларусі напярэдадні Першага з’езду. Актуальнасць прыняцця закону палягае ў наступным – па-за межамі Беларусі пражывае больш за тры мільёны нашых суайчыннікаў. Пэўная іх колькасць аб’ядналася ў арганізацыі беларускай дыяспары рознай ступені актыўнасці. Час ідзе, і перапісы насельніцтва ў замежных краінах сведчаць пра памяншэнне колькасці беларускай дыяспары. Прычынай таму – асіміляцыя, што з’яўляецца натуральным працэсам, але гэтыя тэмпы маглі б быць значна паменшыцца пры наяўнасці сістэмнай працы беларускай дзяржавы з беларускім замежжам – гэта найперш закон, які  павінен пакласці заканадаўчую глебу для гэтай супрацы, афіцыйна замацаваць статус беларуса замежжа, і вызначыць прававыя ўзаемадачыненні бакоў, узаемныя правы і абавязкі.

Увесь той час, пакуль беларуская дзяржава не лічыла пытанні ўзаемаадносінаў з беларускім замежжам прыярытэтам сваёй знешнепалітычнай дзейнасці  мы гублялі: гублялі людзей, гублялі моцны патэнцыял, рэсурсы, гублялі і ў іміджы. Вялікая колькасць краінаў імкнецца належным чынам наладзіць супрацу з сваімі дыяспарамі, такім чынам умацоўваючы сваю прысутнасць у свеце, фарміруючы імідж пра сябе, лаяльнасць да сябе і сваёй культуры. Некаторыя краіны робяць яшчэ адзін крок наперад – ствараючы інстытуты сваёй культуры, але мы пакуль можам толькі марыць пра гэта. Падаецца гэта аксіёма – калі есць беларусы, якія ў далечыні ад сваёй гістарычнай радзімы займаюцца беларускай дзейнасцю, яны мусяць быць усяляк падтрыманыя ў гэтым сваёй дзяржавай. І карысць ад гэтай супрацы атрымлівае як беларуская дыяспара, так і Рэспубліка Беларусь.  Паглядзіце хто першым у 90-я гады адгукнуўся  на патрэбу Беларусі ў аднаўленні гістарычных помнікаў, на патрэбу ў дапамозе пацярпелым ад Чарнобыльскай аварыі – беларусы замежжа. Хто падчас панавання Cавецкага Cаюза захоўваў нашую мову і нашыя традыцыі – беларусы замежжа. Хто сёння самы моцны прыхільнік Беларусі, яе культуры – беларусы замежжа!

Так, беларусы замежжа па-рознаму ацэньваюць сённяшні палітычны лад Беларусі, але адчуванне спрычынёнасці да нацыі, да краіны не на гэтым фармуецца і трымаецца, а на значна больш грунтоўных і глабальных рэчах – любові да гісторыі, мовы, культуры, людзей, зямлі! І гэта не мусіць быць аднабаковым працэсам. Дзяржава таксама мусіць рабіць аб’ядноўваючыя захады. І ў гэтым пераліку закон – вельмі важны крок. Да яго прыняцця пытанне ўзаемаадносінаў з беларускай дыяспарай знаходзілася ў кампетэнцыі некаторых аддзелаў у складзе Міністэрства культуры, адукацыі, а таксама Апарату ўпаўнаважанага па справах рэлігіі. І супрацоўніцтва ішло і ідзе кропкава і найперш у эканамічным кірунку. Калі казаць пра Міністэрства замежных справаў, то гэтае пытанне залежыла шмат у чым ад актыўнасці, уласнай ініцыятыўнасці  і кампетэнтнасці беларускіх амбасадараў гэтых краінаў. У адных краінах амбасады наладжваюць супрацу і актыўна камунікуюць з беларускімі арганізацыямі, у другіх – выконваюць назіральную і кантралюючую функцыі, у сувязі з чым, частка беларусаў імкнецца проста трымацца на адлегласці ад гэтай увагі. Такое стаўленне дае негатыўныя наступствы. Сёння складана сказаць, колькі беларусаў жыве па-за межамі краіны – частка, карыстаючыся адсутнасцю мяжы з Расіяй проста працуе там, захоўваючы грамадзянства Беларусі, а частка – у асноўным беларусы з далёкага замежжа – мае два пашпарты, каб не выходзіць  з грамадзянства, улічваючы, што гэта вельмі складаны працэс. Прыняцце закону створыць афіцыйны падумарак сістэмных узаемадачыненняў, калі любы беларус замежжа зможа апеляваць да яго. Асабліва важна, каб гэты закон быў напоўнены канкрэтным зместам і быў законам прамога ўздзеяння. “Бацькаўшчына” неаднаразова накіроўвала свае прапановы, што былі сфармуляваны на з’ездах беларусаў свету ў дзяржаўныя органы Беларусі, мы таксама перакладалі на беларускую мову і аналізавалі заканадаўства іншых унітарных краінаў у сферы супрацы з дыяспарамі ў складзе працоўнай групы па распрацоўцы законапраекта, але апошні праект закону, на жаль, не бачылі. Мы спадзяемся, што былі пачутыя!”

Гэты артыкул з'явіўся па-ангельску ў Belarusian Review, Vol. 25, No. 2. © 2013 The_Point Journal/Belarusian Review